Апытаньне «НН»

Занудная рэальнасьць сёлетняе выбарчае кампаніі наганяе думку, што ў Беларусі ніколі нічога ня зьменіцца. Бо лёсы, маўляў, так склаліся… Бо геапалітычная сытуацыя такая… Раней геапалітычную сытуацыю перавярталі войны. Хутка, відаць, без усялякіх войнаў гэта будуць рабіць тэхналягічныя рэвалюцыі. Само разуменьне рэсурсаў, у тым ліку чалавечых, зьмяняецца з разьвіцьцём новых тэхналёгіяў. Мяняецца дачыненьне іх колькасьці і якасьці. Бо што такое колькасьць, “калі я табе заўтра сто такіх зраблю”? Як кажа футуроляг Патупа, чалавецтва ўстае перад пэрспэктывай аўтаэвалюцыі. А значыць, неістотна будзе, колькі нас, беларусаў. Істотным зробіцца, якія мы: ці ёмісты розум маем, ці здаровыя, ці дужыя? Істотным будзе таксама навучыцца рухаць чалавецтва ўперад, не замахваючыся на дзялянку Бога. Адным словам: каго, як і ў якой колькасьці кланаваць будзем?

 

Каго будзем кланаваць?

Каго зь беларусаў варта было б кланаваць? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да менчукоў. З больш чым дваццаці апытаных на вуліцы ніводзін ня выказаў прапановаў. Усе супраць кланаваньня ў любым выглядзе й для любых патрэбаў.

 

Ала, 38 год, канструктарка: Бог супраць гэтага. Няма ніякіх выпадкаў, дзеля якіх варта рабіць кланаваньне.

Яніна, 53 гады, пэнсіянэрка: Гэта супярэчыць законам прыроды, гэта ненатуральна.

Бацька й сын Дзясятнікі (прадаюць сувэніры ў сквэры на пляцы Волі): Кланаваньне — злачынства супраць чалавецтва.

Гурток студэнтак кансэрваторыі: Не, нікога, нават Моцарта — не.

Сяргей, вайсковец: Чалавек не авечка, яго ня трэба разводзіць. Кожны чалавек — абсалютная каштоўнасьць.

— Але Вашая прафэсія прадугледжвае зьнішчэньне гэтай абсалютнай каштоўнасьці.

— Ня я прыдумаў вайну, і кланаваньне таксама ня я прыдумаў. Я супраць і таго, і другога.

Каця, студэнтка: Я б забіла таго, хто паспрабаваў бы мяне кланаваць!

Толькі адна студэнтка Дзіна адказала: зь беларусаў ня ведаю, але я кланавала б Жана-Поля Бэльмандо, які перанёс інсульт. Засталося невядомым, ці разумеюць нашы людзі, што значыць “кланаваньне”. Акадэмік Мікалай Кастэль, які любіць рыбалку, можа кінуць свае досьледы па геннай інжынэрыі й заняцца любімым хобі: беларусы ня хочуць кланаваньня, бо баяцца Бога, прыроды й страты індывідуальнасьці. Усяго новага баяцца. Навіны ня ўводзіць, старыны ня рушыць!

А вось у рэдакцыях і офісах, дзе працуе беларускамоўная інтэлігенцыя, я сустрэла ахвоту кланаваць розных дзеячоў і людзей мастацтва: ад Ластоўскага й Караткевіча да Касі Камоцкай.

Галіна Абакунчык, журналістка: Касьцюшку. Ягоная справа ня скончаная.

Аляксандар, лекар: Лукашэнку. Каб клон кіраваў дзяржаваю, а арыгінал сядзеў у Гаазе.

Зьміцер, web-дызайнэр: Карпенку.

Эдвард Тарлецкі, лідэр руху сэкс-мяншыняў: Нікога. Дзеці для мяне — гэта анёлы. Вы калі-небудзь бачылі сіротаў? У іх зьнявечаная псыхіка. А што ж будзе з псыхікай клонаў? Не, я хачу жыць у нармальным сьвеце, не хачу, каб маім суседам быў клон.

Валянцін Акудовіч, філёзаф: Я супраць кланаваньня. У стварэньні чалавека ўдзельнічаюць двое — бацька й маці. А хто нараджае клона? Уся цывілізацыя. Ня можа ж лічыцца бацькам той, хто ўзяў клетку й вырасьціў яе ў прабірцы. Клон будзе не “чалавек”, а “як чалавек”. Ня будзе эвалюцыі як разьвіцьця. Калі мае бацькі стварылі мяне, я атрымаўся Валянцін Акудовіч, а не Васіль Акудовіч ці Людміла Акудовіч. Я іншы, новы, і ў гэтым разьвіцьцё. А навошта рабіць плойму аднолькавых людзей? Гэта адбірае ў нас унікальнасьць. Хоць, я думаю, працэсу ўжо не спыніць. Дзесьці растуць кланаваныя дзеці. Гэта ў Амэрыцы ці ў Вялікай Брытаніі кланаваньне можна забараніць, а як забароніш досьледы ў краінах з амаральным рэжымам?

Інга, сакратарка: Я б прыняла такі закон, каб можна было кланаваць толькі тых людзей, якіх забілі, якія памёрлі не сваёй сьмерцю, заўчасна. Каб можна было падняць з магілаў па рэштках біялягічнага матэрыялу ўсіх дзеячоў навукі, каго ў Расею дэпартавалі і там замучылі, напрыклад. Каб яны дарабілі тое, чаго ў першым жыцьці не пасьпелі. Гэта ж ня значыць, што мы іх навечна ажыўляем: яны проста дажывуць сваё законнае жыцьцё.

 

Карацей, беларуская сытуацыя: інтэлігенцыя — у прынцыпе за, а народ — супраць. Хто каго перажыве? Ці то: хто каго кланаваць будзе?

Апытвала Сьвятлана Курс

Акадэмік Мікалай Кастэль:

Недапушчальна

У нас у Беларусі ніхто й блізка не падышоў да кланаваньня чалавека. Яшчэ толькі вядуцца перамовы з Інстытутам жывёлагадоўлі адносна магчымага кланаваньня жывёльных клетак. Узровень беларускай навукі, экспэрымэнтальная база й сродкі пакуль не даюць магчымасьці гаварыць пра экспэрымэнты, якія робяцца ў Амэрыцы ці Вялікай Брытаніі.

Ды я ўвогуле лічу, што кланаваньнем чалавека займацца ня трэба. Існуе небясьпека нараджэньня вялікай колькасьці вырадкаў, інвалідаў. А гэта недапушчальна ні з рэлігійнага, ні зь біялягічнага пункту гледжаньня.

Зрэшты, нам пакуль гэтага рана баяцца. Экспэрымэнты па кланаваньні чалавечай клеткі ў Беларусі пачнуцца не раней, чым за 10—20 гадоў. Цяпер мы толькі спрабуем стварыць сумесны з расейскімі вучонымі праект па вывядзеньні коз, якія б утрымлівалі гены, неабходныя для лячэньня гемафіліі ў людзей. Але гэта не кланаваньне, а звычайная генная інжынэрыя.

Акадэмік Мікалай Кастэль: 64 гады, дырэктар Інстытуту генэтыкі й цыталёгіі АН Беларусі, адзін з укладальнікаў “Энцыкляпэдычнага слоўніка па генэтыцы”.

 

Футуроляг Аляксандар Патупа:

Непазьбежна

Кланаваньне непазьбежнае і неабходнае, бо цяпер мы ня ведаем іншага спосабу лячэньня, акрамя стварэньня кланаваных органаў. Але прыйсьці да яго мы павінны падрыхтаванымі. Працэс мусіць кантралявацца этычна. Клон — гэта не рэзэрвуар органаў. Зародак, як бы ён ня быў атрыманы, ужо зьяўляецца чалавекам з усім наборам правоў.

Ёсьць яшчэ зьява, пра якую гавораць дастаткова рэдка. Гэтая зьява — аўтаэвалюцыя з дапамогаю геннай інжынэрыі. Нас ад шымпанзэ розьніць 1,5% храмасомнага складу. А калі зьмяніць яшчэ 1,5%, мы атрымаем “супэрсапіенс”, або гіпэрмэнтальнасьць. Гэта якасьць, якая ня можа быць нават зразуметая ў сёньняшніх рамках мысьленьня. Храмасомны склад сёньня ўжо магчыма зьмяняць. Але бяз клонавага экспэрымэнту мы ніколі ня здолеем зьдзейсьніць аўтаэвалюцыю. Пры сёньняшнім тэмпе разьвіцьця нельга нічога забараняць намёртва, са спасылкаю на старажытныя аўтарытэты.

Аляксандар Патупа: 56 гадоў, футуроляг, віцэ-прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў, у мінулым бізнэсмэн.

 


Малодшыя браты

Зірнуць на праблему кланаваньня зь сярэдзіны выдатна дапамагае вайсковая падрыхтоўка: калі ўзвод апранае “хімабарону”, праз запацелыя шкельцы супрацьгазу бачыш абсалютна аднолькавых няўклюдных пачвараў. Адначасова і сьмешна, і страшна — ня ведаеш, хто ёсьць кім і, адпаведна, чаго ад каго чакаць...

Дзіўна, але сярод аргумэнтаў “за” прадукаваньне чалавека лябараторным шляхам найпапулярным у беларускім асяродзьдзі зьяўляецца не магчымасьць вырасьціць поўны камплект запасных дэталяў да арганізму, а ідэя стварэньня копіяў славутасьцяў. Тыя, хто хоча кланаваць “бацькоў нацыі”, не разумеюць, які цяжар ляжа на плечы людзей, зь іхнае ласкі пушчаных у сьвет. Бо кланаваны Касьцюшка можа вырасьці паталягічным баязьліўцам, а кланаваны Міцкевіч — што ён будзе пісаць? І чые гэта будуць вершы? Усё жыцьцё клон будзе пачувацца школьнікам, якому настаўніца, ушчуваючы за нядбальства, ставіць у прыклад старэйшага брата. Кланаваньне спародзіць страшэнна адзінокіх закамплексаваных людзей, пазбаўленых магчымасьці быць толькі сабой. Бо што рабіць кланаванаму Багдановічу — хадзіць усё жыцьцё ў гімназічным шынэлі? Працаваць жывым экспанатам у музэі імя ўласнага — зьненавіднага — донара? А кланаванаму Джону Ленану? Кожны дзень баяцца, што які-небудзь зьдзяцінелы бітламан усадзіць кулю ў сэрца?

Шырокае распаўсюджаньне кланаваньня зьнішчыць нашую сыстэму каштоўнасьцяў. Чытаючы Шэксьпіра або Караткевіча, людзі ня будуць разумець, чаму гэта ў мінулым гэтак гаравалі, страціўшы блізкага чалавека, калі можна — празь нейкі час — атрымаць новага — гэткага самага? Навошта ўвогуле шанаваць людзей — калі можна без праблемаў атрымаць новых — прычым у любой колькасьці? Але гэта ўжо мысьленьне дзяржаўнага ўзроўню.

Спародзіць кланаваньне й шматлікія злоўжываньні. Уяўляеце сабе банду абсалютна аднолькавых злачынцаў? Ды што банда — самы занюханы “чорны палкоўнік” праз трыццаць год зможа стварыць сабе войска любога памеру. Зьнікне пэўнасьць, што ў якім-небудзь закінутым піянэрлягеры штампаваныя бамбізы з бульдожымі сківіцамі й бычынымі шыямі не вывучаюць рукапашнага бою і агнявой падрыхтоўкі, каб заўтра ўзяць уладу. Аднолькавасьць зробіць гэтых клонаў-ваякаў асабліва бязьлітаснымі, бо сумленьне й сорам трымаюцца на пачуцьці індывідуальнай адказнасьці за свае ўчынкі. А ўсё чалавечае ў чалавеку наўпрост зьвязанае зь ягонай унікальнасьцю. Менавіта за яе мы любім людзей. Унікальны кожны талент, кожны геніяльны твор — непаўторны, таму й выклікае захапленьне — як Будслаўскі касьцёл, як Нясьвіскі замак, як Сынкавіцкая царква... Але каму прыйдзе ў галаву захапляцца штампаванымі прадуктовымі крамамі, абкладзенымі “кабанчыкам”? Так што трэба нам берагчы сваю індывідуальнасьць. Яна нам, як казаў клясык, Богам дадзеная, зь яе ўсё пачынаецца.

Андрэй Скурко


Храналёгія кланаваньня

1818 г. — Мэры Шэлі напісала слынны раман аб гамункулюсе «Франкенштайн, або Сучасны Прамэтэй»

1883 г. — нямецкі цытоляг Оскар Гэртвіг адкрыў яйцаклетку.

1943 г. — часопіс Science паведаміў пра апладненьні яйцаклеткі ў прабірцы.

1953 г. — амэрыканскія навукоўцы распрацавалі мэтад «нуклеатрансфэра» — перанос ядра клеткі ў ікрынкі вялізнай жабы «ксэнапус».

1973 г. — прафэсар Шэтлз з Калюмбійскага ўнівэрсытэту ў Нью-Ёрку заявіў, што гатовы вывесьці на сьвет першае «дзіця з прабіркі». Рэзка адмоўна зрэагавалі Ватыкан і пратэстанцкія цэрквы.

1977 г. — оксфардзкі прафэсар Дж.Гэрдан кланаваў паўсотню жабак.

1978 г. — у Вялікай Брытаніі нарадзілася Люіза Браўн — першае дзіця з прабіркі.

1981 г. — Шэтлз атрымлівае тры кланаваныя эмбрыёны, але перапыняе іхнае разьвіцьцё.

1985 г. — місіс Котан зь Лёндану сталася першай у сьвеце сурагатнай маці, нарадзіўшы дзяўчынку, што была пачатая ня зь ейнай яйцаклеткі. Была накладзеная парлямэнцкая забарона на экспэрымэнты з чалавечымі эмбрыёнамі, старэйшымі за 14 дзён.

1987 г. — амэрыканскія навукоўцы здолелі падзяліць клеткі чалавечага зародка і кланаваць іх да стадыі 32 клетак, пасьля чаго зародкі былі зьнішчаныя. Амэрыканскі ўрад паабяцаў пазбавіць лябараторыю датацыяў, калі там будуць доўжыцца гэткія досьледы.

1996 г. — у Розьлінскім інстытуце пад Эдынбургам нарадзілася славутая авечка Долі. У чэрвені прэзыдэнт Клінтан накіраваў у кангрэс законапраект, які забараняў “ствараць чалавечую істоту кланаваньнем і ядравым пераносам саматычных клетак”.

1997 г. — Science паведаміў пра нараджэньне трох авечак, якія несьлі ў сабе чалавечы ген «фактар IX», неабходны людзям, што пакутуюць на гемафілію. У ЗША выдаецца кніга Майкла Сьміта «Клоны», у якой апавядаецца пра кланаваньне людзей у падземных танэлях вакол Лос-Анджэлесу.

1998 г. — навуковец Рычард Сыд з Чыкага абвяшчае пра стварэньне лябараторыі па кланаваньні людзей.

У тым самым годзе ў Францыі нарадзілася кланаванае цяля.

1999 г. — амэрыканскі журналіст Айра Левін напісаў кнігу «Хлопчыкі з Бразыліі», у якой гаворыцца пра тое, што ў джунглях гэтае краіны клануюць Гітлера.

2000 г. — у Розьлінскім інстытуце нарадзіліся 5 кланаваных парасятаў.

Жнівень 2001 г. — бальшынёй галасоў Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прагаласавала за законапраект аб поўнай забароне кланаваньня.