Максім Югоў

 Фабрыка нянавісьці

Тэхналёгіі манiпуляцыяў грамадзкай сьвядомасьцю на Беларускім тэлебачаньні

 

“Журналiстыка — сапраўды грозная зброя ў барацьбе за новыя спосабы скажаць факты. Яна не губляецца i ў тым выпадку, калi, скажам, няма нiякiх фактаў.”

Яраслаў Гашак

 

Адбор самай важнай iнфармацыi i ейная падача — адна з галоўных задачаў СМI, што, безумоўна, адкрывае шырокiя магчымасьцi для манiпуляваньня масавай сьвядомасьцю. Найбольш адкрыта СМI дэманструюць свае манiпуляцыйныя магчымасьцi ў часе выбарных кампанiяў. Тое, што немагчыма давесьці аўдыторыi на ўзроўнi разумных разважаньняў, можна ўкаранiць у сьвядомасьць гледача пры дапамозе камбiнацыi карцiнак, якiя лёгка запамiнаюцца. Глядач назаўсёды запамiнае буйныя пляны, калі тэлебачаньне тыражуе іх два месяцы запар. “Вобраз” застаецца ў сьвядомасьцi лепш, чым словы. І ён часта падманвае. Фiлёзаф Мэраб Мамардашвiлi казаў: “Калi мы прыбiраем карцiнкi з нашай падсьвядомасьцi, мы пачынаем мысьлiць”.

 

Паўтор iнфармацыi

Лiчыцца, што праз 30 хвiлiнаў аўдыторыя памятае толькi 60% iнфармацыi. Пры канцы дня ў памяцi застаецца 40%, а пры канцы тыдня — 10%. Таму, калi паўтараць паведамленьне дастаткова часта (“Народ i партыя адзiныя”), яно з часам умацуецца ў масавай сьвядомасьцi, нават калі чалавек ад пачатку зь ім ня згодны — толькі меншасьць людзей мае здольнасьць да пасьлядоўнага рацыянальнага крытычнага мысьленьня. На ўжываньнi паўтору i перакананьня будуецца мэтад стварэньня палiтычных мiтаў, сутнасьць якога ў плянамерным i мэтадычным паўторы вельмi спрошчаных лёзунгаў i ацэнак.

На БТ мэтад простага паўтору iнфармацыi на працягу адной перадачы яскрава дэманструе праграма Яўгена Новiкава “Правы чалавека: погляд у сьвет”. Адну з праграмаў (5 сакавiка) Новiкаў пачаў так: “Один из моих выпусков получил международный резонанс. Я к этому был готов”. “Мiжнародны рэзананс” быў у тым, што баўгарскаму паслу ў Беларусi не спадабалася iнфармацыя пра парушэньні правоў чалавека ў Баўгарыi, пададзеная ў адным з выпускаў перадачы. У праграме ад 5 сакавiка Новiкаў зачытваў свае заявы паслу Баўгарыi ў Беларусі й Прэзыдэнту Баўгарыi. Тэкст гэтых заяваў цалкам супадаў, то бок Новiкаў два разы чытаў адно i тое — з аднолькавымi ўстаўкамi, цытатамi i кадрамi, якiя суправаджалi гэты ўрок па тэхнiцы чытаньня. Звычайна ў праграмах БТ паўтараюцца не канкрэтныя словы, а агульныя ўстаноўкi: так званая беларуская дэмакратычная апазыцыя, якую складаюць, у асноўным, сэктанты, псыхiчна хворыя i прадстаўнiкi сэксуальных меншасьцяў (усе яны адначасова зьяўляюцца нацыстамi), рэгулярна атрымлiвае вялiзныя сумы даляраў з ЗША, дзе спэцыяльна для Беларусi рыхтуюць праграму пад назвай “Кіраваньне канфлiктам нiзкай iнтэнсіўнасьцi”, ажыцьцявiць якую дапамагае падкантрольная апазыцыi прэса ды лiтаратурныя палiцаi Васiль Быкаў i Сьвятлана Алексiевiч, а таксама прафсаюзны бос Ганчарык, што прымкнуў да iх (такая сутнасьць аднае з прапагандысцкіх схемаў, якую праводзяць у жыцьцё праграмы БТ).

 

Хлусьня, замаскаваная пад праўду

Іншы спосаб кіраваньня сьвядомасьцю людзей — маніпуляцыя фактамі.

Яўген Новiкаў у выпуску “Правы чалавека…” за 26 сакавiка гаварыў пра выпадкі парушэньня правоў чалавека ў ЗША, знойдзеныя ім у дакладзе “Мiжнароднай Амнiстыi”. I вось ён чытае подпiс пад адным з фатаздымкаў: “Заместители шерифа стоят на страже в Сент-Питерсберге, Флорида, после бунтов, вызванных смертью чёрного подростка Таврона Луиса в октябре 1996 г. Таврон Луис был застрелен двумя белыми полицейскими после того, как он был остановлен за превышение скорости и отказался опустить окно. Его смерть послужила причиной двухднев-двухнедельных бунтов среди чёрного населения города”. Мяне адразу зацiкавiла, чаму ён зьбiўся ў слове “двухнедельных”. Я паставiў стоп-кадр i ўбачыў, што там напiсана: “Его смерть послужила причиной двухдневных бунтов среди чёрного населения города”. Навошта Новiкаў накiнуў няiсныя дванаццаць дзён?

Далей iдзе гiсторыя нейкага эмiгранта з Гаiцi: “...в бруклинском полицейском участке один из полицейских якобы забил ему в задний проход ручку от плунжера”. Вас не бянтэжыць слова “якобы”? Было гэта на самай справе цi не было? Новiкаў прыдумляе такое тлумачэньне: “Переводчик в подписи под фотографией вставил слово “якобы”. Якобы забили ему эту штуку туда, но может быть, и не забили. Может быть, он сам на неё сел. Но, на самом деле, слово “якобы” вставлено переводчиком для нас с вами, чтобы хоть немножко, но вызвать у нас сомнения в достоверности такого кошмара”.

Навошта Новiкаў столькі ўвагі надае гэтаму “быццам бы”? Адказ просты: у адваротным выпадку зробіцца відавочным, што ўся перадача высмактаная з пальца, што ўсе пададзеныя факты цi то былi, цi то не былi, i нiколi не атрымаецца той вывад, якi зрабiў Новiкаў: “Это от нас они требуют соблюдения прав человека и законов демократии, а у себя творят всё, как чёрт на душу положит, но при этом рассказывают всем в мире, как свято они верят в Бога и по воскресеньям ходят в церковь” (“Правы чалавека...”, 26 сакавiка). Аднак чаму пасля гэтага Новiкаў не расказаў пра аналягічныя выпадкi ў Беларусi? Чаму ён не расказаў, як супрацоўнiкi мiлiцыi затрымалі й зьбiлі ягонага калегу — журналiста БТ Вячаслава Аркунова? Рытарычныя пытаньнi.

Наступныя прыклады — з праграмы “Рэзананс”. Так, 8 красавiка Зiмоўскi расказаў, на якiя сумы атрымлiвалi крэдыты журналiсты НТВ. Успомнiў ён i пра Аляксандра Ступнiкава. У таблiцы насупраць ягонага прозьвiшча мы бачым на экране лiчбу 24014 даляраў. Зiмоўскi камэнтуе яе як “более 240 тысяч долларов”. Ну, можа, памылiўся, з кiм не бывае!

Камэнтуючы апазыцыйнае сьвяткаваньне Дня Волi, Зiмоўскi кажа: “Оппозиционные лидеры так надеялись, что им удастся спровоцировать столкновения, что даже приготовили в центре города автобус для того, чтобы сразу на нём вывозить за границу тех активистов, которым, якобы, потребуется политическое убежище” (“Рэзананс”, 25 сакавiка). Цікава, як з цэнтру Менску можна выехаць за мяжу, мiнаючы ўсе памежныя пасты, ня кажучы ўжо пра мiлiцэйскiя кардоны ў самой сталiцы, якiх заўсёды хапае на апазыцыйных акцыях?

Апошнi прыклад — з праграмы Ю.Азаронка “Тайныя спружыны палiтыкi”. Выпуск ад 17 лютага называўся “Авiтамiноз” i быў прысьвечаны двум мiтынгам, што адбылiся ў Менску 14 лютага — моладзевай акцыi апазыцыi ў дзень сьвятога Валянцiна i мiтынгу прафсаюзаў. Спачатку мы ўбачылi “группу экзальтированных юнцов”, якiя iшлi “вдоль “стометровки” под предводительством некоего Северинца” (кадры праспэкту Скарыны, на вулiцы вечар, цёмна). Потым — кадры прафсаюзнага мiтынгу, сярод удзельнiкаў якога — “около тысячи своеобразных личностей: перекочевавшие сюда со “стометровки”: молодые бээнэфовцы под бел-чырвона-белыми флагами, анархисты…” i г.д. (На вулiцы яшчэ сьветла). А вось цяпер адкажыце, як можна “перекочевать” зь цёмнай пары сутак у сьветлую?!

 

Сэнсацыя
i перабольшаньне

Кожная гiсторыя пра “антыгерояў” павiнна быць маленькай сэнсацыяй, у якой мусяць прысутнічаць элемэнты прымiтыўнай чалавечай прыроды — самазахаваньне, любоў i размнажэньне, славалюбства. Тэлевiзійныя прапагандысты расказваюць нам пра сем’i палiтыкаў, пра iх сваякоў — сапраўдных цi прыдуманых, пра iхную маёмасьць, жытло, чалавечыя слабасьцi, хваробы. Пра апошняе давайце падрабязьней. 24 сакавiка ў праграме Ю.Казiяткi “Панарама аналiтычная” дзявочы голас паведамляе нам, што “вождь “Молодого фронта” Паша Северинец давно и тяжело болен. Симптомы этой болезни: головокружение, чувство онемения, перепады давления, обмороки и, что характерно, влажность в руках”. Адкуль зьвесткі і да чаго яны — нам ня кажуць, затое ў гэты момант на экране зьяўляецца фатаздымак, на якім нацысты цiснуць адзiн аднаму рукi. А далей iдзе простае хамства: “Правда, члены “Молодого фронта”, скорее всего, лишены брезгливости и легко терпят, когда потные руки вождя треплют их по бархатистым щёчкам и другим местам”.

 

Апытаньнi як сродак палiтычнага цiску

На першым этапе любой перадвыбарнай кампанii апытаньнi могуць выкарыстоўвацца як тактычны сродак апераджэньня падзеяў. Апытаньнi ня толькi ствараюць фэномэн кандыдата, але й вызначаюць правiлы гульнi для журналiстаў. З дапамогай спасылак на сфабрыкаваныя апытаньнi грамадзкай думкi цi iншыя факты можна пераканаць грамадзянаў у падтрымцы большасьцю грамадзтва пажаданай для манiпулятараў палiтычнай пазыцыi i дабіцца ейнай перамогі.

Тут зноў вызначылася праграма “Рэзананс”. У выпуску 18 лютага 2001 г. А.Зiмоўскi агучыў вынiкi апытаньня грамадзкай думкi, якое быццам бы праводзiў Мiжнародны iнстытут палiтычных дасьледаваньняў. Аднак пасьля гэтай перадачы Рада iнстытуту прыняла спэцыяльную заяву, у якой гаворыцца, што “iнстытут не праводзiць сацыялягiчных апытаньняў, не падтрымлiвае нiякiх адносiнаў з праграмай “Рэзананс” i не нясе нiякай адказнасьцi за агучаную ў праграме iнфармацыю”. Калi ж журналiсты зьвязалiся зь Зiмоўскiм, каб разабрацца ў сытуацыі, ён свой пункт погляду на гэтую заяву выказваць адмовiўся, спаслаўшыся на тое, што “нiкому нiчога тлумачыць не павiнен” (“БДГ” ад 22 лютага). У той самай перадачы былi агучаныя й вынікі нейкага “общенационального мониторинга”. Каб паўдзельнiчаць у такiм апытаньнi, трэба “звонить по телефонам в Минске”. Гэта сапраўды новае слова ў сацыялёгii! Ужо ня трэба нiкуды хадзiць, нікога шукаць — рэспандэнты самi знойдуць. А якая выбарка!

А вось пытаньне гэнага “апытаньня”: “На ваш взгляд, какую истинную цель преследует Запад и руководимая им оппозиция, создавая оплачиваемые из-за рубежа группы незаконных наблюдателей за предстоящими президентскими выборами?”. Нiводная сур’ёзная сацыялягiчная служба нiколi такога пытаньня не задасьць, бо самое пытаньне ўжо ўтрымлівае адказ. Ня менш цiкавы i адказ, якi нібыта сабраў 60% галасоў: “Публичное досрочное объявление фальсифицированных итогов выборов, чтобы не допустить избрания президента, которого поддерживает большинство избирателей. Повторение югославского варианта” (“Рэзананс”, 15 красавiка).

 

Навязваньне стэрэатыпаў

Пад стэрэатыпам разумеюць успрыманьне людзьмi якой-небудзь зьявы ці постаці ў спрошчаным, схематызаваным выглядзе. Калi СМI апэлююць да паняткаў кшталту “мурын”, “габрэй”, “камунiст”, “новы рускi”, яны маюць на ўвазе не канкрэтнага чалавека, а вобраз, зь якiм асацыюецца гэтае разуменьне ў сьвядомасьцi людзей i на якi ў iх ужо выпрацавалася пэўная рэакцыя. Чалавек глядзiць на экран i не задумваецца, чаму яму непрыемны той ці іншы пэрсанаж палітычнага спэктаклю. Калi з тыдня ў тыдзень казаць, што палiтык — стары, непрывабны, ні на што ня здольны, ён, нарэшце, перастане выклікаць сымпатыi большасьцi людзей.

На БТ гэты прыём можна прасачыць у характарыстыках, якiя даюцца ўдзельнiкам апазыцыйных акцыяў. Вось некалькi прыкладаў: “...психически не совсем здоровые люди — завсегдатаи таких мероприятий — были задержаны” (“Рэзананс”, 25 сакавiка — рэпартаж Ю.Пракопава пра “Дзень Волi”); “кучка дебоширов и провокаторов” (тамсама). “Так называемый День Воли явил собой гадкое зрелище. А что ещё мог продемонстрировать белорусский политический идиотизм на поминках по собственной молодости?” (“Рэзананс”, 25 сакавiка, А.Зiмоўскi). А вось цытата з праграмы “Правы чалавека...”: “Посмотрите на Березовского, Гусинского, Винникову, Пупейко из “Пуше”, даже на Позняка с Алексиевич — технологии предательства нашего народа у них одни и те же” (“Правы чалавека...”, 26 лютага).

 

Падмена iмёнаў,
або наклейваньне ярлыкоў

Параўнаньне апазыцыйных лiдэраў з нацыстамi на БТ зусiм ня новае. Можна згадаць прыклад з праграмы “Панарама” Ю.Казiяткi, калi проста пасярод расказу пра “потные руки Паши Северинца” раптам узьнiк фатаздымак з нацыстамі. Ня менш загадкавым быў i далейшы камэнтар вядучага: “Как и шеф “Гитлерюгенда”, нынешние вожди “Молодого фронта”, похоже, склонны исповедовать принцип: как НСДАП стала единственной партией, так и “Гитлерюгенд” должен стать единственной молодёжной организацией” (“Панарама аналiтычная”, 24 сакавiка). Сэнсу ў фразе няма нiякага, але ў падсьвядомасьцi гледача “Малады фронт” i “Гiтлерюгенд” аказваюцца зьвязаныя.

А з праграмы “Рэзананс” за 18 сакавiка мы даведваемся, што ўсе асноўныя прэтэндэнты на ролю адзiнага кандыдата ад апазыцыi — нацыяналiсты. Так, Павал Казлоўскi быццам бы праводзiў этнiчныя чысткi (якое моднае і гучнае слова! Як пераканаўча гучыць!) у армii, калi быў мiнiстрам абароны, i з-за расейскiх прозьвiшчаў звольнiў А.Квашнiна (зараз узначальвае Генштаб РФ) i Г.Шпака (зараз узначальвае ПДВ РФ). Не зусiм зразумела толькi, чаму Шпак — гэта расейскае прозьвiшча.

Сямён Домаш, паводле Зімоўскага, на адной з сустрэч з насельнiцтвам быццам бы сказаў: “отвечу на вопрос, если напишете по-белорусски”. Даказваць адваротнае ў судзе немагчыма. Падкантрольныя ўладзе суды не прымаюць пазоваў супраць БТ, бо “запісаў перадачаў Зімоўскага і кампаніі няма ў наяўнасьці”. Між тым ніякай грамадзкае камісіі па этыцы, якая б ажыцьцяўляла маніторынг БТ, не існуе. Беспакаранасьць!

Лiдэр ФПБ Ганчарык — “белокурая бестия” — наагул аказваецца на БТ “невядома якой нацыянальнасьцi”. “Что он напишет в пятой графе?” — пытаецца ў нас аўтар сюжэту. Далей — зноў звычайнае хамства: “А если у них с Полевиковой вдруг…? Кем по национальности будет это дитя федерации?” (Палевiкова — лідэр жаночай партыi “Надзея” і кіраўнічка Ганчарыкавага штабу).

А Мiхаiл Чыгiр “служил немцам в какой-то фирме”. (Маецца на ўвазе, што Чыгiр працаваў у маскоўскiм прадстаўнiцтве нямецкага канцэрну. Але слова “немец” тут зусiм не выпадковае.)

У наступным сюжэце апазыцыю параўноўваюць з саранчой i робiцца гэта на фоне кадраў мiтынгаў пачатку 90-х, якiя перамяжоўваюцца кадрамi нацысцкай хронiкi.

А ў праграме літаратурна-драматычнай рэдакцыі “Тайныя спружыны палiтыкi”, распавядаючы пра калябарацыянiстаў, што супрацоўнiчалi з фашыстамi, нам чамусьцi паказваюць Шушкевiча, Хадыку, Ганчарыка (“Тайныя спружыны”, 3 сакавiка).

 

Сьцьвярджэньне

Гюстаў Лёбон, заснавальнiк сацыяльнай псыхалёгii, казаў: “Чым карацейшае сьцьвярджэньне, чым больш яно пазбаўлена нейкай доказнасьцi, тым большы яно мае ўплыў на натоўп”. СМI часта аддаюць перавагу голым сьцьвярджэньням у падтрымку свайго тэзысу, замест спрэчкi, абмяжоўваючы тым самым плюралiзм думак.

Цытата з праграмы Яўгена Новiкава: “Один из таких ну очень крупных белорусских демократических деятелей заявлял на их митинге: “Нам трэба так адпрацаваць гэты год, каб паўтарыць сцэнарый Югаславii. Учора — Бялград, заўтра — Менск”. Он провозгласил эту речь именно после бомбардировки Югославии крылатыми ракетами НАТО. Но ещё, заметьте (никто не хочет этого заметить), он заявил это после возвращения из Соединённых Штатов” (“Правы чалавека…”, 19 сакавiка). Вам цiкава, хто гэты дзеяч? Новiкаў адказу не дае.

У праграме 26 лютага аўтар сказаў пра беларускiх дэмакратаў: “Я предcтавляю, что они вытворят с нашей страной, если кто-то из них действительно станет президентом” (“Правы чалавека…”, 26 лютага). Такая сабе “прэзумпцыя вiнаватасьцi”, хоць ты i не абiрайся, — усё роўна ўжо вядома, што будзеш рабiць з краiнай. Гэтым у сьвядомасьць людзей укараняецца думка: “Ня трэба нам iх выбiраць, яны ўсё адно нiчога добрага ня зробяць”. Вось яшчэ некалькi цытатаў на гэтую тэму: “Усиливается активность так называемой демоппозиции и прочих, желающих порулить государством” (“Тайныя спружыны...”, 17 лютага); “под бел-чырвона-белым сцягам и бэнээфовской “Пагоней” начинают кучковаться те, кто видит в предстоящих выборах свой последний шанс дорваться до власти, в которой они уже были и испытание которой в своё время не выдержали”. У гэты час нам паказваюць Вячорку, Ганчарыка, якiя нiколi ва ўладзе не былi (“Тайныя спружыны...”, 3 сакавiка).

Зiмоўскi раскрыў нам вочы на некаторыя падрабязнасьцi Дня Волi: “По некоторым данным, самые активные участники акции были снабжены металлическими прутьями и заточками” (“Рэзананс”, 25 сакавiка). Дзе доказы? Дзе прэнты? А, глядач не спытаецца... Бо чалавек схільны верыць таму, што бачыць.

 

Паўпраўда

Гэты спосаб ужываецца СМI для таго, каб выклікаць давер у аўдыторыi. Ён заключаецца ў аб’ектыўным i падрабязным асьвятленьнi канкрэтных, малазначных дробязяў i замоўчваньнi больш важных фактаў або ў агульнай iлжывай iнтэрпрэтацыi падзеяў. Нейкi факт сапраўды можа iснаваць, але на яго аснове робяцца iлжывыя камэнтары i заключэньнi.

Так, А.Зiмоўскi вылучае з артыкулу Зянона Пазьняка “Амэрыка для амэрыканцаў” (“Народная воля” за 14 сакавiка) цытату “Беларусь для беларусаў”, параўноўвае яе зь лёзунгам фашысцкай Нямеччыны — “Нямеччына для немцаў” — і кажа, што гэта “лозунг, под которым собираются выдвигать единого оппозиционного кандидата”. Гэта вiдавочная хлусьня, нiхто пад такiм лёзунгам нiколi не вылучаў адзiнага кандыдата ад апазыцыi.

Ганна Лiленка, зноў-ткi грунтуючыся на адной фразе, расказвае нам быццам бы пра асноўныя тэзы артыкулу: “…политическая программа единого оппозиционного кандидата в той её части, которая касается национального вопроса… (зноў хлусьня — нiякага дачыненьня гэтая праграма да адзiнага кандыдата ня мае) — это набор законодательных условий: гражданские права должны быть предоставлены только лицам белорусского этнического происхождения; право голоса имеют лишь граждане — этнические белорусы; все государственные, национальные и муниципальные должности могут заниматься лишь гражданами — этническими белорусами; все небелорусы, въехавшие в РБ после провозглашения Декларации о государственном суверенитете 1991 г., должны быть немедленно высланы за пределы страны” (“Рэзананс”, 18 сакавiка). Цiкава зьвярнуцца да “першакрынiцаў” — да артыкулу Пазьняка. Вось тая цытата, вось цытата, зь якой былі зробленыя ўсе гэтыя высновы: “Калiсь амэрыканцы, змагаючыся з Англiяй за сваю незалежнасьць, напiсалi на сваiм сьцягу несьмяротныя словы: “Амэрыка для амэрыканцаў”. I гэта дапамагло: сягоньня Амэрыка вольная. Павiнны пайсьцi i мы па яе сьлядох i напiсаць агнiстымi рунамi на сваiм сьцягу: “Беларусь для беларусаў”. Гэта словы Янкi Здольнiка — настаўнiка з п’есы Янкi Купалы “Тутэйшыя” (1922)”. (З.Пазьняк “Амэрыка для амэрыканцаў”, “Народная воля” ад 14 сакавiка).

Той самы Зiмоўскi, закранаючы праблему зьнiкненьня ў Беларусi палiтыкаў i журналiстаў, расказвае нам пра “исчезновение поэта Некляева, а потом его появление то в Польше, то в Минске” (“Рэзананс”, 1 красавiка). Някляеў сапраўды папрасiў у свой час палiтычнага прытулку ў Польшчы, але ж ён нiколi нiкуды не зьнiкаў! Між тым думка гледачу прышчэпленая: “Вось Някляеў зьнiк, а потым зьявiўся, значыцца i iншыя знойдуцца”.

Асьмейваньне

Небясьпека гэтага мэтаду ў тым, што калi простая крытыка i нэгатыўнае ўзьдзеяньне блякуецца псыхалягiчнымi бар’ерамi, дык узьдзеяньне ў гумарыстычнай форме рэзка зьнiжае абаронныя рэакцыi асобы.

Першае месца тут належыць зноў А.Зiмоўскаму. 1 красавiка, у Дзень дурня, ягоная творчая фантазiя разыгралася як нiколi. Пакiдаю ўсе цытаты без камэнтароў.

“У генерала Козловского сгорела дача с библиотекой. По свидетельству пожарных, погибли обе книги, одну из них полководец даже не успел раскрасить.”

“В особняке Семёна Домаша на третьем уровне подземного гаража обнаружен в полуразобранном состоянии служебный “Мерседес” бывшего премьера Чигиря. Михаил Чигирь заявил, что этот факт напрямую связан с поисками оппозицией единого кандидата. А Юлия Чигирь, как семейный юрист, успела навестить самого С.Домаша, чтобы вручить ему повестку в суд. Сейчас Домаш готовит встречный иск с требованием возместить ему ущерб за очки, разбитые в ходе досудебного разбирательства с мадам Чигирь.”

“Владимир Гончарик намерен опубликовать в скором времени свои мемуары. Там есть любопытные строчки об отношениях… с коллегами по федерации: “Валентина несколько раз приходила на работу со своим сыном, и однажды я вдруг понял, что мальчик нравится мне больше мамы”.” (“Рэзананс”, 1 красавiка).

Усё гэта прагучала ў Дзень дурня і зьяўляецца жартам. Але Зiмоўскi павiнен быў неяк пазначыць гэта, а ён гэтага не зрабiў і мы ўспрынялi ягоныя словы як праўдзівыя. Значыць Зiмоўскi парушыў Закон аб друку, бо там няма разуменьня “Дзень дурня”. Вось толькі хто ў яго спытаецца?

 

Пераконваньне

Гэты мэтад арыентуецца на крытычную думку, на перавагу доказаў, фактаў i аргумэнтаванасьцi разважаньняў, якіх патрабуе частка аўдыторыі. Для большае пераканальнасьці інфармацыі прыцягваюцца “кампэтэнтныя людзі”: палiтолягі, сацыёлягі, палiтыкі, журналiсты. Напрыклад, адным з суаўтараў праграмы “Тайныя спружыны палiтыкi” зьяўляецца М.Сяргееў, якi называе сябе палiтолягам. Яшчэ адзiн “экспэрт” — С.Навоеў, сябра ЛДПБ, былы аглядальнiк “Народнай волi”. Ён зьяўляўся i ў “Рэзанансе”, i ў “Панараме”, i ў “Падзеi”. І ўсюды яго прадстаўляюць як “известного оппозиционного публициста, несомненно, одного из самых высоких профессионалов белорусской оппозиционной журналистики”. Глядач адразу настройваецца: ага, зараз будзе выступаць заўзяты апазыцыянэр, прычым ня самы апошнi. А Навоеў зь перадачы ў перадачу паўтарае адно й тое самае: “Американское посольство напрямую финансирует праворадикальную оппозицию” i г. д. Толькі пра тое, што Навоеў такі самы профі ў журналістыцы, як Сяргееў — у паліталёгіі, ніхто ня згадвае.

 

Апэляцыя
да канкрэтных фактаў
i дакумэнтацыi

Гэты прыём заснаваны на асаблiвасьцi псыхалёгii чалавека, які больш верыць лiчбам i паперкам, чым “голым” словам. Так, у “Панараме” за 31 сакавiка Алена Круталевiч паказвае нам лiст, якi напiсалi тры жыхары дому №17 па вулiцы Заслаўскай, каля якога праходзiлi “ўдзельнiкi Дня Волi”. Вось што яны пiшуць: “Движение колонны мешало движению общественного транспорта, невозможно было спуститься в станцию метро”. Журналістка не ўдакладняе, што ў мэтро нельга было зайсьцi таму, што ўваход быў перакрыты супрацоўнiкамi мiлiцыi. Яшчэ больш незразумелы вывад зрабiў пасьля гэтага сюжэту Казiятка: “Судя по мусорному шлейфу, о котором пишут горожане, революционные денгьги борцы с режимом спускают на водку с мороженым. То в жар, то в холод бросает ребят. Но не это странно. Странно, что кивают-то на Запад, а купляюць беларускае” (“Панарама аналiтычная”, 31 сакавiка). Чым блытаней і абсурдней, тым большае раздражненьне гледача выклікаецца. Прычым раздражненьне скіраванае ня толькі на журналіста, а і на герояў рэпартажу.

 

Тэхнiчныя прыёмы (“гульня кадраў”)

Тэлебачаньне для фармаваньня ў гледачоў нэгатыўнага пачуцьця да палiтыкаў паказвае іх у непрывабных ракурсах або робiць мантаж. Ужо хрэстаматыйным стаўся прыклад з кадрам, на якiм сп.Вячорка чэша сабе нагу (“Рэзананс”, 4 сакавiка) або навязьлівы мантаж кадраў пры паказе таго, як Ірына Халіп хвалюецца, задаючы пытаньне Лукашэнку на сустрэчы яго з журналістамі. Юры Пракопаў убачыў на Дні Волi плякат зь лёзунгам “Свабоду iндуiстам!” i зрабiў выснову: “Разгорячённые обильным употреблением спиртных напитков подростки явно бледнели на фоне таких ярых радетелей БНР, какими являются кришнаиты, сектанты, анархисты, сексуальные меньшинства, иными словами — основные участники акции”. Раздражненьне абсурдам пачутага глядач ізноў жа пераносіць на ўсіх герояў матэрыялу. І глядач, ясная рэч, ня памятае, як Сьвятлана Дабрыянiк у папярэднiм сюжэце казала, што Дзень Волi сьвяткавала “агрессивная часть белорусской оппозиции”. Атрымлiваецца, што агрэсіўную частку беларускай апазыцыi складаюць “крышнаiты, анархiсты i iншыя сэксуальныя меншасьцi”.

 

На сканчэньне яшчэ цытата. Гюстаў Лёбон у 1898 г. пiсаў: “Калi мы ўвесь час чытаем у адной i той самай газэце, што А — поўны нягоднiк, а В — найсумленны чалавек, мы, урэшце, самi пераконваемся ў гэтым. Вядома, калi толькi не чытаем пры гэтым iншую газэту, што выказвае зусiм супрацьлеглую думку”. Дык давайце ж будзем сапраўды чытаць як мага больш газэт!