БІБЛІЯТЭКА

 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

С.Адамовіч. Турэмны дзёньнік: Дакумэнты, дзёньнік, вершы. — Менск, 2001. — 160 с. ISBN 9955-437-10-3

У кнізе зьмешчаныя вершы (у т.л. славуты Адамовічаў твор “Убей президента”), а таксама дзёньнік вязьня й дакумэнты з крымінальнае справы паэта.

Цішка Гартны. Завяўшая краса: Апавяданьні / Для стар. шк. веку; Укл. Г.Роліч. — Менск: Мастацкая літаратура, 2001. — 223 с. — Наклад 2500 ас.

Творы Цішкі Гартнага (літаратурны псэўданім першага старшыні беларускага савецкага ўраду Зьмітра Жылуновіча) не выдаваліся даўно. Гэтае выданьне каштуе 1,3 т. р., апублікаваныя творы 1909—1932 гг.

Асьветнікі зямлі беларускай: Энцыкляпэдычны даведнік / Рэд. кал. Г.Пашкоў ды інш.; Маст. У.Жук. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя, 2001. — 496 с.: іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-11-0205-9

У кнізе зьмешчаныя артыкулы пра 750 прадстаўнікоў філязафічнае й грамадзкае думкі Беларусі ад Х да ХХ ст. Упершыню зьвесткі пра гэтыя пэрсаналіі былі надрукаваныя ў даведніку “Мысьліцелі й асьветнікі Беларусі” (Менск, 1995). Новае выданьне ў два разы меншае аб’ёмам і, у адрозьненьне ад папярэдняга, толькі з чорна-белымі ілюстрацыямі. Каштуе 3,4 т. р.

Янка Лучына. Творы: Вершы, нарысы, пераклады, лісты / Укл., прадм. і камэнт. У.Мархеля. — Менск: Мастацкая літаратура, 2001. — 206 с. — Наклад 2500 ас. ISBN 985-02-0514-8

Надрукаваныя арыгінальныя творы, польскамоўныя вершы ў перакладзе на беларускую, пераклады й перайманьні вершаў з расейскае, польскае ды іншых моваў, а таксама нарысы й лісты. Гэткая самая кніга твораў Я.Лучыны выдавалася ўжо ў 1988 г. Каштуе 1,4 т. р.

З.Бугаёў. Спавядальнае слова: Літаратурная крытыка, успаміны. — Менск: Мастацкая літаратура, 2001. — 327 с.: іл. — Наклад 2000 ас. ISBN 985-02-0417-6

Патрыярх беларускага літаратуразнаўства падсумаваў свае досьледы творчасьці й жыцьцёвага лёсу Ў.Дубоўкі, А.Куляшова, Максіма Танка, І.Мележа, Я.Брыля, В.Іпатавай, У.Караткевіча ды інш., якімі займаўся ў апошнія гады. Цана кнігі 1,8 т. р.

Зьмены беларускага правапісу ў Савецкай Беларусі: Зборнік дакумэнтаў. — Менск: Выдавецтва газэты “Радавая Беларусь”, 2000. — 26 с. — Наклад 200 ас.

Зьмешчаныя ўрадавыя пастановы 1933—94 г., што вызначалі лад беларускае артаграфіі. Набыць можна ў сядзібе БНФ (Менск, Варвашэні, 8). Каштуе крыху больш за 1 т. р.

С.Некрашэвіч, П.Бузук. Програма для зьбіраньня асаблівасьцяў беларускіх гаворак і гаворак пераходных да суседніх моваў / Факсымільнае выданьне. — Менск: Выдавецтва газэты “Радавая Беларусь”, 1927 (2000). — 80 с. — Наклад 200 ас.

У праграме 159 параграфаў з апісаньнем розных варыянтаў напісаньня, вымаўленьня й ужываньня словаў. Яна была ў свой час выдадзеная Фальклёрна-дыялекталягічнаю камісіяй Аддзелу мовы й літаратуры Інстытуту беларускае культуры.

С.Некрашэвіч. Да пытаньня аб укладаньні слоўніка жывой беларускай мовы / Факсымільнае выданьне. — Менск: Выдавецтва газэты “Радавая Беларусь”, 1925 (2000). — 23 с. — Наклад 200 ас.

Публікацыя дакладу, чытанага на сходзе Мовазнаўчае сэкцыі Інстытуту беларускае культуры 8 ліпеня 1925 г. Гэты Некрашэвічаў даклад стаўся асноваю для працы акадэмічнае камісіі ў справе ўкладаньня слоўніка жывое беларускае мовы.

Падрыхтаваў Віктар Мухін


Крытыка

С...ы чорна-белы сьвет Юр’я Станкевіча

Герой апавяданьня Юр’я Станкевіча “Ізумрудна-зялёныя мухі”, зьмешчанага ў ягонай кнізе “Любіць ноч — права пацукоў” (Менск, 2000) ня любіць с…ага правінцыйнага гораду, ня любіць с…й перабудовы, ня любіць с…х песень, ня любіць с…й сталіцы. Чаму ж ня толькі маладыя, але і сталага веку людзі ня любяць таго месца, дзе ўзьнікла і праходзіць іхнае жыцьцё? А таму, што іх тут таксама ніхто ня любіць, нават самых таленавітых тут не заўважаюць і не падтрымліваюць.

 

Родны горад і само жыцьцё не дае герою аповяду аніякай магчымасьці вызначыцца, дасягнуць посьпеху і атрымаць ад гэтага радасьць.

У адным герою аповяду моцна пашчасьціла. Ён сустрэў Каханую. Каханьне — гэта простая дарога да Бога. Празь любоў да жанчыны мужчына пачынае любіць сонца, неба, лес, траву, жыцьцё і нават, самае складанае, — людзей.

Ці можна ўсяму гэтаму навучыцца ў маленькім правінцыйным гарадку? Тут маладому чалавеку ад нараджэньня вызначаная роля другаснай істоты, якая мусіць абслугоўваць патрэбы вышэйшага слою наежджых людзей. Большасьць тутэйшых, зразумеўшы, што ім у жыцьці вызначаная роля абслугі, пачынае не любіць тых, хто дамінуе сёньня. Гэтая нелюбоў распаўсюджваецца і на ўсё астатняе: горад, армію, песьні, сталіцу, перабудову... Страчаная Вера ў тое, што тут — самае значнае месца на зямлі, бо тут нарадзіўся Ты. Што тут самая прыгожая і велічная рака, самыя прыгожыя дзяўчаты, самыя таленавітыя сьпевакі ў мясцовым ДК, а тутэйшыя футбалісты — адны з найлепшых на плянэце... Веры няма. Веру разбурылі наежджыя людзі, бо наежджыя вайскоўцы былі лепшымі, ім аддавалі сваё каханьне мясцовыя прыгажуні.

У маладым чалавеку яшчэ жыве надзея шляхам індывідуальнага змаганьня збудаваць сваё асобнае шчасьце. Але калі вакол усе няшчасныя, гэта зрабіць складана: незнаёмыя людзі адбіраюць у яго ўсе заробленыя цяжкой працай грошы, ад якіх залежыць ягоная будучыня. З таго кута, куды трапіў герой аповеду, ёсьць некалькі выйсьцяў. Ён мог, пасьля таго як яго абрабавалі, пачаць спачатку — гэтак робяць у цывілізаваных краінах сучасныя, валявыя, разумныя людзі. Але малады мужчына вырас у чорна-белым асяродзьдзі. Людзі чорна-белага стану сьвядомасьці ня бачаць выйсьця ў складаных жыцьцёвых абставінах. Сытуацыя не дае магчымасьці прымяніць нават маладыя сілы і энэргію, каб зарабіць неабходныя сродкі на нармальнае жыцьцё.

Пацярпеўшы жыцьцёвую паразу, мужчына адмовіўся ад Каханай, бо ня мог прапанаваць ёй той мінімальны ўзровень дабрабыту, які захаваў бы іхнае каханьне, ягоную самапавагу да сябе як мужчыны і павагу каханай. Ён купляе рэвальвэр і прысьвячае жыцьцё пошуку крыўдзіцеляў...

Юры Станкевіч паказвае, што злоба мае здольнасьць назапашвацца, ператварацца ў нянавісьць, каб потым выбухнуць хутка, бязьлітасна і нямэтанакіравана. Ланцуг нянавісьці трэба разбураць з самага пачатку, не даваць уздымацца парасткам злобы. Адзіны шлях разбурэньня ланцуга нянавісьці — адраджэньне любові да сваёй зямлі, павагі да сябе й іншых, магчымасьць чалавека ганарыцца сваім “Я”, сваім радаводам. Калі няма Веры — няма і Надзеі, а безь Любові ўсё астатняе ня мае сэнсу.

Кастусь Травень