Нататкі старога апазыцыянэра

За дэмакратыю яшчэ давядзецца пазмагацца

Што павiнна стаяць паперадзе — палiтычная мэта цi маральны прынцып, “грамадзкi плян” цi “грамадзкi прынцып”? Цi можна дзеля “посьпеху дня” забываць на гэтыя прынцыпы? Цi можа “практычная дзейнасьць” палiтыка быць свабоднаю ад прынцыпаў “маральнага маштабу”? У сувязi зь дзейнасьцяй самога Ў.Ганчарыка і “галоўкі” ягонага перадвыбарчага штабу згадваю, што ён называў сябе сацыял-дэмакратам, а “НН” назвала яго сацыялiстам (трэба думаць, дэмакратычным). А сацыял-дэмакратыя вучыць, што немаральная палiтыка — контрапрадуктыўная. Пакiнуўшы за сабою права апiсаць і прааналізаваць дзеяньнi сп.Ганчарыка i ягоных паплечнiкаў пасьля выбараў, я хачу сказаць тым iнтэлiгентным людзям, якiя чытаюць “НН”: 9 верасьня мы будзем выбiраць памiж большым i меншым злом.

Валерка Булгакаў мае рацыю: “Досыць... важнаму чалавеку зганiць Лукашэнку... – часта ў агульных фразах i вельмi расплывiста... – як яго адразу запiсваюць у апазыцыянэры, актыўна друкуюць у незалежных СМI, прадстаўляюць замежным вiзiцёрам i запрашаюць на сакрэтныя сустрэчы” (“НН” ад 13 жнiўня). Па-мойму, В.Булгакаў памыляецца ў адным — калi пiша пра наiўнасьць апазыцыянэраў, перакананых дэмакратаў. З правiлаў бываюць выключэньнi, ня ўсе вэтэраны дэмакратычнага руху — перакананыя дэмакраты.

“НН” загаварыла пра маральнасьць палiтыкi, пра шчырасьць палiтыкаў. Iнтэлектуалы не павiнны даваць палiтыкам хлусiць. “Не падманвай! Не хлусi!” — гэтае прыказаньне павiнна быць на сьцягу дэмакратыi. Агiдна слухаць i чытаць ману, прамоўленую або напiсаную чалавекам, якi ўдае зь сябе дэмакрата. Яшчэ агiдней, калi гэтую хлусьню падхоплiваюць недзяржаўныя СМI. А яны ж першыя павiнны казаць хлусу: ты манiш. Некаторыя дзеячы карыстаюцца з таго, што орган друку, публiцыст, iнтэлектуал, не выкрывае гэтай маны, каб тым самым не даваць аргумэнту ў рукi прадстаўнiкоў улады. Не атрымаўшы належнага адпору, яны працягваюць хлусiць i далей, уваходзяць у смак, у раж.

8 жнiўня адбыўся зьезд Партыі Працы. Тое, што ён адбыўся ў працоўны дзень, паказвае, што ў гэтай партыi сабраліся збольшага прафсаюзныя босы, бо толькi яны маюць магчымасьць адсутнiчаць на заводзе ў працоўны час. Бухвостаў шчыра прызнаецца, што ўплыў партыі невялікі, што ў яе шэрагах налiчваецца 1300 чалавек. ПКБ мацнейшая за БПП i БСДП (НГ), але й ёй не ўдалося сабраць належную колькасьць подпiсаў за свайго шэфа. Падчас выбарчае кампанii ўсе партыi паказалi сваю слабасьць. Яны ня здолелi вылучыць на галоўную пасаду ў краiне “сваiх людзей”, якiя, фармальна не належачы да партыяў, былi б iхнiмi самымi вернымi саюзьнiкамi цi прыхiльнiкамi. Сярод лiдэраў партыяў не знайшлося анiводнага дастаткова яркага, уплывовага палiтыка, якi б здолеў уплываць на паводзiны намэнклятуршчыкаў. Дэмакратыя апынулася аўтсайдэрам.

У артыкуле д-ра Оргіша “Беларуская хвароба” ў “Народнай Волі” выразна паказана, якiя аргумэнты выкарысталi б хаўрусьнікi супраць хаўрусьніка Домаша, калi б той не згадзiўся зьняць сваю кандыдатуру: “нацыяналiст”, “антырасеец”... Між тым Домаш паказаў сябе ўплывовым і прыцягальным палітыкам. Цi здолее ён паказаць сябе мудрым палiтыкам?

Анатоль Сідарэвіч

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0