З усіх старон

 

Грант ад Кадафі?

Беларусь мае наведаць лідэр Лібійскай Джамахірыі (у перакладзе з арабскай — “народнай дэмакратыі”) Муамар Кадафі. Прэс-сакратар МЗС Павал Латушка паведаміў, што візыт адбудзецца ўжо ў гэтым месяцы, удакладняецца толькі дата.

 

Дамова пра візыт Кадафі ў Беларусь была дасягнутая яшчэ ў лістападзе 2000 г., калі Лукашэнка гасьцяваў у Лібіі. Кадафі тады паабяцаў інвэставаць грошы ў беларускую эканоміку. Пасьля вяртаньня з Трыпалі Лукашэнка горача дзяліўся ўражаньнямі ад паездкі: “З Кадафі было проста дамаўляцца, бо абедзьве краіны міралюбныя і глядзяць аднолькава на асноўныя эканамічныя і палітычныя праблемы”.

Міралюбнасьць дапамагае Кадафі фінансаваць дыктатарскія рэжымы Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, Тога, Гамбіі. Спансараваў ён, па некаторых зьвестках, і Мілошавіча. Лібія займела аўтарытэт краіны-тэрарыста пасьля выбуху ў заходнебэрлінскай дыскатэцы ў 1985 г. і падкладаньня бомбы ў самалёт, што ўпаў на Локербі ў Шатляндыі ў 1986 г.

Што яго вядзе ў Беларусь перад самымі выбарамі? Лукашэнка наўрад ці прымаў бы такога адыёзнага госьця па сваёй волі. Ёсьць падставы меркаваць, што гэты прыём Кадафі можа быць аддзякай кіраўніцтва Беларусі за выдзеленыя на перадвыбарную кампанію грошы. Калі гэта праўда, тады становіцца ясна, адкуль у нас 100-даляравыя заробкі. Лукашэнка, у такім разе, выбраў хітры шлях: ён узяў грошы ад таго, ад каго ніяк ня можа трапіць у залежнасьць.

Лібія любіць купляць сабе прэстыж за грошы. Але ж Беларусь — гэта ня ЦАР і ня Тога, а эўрапейская краіна. Праўда, такое абстрактнае паняцьце, як рэпутацыя дзяржавы, заўжды цікавіла нашы ўлады менш, чым рэчы матэрыяльныя.

Эдвард Людовіч

1 верасьня 1969 г. група вайскоўцаў на чале з 27-гадовым лейтэнантам-бэдуінам Муамарам Кадафі зьдзейсьніла ў Лібіі дзяржаўны пераварот і зрынула манархію. У той час краіна (яе тэрыторыя — 1728 тыс. кв. км, у 8 разоў большая за беларускую, а насельніцтва — 4,6 млн. чалавек, у 2 разы меншае, чым беларускае) мела добрыя стартавыя мажлівасьці. Багатыя радовішчы нафты маглі ўзьняць яе да ўзроўню сёньняшніх Арабскіх Эміратаў. Але сацыялістычны шлях разьвіцьця зрабіў зь Лібіі багатую бяднячку. Да гэтага часу там няма чыгунак, напрыклад. У 1977 г. у Лівіі быў абвешчаны Рэжым Народнай Дэмакратыі — фармальна краінай кіруе Ўселібійскі народны сход. А Кадафі ўзначаліў Рэвалюцыйнае Кіраўніцтва краіны, якое толькі “праводзіць у жыцьцё” рашэньні Сходу. Ад 1977 г. Кадафі пакінуў Трыпалі і пасяліўся ў шатры сярод пустыні.

 


Мяжа

МЗС Расеі не пагаджаецца з плянам дэмаркацыі расейска-ўкраінскае мяжы. Украінскі бок хоча, каб пасьля дэлімітацыі мяжы пачалася яе дэмаркацыя. (Часам дэлімітацыі мяжу вызначаюць на мапе і ўзгадняюць на месцы, а пры дэмаркацыі абазначаюць яе на мясцовасьці слупамі, паласой і г.д.) Расейцы хочуць, каб мяжа “дружбы і ўзаемаразуменьня” засталася недэмаркаваная, бо “гэта замінала б разьвіцьцю гаспадарчых сувязяў між памежнымі рэгіёнамі”. Кіеў мае іншае меркаваньне, бо дэмаркацыя дазволіць яму патрабаваць зьмякчэньня ці скасаваньня візавага рэжыму між Украінай і краінамі Шэнгенскай зоны. Дый дэмаркаваная мяжа можа засьцерагчы ад патэнцыйных тэрытарыяльных канфліктаў у будучыні.

Расстрэл
за наркотыкі

Украінскую студэнтку Вікторыю Мамантаву ў Бангкоку прысудзілі да сьмяротнага пакараньня за перавозку наркотыкаў. Дзяўчына была арыштаваная летась у верасьні, калі тайляндзкая паліцыя знайшла ў ейным пакоі 1,3 кг гераіну. Сама яна кажа, што гераін ня ейны, а знаёмага мурына, які сказаў ёй, што гэта зёлкі, і папрасіў завезьці іх ягонай стрыечнай сястры ў Інданэзію. Шанцаў на памілаваньне вобмаль.

 

Беларусы
на 1% лепшыя

Тыднёвік Veidas надрукаваў вынікі апытаньня літоўцаў аб іх стаўленьні да суседзяў. Сваімі найлепшымі суседзямі, аказалася, летувісы лічаць латышоў (37,2%). На другім месцы — палякі (27,6%). Нас за добрых суседзяў уважаюць толькі 6% апытаных. Праўда, у расейцаў рэйтынг яшчэ меншы — 5%.

 

Стэрылізацыя байцовых сабак

Усе байцовыя сабакі і іх мяшанцы да 1 верасьня 2002 г. павінны быць стэрылізаваныя — такую пастанову прыняў латыскі ўрад. Крыху раней ён забараніў купляць, гадаваць і ўвозіць у Латвію байцовых сабакаў, накшталт пітбультэр’ераў альбо аргентынскіх догаў. Тым “байцам”, якія ўжо ёсьць у Латвіі, дазволяць дажыць свае дні, але толькі пасьля лягчаньня.

Навіны падрыхтаваў С. Р.

Сьмерць аквалянгістаў

Харвацкі браканьер забіў дынамітам двух нямецкіх аквалянгістаў. Відаць, бедакі падаліся яму касяком рыбы. Зь месца здарэньня ён зьбег. Цяпер яго шукаюць.

 

Прадалі апошнія зьнішчальнікі

Малдова прадала апошнія свае 6 зьнішчальнікаў Міг-29 і 13 ракетных установак “зямля-зямля”. Тамтэйшы міністар абароны кажа, што войску не патрэбныя ані авіяцыя, ані артылерыя. Насамрэч Кішынэў папросту ня мае грошай, каб утрымліваць гэтую тэхніку.

 

Сьмелыя лесьбійцы ды маласольныя агуркі

Жыхары Лесбасу выгналі з востраву ўсіх альбанскіх імігрантаў, пасьля таго, як ля начнога клюбу ў вёсцы Лутра чацьвёра альбанцаў пабіліся з грэкамі і паранілі тых нажамі. Мясцовы суд даў хуліганам 37 месяцаў турмы з адтэрміноўкай і загадам неадкладна пакінуць выспу. Аднак мясцовых жыхароў раззлаваў такі лёгкі прысуд. Яны вырашылі, што ўсе 150 альбанцаў, якія жывуць у вёсцы, павінны зьехаць зь Лесбасу. Тыя перапужаліся і ўцяклі. Грэцкі прэзыдэнт К.Стэфанопулас ухваліў дзеяньні лесьбійцаў і сказаў, што гэта не расізм, а слушны гнеў супраць чужаземцаў, якія не шанавалі гасьціннасьці гаспадароў.

Канфлікты паміж карэннымі жыхарамі і эмігрантамі — бяда ўсіх рэгіёнаў, якія складаюцца з краінаў рознай заможнасьці.

12 літоўскіх цыганоў папрасілі ў Хельсынках палітычнага прытулку. Фіны баяцца, каб гэты выпадак ня стаўся пачаткам цэлай хвалі выездаў. У Літве ў спэцыяльных табарах жыве каля 3,5 тыс. цыганоў. Яны сядзяць бяз працы, з-за нізкага ўзроўню адукацыі ня ведаюць літоўскае мовы, сярод іх шмат наркаманаў і злачынцаў. Штопраўда, літоўскі ўрад распрацоўвае пляны інтэграцыі цыганоў у летувіскае грамадзтва, нават абяцае пабудаваць ім у Вільні школу.

А брытанскія і чэскія ўлады былі вымушаныя скасаваць нефармальны агляд “на цыганскасьць”, уведзены ў Праскім аэрапорце для пасажыраў, што кіруюцца ў Брытанію. Грамадзяне Чэхіі маюць ільготы на ўезд у Злучанае Каралеўства, але, каб туды не эмігравалі й чэскія цыганы, брытанцы цішком дамовіліся з чэхамі аб нефармальнай праверцы пасажыраў. Дазналася прэса, узьняла лямант — і Лёндан мусіў адступіць.

Як бачым, і слабейшыя могуць дабівацца праўды ў барацьбе з дужэйшымі. Гэтае пацьвярджае і польскі прыклад.

Эўразьвяз патрабуе, каб палякі правялі рэгістрацыю ўсяе свойскае жывёлы. Можна, зразумела, свайго тавару не рэгістраваць, але тады анічога з тае жывёлы не прадасі. Нават малака ніхто ня купіць, калі ў каровы няма пашпарту. Апроч таго, вяскоўцы цяпер мусяць загадзя паведамляць пра прыплод. Раз-пораз імкненьне ва ўсім дабіцца адзінага “эўрастандарту” даходзіць да сьмешнага. Так, нядаўна чыноўнікі з Эўразьвязу не хацелі рэгістраваць у якасьці прадукту для продажу... польскія маласольныя агуркі бо, маўляў, у Эўропе такога не спажываюць і не вырабляюць. Палякі ледзьве давялі, што маласольныя гуркі ядуць адвеку і не адмовяцца ад іх пасьля ўваходу ў Эўразьвяз. Урэшце, агуркі сьпісалі на польскую нацыянальную спэцыфіку.

Сяргей Рак

Вэндэта незалежнікаў

У ноч з чацьвярга на пятніцу забілі былога лідэра карсыканскіх незалежнікаў Франчэска Сантоні. Застрэлілі яго, калі ён сыходзіў зь вясельля свайго сябра (маладога пры гэтым паранілі). Падазраюць, што зрабілі гэта радыкальныя нацыяналісты.

 

Сантоні меў падставы чакаць помсты зь іхнага боку, бо ня толькі адышоў ад свае былое справы , але і ў чэрвені мінулага году выдаў кніжку “Ў пагоні за любымі грашыма”, у якой пісаў, што колішнія змагары за свабоду нібыта зганьбілі свае ідэалы і ператварыліся ў звычайнюсенькіх мафіёзі. Жан-Мішэль Росі, суаўтар скандальнае кнігі, загінуў яшчэ летась.

Корсыка ў складзе Францыі з 1768 году, калі Генуя, што валодала выспай з канца XIII ст., прадала яе французам. Жыве там больш за 250 тыс. чалавек (0,44% ад насельніцтва Францыі), а плошча краю складае 8,68 тыс. кв.км. (1,6% францускай, гэта прыкладна, як нейкія 4 раёны Беларусі, разам узятыя). Валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва дасягае на Корсыцы 15 тыс. даляраў (у Францыі — 22 тыс.).

Эканамічнае становішча Корсыкі абы-якое, а прамысловасьць і сельская гаспадарка знаходзяцца на ніжэйшым за эўрапейскія меркі ўзроўні. Высакаякасныя сельскагаспадарчыя прадукты (“востраў прыгажосьці” знаны сваімі вінамі, сырамі, сьвінінай, садавінай і мёдам) — вырабляюцца на дробных фэрмах, 95% прадпрыемстваў краю дробныя — налічваюць менш за 10 работнікаў, узровень жа беспрацоўя дасягае ў іншыя гады 20%. У такіх умовах многія маладыя далучаюцца або да незалежніцкага, або да крымінальнага руху.

Карсыканцы, не знаходзячы працы дома, дзесяцігодзьдзямі масава зьяжджалі на чужыну, напрыклад, на службу ў францускія калёніі. На Корсыцы нарадзіўся, напрыклад, актор Бэльмандо. Менавіта карсыканцы кантралююць частку мафіёзных структураў на поўдні Францыі. Адначасова шэраг францускіх палітыкаў — карсыканцы, што зракліся сваёй карсыканскасьці, напрыклад, лідэры правіцы, былы мэр Парыжу Жан Тыбэры і былы міністар унутраных справаў Шарль Паскуа.

Выбух сэпаратысцкага руху на востраве прыйшоўся на 60-я, калі на Корсыку зьехаліся т.зв. “чарнаногія” — альжырскія каляністы, што пакінулі Афрыку пасьля дэкалянізацыі і пры дзяржаўнай падтрымцы скупілі значныя абшары на высьпе, чым раззлавалі мясцовае насельніцтва. Адмоўную рэакцыю ў традыцыйным грамадзтве выклікала і разьвіцьцё турызму, якое бурыла карсыканскую ўнікальнасьць і абражала мараль старасьвецкіх астраўлянаў.

Францускім інстытуцыям, у прыватнасьці паліцыі, цяжка працаваць на Корсыцы, дзе людзі жывуць паводле традыцыйнага права, і таму прававая дзяржава на востраве рэальна не функцыянуе, а рэспубліканскія нормы не выконваюцца. Друк пастаянна прыводзіць прыклады злачынстваў, учыненых карсыканцамі і скіраваных супраць дзяржавы, — ад нявыплаты падаткаў да грубага ігнараваньня правілаў дарожнага руху.

Цяперашні этап узброенай барацьбы карсыканцаў за незалежнасьць пачаўся ў жніўні 1975 г. з падзеяў у Алерыі, на ўсходзе востраву. 22 жніўня ўзброеныя дзецюкі з арганізацыі Дзеяньне за Адраджэньне Корсыкі, перайменаванае ў 1976 г. у Фронт Нацыянальнага Вызваленьня Корсыкі (ФНВК), на чале з Эдмонам Сымэоні, захапілі вінаробчы каапэратыў, дзе працавалі рэпатрыянты з Альжыру, забіўшы пры гэтым трох жандараў. З часам паўсталі і іншыя нацыяналістычныя групоўкі, лік якіх, нягледзячы на ўсе спробы яднаньня, адно павялічваўся. На сёньня іх каля 36-ці. Адны зь іх супрацоўнічаюць, іншыя ваююць паміж сабой. Гэтае змаганьне ўмела падбухторваецца францускімі спэцслужбамі. Таму барацьба парою нагадвае вэндэту паміж прадстаўнікамі розных кланаў. З 1976 г., калі незалежнікі абвесьцілі вайну цэнтральнай уладзе, на высьае адбылося больш за 4000 тэрактаў.

Трэба сказаць, што карсыканскі тэрор несупастаўляльны з ірляндзкім ці баскім, бо рэдка скіраваны супраць людзей. У асноўным тэрарысты зьнішчаюць адміністрацыйныя будынкі, а яшчэ яны часта ваююць паміж сабой. Сярод ахвяраў тэрактаў вялікая доля саміх тэрарыстаў. Цікава, што Дзярждэпартамэнт ЗША, які штогод абвяшчае сьпіс тэрарыстычных арганізацыяў, ня ўносіць у гэты сьпіс карсыканцаў.

Нябожчыка Сантоні называлі апошнім вялікім нацыяналістычным правадыром 80-х. Некалі ён адседзеў шэсьць год у турме за тэрарызм і быў адным з асноўных дзеячоў незалежніцкай партыі A Cuncolta Naziunalista, якая выконвае ролю палітычнага прадстаўніцтва значнай часткі змагароў за свабоду. Ды вось жа ў 1993 г. Сантоні ўчыніў раскол у арганізацыі і пачаў перамовы з францускімі ўладамі.

Пагадненьне, падпісанае прадстаўнікамі карсыканскай грамадзкасьці і цэнтральным урадам у Парыжы ў 2000 г., мела пакласьці пачатак вырашэньню праблемы востраву. Узамен на частковую аўтаномію (права на прыняцьцё сваіх законаў пад кантролем францускага парлямэнту) з 2002 г., падатковыя прывілеі і права на ўсеагульную адукацыю на карсыканскай мове (блізкай да італьянскай), нацыяналісты дэкляравалі замірэньне і часовую адмову ад патрабаваньняў незалежнасьці. Пытаньне аб пашырэньні самастойнасьці было адкладзенае да 2004 г. Карсыканцы ўспрынялі дамоўленасьці як перамогу і просты шлях да незалежнасьці ў будучыні.

Урад пагадзіўся й на адміністрацыйнае аб’яднаньне востраву, падзеленага раней на два дэпартамэнты. Корсыка стала адзінай часткай Францыі, што мае асаблівы статус і нейкія прыкметы аўтаноміі. Прыклад 900 тыс. карсыканцаў (большасьць іх цяпер жыве ў мэтраполіі) можа ў будучыні натхніць мільён эльзасцаў ды 1,5 мільёна брэтонцаў.

Нягледзячы на супраціў правіцы і прэзыдэнта, францускія сацыялісты здолелі дабіцца ўхвалы гэтых дамоўленасьцяў у ніжняй палаце парлямэнту. Але неспадзявана пагадненьне аказалася пад пагрозай. У ліпені карсыканцы запатрабавалі амністыі для больш як 40 асуджаных альбо вышукваных за тэрарызм. Аднак, паводле апытаньняў, 81% французаў выступаюць супраць амністыі. І ўрад абвесьціў, што пра амністыю ня можа быць гаворкі. Праўда, тое ж апытаньне паказала, што ўпершыню ў гісторыі колькасьць людзей, што падтрымліваюць адлучэньне Корсыкі ад Францыі зраўнялася з колькасьцю праціўнікаў гэтага кроку.

Сантоні ў сваёй кнізе шчодра раздаваў на адрас іншых абвінавачваньні ў мафіёзнасьці, але існавалі падазрэньні і датычна ягонае асобы. З гешэфтаў на высьпе жывуць і незалежніцкія, і прафранцускія сілы. Каму зь іх была больш патрэбная сьмерць Сантоні? Шмат хто меў падставы забіць яго, бо цягам доўгіх гадоў ён нарабіў сабе ворагаў. А на Корсыцы асабісты вораг часта значыць больш, чым нейкая палітычная матывацыя.

Сяргей Радштэйн

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0