Паўраспад песьняроў

“Песьняры” былі багамі майго дзяцінства. Пры канцы 70-х наш піянэрска-акцябрацкі хор удзельнічаў ва ўсіх урадавых канцэртах, дзе выступалі слынныя беларускія артысты. У тым ліку й “Песьняры”. У тыя далёкія гады я часта бачыла іх зблізу — за кулісамі, у калідорах опэрнага тэатру, ля аўтамату з “газіроўкай”. Я слухала іх на рэпэтыцыях. Падрыхтоўка да ўрадавых канцэртаў (так называліся тыя пампэзныя імпрэзы, хоць было відавочна, што робяцца яны не для ўраду, а для ЦК і асабіста Машэрава) доўжылася тыднямі. Пераважна ўначы, бо ўдзень опэрны тэатар жыў сваім звычайным жыцьцём. А ноччу распачыналіся бясконцыя прагоны. Рэжысэр экспэрымэнтаваў з асьвятленьнем, тэхнікі змагаліся з апаратурай, а “Песьняры”, у сваіх доўгіх ды нязручных халатах, увіхаліся на сцэне пад гарачымі промнямі пражэктараў.

“Ты мне вясною прысьнi-і-лася-а-а…” — адныя толькі “Песьняры” мелі прывілей на клясычныя беларускія вершы сярод надакучлівага камуністычнага афіцыёзу ўрадавага канцэрту. Яны сьпявалі пра каханьне, песьцячы вуснамі кожнае беларускае слова. Яны сьпявалі пра любоў да роднае зямлі, а іхныя твары празаічна сплывалі потам. “Песьняры” паводзіліся падчас дзяжурных прагонаў зусім ня так, як іншыя артысты. Іншыя, пакуль рэжысер ганяў асьвятляльнікаў, працавалі ў чвэрць сілы, крэсьлячы толькі контуры свайго выступу. “Песьняры” не дазвалялі сабе ні на хвіліну расслабіцца. Яны ўвесь час шукалі новых фарбаў, новых выразных падрабязнасьцяў, дапасоўваючы сваё выкананьне да канкрэтных умоваў акустыкі, да настрою, надвор’я. Акурат падчас гэткіх рэпэтыцыяў я ўпершыню пачула лучанкоўскую “Спадчыну”, і сэрца мо першы раз у жыцьці зашчымела ад пранізьлівай салодкай любасьці.

Цяперака тых “Песьняроў” ужо няма. Ёсьць “Беларускія песьняры” — высокапрафэсійны камэрцыйны гурт з адчувальным прысмакам акадэмізму. Ёсьць таксама “Песьняры” Ўладзімера Мулявіна, якія мо й саступаюць “Беларускім песьнярам” у прафэсійнасьці, але маюць кіраўніком народнага артыста СССР. Два калектывы вядуць барацьбу за выжываньне і ўжо тры гады змагаюцца за руку і сэрца цяперашняе беларускае ўлады.

Своеасаблівай кульмінацыяй гэтай барацьбы сталіся падзеі сёлетняга “Славянскага базару”. “Песьняры” Мулявіна выступілі ў галя-канцэрце майстроў мастацтваў Беларусі, а “Беларускія песьняры” — у расейскім. Яны выратавалі безнадзейна слабое расейскае шоў, дзе галоўнай прынадай для публікі быў псэўда-опэрны тэнар Мікалай Баскаў. Акрамя таго, іх запрасілі выступіць у начной імпрэзе ў гонар 10-й гадавіны віцебскага фэсту.

У галовах слухачоў паўстала трывожнае пытаньне: якім чынам “Беларускія песьняры” трапілі ў “расейскі дзень”? Хіба гэта сталася пад націскам Мулявіна? Альбо “Беларускія песьняры” ўжо канчаткова атабарыліся ў Масковіі?

На шчасьце, нічога гэткага пакуль ня здарылася. У калідорах “Белканцэрту” па-ранейшаму можна адшукаць дзьверы зь беларуска-песьняроўскаю шыльдаю. Ахвоча адгукаюцца тэлефоны — службовыя і хатнія. Дырэктара “Беларускіх песьняроў” заслужанага артыста Беларусі Ўладзіслава Місевіча я засьпела на лецішчы, збудаваным літаральна за два крокі ад Менску. Зьяжджаць у Расею ён не зьбіраецца — хіба на гастролі. І нават дэманструе нейкую бачнасьць беларускага патрыятызму, хоць размаўляе выключна па-расейску.

Зрэшты, нашая гутарка са сп.Місевічам пакінула па сабе больш пытаньняў, чым адказаў. У якасьці ўнівэрсальнага тлумачэньня мой суразмоўца загадкава спасылаўся на “пэўныя цяжкасьці”, якія ствараюць “Беларускім песьнярам” высокія дзяржаўныя чыноўнікі.

У гэтых спасылках ёсьць доля праўды. “Беларускія песьняры” трапілі ў расейскі галя-канцэрт “Славянскага базару”, бо ў беларускі іх не запрасілі. Аргкамітэт “Славянскага базару ў Віцебску” ўзначальвае намесьнік старшыні Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Замяталін. А значыцца, “Беларускім песьнярам” адмовілі зь ягонае згоды (альбо нават паводле ягонага загаду). Але, запрашаючы “Беларускіх песьняроў” у свой канцэрт, і расейскія мэнэджэры напэўна ўзгаднілі гэты крок з Замяталіным.

Адсюль можна зрабіць некалькі высноваў. Па-першае, беларускія ўлады стаяць хутчэй на баку мулявінскіх “Песьняроў”, але канфлікт ня мае ідэалягічнага падтэксту. Па-другое, удзел “Беларускіх песьняроў” выгадны Замяталіну. Стратэгія апошняга заключаецца ў тым, каб усё беларускае прадстаўлялася таксама і расейскім, а ўсё расейскае выдавалася за нечужое беларусам. Ваш Пушкін — і наш Пушкін. А нашы “Песьняры” не такія ўжо і ня вашы.

У самым пачатку кіраваньня Лукашэнкі Мулявін дабіўся асабістай сустрэчы з прэзыдэнтам. Той падпісаў дырэктыву, каб Дзяржаўны ансамбль “Песьняры” быў забясьпечаны ўсім неабходным. Аднак чыноўнікі не сьпяшаліся ўладкоўваць творчы побыт песьняроўцаў.

У верасьні 97-га ў “Песьняроў” сапсаваўся апошні студыйны магнітафон. Мулявін ня ведаў іншага спосабу даць рады гэтай бядзе, акрамя як напісаць рэзкі ліст у Мінкульт. Ён пагражаў, што песьняроўцы спыняць працу, пакуль не атрымаюць абяцанага. У гэткіх умовах творчыя пытаньні адсоўваліся на другі плян. Трэ было ратаваць ансамбль.

І тутака чыноўнікі зрабілі ход канём. У студзені 98-га рашэньнем міністэрства Мулявін быў зьняты з пасады дырэктара “Песьняроў”, але захаваў за сабой пасаду мастацкага кіраўніка. Новым дырэктарам зрабіўся Ўладзіслаў Місевіч, які за 6 год прадпрымальніцкай дзейнасьці назапасіў немалы досьвед у небясьпечным постсавецкім бізнэсе. У адным з сваіх інтэрвію Місевіч з гонарам распавядаў, як прадаў у Данбас 4,5 тысячы тонаў бульбы, як прывозіў у Беларусь таматы з Малдовы…

Здавалася б, Місевіч найлепшым чынам надаваўся на ролю мэнэджэра. Тым больш, што ён сьвядома ішоў “ратаваць калектыў”. Аднак Мулявін убачыў у ім толькі “новага гаспадара, зручнага для Мінкульту”. Мастацкі кіраўнік “Песьняроў” акопваўся для доўгай барацьбы зь бюракратамі. На ягоную думку, ён зрабіўся “косткай у горле вельмі ўплывовых чыноўнікаў зь Мінкультуры”. Мулявін дагэтуль сьцьвярджае, што гэтыя чыноўнікі, насуперак прэзыдэнцкім дырэктывам, нічога не рабілі для падтрымкі “Песьняроў”. Ён іх увесь час выкрываў ды пагражаў расплатай за валакіту.

Мулявін ні ў адным інтэрвію не называе імёнаў тых, з-за каго калектыў апынуўся ў катастрафічным становішчы. Але ясна, што вінаватага ў распадзе калектыву нацыянальнага значэньня трэба шукаць на самым версе. У гады распаду “Песьняроў” традыцыйныя функцыі “сакратара ЦК па ідэалёгіі” выконваў Замяталін. І які ж гэта быў кантраст зь дзейнасьцю ягонага доўгачасовага папярэдніка эпохі “разьвітога сацыялізму” Кузьміна! Таленавітыя творцы лічылі за гонар выпіць з Кузьміным каньячку ды пагутарыць пра жыцьцё. Тыя, хто здолеў яму спадабацца, рабілі фантастычныя кар’еры, папярэдне расчысьціўшы шлях ад магчымых супернікаў.

Замяталін кантактуе з інтэлігенцыяй у іншым стылі. Ён папросту запрашае людзей да сябе ў кабінэт і абвяшчае ім іхны лёс. Аднойчы ён гэтак запрасіў Мулявіна й Місевіча ды заявіў ім, што апошні звольнены з дырэктарскай пасады. Частка артыстаў — нібыта ў знак салідарнасьці — таксама сышла зь “Песьняроў” сьледам за Місевічам.

Гэтым падзеям папярэднічалі дзіўныя рэчы. Спачатку Мулявін зь вялізным зьдзіўленьнем дазнаўся, што Місевіч цалкам самастойна набраў у ансамбль новых людзей, нават не параіўшыся зь ім. Новы склад “Песьняроў” — без Мулявіна — выступаў збольшага на закрытых канцэртах (прыкладам, у КДБ), а таксама ў маскоўскіх клюбах. Нарэшце, “Песьняры” без Мулявіна выступілі па тэлебачаньні ў праграме “Музычны рынг”. Мулявін быў у шоку. Найперш таму, што “Песьняры” прайгралі. 30 год ён быў першым!

Ён усё яшчэ лічыў, што ансамбль Місевіча — арганічная частка “Песьняроў”. І пачаў скардзіцца ўладам на свайго дырэктара. Урэшце састарэлага і хворага Мулявіна прыбіраюць з пасады. Тады Мулявін ізноў ідзе на прыём да прэзыдэнта, Лукашэнка аднаўляе яго на пасадзе дырэктара і дае 150 тысяч даляраў на закупку апаратуры. Але гэта адбылося ўжо пасьля канчатковага афармленьня расколу “Песьняроў”…

“Беларускія песьняры” пасьпяхова прайшлі рэгістрацыю ды зьвілі сабе новае гняздо пад прыветным дахам “Белканцэрту”. Здавалася б, навошта беларускія ўлады дазваляюць рэгістраваць назоў, які напэўна справакуе скандалы?

Два гурты з аднолькавым назовам ды аднолькавымі прэтэнзіямі на слаўную песьняроўскую спадчыну ня могуць існаваць у адной культурнай прасторы Беларусі. Адзін зь іх натуральна выціснуўся ў Расею і гатовы выканаць любую сацыяльную замову ўладаў. У фінале расейскага галя-канцэрту “Беларускія песьняры” засьпявалі песьню яраслаўскага аўтара Юр’я Палякова “Россия — Беларусь”. Сп.Місевіч старанна мяне запэўніваў, што яны самі прапанавалі гэтую песьню ў праграму канцэрту, што тэма інтэграцыі вельмі ім блізкая. Але мне чамусьці ня верылася.

Ва ўмовах жорсткага суперніцтва былыя паплечнікі выліваюць адзін на аднаго цэбры памыяў. Тры гады супрацьстаяньня пашкодзілі рэпутацыі абодвух бакоў. Легенда “Песьняроў” не застаецца дзесьці ў далёкай мінуўшчыне, яна раскладаецца ў нас на вачах. “Песьняры” згубілі сваю сілу, маральны аўтарытэт, здольнасьць выклікаць моцныя — найперш патрыятычныя — пачуцьці. Страта маральнага аўтарытэту — сьмерць для любога песьняра.

Вось і вандруюць па расейскіх канцэртных залях другога эшалёну два беларускія гурты, якія — сьвядома ці несьвядома — прапагандуюць ідэю “інтэграцыі”. Выступленьні “Песьняроў” абуджаюць у расейцаў сэнтымэнтальныя ўспаміны пра часы, калі Беларусь была “нашай”, “савецкай”. У гэтым упэўніваешся, калі наведваеш песьняроўскі Інтэрнэт-форум www.lovehate.ru/opinions.cgi/3366/1.

Нашыя артысты былі лепшымі, і яны дагэтуль нясуць у сваім мастацтве тую арыстакратычную высакароднасьць, якой арганічна не стае сёньняшняй расейскай эстрадзе. І слухачы гэта адчуваюць! А вось у Беларусі галасы “Песьняроў” амаль не гучаць. Усе канцэртныя пляцоўкі скрозь распрададзеныя пад выступы расейскіх “зорак”, узровень якіх найчасьцей непараўнальна ніжэйшы за песьняроўскі. Расейскія сьпевакі зарабляюць у Беларусі шалёныя грошы, а нашыя гурты ахвотней выступаюць у Расеі, апраўдваючыся беспрасьветнай галечай беларускай публікі. Прыеліся ў сябе дома? Не прыеліся б, калі б ня страцілі маральнага аўтарытэту, павагі да сябе. Як не прыядаюцца Быкаў ці NRM.

А чыноўнікам нават спакайней, калі песьняры адпраўляюцца на паслугі да суседзяў, бо песьні заўжды кудысьці заклікаюць. І часам — на барыкады.

Юлія Андрэева


Перадгісторыя

Росквіт “Песьняроў” супаў у часе з эпохай Машэрава. “Лявоны” распачыналіся ў 68-м. У 69-м яны прыдбалі назоў “Песьняры”. У кастрычніку 70-га Ўладзімер і Валеры Мулявіны, Лявон Тышко, Уладзіслаў Місевіч, Валер Яшкін, Аляксандар Дзямешка і Лявон Барткевіч з трыюмфам выступілі на Пятым Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады ў Маскве. Яны засьпявалі “Скрыпяць мае лапці, як іду да цябе” і яшчэ колькі народных песень. Гэта была сэнсацыя! Самабытныя апрацоўкі, сьвежае гучаньне. Амбітны Пётра Машэраў заўважыў іхны посьпех, які мог стацца выдатнай рэклямай для Беларусі. “Песьнярам” стварылі ўсе ўмовы для плённае творчасьці, забясьпечылі іх інструмэнтамі і апаратурай, пра якую масквічы маглі толькі марыць… Машэраў дбаў аб прэстыжы.

У 1980 г. “Песьняры” апошні раз атрымалі ад савецкай дзяржавы новую апаратуру. У гэты ж год загінуў Машэраў. А зь сярэдзіны 80-х “Песьняры” пачалі губляць папулярнасьць. У эпоху свайго росквіту яны жылі нібыта падвойным жыцьцём. Пераважная большасьць слухачоў, асабліва расейскіх, ведалі іх як выканаўцаў “Вологды”, “Березового сока” і “Белоруссии”. Свае “сапраўдныя” праграмы песьняроўцы захоўвалі для менчукоў і для снабісцкай маскоўскай публікі, якая не разумела тэкстаў, але затое адшуквала ў песьнях алюзіі з Шастаковіча, Стравінскага ды Шнітке. Дарэчы, Шнітке з Шастаковічам высока ацэньвалі творчасьць “Песьняроў”. У вачох знаўцаў Мулявін быў геніем, прарокам новага стылю.

Калі “Вологда” надакучыла, Мулявін распачаў свае пошукі ў галіне песенных опэраў ды араторыяў, якія ў асяродках спэцыялістаў лічыліся шэдэўрамі, аднак з-за складанасьці ня дужа падабаліся звычайным слухачам… Да таго ж, краіну апаноўваў бунт. Моладзь ненавідзела ўсё “саўковае” – Ратару, Кабзона і, натуральна, “Вологду” зь “Белоруссией”.

У гэткім настроі “Песьняры” ўваходзілі ў рынак. Здавалася б, ва ўмовах маладой незалежнасьці яны мусілі адрадзіцца і расквітнець, аднак здарылася наадварот. Дзяржаўныя чыноўнікі былі занятыя іншымі праблемамі, а самастойна змагацца зь цяжкасьцямі “Песьняры” ня ўмелі. Увесь досьвед савецкага жыцьця навучыў іх спадзявацца на чыноўнікаў, скардзіцца чыноўнікам, шукаць ад іх падтрымкі ды дапамогі. На гэтым шляху заўжды квітнелі інтрыгі, але ў савецкіх умовах артыст, які хацеў быць папулярным ды есьці хлеб з маслам, ня меў выбару.

На пачатку 90-х ад “Песьняроў” мала што засталося. Распад першага складу ансамблю пачаўся яшчэ ў 1983 г. Тады з ансамблю пайшлі Актай Айвазаў, Яўген Поздышаў і Анатоль Шчогалеў. Потым Лявон Барткевіч ажаніўся з Вольгай Корбут, і тая — калі верыць расповедам сп.Місевіча — намовіла яго распачаць самастойную сьпявацкую кар’еру. Барткевіч заснаваў гурт “Мальвы”, а пасьля разам з жонкай эміграваў у Амэрыку. Разьвёўшыся з Корбут, ён вярнуўся ў Беларусь і навязаў кантакты зь “Песьнярамі” Мулявіна. Нават засьпяваў у канцэрце ў гонар 30-х угодкаў “Песьняроў”. Аднак тым разам славутыя “каціныя” інтанацыі Барткевіча насьмяшылі публіку. Эпоха непапраўна зьмянілася…

Пасьля Барткевіча з гурту сышоў Лявон Тышко ды зьехаў у Ізраіль. (Пазьней і ён спрабаваў скантактавацца з мулявінскімі “Песьнярамі” і нават завітаў у Менск, але кантакту не атрымалася.) Потым надышла чарга Анатоля Кашапарава, які таксама апынуўся ў Амэрыцы, адчыніў піцэрыю і зусім забыўся на музыку. А вось былы песьняровец Растапшын стаўся ў Амэрыцы папулярным блюзавым гітарыстам, грае з сусьветнымі славутасьцямі. Апошнімі ансамбль пакінулі Ўладзіслаў Місевіч і Валер Дайнэка. Місевіч пайшоў на пэнсію ды заняўся прадпрымальніцтвам. Дайнэка ўладкаваўся на працу ў Дзяржаўны канцэртны аркестар пад кіраўніцтвам Фінберга… На іхныя месцы прыйшлі новыя хлопцы, якія ўпарта верылі ў легенду “Песьняроў”.

Аднак “Песьняры” катастрафічна бяднелі. Іхная база месьцілася ў двух пакоях школы-інтэрнату для глуханямых дзяцей. Апаратура ды інструмэнты, калісьці найлепшыя ў краіне, безнадзейна састарэлі. “Песьняроў” мала куды запрашалі. Артыстам цяжка было вытрымаць гэткае становішча...


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0