Рубяжэвічы

 

У 20—30-я памежжа сыцела на кантрабандным гандлі. Францускія панчохі і швайцарскія гадзіньнікі, польскі сьпірт і ангельская табака ішлі празь мяжу ў неверагодных колькасьцях. У карчомках безакцызную гарэлку налівалі за любыя грошы — даляры, маркі, рублі. Самымі шанаванымі кліентамі былі вайсковыя шпегі, якія зазвычай працавалі адразу на некалькі дзяржаваў.

Падчас грамадзянскай вайны ў Рубяжэвічах зьяўляліся атрады Булак-Балаховіча і атамана Дзергача. Тут быў вэрбовачны пункт войска Барыса Савінкава — прафэсійнага тэрарыста, былога вайсковага міністра Часовага ўраду. На Савінкава працавалі дзясяткі агентаў — гожыя кабеты з шляхецкіх сем’яў, якія ўдавалі прастытутак. Некаторыя зь іх па сумяшчальніцтве шпегавалі на карысьць польскай дэфэнзывы. І амаль усе былі агенткамі “Зялёнага дуба” — вайсковай арганізацыі атамана Дзергача, што змагаўся за незалежную Беларусь. У траўні 1921 г. Савінкоаў вырашыў забіць Дзергача. Замах адбыўся ў Варшаве, проста на вуліцы. Агент Савінкава прастрэліў Дзергачу левую руку ды схаваўся ў натоўпе. Назаўтра ў Рубяжэвічах пачаліся ўзброеныя сутычкі паміж зеленадубцамі і савінкаўцамі.

Замірыў іх супольны вораг на ўсходзе. У ліпені 21-га ў Беларусі зьявіўся бальшавіцкі ваенкам Геранім Убарэвіч — кіраўнік Рэўваенсавету Менскага раёну. Ён прыехаў з Тамбоўскай губэрні, дзе добра навучыўся суцішаць непакорныя вёскі атрутнымі газамі і расстрэлам кожнага дзясятага... Хадзілі ўпартыя чуткі, што восеньню 21-га распачнецца ўсебеларускае паўстаньне…

Празь дзесяць гадоў у Рубяжэвічах не засталося нават успаміну пра тую вайну. Пры Польшчы аднавіліся вуліцы, аздобіліся дыхтоўнымі камяніцамі ды багатымі крамамі. У сьвяточныя дні па возеры плаваў прагулачны катэр, а на беразе граў духавы аркестар. У мястэчку было два касьцёлы, вялізная сынагога ды праваслаўная царква. Шматлікія сьвятары ды манахі вучылі дзяцей, апекаваліся старымі ды хворымі.

У 39-м, пасьля прыходу бальшавікоў, значная частка тутэйшае шляхты апынулася ў Сібіры. Потым прыйшлі немцы і дарэшты вынішчылі габрэяў, што складалі амаль палову насельніцтва Рубяжэвічаў. Тутэйшыя людзі дагэтуль зьдзіўляюцца той неверагоднай пакоры, зь якой габрэйская грамада рухалася на месца забойства. Беларусы спрабавалі ратаваць сваіх сяброў ды суседзяў, аднак рабін забараніў ім, кажучы: “Нам няма паратунку на гэтай зямлі. Беражыце сябе! А нас Бог аддае ў ахвяру, і мы мусім загінуць усе разам”.

Пасьля вайны мясцовыя жыхары, напалоханыя бальшавіцкім тэрорам, зьяжджалі ў Польшчу. Яны сяліліся там на землях, адабраных у Нямеччыны, у спусьцелых дамох нямецкіх баўэраў. Пры касьцёле ў Рубяжэвічах стаіць помнік тутэйшым, што мусілі назаўжды пакінуць радзіму. Ля помніка заўсёды сьвежыя кветкі. Гэта памятка па колішнім мястэчку, якое налічвала найменш тры тысячы жыхароў. Цяпер у вёсцы жывуць 280 чалавек. Моладзь зьяжджае ў Менск. Старыя застаюцца ў сваіх хатах, сярод фатаздымкаў і зжаўцелых лістоў з Польшчы ды Амэрыкі. У жыцьці гэтых людзей мала што зьмяняецца. Хіба зьмяніўся выгляд галоўнае вясковае вуліцы: традыцыйныя кветнікі ды агароджы збрыдзіліся бруднай чарнатою калгасных газавых трубаў.

Прыродны газ не зрабіў рэвалюцыі ў побыце вяскоўцаў. Дамы па-ранейшаму ацяпляюцца дровамі, а “выгоды” туляцца на двары. Рубяжэвічы ўпарта чапляюцца за сваю даўніну. Тут — у адрозьненьне ад многіх беларускіх гарадоў і мястэчак — захаваўся габрэйскі цьвінтар. Драўляны будынак пошты — адзін з найстарэйшых у Беларусі. Пошта ў ім знаходзіцца з 1897 г. У Рубяжэвічах месьціцца й адна з найбуйнейшых у Эўропе фітааптэкаў, дзе можна набыць практычна любыя зёлкі.

Адзіная рубяжэвіцкая сьвятыня, якая ператрывала ўсе навалы найноўшае гісторыі — касьцёл Сьв. Яна. Ён быў збудаваны на пачатку стагодзьдзя, калі скасавалі забарону мураваць новыя каталіцкія сьвятыні ў Беларусі і Ўкраіне. Згодна зь першапачатковым плянам, касьцёл мусіў мець дзесяць вежаў. Аднак царскія чыноўнікі палічылі гэты праект занадта амбітным, і архітэктарам давялося абмежавацца дзьвюма — у сьціплых традыцыях нэаготыкі. Інтэр’ер упрыгожылі фрэскамі ды вітражамі. Найцікавейшая фрэска — выява сьв.Антонія, які прамаўляе да рыбаў на фоне тыповага беларускага ляндшафту. Побач са сьвятым айцом вальяжна ходзіць бусел.

Будаўніцтва скончылася ў 1910 г. Праз два гады ў касьцёле ўсталявалі навюткі віленскі арган. Дзеля яго я й прыехала ў Рубяжэвічы. Запрасіў мяне Віктар Кісьцень — арганіст і кампазытар, кіраўнік музычнага таварыства “Ліра” пры касьцёле Сьв.Роха. Ён выпраўляўся ў Рубяжэвічы на просьбу тамтэйшага ксяндза, вялебнага Рышарда Юніка.

Айцец Юнік сам быў калісьці арганістам, але, скалечыўшы руку ў аўтамабільнай аварыі, мусіў шукаць іншыя шляхі служэньня Богу. Стаў сьвятаром і ўжо 20 гадоў служыць у родных Рубяжэвічах. За саветамі і ў “вольныя” 90-я ў рубяжэвіцкім касьцёле хрысьціліся дзясяткі людзей. У тым ліку — Адам Глёбус і Аляксандар Дабравольскі.

Сьвяты айцец быў моцна ўсьцешаны, што сп.Кісьцень упрыгожыў касьцёльнае сьвята сваім граньнем. Дый яшчэ прывёз з сабой сьпявачку Тамару Рэмез з опэрнага тэатру. Абодва працуюць для касьцёлу цалкам бескаштоўна. Абодва — праваслаўныя, але жывая чалавечая душа не прымае канфэсійных абмежаваньняў. Ранішняя сьвяточная імша з удзелам менскіх музыкаў неўпрыкмет ператварылася ў сапраўдны канцэрт. Вернікі зачаравана слухалі, а, калі музыка скончылася, ня ведалі, як рэагаваць: ці жагнацца і цішком выходзіць з касьцёлу, ці пляскаць у далоні. Нарэшце, адна кабета асьцярожна заапладзіравала, следам запляскалі ўсе.

Усе тутэйшыя арганісты — вучні а.Юніка. Адзін зь іх, Віталь Князевіч, жыве ў Менску, скончыў Лінгвістычны ўнівэрсытэт, займаецца прадпрымальніцтвам ды грае ў касьцёле на Кальварыі. А ў вольныя дні заўжды прыяжджае ў Рубяжэвічы, каб паўдзельнічаць у набажэнстве.

Звычайна ж у касьцёле грае 17-гадовы Алесь Явід, які за тры гады асвоіў праграму музычнай семігодкі па спэцыяльнасьці “фартэпіяна”. Аднак працягваць музычную адукацыю малады арганіст не плянуе. Ягоная мара — паступіць ва ўнівэрсытэт на спэцыяльнасьць “сацыяльная пэдагогіка”. Вясковай Беларусі моцна патрэбныя спэцыялісты, здольныя лячыць сацыяльныя хваробы. “А хто ж будзе граць у касьцёле, пакуль ты будзеш вучыцца ў Менску?” — пытаюся я. Алесь толькі ўсьміхаецца ў адказ: “У гэтай вёсцы шмат арганістаў”.

Школа ды касьцёл у Рубяжэвічах беларускія. Большая частка літургіі адбываецца па-беларуску, дый казаньні а.Юніка гучаць на нашай мове. Для тутэйшых людзей хараство гэтае мовы гэткае ж натуральнае, як вера ў Бога. Як традыцыйная касьцёльная песьня. Як белыя аблокі, што плывуць па-над вежамі. Можа, таму ў Рубяжэвічы хочацца вяртацца, як вяртаешся да старога сябра, — за парадай, падтрымкай і добрым сардэчным словам.

Юлія Андрэева

У Рубяжэвічы зь Менску можна патрапіць простым аўтобусам “Менск—Рубяжэвічы”, што адыходзіць з аўтастанцыі “Паўднёва-Заходняя” ў 10.20 і 19.50 у будні і ў 15.25 па выходных. Машынай трэба ехаць зь Менску на Койданава, а там, праз Баравое, на Рубяжэвічы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0