Вячаслаў Дубінка

Флямандзкі пан

Флямандзец Мішэль з бэльгійскага гораду Бруге каторы год шчыруе на прадпрымальніцкай дзялянцы ў Беларусі — займаецца дрэваапрацоўкай. Ён ажаніўся зь беларускай дзяўчынай, гадуе дачку. Бацька Мішэля — галоўны вэтэрынарны лекар Бэльгіі. Пасада адказная, грашовая, але да мазольнае працы сваіх сыноў ён прывучаў з маленства, а іх у багатага бацькі дзесяць.

 

Станок

“Кругом сьмецьце, сьмецьце. Плююць пад ногі. У вас няма парадку ў дварах, на палях, гародах. Зямля ў вас лепшая, чым у Нямеччыне, а вы пабіраецеся. Бульба ў вас што гарох. Каровы брудныя, як сьвіньні. Яны таксама ваду любяць, чаму кароў ня мыеце? І працаваць ня ўмееце, тэхніку не беражэце. Я з Галяндыі дарагі станок прывёз, вялікіх грошай каштуе, яго больш за паненку любіць трэба...” Мішэль са скрухай апавядае, як дарагі дрэваапрацоўчы станок за дзясяткі тысячаў даляраў сапсаваў боўдзіла зь Ямпалю. Заліўшы вочы, упёр у станок з праграмным кіраваньнем бервяно зь цьвікамі. Мішэль гэтага работніка за каршэнь ды за вароты фабрыкі: “Табе Лукашэнка трыццаць плоціць, а я ў пяць разоў болей. Ідзі да Лукашэнкі”.

Увогуле, выпівохі для Мішэля — праблема. Не палічыць, колькі такіх “работнікаў” вывеў ён за вароты сваёй фабрыкі.

І заробак Мішэль плоціць толькі ў пятніцу, калі праца скончаная: “Пі ў пятніцу ўвечары, у суботу пахмяляйся, а па выходных жонку любі...”.

 

Мікрааўтобус

Прыгнаў Мішэль новы мікрааўтобус зь Нямеччыны, каб вазіць работны люд са сталіцы на сваю фабрыку. Не аўто, а цацка. І прыгожы, і весела бяжыць, як дагледжаны конік. А назаўтра кіроўца — да Мішэля і жаліцца:

— Душа плача, не магу супакоіцца. Заплявалі салон, абшыўку новую парэзалі, нагнюсілі недапалкаў...

— Я ўсё зразумеў, — кажа Мішэль. — Увечары я зраблю ім добры наганяй.

Скончылася праца, час і дахаты. Паселі работнікі ў вясёлае аўто, ад’ехалі па шашы пару кілямэтраў. Мішэль спыняе машыну і загадвае выходзіць:

— Ідзіце сваімі ножкамі, а я сам паеду. І калі яшчэ ў салёне насьвінячыце, кожны дзень гэтак хадзіць будзеце.

Больш ня сьмецілі, не плявалі, не тапталі нагамі недапалкаў.

Кухар

Наняў Мішэль маладую кабету гатаваць рабочым абед. Прыдзірліва сачыў, як тая абірала бульбу, мыла посуд, кешкалася на кухні. Нарэшце, не сьцярпеў:

— Бульбы ня ўмееш абіраць! І варыць ня ўмееш. Глядзі, як гэта робіцца ў нас, у Бэльгіі.

І паказаў. Рабіў усё надзіва хутка і прыгожа. Ахайна расставіў посуд, не забыўся пра сурвэткі каля кожнага прыбору. Накарміў усіх работнікаў, не абмінуў і новай кухаркі-няўмекі, спытаўшы пасьля абеду:

— Смачна?

— Ага! — шчыра прызналася няўдаліца.

— Цяпер ідзі, няхай цябе Лукашэнка вучыць і працу дае!

 

Шыльдачкі

На кожных дзьвярах Мішэлевай фабрыкі — шыльдачка-настаўленьне: “Сюды ходзіць толькі брыгадзір”, “З цыгарэтамі, семкамі не ўваходзіць”, “Чаравікі памый у прыбіральні”. На дырэктарскай чытаю: “Пастукай тры разы, а калі атрымаеш дазвол — заходзь”. На тэрыторыі фабрыкі такіх шыльдачак — чортаў тузін. І прыбіральшчыцам стрэлачкі-пазнакі, і грузчыкам, і жаўнерам, якіх прысылае на падкормку да Мішэля начальства.

 

Жаўнеры

Прыслалі замораных жаўнераў на суботнік да Мішэля. Камандзіры скемілі: карміць няма чым, на махорку і тую няма, няхай капіталіст патрасе кішэні. І Мішэль не падкачаў. За працу — а жаўнеры цягалі мяхі пілавіньня — наварыў ваярам вядро бульбы, а да бульбы поўную місу мойвачкі. А на перакур байцам — “Мальбара”. Адна цыгарэта на двух.

 

Праверкі

Панадзіліся да Мішэля правяральшчыкі — ратунку няма: то пажарнікі, то санстанцыя, то падатковая. І кожнаму няпрошанаму госьцю дай нешта ў тэчачку, паднясі чарку са скваркай.

Мішэль знайшоў арыгінальнае выйсьце. Прывёз з Бэльгіі пару скрыняў з шампанскім. Упакоўка — шык, вочы сьлепіць, а ў пляшках — салодкая вадзіца, таньнейшая за шыпучы cidre. На табе, служывы чалавек, прагані смагу! Бяруць прэзэнт і радыя, асабліва мытнікі на берасьцейскай мяжы.

 

Хабар

За месяц Мішэль адпраўляе ў Бэльгію, Францыю і Галяндыю 25—30 грузавых фураў зь піламатэрыяламі. За лесам едзе ў Архангельскую, Валагодзкую, Мурманскую вобласьці. І ўсюды на ягоным шляху чыноўнік-павучок. І кожнаму трэба даць “на лапу”.

Мішэль — майстар даваць хабар. У яго і сотня тэчак спэцыяльных маецца. Чырвонага колеру — буйному чыноўніку, блакітная — дробненькаму. І даляраў намяняў усё больш па адным, па пяць, па чырвонцы... А каб кожную машыну адправіць, трэба дзясятак дзьвярэй адчыніць і кожнаму павучку пакланіцца, паперчыну падпісаць. Толькі папкі хабарныя і ратуюць...

 

Гітлер і Гёбэльс

Гасьцюючы ў знаёмца ў Малінаўцы, Мішэль заўважыў на кніжнай паліцы кнігі з фоткамі Гітлера й Гёбэльса на вокладках. Гадоў колькі таму менскі паліграфкамбінат накляпаў іх шматтысячным накладам. Мішэль нат не дакрануўся да гэтых кніжак, адно заўважыў: “Калі б я такую паганую кнігу дадому прынёс, бацька мяне адразу б прэч выгнаў”.

 

Камароўка

На Камароўку Мішэль ходзіць з партатыўнымі вагамі — з тае пары, як няголены нахабны каўказец упёр яму недаважаную торбачку з “цытрусамі”. Мішэль, ня верачы, пайшоў да кантрольных вагаў і пераканаўся, што не стае аж 300 грамаў. Знайшоў Мішэль нахабніка і моўчкі кінуў яму набыты хвілінаў колькі таму тавар. Грузін пахмура вярнуў яму грошы.

На плошчы Якуба Коласа Мішэль з валізамі чакае таксоўку. Падкочваецца атлет і бадзёра пытаецца, куды трэба везьці багатага пана.

— Да вуліцы Дразда, за Палац спорту, — адказвае Мішэль.

— 25 даляраў, — нахабна, не міргнуўшы вокам, называе цану кіроўца, зразумеўшы па акцэнце, што Мішэль — іншаземец. Адкуль ведаць скуралупу з таксапарку, што перад ім флямандзец-працалюб, які на фабрыцы два гады курыны памёт па мяшэчках рассоўваў, а, каб зарабіць грошы на вучобу, начамі мыў посуд у рэстарацыі.

— Вось гэтымі рукамі я б цябе... — Мішэль патрос агромністымі напрацаванымі рукамі, — за 25 даляраў данёс...


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0