Андрэй Хадановіч

Мастацтва выжываньня

 

Калі прачынаешся зранку,

упэўніся, што жывы:

крыху адшморгні фіранку.

(Не выхіляй галавы!)

Угледзеш тую ж макабру

і тую ж адчуеш млосьць —

вось довад, што ты, мой сябру,

дагэтуль на сьвеце ёсьць.

Шчэ дзень у нябыту выкраў —

змагайся ж, такі закон!

Каб потым было ня прыкра

за марна пазбыты скон.

Жыві, колькі стане сілаў.

(Жыцьцё — вялікі прыкол!)

Нічым ня крыўдзі дэбілаў,

што мірна жывуць вакол.

Цэфалам (макра і мікра)

ня тыцкай у нос буквар,

каб потым было ня прыкра

за марна разьбіты твар!

Разьбілі — ня трэба енку:

згадай хрысьціянскіх сьвятых,

падстаў другую пашчэнку —

і раптам шваргні пад дых!..

Красуні ў калготах зь лікры

рашуча скажы: “Сыходзь!”,

каб потым было ня прыкра

лячыць сапсутую плоць!

Мы ў гэтым жыцьці — навабранцы,

гарматнага мяса шматок:

пойдзеш налева — пранцы,

наўпрост — электрычны ток,

направа — шчэрыць яхідна

іклы табе напаказ.

Каб потым было не агідна

ўдыхаць атручаны газ,

вучыся расейскага мату,

ня еж на людзях мацы,

трымай у піўніцы гармату

і гаўбіцу — на гаўбцы.

Знадворку чыняць такое,

што цяжка ўявіць, — няхай!

Схавайся ў сваім пакоі,

стаі дыханьне й чакай.

Бо прыйдзе міг адмысловы,

натхненьня павеў ляткі, —

складацьмем вольныя словы

ў нязмушаныя радкі.

Пяяцьмем вясны, каханьня

й паэзіі вечны хаўрус.

Давай, кастальскі пахане,

палохай цнатлівых Муз!

Шукацьмем свае сугуччы

у прыцемках нас саміх,

каб потым ня стала балюча

за марна страчаны міг.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0