Як скланяць гамункулюса?

У “НН” №33 ад 13 жніўня “Храналёгія кланаваньня” пачынаецца з таго, што ў 1818 г. “Мэры Шэлі напісала слынны раман аб гамункулюсе “Франкенштайн, альбо Сучасны Прамэтэй”.

 

Пакінем убаку вечнае пытаньне, што лепш — “аб” ці “пра”. Але ці правільна напісана “аб гамункулюсе” — ці ня трэба “аб гамункулюсу”? Як і ў аналягічных выпадках: пры цару або пры цары? аб Купалу ці аб Купале?

Паводле беларускіх граматык, канчаткі меснага склону адзіночнага ліку ў мужчынскім родзе залежаць ад характару асновы і ад таго, асабовы назоўнік перад намі ці не. Пагледзімо, што кажуць граматыкі пра канчаткі асабовых назоўнікаў.

Так, Тарашкевіч пісаў (“Беларуская граматыка для школ”, Другое кола, лекцыя 7, § 17):

“Месны склон адз. лiку мае чатыры канчаткi -е, -i, -ы, -у.

У прадметнiках зь цьвёрдым зычным перад канчаткам знаходзiм : дуб — на дубе, пры стале, у млыне, у кажусе, у гаросе.

Прадметнiкi на -ж, -ш, -ч, -ц, -р маюць : на дажджы, у кашы (кош), на нажы, у бары i г. д. Аднак, тыя прадметнiкi, якiя пазначаюць асобы, найчасьцей маюць : аб купцу, пры Рыгору, Лукашу, аб Марцiнкевiчу i г.д. [...]”.

Як бачым, канчатак тут фіксуецца не для ўсіх асабовых назоўнікаў, а толькі для тых, што маюць аснову на зацьвярдзелы зычны.

Язэп Лёсік у сваім “Беларускім правапісе” падрабязна расьпісаў, якія канчаткі бываюць пры кожным тыпе асновы і якія пры гэтым адбываюцца чаргаваньні. Канчатак для асабовых назоўнікаў ён таксама зьвязвае з асновамі на зацьвярдзелы, а яшчэ — дапаўняючы Тарашкевіча — з асновамі на заднеязычныя (-г, -к, -х) і зь цьвёрдымі асновамі, за якімі ідзе канчатак -а:

“3) а) Калі іменьнікі мужч. роду з асноваю на зацьвярдзелыя гукі: ж, ч, ш, ц, р пазначаюць асобу чалавека, то месны склон мае аднолькавы канчатак з давальным, гэта значыць—у: к мужу—пры мужу, Лукашу—на Лукашу, Багдановічу—пры Багдановічу, Грыгору—на Грыгору, купцу—на купцу, немцу—па немцу, кітайцу—пры кітайцу.

б) У месным склоне таксама будзе канчатак у (як і ў давальным), калі іменьнікі мужч. і ніякага роду маюць аснову на к: на суку, у Менску, у Слуцку, пры чалавеку, аб ваўку; на воку, на веку, у малаку.

в) У іменьніках мужч. р. з канчаткам на а (зь цьвёрдаю асноваю) у месным і давальным склоне часьцей бывае канчатак у, хоць ужываюцца і звычайныя канчаткі, напр.: пры мужчыну, на старасту, пры Купалу, на Манюшку, таксама і пры Янку, пры бацьку, на дзядзьку, па сабаку і пад.

Увага: Калі іменьнікі мужч. і ніякага роду маюць аснову на г ці х, то месны склон можа мець таксама канчатак у, як і з асноваю на к: у страху, на парогу, у вуху, на воку; але калі гартанная аснова зьмякчаецца, то будзе канчатак е ці ы: у страсе, на парозе, па вусе, на воцы; толькі заўсёды “на шляху”.

Антон Лёсік (Язэпаў брат) у сваім “Беларускім правапісе” 1943 г. (пад акупацыяй) пашырыў гэтае правіла на ўсе асабовыя назоўнікі, у тым ліку імёны ўласныя:

“Увага. Прадметнікі мужчынскага роду з рознымі асновамі як зацьвярдзелымі, так і зь цьвярдымі і мяккімі, калі азначаюць асобу, чалавека, дык у месным склоне маюць канчатак -у (ю): Лукаш — пры Лукашу, Грыгор — на Грыгору, цясьляр — аб цесьляру, токар — аб токару, немец — аб немцу, японец — аб японцу, а таксама: аб Лявону, аб Тарасу, на Ігнату, аб Міхасю, пры кавалю і г.д.”

Можна было б думаць, што гэтае радыкальнае правіла ахоплівае і тыя выпадкі, у якіх, паводле Тарашкевіча і Язэпа Лёсіка, мусіла стаяць альбо -ы. Але ні Тарашкевіч, ні Лёсік не даюць у адпаведных параграфах прыкладаў асабовых назоўнікаў зь іншымі асновамі; таму гэтае пытаньне застаецца адкрытым.

У “Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” 1959 г., пра якія ўсе чулі, але якія мала хто бачыў, месны склон асабовых назоўнікаў разглядаецца толькі ў дадатку I — “Заўвагі аб уласных імёнах і прозвішчах”. Там бачым фармулёўкі, радыкальнейшыя за тыя, што даваў Язэп Лёсік. Канчаткі -у (-ю) тут выступаюць у імёнах і прозьвішчах “асобаў мужчынскага роду, якія канчаюцца на мяккі зычны, й, заднеязычныя (г, к, х), шыпячыя (ж, дж, ч, ш), р і ц” (§ 7), а “калі прозвішчамі служаць назвы прадметаў ніякага роду, а таксама назвы прадметаў, род якіх выразна не выступае, то такія прозвішчы скланяюцца толькі тады, калі іх носьбітамі зьяўляюцца асобы мужчынскага роду” (§ 5); у апошнім выпадку маем “аб Шылу, аб Сукалу... аб Бядулю... аб Пічэту...”. Не падпадаюць пад гэтае правіла “імёны і прозвішчы асобаў мужчынскага роду, якія канчаюцца на цвёрды зычны і ў” (§ 6: аб Якубе, аб Глебе...) і прозьвішчы, якімі служаць “назвы прадметаў жаночага роду (за выключэньнем прозвішчаў на і ненаціскныя -га, -ка, -ха)... незалежна ад роду іх носьбітаў” (§ 3: аб Зязюлі, аб Бульбе, аб Скарыне...).

Адхіляючыся ўбок, не магу не прывесьці заўвагу да §5, пад якой падпісаўся б, мабыць, любы сучасны пурыст, і якая непасрэдна тычыцца разгляданага намі радка пра гамункулюса:

“У беларускай мове ўласныя імёны і прозвішчы ў значэньні аб”екту гутаркі ўжываюцца пераважна не ў месным, а ў вінавальным склоне з прыназоўнікам пра, напрыклад: пра Ганку, пра Юстыну, пра Васіля, пра Алеся, пра Сяргея, пра Ціта, пра Купалу, пра Коласа, пра Скарыну, пра Куляшова, пра Майбараду”.

Нарэшце, акадэмічная Граматыка беларускай мовы 1962 г. (с.53) прымае для агульных асабовых назоўнікаў норму, вызначаную Антонам Лёсікам:

“2. Канчатак -у (-ю) ў месным склоне адзіночнага ліку маюць наступныя катэгорыі назоўнікаў мужчынскага роду:

а) агульныя асабовыя назоўнікі незалежна ад характару асноваў: (аб, пры) брату, сыну, трактарысту, паэту, салдату, гаспадару, мужу, байцу, кавалю, ратаю, будаўніку, конюху, металургу, камсоргу, археолагу, лексыколагу, драматургу.

Далей прыклады з Чорнага (пры брату), Коласа (па сыну), Гартнага (аб сыну), Коласа (аб паэту), Чарота (аб камсамольцу сыну), Купалы (аб... гаспадару).

Заўвага. Ужываньне канчатка ў агульных асабовых назоўніках зь цьвёрдай асновай, канчатка -ы ў назоўніках з асновай на р, ж (дж), ш, ч (шч) ці канчатка ў назоўніках зь мяккай асновай і асновай на j ня лічыцца сучаснай літаратурнай нормай, хоць у мастацкай літаратуры такія выпадкі і сустракаюцца”.

Далей прыклады гэтых ненарматыўных ужываньняў з Чорнага (па сыне), Куляшова (аб браце), Бядулі (аб рыцары), Коласа (аб рэвалюцыянэры, пры цары).

“б) Уласныя імёны і прозьвішчы на р, ж (дж), ш, ч (шч), ц, на мяккія зычныя, на j і на г, к, х: (аб) Аляксандру, Мележу, Олдрыджу...”

Наступная заўвага зноў жа кажа, што канчатак -ы/-і ў адпаведных імёнах і прозьвішчах “не зьяўляецца сучаснай літаратурнай нормай. Такія выпадкі сустракаюцца ў мове мастацкай літаратуры 20—30-х гадоў XX ст.”.

Пры гэтым той жа пункт б) вызначае:

“Уласныя імёны і прозьвішчы на цьвёрды зычны і на -ў у месным склоне адзіночнага ліку маюць канчатак -е: (аб) Глебе, Максіме, Астапе, Тарасе, Ігнаце, Коласе, Куляшове, Калюмбе, Чароце”.

Вось жа, бачым, што Тарашкевіч сьпярша зафіксаваў канчатак толькі для асабовых назоўнікаў (у тым ліку імёнаў уласных) з асноваю на зацьвярдзелы. Язэп Лёсік пашырыў гэтае правіла на асновы на (і часткова на астатнія заднеязычныя). Антон Лёсік пайшоў далей і запатрабаваў гэтага канчатку для ўсіх асабовых назоўнікаў, незалежна ад тыпу асновы і ад таго, уласнае імя перад намі ці агульнае. “Правілы...” 1959 г. прызначылі канчатак -у/-ю ўсім імёнам уласным мужчынскага роду, акрамя тых, што маюць аснову на цьвёрды зычны і на -ў (уключна з прозьвішчамі фармальна ніякага роду), абмінаючы пытаньне пра імёны агульныя. Нарэшце, акадэмічная “Граматыка” 1962 г., згаджаючыся з “Правіламі...” 1959 г. у тым, што там было сфармулявана яўным чынам (канчаткі -э/-е, -ы/-і для пэўных катэгорыяў імёнаў уласных), для ўсіх астатніх выпадкаў вымагае канчатку .

Такая разьбежнасьць правілаў часткова тлумачыцца тым, што ў гаворках формы “аб сыну” і “аб сыне” сустракаюцца ўперамежку па ўсёй Беларусі (акрамя Берасьцейшчыны, дзе кажуць “об сыновы”), а аднае пераважнае формы тут беларускія дыялекты ня ведаюць.

У разгледжаных намі граматыках відаць этапы фармаваньня правіла літаратурнае мовы, якое ўзьнікла на аснове фактаў дыялектнага маўленьня, але далей разьвівалася і ўдакладнялася ўжо ў рамках сыстэмы літаратурнае мовы. Наколькі адпавядаюць гэтай сыстэме асобныя канчаткі для ўласных і агульных імёнаў, разьмежаваныя на аснове “Правілаў...” 1959 г. “Граматыкай” 1962 г., — вырашыць час і практыка. Але пашырэньне канчаткаў -е/-э і -і/-ы (аб гамункулюсе, аб Аляксандры, аб Купале, аб Васілі — замест “аб гамункулюсу, Аляксандру, Купалу, Васілю”), якія цяперашнім часам густа сустракаюцца пры асабовых назоўніках і ў дзяржаўных, і ў незалежных выданьнях, тлумачыцца ўплывам расейскае мовы, дзе такія канчаткі — норма.

Вернемся да гамункулюса. “Гамункулюс” (homunculus), паводле ўяўленьняў сярэднявечных альхімікаў, — чалавек, якога магчыма атрымаць штучным чынам, у прабірцы. Даслоўна гэтае лацінскае слова значыць “чалавечак”, “слабы, нягодны, нездаляшчы чалавек”. Відаць, назоўнік гэты адушаўлёны.

Такім чынам, Мэры Шэлі напісала свой раман калі не “пра гамункулюса”, то “аб гамункулюсу” — але не “аб гамункулюсе”.

Дарэчы, яшчэ адна заўвага. Раман Мэры Шэлі называўся “Frankenstein”. Па-расейску яго назву перадаюць так, як там прынята перадаваць нямецкія прозьвішчы: “Франкенштейн”. “НН” гэта падправіла пад цяперашняе нямецкае літаратурнае вымаўленьне: “Франкенштайн”. Аднак раман напісаны англічанкаю і па-ангельску, і на мове арыгіналу яго назва гучыць “Франкенстайн”. Пакуль гэты раман не перакладзены на беларускую мову, ня варта, мабыць, папраўляць казе хвост: лепш або перадаваць назву ў арыгінальным вымаўленьні, або — у найбольш вядомым і пашыраным, хоць бы і праз расейскую мову.

Мікола Раманоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0