Водгукі

 

Ня будзем спадзявацца на цуды

Хацелася б мне забраць голас у справе, якую парушае Міхась Лужынскі ў “НН” №28 ад 9 ліпеня 2001 г.

 

Ведаю Міхася Лужынскага яшчэ зь беларускага лягеру ў Ватэнштэце, дзе ён быў гадунцом Беларускае гімназіі й беларускага скаўтынгу, у Аўстраліі ён вёў беларускае радыё, у 1988 г. быў удзельнікам 18-е Сустрэчы Беларусаў Паўночнае Амэрыкі, што адбывалася ў Таронта, у часе якой быў асьвечаны Беларускі памятны Крыж у прошчы Мідлянд, у Канадзе. Сп.Міхася Лужынскага я вельмі шаную. Але зь ягоным поглядам на новую беларускую эміграцыю й будучыню не зусім пагаджаюся.

У Канадзе сытуацыя падобная да аўстралійскае. Нашае пакаленьне, што ў 1948 г. распачало беларускае нацыянальнае арганізацыйнае жыцьцё ў Канадзе, згодна з законам жыцьця, вымірае. Але сьвет пасьля нас ня скончыцца. Ня скончыцца і беларускае нацыянальнае арганізацыйнае жыцьцё ў Канадзе. Незалежна ад таго, якой падаецца нам будучыня. Але, XXI ст. належыць да новае беларускае эміграцыі. І мы ня маем права думаць, што пакаленьне XXI ст. будзе нацыянальна горшае ад іншага. Будзе іншае, так, як беларусы XIX ст. былі іншымі ад нас у XX ст. XXI ст. належыць да вас, і вы будзеце рабіць так, як будзеце ўважаць за патрэбнае.

Назіраючы за тым, што ў цяжкіх палітычных абставінах творыцца цяпер у Беларусі, я пераконваюся, што сярод новае беларускае эміграцыі знойдуцца, як знайшліся й сярод нашае, “грудзі ахвярныя й моцныя рукі” ды мазгі, якія павядуць беларускую незалежніцкую справу далей. Ня будзем спадзявацца на цуды.

Незалежнасьць – гэта наймацнейшае, што народ можа мець, таму яна лёгка не даецца. Да яе народ намаганьнямі й ахвярнаю працаю імкнецца з пакаленьня ў пакаленьне. І ў гэтым зарука, што, як Князь “На Куцьцю” казаў:

Ня ўмруць, ня ўмруць ужо яны,

Раз хочуць сонца, славы, песьні;

Заб’юць ім зычныя званы

Прабудным звонам напрадвесьні.

Сваёй забранай старане,

Скаванай мучаніцы Княжне

Ўзьнясуць пасад на кургане

На панаваньне недасяжне.

Хтосьці мне можа сказаць, што прыгожыя словы, ды ня маюць практычнага значэньня. Для мяне – маюць, бо жывілі мяне духова праз усё маё доўгае жыцьцё.

 

Раіса Жук-Грышкевіч, Канада, а родам зь Беларусі

 

Вясковасьць і шляхетнасьць

Як толькі горад аздабляецца рознага гатунку апазыцыйнымі налепкамі, нехта ўпарта супрацівіцца іхнаму зьяўленьню. Іх зрываюць, замалёўваюць, клеяць на іх прыватныя абвесткі etc.

 

Бальшыня названай прадукцыі, калі не тэкстуальна, дык падтэкстам заклікае ці да дзеяньня, ці да думаньня. Але і тое, і другое для ладнае часткі маіх суайчыньнікаў зьяўляецца праўдзіваю пакутай. Канфармісцкая частка беларускага грамадзтва вызнае ідэалы спакою й ціхмянасьці. Кожная азнака таго, што хтосьці можа пярэчыць уладзе, кідае гэты люд у роспач і страх. Наклейка з заклікам да дзеі ці думкі выклікае ў такіх людзей мутарнасьць. І ад яе хочацца схавацца. Таму й карціць прыбраць далей ад вачэй усе гэтыя ліпучыя карцінкі.

Ціхмянасьць беларусаў выпрацоўвалася стагодзьдзямі. У Вялікім Княстве Літоўскім селянін мусіў моўчкі трываць сваволю свайго пана. Маўчаў, каб дома за міскаю заціркі прашыпець: “Хай пан ня радуецца, будзе яму Радаўніца”.

У Расейскай імпэрыі бацькоў-паноў разьмянялі на бацюхну-цара. Падчас рэформы 1861 г. сяляне былі перакананыя, што паны хаваюць ад іх сапраўдны маніфэст цьвёрдае, але справядлівае царскае рукі.

Ня дзіўна, што багата хто называе Лукашэнку бацькам, не ўкладаючы ў тое слова ані іроніі, ані сарказму. Узгадаваныя ў патрыярхальных сем’ях, дзе сказаць бацьку “не” — раўназначна самавыгнаньню, многія сёньняшнія беларусы трымцяць-трапечуцца перад бацькам усіхным. Той шчодра плаціць ім за гэта камплімэнтамі: мой народ, памяркоўныя беларусы, талерантная нацыя etc. Насамрэч гэтая частка народу памяркоўная й талерантная толькі перад уладай. У міжчалавечых адносінах скрозь назіраеш зьверствы. Адна з улюбёных тэмаў “памяркоўнага” люду – развагі пра патрэбу сьмяротных стратаў на гарадзкіх плошчах з трансьляцыяй па TV. Прычым стратаў для ўсіх – ад кішаньковага злодзея да путчыстаў. Як гэткі радыкалізм суіснуе са страхам перад уладай? Загадка. І чым большы страх, тым радыкальнейшыя настроі.

Дзеля аздараўленьня беларускага грамадзтва трэ было б найперш за ўсё выкараніць гэтыя настроі. Ідэя новай шляхты, якую разьвіваюць тэксты С.Паўлоўскага й С.Харэўскага, магла б стацца падставаю для аздараўленьня беларускага грамадзтва. Шляхецтва мусіць быць прынцыпам не крыві, але перакананасьці: “Я шляхціц, я творца і абаронца ўласнае Краіны й собскае сям’і”. І зусім неістотным будзе тое, што нехта з новае шляхты стаіць за такарным станком, кіруе трактарам альбо чытае лекцыі па гісторыі Беларусі ў вайсковай акадэміі.

 

Сяргей Балахонаў, Гомель

БТ і ЎТ

Вельмі мяне ўразіў матэрыял М.Югова пра Беларускае тэлебачаньне. Вынікае жаданьне параўнаць Вашае ТБ з украінскім.

 

Я здаю сабе справу, што ўкраінцам няма чым асабліва выхваляцца перад беларусамі ў пляне свабоды слова. Так, мы маем 5—6 агульнанацыянальных каналаў; так, вяшчаюць яны пераважна па-ўкраінску. Так, паміж іхнымі пазыцыямі (то бок пазыцыямі кланаў, што за імі стаяць) існуе сякі-такі плюралізм. Але рэдка на якім зь іх можна пачуць, як крытыкуюць прэзыдэнта. Найбольш небясьпечных для яго лідэраў апазыцыі папросту замоўчваюць. Пэўныя каналы ўвогуле адмаўляюцца ад палітычнага этэру на карысьць “рэйтынгавых” перадачаў (бясконцыя мянтоўскія сэрыялы з Расеі, ня надта сьмешныя гумарыстычныя шоў). У выніку людзі аддаюць перавагу замежным (расейскім, а на захадзе краіны — польскім) каналам.

Увогуле нашыя народы — вельмі блізкія, а мовы ўзаемна зразумелыя безь ніякае падрыхтоўкі. Дык чаму мы мусім дазнавацца адны пра адных празь нейкія ОРТ, “Маскоўскія камсамольцы” або PolSat’ы? Чаму ў кіеўскіх шапіках не ляжыць “НН” ці БДГ, а ў менскіх — Дзеркало тижня (дарэчы, www.zn.kiev.ua) альбо ПіК?

Прапаную ўсім, каго цікавіць нешта пра Ўкраіну, зьвяртацца на мой e-mail адрас. Па магчымасьці, адкажу ўсім. А так — усяго Вам найлепшага! Шчасьлівага Вам прэзыдэнта ў верасьні!

З павагаю, Ігар Булыга, Кіеў [email protected]

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0