Апытаньне “НН”

Ці пагадзіліся б мець зяцем кадэбіста?

 

Марыя Паўлаўна, 44 гады, настаўніца:

— Так, я хацела б, каб маім зяцем быў кадэбіст. Яны добра адукаваныя, падцягнутыя, сумленныя, пры кватэры й грашох. Гэта стабільная прафэсія. Я б і сама пайшла за якога палкоўніка.

Алег, 36 год, юрыст:

— Пару год таму аддаў бы дачку за гэбоўца, а цяпер не. Там ня можа быць чыстых людзей. Вельмі брудныя справы творацца. Палітыкі зьнікаюць, вышук палітычны вядзецца. Яны вымушаныя выконваць любыя загады. Мой зяць павінен быць нармальным чалавекам.

Гары Паганяйла, праваабаронца:

— Я сваёй дачцэ даў зразумець, што яна самастойная ў сваім выбары. Закахалася ў чэкіста — ідзі за чэкіста. У самых кепскіх структурах ёсьць людзі прыстойныя! Сам факт прыналежнасьці да пэўнай структуры яшчэ ні пра што ня кажа.

Дый злачынныя загады яны юрыдычна могуць не выконваць. Але на практыцы ўсё залежыць ад прыстойнасьці начальства, у якога шмат спосабаў “аб’езьдзіць сіўку”. У крайнім выпадку, застаецца магчымасьць пакласьці на стол заяву і сысьці. Гвалтам цяпер не трымаюць. Але калі чалавек выконвае злачынныя загады з пачуцьця самазахаваньня, ён усё адно мярзотнік.

Сьвятлана Грыгаровіч, 40 год, гандлярка, дачцэ 16 год:

— Трэба ведаць, чым ён там займаецца. Яны, мабыць, усе аднолькавыя. Высочваюць людзей і ў турму садзяць. Дык калі злых людзей садзяць, наркадылераў — то хай мая дачка йдзе за яго, а як простага якога небараку за мех мукі — дык гэта грэх, і жыцьця з такім ня будзе. Зрэшты, калі яна яго пакахае, што ж зробіш, хай тады ідзе. Але я б хацела знаць, што ён робіць на працы. Пагаварыць зь ім трэба было б, прыгледзецца. А раптам ён расстрэльвае каго ў падвале?

Тофік, бізнэсовец, 38 год:

— У мяне тры сыны. Але каб была дачка, то не аддаў бы, хоць бы плакала. Не падабаюцца мне гэтыя “шцірліцы”. Але знаёмствы там мець карысна.

Ніна Ф.:

— Мая дачка сем гадоў таму выйшла замуж за лейтэнанта КДБ. Я ня ведаю, чым ён займаўся й займаецца. Мы пра гэта ніколі не размаўлялі. Нейкіх пярэчаньняў супраць ягонай прафэсіі ні я, ні дачка ня мелі. Я ня ведаю, ці з-за службы ў КДБ Саша пачаў піць, зрабіўся жорсткі, зьдзекаваўся фізычна й маральна з дачкі й унучкі і ўрэшце выгнаў іх з кватэры без алімэнтаў. Ягонае кіраўніцтва быццам стала на бок маёй дачкі, празь некаторы час будзе суд, пабачым, ці адсудзім жыльлёвую квоту й алімэнты.

 

Ці пагадзіліся б Вы выйсьці замуж за кадэбіста?

 

Аня, 16 год, марыць стаць мадэлькай:

— Нізавошта ня выйшла б, бо хачу зьехаць за мяжу, а з-за яго ня выпусьцілі б.

Наташа, супрацоўніца турбюро, 23 гады:

— Так, выйшла б. За любога афіцэра, ня толькі КДБ. У іх ёсьць кодэкс гонару, яны стройныя, ня п’юць, ня кураць, і ўвогуле, гэта мужная прафэсія.

Паліна, маладая мама, 18 год:

Напэўна, не. Гэта страшна. Яны неяк зьвязаныя са злачынным сьветам. З-за яго і я б магла атрымаць удар нажом. Лепей туды ня лезьці.

Людміла, 25 год, выкладчыца:

— Яны не адпавядаюць маім унутраным адчуваньням і перакананьням. Іхная рэакцыя на сьвет мне чужая. Ісьці туды могуць толькі людзі, якія адпавядаюць пэўным нормам, а я такіх нормаў баюся.

Вольга Мацюшонак, 29 год, мэдык:

— Я б ня выйшла замуж ані за чэкіста, ані за афіцэра. Яны вымушаныя выконваць загады. Гэта службы амаральныя ад пачатку. “Радзіму абараняць” — гэта міт. Сапраўдная іхная задача — ахоўваць інтарэсы ўладных асобаў, найвышэйшых эшалёнаў дзяржавы. Магчыма, гэта патрэбная служба, я дапускаю. Аднак мне ўсё роўна не падабаюцца подласьць і жорсткасьць, апраўданыя яны ці не.

Апытвала Сьвятлана Курс


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0