Мікола Рабчук

 Два сусьветы і Вялікі Брат

 

У 1990 г., калі ўпершыню патрапіў на Захад, доўга ня мог растлумачыць маім гаспадарам, адкуль прыехаў. Я лічыў сябе ўкраінцам, нават меў адпаведны запіс у пашпарце. Фармальна існавала УССР з уласным урадам, парлямэнтам і нават месцам у ААН. Таму ўпэўнена сказаў: “I’m from Ukraine”.

Суразмоўцам гэта нічога не казала:

“Sorry?” — пыталіся самыя выхаваныя.

“What? Bahrain?” — перапытвалі іншыя.

“Не, Ukraine”, — адказваў ім цярпліва.

“What’s that?”

“Гэта адна з рэспублік Савецкай фэдэрацыі”.

“Oh, Russia!” — радасна ўскрыквалі амэрыканцы.

“Не, — я спрабаваў цярпліва тлумачыць, — Расея таксама частка Савецкага Саюзу”.

Амэрыканцы слупянелі, дый годзе: як Расея можа быць часткай Расеі? Урэшце спаткаў кагосьці, каго не дзівіла маё тлумачэньне. Наадварот, ён адрэагаваў вельмі дасьведчана.

“Which Ukraine? Russian one or Polish one?”

“Soviet one, на разе”, — адказаў я.

 

Захад і Ўсход

Кожны, хто быў у Заходняй і Ўсходняй Украінах — скажам, у Львове і ў Данецку — пацьвердзіць, што гэта сапраўды два розныя сусьветы, цывілізацыі: ад архітэктуры да насельнікаў. “Усходнікі” й “заходнікі” гавораць на розных мовах (расейскай і ўкраінскай), галасуюць за розныя партыі, ходзяць у розныя цэрквы (ці, хутчэй, на ўсходзе ня ходзяць увогуле), бяруць прыклад з розных культураў, па-рознаму глядзяць на мінуўшчыну й будучыню краіны.

Канфрантацыя між дзьвюма Ўкраінамі гвалтоўная: цяжка паяднаць савецкую й антысавецкую канцэпцыі нацыянальнага мінулага ці ідэю эўрапейскай інтэграцыі з інтэграцыяй паводле расейска-беларускага ўзору. Цяжка адначасова спрыяць адраджэньню ўкраінскае мовы й культуры й заплюшчваць вочы на ўціск іх з боку расейскае мовы й культуры. Гэта, аднак, канфрантацыя ідэалягічная: “дзьве Ўкраіны” зьяўляюцца хутчэй абстрактнымі ідэямі, чым супярэчнымі між сабой геапалітычнымі рэальнасьцямі. Можна сказаць, што ў Львове адна Ўкраіна, а ў Данецку іншая. Цалкам немагчыма, аднак, вызначыць, дзе “адна” Ўкраіна сканчаецца, а “другая” пачынаецца.

Украіна “расейская” дамінуе на ўсходзе ў сваіх найбольш пачварных, саветызаваных формах. Менавіта ў Данбасе найбольшы ўзровень злачыннасьці (асабліва забойстваў і рабункаў), гэта там найвышэйшы ўзровень наркаманіі, алькагалізму, самагубстваў, абортаў, вэнэрычных хваробаў. Чым далей на захад, тым саветызацыя менш відавочная. Шторазу меней брыдкіх сталінскіх гмахаў, помнікаў Леніну і вуліцаў, названых ягоным імем, атрутных прамысловых прадпрыемстваў і, last but not least, расейскай мовы.

Але нават у Львове Ўкраіна “расейская” не зьнікае зусім: расейская прэса й кніжкі прадаюцца і тут па дэмпінгавых коштах, звычайная расейская “папса” верашчыць з кожнай другой кавярні, бізнэс-эліта, як і спакрэўнены зь ёю крымінальны сьвет, гаворыць выключна па-расейску, то бок на мове савецкай партыйнай, камсамольскай і кадэбісцкай намэнклятуры, зь якой большасьць т.зв. “новых украінцаў” паходзіць.

Знайсьці ў Данецку сьляды “ўкраінскай” Украіны нашмат цяжэй: яе прадстаўнікі жывуць у правінцыі, а ў гарадах не займаюць высокіх пасадаў, бо ўмовай кар’еры раней была русіфікаванасьць. Украінцы пазаставаліся ў калгасных “гетах”, пастаўляючы ў вялікія гарады гастарбайтараў. “Але ж многае зьмянілася на лепшае, — цьвердзіць Уладзімер Бандарэнка, адзін з актывістаў украінскага руху ў Данецку. — Мы здолелі адчыніць колькі ўкраінскіх школаў (дзесяць год таму ў паўтарамільённым Данецку не было аніводнай), бацькі ахвотна аддаюць туды дзяцей, клясы перапоўненыя. Дамагаемся мы й сваёй газэты, кнігарні.”

Улада не дапамагае? “Не, але, прынамсі, і не перашкаджае.”

Для ўкраінцаў гэта адно з найбольшых дасягненьняў апошняга дзесяцігодзьдзя: упершыню яны маюць дзяржаву, якая не перашкаджае аддаваць дзяцей ва ўкраінскія школы, не перасьледуе за ўкраінскую мову.

Мэтафара “дзьвюх Украінаў” сьведчыць пра два ідэалягічныя й геаграфічныя вэктары, сымбалямі якіх могуць быць Львоў і Данецк. Адзін вэктар — гэта Ўкраіна ўкраінская й эўрапейская, што імкнецца ў NATO і ЭЗ; другі — гэта Ўкраіна савецкая й эўраазіяцкая, што імкнецца да ўсходнеславянскага саюзу, сьледам за бацькам-Лукашэнкам. Мэтафара добра тлумачыць сутнасьць выбару, які дзесяць год робіць — і ня можа зрабіць — Украіна, што дагэтуль таўчэцца на цывілізацыйным, культурным, геапалітычным раздарожжы.

 

Прапрэзыдэнцкі гіпноз

Дзякуючы перабудове, уладу ва Ўкраіне атрымала прагматычная частка намэнклятуры, якая, каб пераканаць сваіх кансэрватыўных праціўнікаў з партыі ды ўзаконіць сваё вызваленьне з-пад кантролю Масквы, утварыла тактычны саюз з нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыяй. Дэмакратам аддалі на водкуп гімн, сьцяг і ідэалёгію маладой дзяржавы, а таксама культуру й адукацыю. Намэнклятура ж занялася прыватызацыяй, транзытам нафты й газу з Расеі, банкаўскімі спэкуляцыямі ды інш. Дзякуючы гэтаму, яна перарадзілася з клясы палітычнай у палітычна-бізнэсовую, ажно яе дзе-нідзе пачалі называць не “намэнклятурай”, а “алігархіяй”.

Спрэчкі, ці магла дэмакратычная апазыцыя гэтаму перашкодзіць, не сьціхаюць і сёньня. З аднаго боку, Рух ня меў дастатковай грамадзкай падтрымкі, каб сваімі сіламі праводзіць радыкальныя палітычныя і гаспадарчыя рэформы. Рух мог разьлічваць на падтрымку 30% жыхароў, якія ў сьнежні 1991 г. галасавалі за некамуністычных і ненамэнклятурных кандыдатаў у прэзыдэнты. Больш за 60% падтрымала, аднак, Краўчука. Гэта пазначала, што для ўкраінцаў “расейскамоўных” і “дзьвюхмоўных” Вячаслаў Чарнавіл і Рух здаваліся апазыцыяй ня столькі “дэмакратычнай”, колькі “нацыяналістычнай”.

Тактычны саюз намэнклятуры й нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі быў немагчымы. Не паўстала ані клясычная кааліцыя, ані тыповая шматпартыйная сыстэма. 10 год намэнклятурныя кланы кіравалі краінай з-за плячэй былых апазыцыянэраў і нібыта ад іх імя — ад імя незалежнасьці, дэмакратыі й капіталізму, — гэтыя ідэі кампрамэтуючы. Мой малодшы брат, прыхільнік крайняй правіцы, любіць паўтараць: “Праблема дэмакратаў ня ў тым, што прадаліся, а ў тым, што прадаліся гэтак танна”.

“Партыя ўлады” хутка знайшла “слабое месца” хаўрусьнікаў: панічны страх перад Расеяй. “Масква” — гэта магічны лёзунг, які дзейнічаў на ўкраінскіх дэмакратаў, як паралізуючы газ. “Не перакулім нашага супольнага чаўна!” — казалі прапрэзыдэнцкія гіпнатызэры на ўсіх тэлеканалах. І дэмакраты падтаквалі: “Лепей ужо такая ўлада, чым ніякай. Лепей ужо гэткі прэзыдэнт, чым маскоўскі”. Зрэшты, невядома да канца, колькі ў той пазыцыі страху, а колькі самаапраўданьня за калябарацыю з рэжымам.

 

Кансалідацыя аўтарытарызму

Аўтарытарная сыстэма, якая развалілася разам з СССР, у другой палове 90-х адрадзілася на ўсёй постсавецкай прасторы. Мясцовыя саветы, як і саветы вышэйшага ўзроўню, былі толькі шырмаю. Рэальную ўладу, як колішнія партыйныя камітэты, маюць прэзыдэнцкія адміністрацыі разам з падпарадкаванымі ім дзяржаўнымі адміністрацыямі. Ані Ўкраіна, ані Расея, ня кажучы ўжо пра сярэднеазіяцкія дзяржавы, не зьяўляюцца прававымі дзяржавамі. Тэлефанаваньне з прэзыдэнцкай адміністрацыі, як калісьці з ЦК, важыць больш, чым рашэньне суду. У гэтым корань усіх гаспадарчых і палітычных праблемаў дзяржаваў СНД.

Робэрт Дэ Лоса, амэрыканскі палітоляг з Украінскага інстытуту ў Гарвардзе, трапна акрэсьліў гэтую сыстэму, як “дзяржаву, пабудаваную на шантажы”. Абываталь, каб выжыць, мусіць парушаць закон. Blackmail State не зьвяртае ўвагі на дробныя (а часам і цяжэйшыя) парушэньні так доўга, колькі абываталь застаецца ляяльным да рэжыму. Затое бунт караецца — згодна з законам і ўсімі фармальнасьцямі.

Прыкладам можа быць лёс былога прэм’ера Ўкраіны Паўла Лазарэнкі. Ён нажыў мільённае багацьце і заслужыў прызнаньне прэзыдэнта, хоць парлямэнцкая камісія па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю папярэджвала Кучму аб падазроных кантактах Лазарэнкі. Але варта было ў 1997 г. прэм’еру-бізнэсмэну неасьцярожна расказаць пра сваё жаданьне за два гады вылучыць сваю кандыдатуру на прэзыдэнта, як ён момантам страціў пасаду і ўжо тры гады чакае суду ў амэрыканскай вязьніцы, па абвінавачаньні, між іншым, у адмываньні брудных грошай.

Гісторыя Лазарэнкі, а таксама бязьлітаснае зьнішчэньне ягонай газэтна-тэлевізійнай імпэрыі, сталася пралогам да адначасова жорсткай і цынічнай прэзыдэнцкай кампаніі 1999 г. Аднак міжнародныя арганізацыі маўчалі. Гэта заахвоціла ўлады да арганізацыі карыкатурнага рэфэрэндуму, датычнага зьменаў у Канстытуцыі, якія ўзмацнілі прэзыдэнцкі аўтарытарызм. Гэты фарс спыніла, аднак, Рада Эўропы, а ўкраінскі парлямэнт не замацаваў прапанаваных прэзыдэнтам зьменаў.

Татальнай кампрамэтацыяй было апублікаваньне запісу размоваў прэзыдэнта зь ягоным найбліжэйшым атачэньнем. Нягледзячы на тое, што зьмест тых запісаў шакаваў большасьць спэцыялістаў, а таксама сапраўдных грамадзянаў, ані камуністычная лявіца, ані нацыянальна-дэмакратычная правіца не дамагаліся адстаўкі Кучмы. Непапулярная ўлада перажыла той скандал безь вялікіх стратаў, як і два гады таму непапулярны прэзыдэнт здолеў выйграць (выйграў) выбары, умела топячы апанэнтаў. “Партыя ўлады” ўвесь час выкарыстоўвае спэцыфіку “дзьвюх Украінаў”, прапагандуючы сябе ў кожнай зь іх як “меншае зло” і пераконваючы, што дрэнны спакой лепшы за добрую бойку. І прасавецкая лявіца, і празаходняя правіца ня любіць Кучмы і ягонай алігархіі, але яшчэ болей яны ня любяць адно аднаго, баючыся, што іншы бок можа скарыстацца з падзеньня Кучмы.

 

Халодная грамадзянская вайна

Дасьледаваньні грамадзкай думкі сьведчаць, што за Ўкраіну “ўкраінскую” і “эўрапейскую” выступае чвэрць грамадзянаў. За Ўкраіну “савецкую”, “эўразійскую” галасуе трэцяя частка. Рэшта, дакладней, палова адказвае звычайна: “ня ведаю”, “не разумею”, “мне гэта нецікава”, “яшчэ ня вызначыўся”. А калі ўжо вызначаюцца, дык выступаюць за саюз з Эўропай, але разам з Расеяй, за вольны рынак, але з усімі сацыяльнымі гарантыямі, за адраджэньне ўкраінскай мовы й культуры, але пры далейшым панаваньні расейскай мовы й культуры.

Будучыня Ўкраіны ў вялікай ступені залежыць ад гэнай трэцяй, “нявызначанай” часткі, якой маніпулюе “партыя ўлады”. І ўласна, тая маўклівая, палітычна нябачная й неакрэсьленая частка Ўкраіны зьяўляецца галоўнай грамадзкай падтрымкай маладой алігархіі, гэта, уласна, з-за яе ідзе ў краіне “халодная грамадзянская вайна”.

“Партыя ўлады” задаволеная наяўным станам рэчаў. Яна патрабуе “дзьвюх Украінаў”, каб у вачах народу й сьвету адыгрываць ролю фальшывага пасярэдніка. Але яшчэ больш ёй трэба гэная трэцяя “нявызначаная” Ўкраіна — бо гэта ейны электарат, квазі-дэмакратычная легітымацыя. Таму “партыя ўлады” намагаецца захоўваць тых людзей у стане апатыі, няведаньня й страху перад нейкім грамадзкім канфліктам. Таму кантраляваныя рэжымам мэдыі прышчапляюць людзям канфармізм і цынічны рэлятывізм.

“Я не анёл”, — гэтак прэзыдэнт тлумачыў сваю схільнасьць да мату, зафіксаванага на вядомых стужках. “А хто анёл?! — падхопліваюць вернападданыя мэдыі. — А хто яго заменіць? Во той камуняка? А мо во гэты нацыяналюга? Хочаце анархіі, вайны?” Вайны ніхто ня хоча: лепей не рызыкаваць тым хісткім чаўном, у якім мы ўсе плывем. А раптам новы прэзыдэнт будзе яшчэ горшы? З гэтым можна яшчэ неяк жыць.

 

Надзея і чаканьне

Ва Ўкраіне ёсьць, прынамсі, тры чыньнікі, якія не дазваляюць краіне дарэшты патануць у застоі пад кіраўніцтвам аўтарытарнай улады.

Гаспадарчыя рэформы, хоць і бязладныя, стварылі ўмовы для разьвіцьця прадпрымальніцтва й эканамічнай незалежнасьці гаспадарчае адзінкі. Зьмянілася сыстэма адукацыі і лад жыцьця многіх людзей. Грамадзтва стала больш адкрытым, мае лепшы доступ да інфармацыі і ўсё выразьней арыентуецца на заходнія вартасьці. Праўда, інстытуты грамадзянскае супольнасьці, напрыклад, незалежныя СМІ, маюць уплыў толькі ў найбольшых гарадах, але ўсё ж яны разьвіваюцца насуперак волі ўладаў, якія намагаюцца іх падкупіць, пазбавіць уплыву альбо зьнішчыць.

Алігархічная “партыя ўлады” не такая маналітная, якой была Камуністычная партыя. Яна складаецца з востра канкуруючых між сабой кланаў. Поруч са “старымі”, “транзытнымі” групамі, што зарабляюць на рээкспарце расейскай нафты й газу й на фінансавых афэрах, растуць новыя, што зарабляюць на выпуску прамысловае прадукцыі або спажывецкіх тавараў. Зьменшыўся адток капіталаў з Украіны ў банкі на экзатычных астравах, чаму спрыяла ня толькі палітыка былога прэм’ера Віктара Юшчанкі, але й пазыцыя заходніх урадаў, што супрацьдзеялі адмываньню брудных грошай у іхных краінах праз постсавецкіх “бізнэсмэнаў”. Гэта заахвоціла кіруючую клясу да інвэставаньня ва ўкраінскую эканоміку.

І ўрэшце. Украіна знаходзіцца, хочаш ня хочаш, у Эўропе, надзвычай блізка ад мяжы краінаў Першага Сьвету. Эўрапейцы ня могуць яе ігнараваць, як амэрыканцы ня могуць ігнараваць Мэксыку. Захад, увогуле, пераацэньвае гатоўнасьць украінскіх элітаў перайсьці пад апеку Масквы, пераацэньвае і здольнасьць Расеі апанаваць вялікую й разнастайную Ўкраіну. Зь іншага боку, Захад не заўважае, наколькі важныя для ўкраінцаў кантакты з заходнімі краінамі. Не для таго яны скінулі камунізм, каб далей сядзець у пазалочанай намэнклятурнай клетцы.

Захад не павінен паддавацца прымітыўнаму шантажу Кіева, які пагражае “збліжэньнем” з Масквой, як толькі Захад загаворвае аб правах чалавека ці вольных выбарах. Але Захад можа і мусіць эфэктыўней кантраляваць абарачэньне капіталаў, а таксама праводзіць больш актыўную візавую палітыку, адмаўляючы ў праве на ўезд палітыкам і бізнэсоўцам, якіх падазраюць у карупцыі. Калі віза ў эўрапейскую краіну зьяўляецца праблемай для журналіста ці навукоўца, а не для постсавецкіх гангстэраў, дык размовы пра заходнюю дапамогу выглядаюць, мякка кажучы, няшчырымі.

Украіне несумненна трэба дапамагаць, але спачатку трэба зразумець, якой зь “дзьвюх Украінаў” тая дапамога мусіць ісьці. Грамадзянскай супольнасьці, аслабленай гаспадарчым хаосам і палітычным ціскам, ці аўтарытарнай дзяржаве, што хавае старую сыстэму пад маскай дэмакратыі й рынкавай эканомікі?


Мікола Рабчук, інтэлектуальны лідэр кіеўскага кола інтэлігенцыі. Нарадзіўся ў 1953 г. у Луцку. Скончыў Львоўскую палітэхніку і Маскоўскі літінстытут. За сваё жыцьцё працаваў на розных працах: ад пагоншчыка сланоў у цырку ў савецкі час да рэдактара часопісу “Крытыка” ў апошнія гады. Летась выйшлі кнігі ягонае эсэістыкі “Ад Маларосіі да Ўкраіны” і “Дылемы ўкраінскага Фаўста”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0