Беларусь праз 100 гадоў

Футбол 2101 году

9 жніўня 2101 году. Аляска. Фінал чэмпіянату сьвету па футболе: Беларусь—Астравы Кука 0:0. Ідзе пятая дадатковая хвіліна сустрэчы, абаронца астраўлянаў завальвае ў сваёй штрафной нападніка беларусаў — бясспрэчнае пэнальці. Да “кропкі” падыходзіць лепшы ігрок турніру, праўнук Рамана Васілюка, Богусь Васілюк. Удар... Гол! Ура! Празь якое імгненьне гучыць фінальны сьвісток галоўнага судзьдзі сустрэчы. Беларусь — чэмпіён!!!

Натоўпы людзей стрэнуць герояў-футбалістаў у Нацыянальным аэрапорце сталіцы, які носіць імя Ўладзімера Караткевіча. Віленчукі і госьці сталіцы з кветкамі ў руках павіншуюць іх зь перамогай. Прэм’ер-міністар Мікалай Радзівіл са шчырымі словамі падзякі выступіць перад людзьмі. Дарэчы, менавіта з дапамогай каманды ён спадзяецца пераканаць парлямэнт надаць краіне статус канстытуцыйнай манархіі на чале з князем.

Пасьля ўрачыстасьцяў у сталіцы футабалістаў чакае турнэ па гарадах, дзе жывуць беларусы.

У Беластоку каманда наведае культавы рок-фэст “Басовішча” імя Лявона Вольскага. У Наваградку і Ружанах, ля муроў нанова адбудаваных замкаў, адбудуцца рыцарскія фэсты, якія зьбіраюць шляхецкіх ваяроў з усёй Эўропы. Нашыя гульцы возьмуць удзел у баёх рыцараў. У Горадні ж футбалістаў прыме Папа Рымскі, першы папа — беларус па нацыянальнасьці, які спэцыяльна дзеля гэтага адведае Радзіму. Гэты Папа — вялікі прыхільнік футболу. Пасьля Горадні на шляху гульцоў паўстае Барысаў, стары футбольны цэнтар. Скончыцца гэты ваяж па краіне ў Полацку.

Але сьвяточныя дні мінаюць і вяртаюцца звычайныя шэрыя будні: футбалісты трэніруюцца, рок-музыкі запісваюць музыку, мэдыкі ратуюць жыцьці людзям, фэрмэры працуюць на зямлі, паспаліты беларус чакае, калі нарэшце паштарка прынясе “Нашу Ніву”.

Беларусь жыве па старым вялікалітоўскім прынцыпе: даўніны ня рушым, навіны ня ўводзім. І толькі буйныя перамогі нашых спартоўцаў парушаюць спакой беларускіх земляў: натоўпы людзей выходзяць на вуліцы гарадоў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і заўсёды жывым поклічам: “Жыве Беларусь! Жыве вечна!”.

Зьміцер Панкавец, Кастрыца (Барысаўшчына)


Новы праект “Нашае Нівы”

2101 год. Якой будзе Беларусь праз 100 гадоў? Якой будзе дзяржава і які дзяржаўны лад? Якімі будуць гарады? Які горад будзе сталіцай Беларусі? Якімі межы краіны? Што беларусы будуць есьці? Якімі будуць беларускія грошы? Якім транспарт? Якімі сродкі масавай інфармацыі? Якая літаратура будзе чытацца? Ці застануцца тэатры? Якія імёны будуць самымі папулярнымі? Якімі стануць лясы і рэкі? Ці можна будзе купацца ў забруджаных сёньня азёрах? Якія зьвяры зьнікнуць, якія новыя расьліны завядуцца? Што будзе з чарнобыльскай зонай? У якіх цэрквах будуць маліцца людзі? Што яны ведацьмуць пра 2001 год? Што будзе з намі?

Штотыдня — фантазіі пра будучыню Вечнай Беларусі, эсэ, прагнозы і футуралягічныя артыкулы ў рубрыцы “Беларусь праз 100 гадоў”. З гэтага выйдзе цэлая кніга! Чакаем Вашых допісаў. Будзем загадваць.

 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0