Мараль і права

 Пісьменьнік з нажніцамі

Намесьнік старшыні Дзяржкамдруку і сябар Саюзу пісьменьнікаў Уладзімер Глушакоў быў пастаўлены выканаўцам абавязкаў дырэктара друкарні “Мэджык”. Гэта была ўмова, без выкананьня якой улады не пагаджаліся зьняць арышт з абсталяваньня прадпрыемства. За тыдзень новае службы Ў.Глушакова быў арыштаваны тыраж газэты “Рабочы”, а “Предпринимательская газета” выйшла зь белымі плямамі на месцы “няправільных артыкулаў”. На думку сп.Глушакова, “Предпринимательская газета” сама вырашыла выйсьці зь белымі плямамі, бо гэта цяпер модна”. У той жа час у рукі журналістаў патрапіў макет “ПГ” да цэнзураваньня. У верхнім куце справа надпіс: “№32. Не возражаю. Кроме статьи “Послание соотечественникам…” Вл.Глушаков 30 авг.”.

Сваімі дзеяньнямі намесьнік старшыні Дзяржкамдруку парушыў Закон аб друку. А ці парушыў маральныя нормы творчага саюзу пісьменьнік Уладзімер Глушакоў? “НН” зьвярнулася да аўтарытэтных творцаў з пытаньнем: ці мусіць Саюз пісьменьнікаў адрэагаваць на тое, што адзін зь ягоных сябраў ажыцьцяўляе цэнзарскія функцыі?

 

Лідзія Арабей: Я наагул супраць таго, што дзеецца з друкам, літаратурай, культурай і мовай у Беларусі. Я — супраць гэтага ўраду. Глушакоў — толькі частка антыкультурнай палітыкі. Тое, што зараз робіцца з нашай прэсай і тэлевізіяй — ганьба. Саюз пісьменьнікаў маўчыць і нічога ня робіць, ідзе на повадзе ўва ўраду. Хіба так мусяць паводзіцца пісьменьнікі? Гэта абуральна й ненармальна.

Навум Гальпяровіч, намесьнік Старшыні СП: Сп. Глушакоў выконвае свае службовыя абавязкі, не зьвязаныя зь сяброўствам у Саюзе пісьменьнікаў. У СП згуртаваліся людзі розных прафэсіяў, рознага веку і поглядаў, і мы ня можам ацэньваць службовую дзейнасьць гэтага чалавека.

Артур Вольскі: Я рэзка адмоўна стаўлюся да цэнзарства. А за ўсю арганізацыю казаць не магу. СП — складаная арганізацыя. На апошнім зьезьдзе пры выбарах у Раду былі забалятаваныя людзі, якія абслугоўвалі рэжым. І ў той жа час многія пісьменьнікі, нават і з імёнамі, крукам гнуцца перад калегамі з СП — чыноўнікамі, такімі, як Глушакоў. Бывае брыдка глядзець.

Раіса Баравікова: Нічога ня чула пра ўчынкі Глушакова. Гэта справа ягонага сумленьня й адказнасьці. У дэмакратычнай краіне чалавек сам зьдзяйсьняе свой выбар. Гэта раней, пры камуністах, СП мог выклікаць “на дыван”, прапясочыць чалавека.

Антаніна Хатэнка: Не ўяўляю мэханізмаў такога рэагаваньня.

Васіль Сёмуха: Я асуджаю і тое, што робіць сп.Глушакоў як цэнзар, і тое, чым ён займаўся раней. Але ад усяго Саюзу цяжка чакаць адпаведнае рэакцыі. У наш час, калі палітыка паблыталася са злачынствам, цяжка гаварыць пра прынцыпы.

 

Беларускія пісьменьнікі адмаўляюцца валадарыць над душамі чытачоў. “Нічога ня чула…”. Палітыкаў забіваюць!.. А я нічога ня чуў. Школьнікаў арыштоўваюць за мову! Ня чуў, ня ведаю. Быкаву брыдка стала жыць у такой краіне! Гэта ягоная справа.

Пісьменьнікі сталі палітыкамі — стрыманымі ў ацэнках і ласымі на каньюнктуру. Калі ж ты стаўся палітыкам, дык ці далёка і да цэнзарства?

Глушакова чакае вялікая будучыня: цёплае міністэрскае месца свайго цяперашняга шэфа-лібэрала Падгайнага або пасольская кар’ера ў блізкай і ўтульнай Латвіі, дзе цэны нізкія, а пасольскі заробак высокі. А мо нават рэдактарства ў “Советской Белоруссии”. Бліжэй пад пэнсію можна будзе ўзначаліць і пісьменьніцкую арганізацыю саюзу Беларусі і Расеі. І навечна заняць месца ў ганаровым сьпісе побач з Замяталіным, Чыкіным, Росьцікавым, Скобелевым, Чайкай, Зімоўскім, Гукоўскім, Казіяткам і Азаронкам.

Сьвятлана Курс, Сяргей Мікулевіч


Разанаў і Ўрохем

6 верасьня Інстытут Гётэ і Белдзяржфілярмонія ладзяць у касьцёле Сьв.Роха літаратурна-музычную імпрэзу “І вынайшаў я крылы — вось яны...”. Бяруць удзел нямецкі кампазытар Ёган Урохем і паэт Алесь Разанаў. Гучаць вершы Алеся Разанава ў арыгінале і ў перакладзе на нямецкую мову ў суправаджэньні музыкі, напісанай на гэтыя вершы. Пачатак а 19-й.

Запрашэньні на імпрэзу можна атрымаць у Інстытуце Гётэ па адрасе: вул.Фрунзэ, 5, Дом літаратара, п.105.