Лісты ў рэдакцыю

 

Эўрарамонт у “зялёным”

Стаяў у Глыбокім на колішняй Віленскай вуліцы (цяпер Леніна) несамавіты магазін. Быў ён драўляны, ашаляваны, пафарбаваны ў зялёны колер. Сустракаеш мінака. У торбе — лівэрка.

“Дзе браў?” – “Дзе, дзе! У “зялёным”!” Запытайся ў любога ў Глыбокім: “Дзе знаходзіцца магазін №8?”. Ня ведае ніхто! А вось пра “зялёны” магазін чулі ўсе, нават у Докшыцах і Шаркоўшчыне.

На досьвітку “перабудовы” глыбоцкае гандлёвае начальства абмуравала яго белай сылікатнай цэглай. Ня вытрымала сэрца аднаго з патрыётаў гораду. Уночы, зялёнай фарбай, на ўсю сьцяну, вялікімі літарамі нехта напісаў: “ЗЯЛЁНЫ”! Гэта было першае ў гісторыі Глыбокага графіці (калі не лічыць словаў пікантнага характару, якія пісаліся на сьценах заўсёды і пры любой уладзе).

Гандлёвае начальства абдумалася. Падчас рамонту, калі краму вапнавалі, у рошчыну дадавалі зялёныя фарбавальнікі, дый лягатыпы на шыльдах пісалі зялёным колерам. Народ супакоіўся. Доўжылася гэта гадоў дзесяць. І вось раптам – эўрарамонт! За пару тыдняў ашалявалі сьцены плястыкам, у краме паставілі мадэрновыя вокны, дзьверы й найноўшае абсталяваньне, а дварышча ўпрыгожыла плітка, яшчэ пякнейшая, чымся ў Менску на праспэкце Скарыны. Вы запытаеце: “Ці засталося там нешта зялёнае?”. Дык вось: страху накрылі зялёнай мэталадахоўкай!

Малайцы, захавалі легенду глыбоцкага гандлю.

Уладзімер Скрабатун, Глыбокае

 

Супраць усіх

Ведаю, што гэты ліст Вы можаце не надрукаваць, бо мой падыход можа падацца “неканструктыўным”. Я буду галасаваць на выбарах супраць усіх, і вось чаму.

Я чалавек, для якога паняцьці “заходнія вартасьці”, “эўрапейская культура”, “беларуская мова” – непарушныя. Я на гэтым вырас. Не хачу галасаваць за кандыдата, які не гаворыць па-беларуску, а Беларусь бачыць “мостам” паміж Усходам і Захадам або кактэйлем Усходу і Захаду. Кампрамісы ў гэтай сытуацыі мне падаюцца справай гнілой. Чым болей мы паддаемся, тым болей нас гнуць. Такі ўжо этап гісторыі, што патрэбная бескампраміснасьць! Калі б я не прыйшоў на выбары або проста сапсаваў свой бюлетэнь, гэта быў бы голас на карысьць цяперашняй улады, якая “сваіх” выбарцаў якраз на ўчасткі выведзе, а, калі трэба, нават прывядзе. А вось мой голас “супраць усіх” будзе голасам у абарону нацыянальных прынцыпаў.

Барыс Тумар, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0