Водгукі

 

Кланаваньне:

толькі біятэхналягічная праблема

Сярод праблемаў, што спараджае кланаваньне, ёсьць і цалкам невырашальныя.

 

Першая зь іх біялягічная. Існуюць пэўныя заканамернасьці перадачы, трансфармацыі і старэньня генэтычнага матэрыялу на працягу жыцьця, і яны пакуль амаль невядомыя. Таму пры штучным утварэньні з саматычнай клеткі “новы” арганізм нараджаецца ня юны і жыцьцяздольны, з поўным запасам генэтычнай энэргіі, а біялягічна стары індывід, схільны да дэградацыі. Сёньняшнія веды пра мэханізмы стварэньня і старэньня клеткі не настолькі глыбокія, каб прадбачыць усе магчымыя хібы і сюрпрызы кланаваньня.

Чалавек – гэта ня толькі сукупнасьць клетак, плён храмасомаў, але і сукупнасьць гістарычна-духоўных характарыстык, якія, па сутнасьці, і фармуюць асобу. Каб “уваскрасіць” канкрэтнага чалавека, трэба ўзнавіць ня толькі яго біялягічны код, але і пэўныя гістарычныя ўмовы. Кожны чалавек – зьява непаўторная, і фармуецца яна ex tempore, канкрэтным часам, месцам і сацыяльнымі абставінамі. Напрыклад, Лукашэнка так і застаўся б старшынём калгасу, каб нарадзіўся на 20 год раней, Гітлер быў бы заштатным мастаком і вечным няўдаліцам, каб зьявіўся на сьвет у Амэрыцы, Зянон Пазьняк стаў бы палымяным камуністам, каб рос у сям’і “праваслаўных атэістаў” або работнікаў Камінтэрну. Такім чынам, кланаваньне сёньня – праблема найбольш біятэхналягічная, і рэальная яе карысьць – у вырошчваньні тканак і органаў для мэдычных мэтаў. Хоць ёсьць і зусім іншы плён. Для фантастаў – новыя сюжэты і магчымасьць падзарабіць, для кансэрватараў – нагода чарговы раз абараніць “маральныя ўстоі”, для масавай публікі – сьвежая тэма для плётак і забабонаў, для беларусаў – яшчэ адна магчымасьць схаваць галаву ў “пясок футуралёгіі” напярэдадні малапрыемных падзеяў надворнага жыцьця.

Васіль Аўраменка, Магілёў

 

Тлум

Матэрыял “Тлум дзяцей. Дзеці тлуму” —найярчэйшы прыклад інтэлектуальнага мазахізму. Прачытваньне яго — найвялікшае задавальненьне. Мяркую, менавіта таму ён і трапіў у “НН” ад 27 жніўня 2001 г.

 

Хацелася б, аднак, засьцерагчы чытачоў “НН” ад спробы ўступіць у палеміку з А.Ч. І ўвогуле, ня варта ўспрымаць нарыс сур’ёзна. Ён жа не прэтэндуе на навуковасьць. Не выяўляе нейкіх агульных заканамернасьцяў станаўленьня нацыі й культуры. Заснаваны выключна на ўяўленьні пра “ўнікальнасьць” і адмысловасьць беларусаў.

Аляксандар Батура, Садкі (Капыльшчына)

 

Водгук-жарт

Паважанаму спадару Галоўнаму начальніку паважанай газэты “Наша Ніва” ад Граждана

Настолькі суперажываю з Вамі, што гатовы дараваць Віцю Шніпу ўсе ягоныя аблыжнасьці, бо магу пабажыцца, што ўсе Вашыя кампутарныя плягі – не ягоных рук дзела, хоць ён таксама вусаты.

А ўсё дзела ў том, што зрабілі гэта альбо Сабака лысы, альбо ж Прафэсар, у якім я адразу пад вучоным псэўданімам пазнаў Гаўно, якога ўсюды поўна па самыя завязкі, – ня ўступіце толькі. Аўтарытэтна прысягаю Вам у тым, што ніякі вірус тут не вінаваты. Але ўсё-такі хай жывець савецкая ўласьць!

З Вамі, Ваш Граждан

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0