Валерка Булгакаў

Прэзыдэнт усіх крэолаў

Улада і апазыцыя на выхадзе з выбараў

 

Выбарчая кампанія пакіне добры сьлед у калектыўнай памяці беларусаў. Яна прыцягнула да сябе ўвагу ўсіх пластоў грамадзтва. І хоць яно ў каторы раз аказалася падзеленым ня проста сьветапоглядна, а культурна, тое, што беларускія грамадзяне некалькі месяцаў цалкам былі захоплены пэрыпэтыямі айчыннай палітыкі, нашмат важнейшае.

Прэзыдэнцкія выбары прывучаюць людзей быць грамадзянамі ўласнай дзяржавы і тым самым фармуюць незалежніцкія настроі ў масах. Людзі пачынаюць ня толькі жыць, але і мысьліць у каардынатах незалежнай дзяржавы. Выбары ствараюць рэальную палітычную гісторыю краіны. Мінецца яшчэ крыху часу, і савецкая эпоха будзе на масавым узроўні ўспрымацца ўсяго толькі як перадгісторыя незалежнай Беларусі.

 

Чаму Ганчарык стаў адзіным?

І Ганчарык, і Домаш сваім зьяўленьнем на палітычнай сцэне былі абавязаны структурам беларускага трэцяга сэктару. Толькі Ганчарык быў кандыдатам ад “савецка-постсавецкага” трэцяга сэктару, які ў агульных рысах сфармаваўся пры канцы існаваньня СССР, а Домаш — ад “новага незалежніцкага” трэцяга сэктару, які ўзьнік пасьля Лістападаўскага перавароту 1996 г. Гэтае адрозьненьне тлумачыць і памяркоўнасьць пазыцый Ганчарыка, і большую колькасьць подпісаў у сваю падтрымку, сабраную Домашам.

Тыя структуры, якія ўвасабляе Ўладзімер Ганчарык, былі за савецкім часам зародкамі грамадзянскай супольнасьці пры аўтарытарнай палітычнай сыстэме. Яны ў многіх праявах функцыянуюць не як рэальныя, а як сымбалічныя сацыяльныя інстытуты. Парадаксальна, але перамога лукашэнкаўскага рэжыму над прафсаюзнай імпэрыяй Ганчарыка можа азначаць не падрыў жыцьцядзейнасьці дэмакратычных сілаў, а хутчэй ачышчэньне дэмакратычнага лягеру ад яго нежыцьцяздольных структурных элемэнтаў. У сваю чаргу, зьняцьцё Сямёна Домаша зь перадвыбарнай гонкі ў пэўнай ступені вывела з-пад удару структуры “новага трэцяга сэктару”, які знаходзіцца ў фазе станаўленьня і ня быў цалкам гатовы да змаганьня.

Пасьля перамогі беларускі рэжым захоча паквітацца зь “мяцежнай” Фэдэрацыяй прафсаюзаў беларускай і яе вышэйшым кіраўніцтвам. Але канфлікт паміж дзяржапаратам і прафсаюзамі не абяцае быць лёгкім, а перамога лукашэнкаўцаў — беззасьцярожнай. У кожным разе, пры такім сцэнары разьвіцьця падзеяў адказнасьць за дэстабілізацыю палітычнай сытуацыі ў Беларусі ўскладзецца на рэжым.

 

Тры сілы, чатыры кандыдаты

Постаць “кандыдата ад трэцяй сілы”, Гайдукевіча, найбольш яскрава сьведчыць пра наяўны ва ўладаў патэнцыял для маніпуляцыі грамадзкай думкай. Былі ў абозе Лукашэнкі і іншыя псэўдакандыдаты, якіх адсеялі па дарозе. А Гайдукевіч дабіўся рэгістрацыі, бо зьяўленьне яго прозьвішча ў выбарчых бюлетэнях выглядала найбольш праўдападобна.

Фактычна, вынікі збору подпісаў за кандыдатаў паказалі, што ў краіне маюцца чатыры рэальныя палітычныя сілы. Тры зь іх досыць стабільныя: адміністрацыйна-гаспадарчы апарат, стаўленік кланаў якога — Лукашэнка (395 тыс. подпісаў), незалежнае беларускае грамадзтва (Домаш, 161 тыс. подпісаў), шэры бізнэс, цесна зьвязаны з карумпаванай часткай дзяржаўнага апарату (Гайдукевіч, 136 тыс. подпісаў). Чацьвертая ж — гэта ўтвораны бягучай каньюнктурай хісткаваты альянс расчараванай у палітыцы Лукашэнкі намэнклятуры, прыватнага бізнэсу, “старога трэцяга сэктару”, а таксама той часткі дзяржаўных службоўцаў, інтарэсы якіх палітыка Лукашэнкі ставіла пад пагрозу. Уладзімер Ганчарык сабраў 123 тыс., але цяжка прадказаць доўгатрываласьць гэтага палітычнага хаўрусу. У той жа час пэрспэктывы росту палітычнае вагі незалежнага беларускага грамадзтва, і Домаша як палітыка ў прыватнасьці, залежаць ад таго, наколькі чуйна змогуць яны працаваць з гэтай чацьвертай сілай.

 

Лукашэнка
і лукашэнкаўцы

Лукашэнка ўзору 2001 году — гэта не Лукашэнка ўзору году 1994-га. Менскае асяродзьдзе, у якім ён круціцца вось ужо дзесяць гадоў, моцна на яго паўплывала. Фактычна, ужо цяпер «гарант Канстытуцыі» часткова ўзяў на ўзбраеньне рыторыку нацыянальна-дэмакратычных сілаў. Тую самую рыторыку ў характэрнай для яго абсурднай манеры падхапіла постчыкінскае БТ.

Выбары паказалі, што дэмакратычныя сілы недаацэньваюць інтэлектуальны патэнцыял лукашэнкаўцаў. Нягледзячы на выкрыцьці ў справах зьніклых (забітых?) палітыкаў і прадпрымальнікаў, мэдыйныя скандалы з удзелам перакінчыкаў з лукашэнкаўскага лягеру, цягам перадвыбарнага маратону ўвесь час складалася ўражаньне, што дэмакраты так і ня здолелі перахапіць у лукашэнкаўцаў ініцыятыву. Тым удавалася ўсё задуманае — дабіцца нэўтралітэту новапаўсталых бізнэс-элітаў, заручыцца падтрымкай Расіі і іншых краінаў СНД, разрэклямаваць у СМІ эканамічны ўздым, укідваньнем тузіну псэўдакандыдатаў зьбіць з панталыку незалежныя СМІ, адных падкупіць, другіх падмануць. Карацей, усё, што ўдалося пару гадоў раней іхным расійскім, украінскім, казахскім калегам.

Перадвыбарная кампанія таксама паказала моц бюракратычнае сыстэмы, умацаванае Лукашэнкам.

 

Прэзыдэнт усіх крэолаў

Стойкі лукашэнкаўскі электарат — гэта крэалізаваная частка беларускага грамадзтва. У беларускім кантэксьце з крэоламі ня варта атаясамліваць толькі этнічных беларусаў, якія дагэтуль не набылі акрэсьленай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Трэба падысьці шырэй: крэолы — носьбіты сьвядомасьці, сфармаванай яшчэ за часоў данацыянальнага грамадзтва. Юры Сівакоў, Урал Латыпаў і Аляксандар Лукашэнка ў гэтым сэнсе мала розьняцца.

Расійска- і піджынамоўныя крэолы з пашпартамі грамадзян Рэспублікі Беларусі непазьбежна ўтвараюць асноўны рэсурс палітычнага рэжыму, створанага Лукашэнкам. Дзякуючы сваёй культурнай непаўнавартасьці і псыхалягічнай няўстойлівасьці яны асабліва паддатныя ўсялякім маніпуляцыям з палітычнымі мэтамі. Толькі крэолы могуць забясьпечыць стварэньне такой канструкцыі ўлады, якая магла б утрымацца адносна вялікі гістарычны прамежак часу, дасягненьне “пераемнасьці ўлады”, пра што так марыць Лукашэнка. Лукашэнкаўскія рэфэрэндумы 1995 і 1996 г., апрача тымчасовых палітычных эфэктаў, зьнялі ўсе абмежаваньні з рэпрадукцыі крэолаў у маштабе ўсяго грамадзтва, ператварыўшы тым самым гэтую рэпрадукцыю ў адну з найважнейшых мэтаў дзяржаўнай палітыкі.

Крэольская маса — ня столькі пагроза для дзяржаўнасьці Беларусі, чаго так баялася нацыянальная інтэлігенцыя, колькі зарука стабільнасьці і непарушнасьці аўтарытарызму. Крэолы не пагроза незалежнасьці найперш таму, што яны палітычна бязвольныя і імі лёгка маніпуляваць. З тае ж прычыны яны не нясуць пагрозы палітычнаму рэжыму і ягонаму кіраўніку.

Расійска-беларуская інтэграцыя для беларускіх крэолаў мае сымбалічнае значэньне. Яна забясьпечвае ім пазытыўны эмацыянальны тонус, стварае ілюзію супадзеньня іх прыватных і дзяржаўных інтарэсаў. Для задавальненьня гэтай ілюзіі і сам Лукашэнка працягвае трымаць у сваім атачэньні жменьку цьвердалобых русафілаў. Але пры гэтым адчужэньне Беларусі і Расіі будзе нарастаць у меру ўмацаваньня новай расійскай нацыянальнай ідэнтычнасьці.

Як аўтарытарная дзяржава, Беларусь няздольная да інтэграцыі. Утварэньне стабільных супольных структур магчымае толькі пры дэмакратычным ладзе і на дэмакратычным грунце. Інтэграцыя ў рамках Эўразьвязу гэтаму прыклад. Аўтарытарная ж дзяржава выкарыстоўвае інтэграцыю для здабыцьця дадатковых рэсурсаў для ўнутранага ўмацаваньня рэжыму.

 

Сыстэма апазыцыі

Выбары пакуль не прывялі да ўзбуйненьня беларускіх палітычных сілаў. Апазыцыя застаецца раздробленаю, а “самотныя палітыкі” па-ранейшаму маюць, прынамсі, ня меншую палітычную вагу, чым лідэры партый. Аднак узбуйненьне палітычных структур дэмакратычных сілаў Беларусі ўсё роўна адбудзецца ў агляднай будучыні, бо ў яго аснове ляжыць ня чыйсьці валюнтарызм, а аб’ектыўны мэханізм самарэгуляцыі палітычнага рынку. Нешта падобнае назіраецца ў эканоміцы: пасьля першаснага назапашваньня капіталу сярод мірыядаў дробных-драбнюсенькіх суб’ектаў гаспадараньня крышталізуюцца эканамічныя структуры большай вагі. Выйграе той, хто першы зразумее непазьбежнасьць узбуйненьня.

Новыя супэрпартыі маглі б узначаліць дэмакратычныя лідэры, якія сталі вядомыя грамадзтву дзякуючы сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі. Палітычную партыю, якая б выступала за сацыяльна арыентаваную рынкавую эканоміку, заваёўвала сымпатыі прамысловых работнікаў і службоўцаў дзяржаўнага апарату (“сацыял-дэмакратычную” ў эўрапейскай тэрміналёгіі), мог бы ачоліць фаварыт дэмсілаў Уладзімер Ганчарык або нехта зь ягонага выбарчага штабу (напрыклад, Валянціна Палевікова, якая мае досьвед партыйнага будаўніцтва). У сваю чаргу, Сямён Домаш мог бы стаць на чале партыі, якая б вызнавала кансэрватыўныя вартасьці і пры гэтым выступала за лібэралізацыю ўсіх сфэраў жыцьця нашага грамадзтва.

Рэарганізацыя палітычнага поля магла б вырашыць шэраг праблемаў, якія навісьлі над партыямі дэмакратычнай арыентацыі. Канец гэтага году можа азначыцца крызысам у БНФ, а таксама ў АГП.

 

У чаканьні культурнай рэвалюцыі

Выбары выразна давялі, што Лукашэнка мае найслабейшыя пазыцыі ня там, дзе меркаваны “расійскі дэмакратызуючы ўплыў” наймацнейшы, а там, дзе найлепш захаваліся беларуская культура і каталіцкі антыімпэрскі этас. Пра гэта сьведчаць зьвесткі маштабнага сацыялягічнага дасьледаваньня, праведзенага ў cярэдзіне лета на замову амэрыканскага International Republican Institute.

Падтрымка Лукашэнкі ў рэгіёнах

Найменш давяралі Лукашэнку на Гарадзеншчыне (40%). Мяркуючы па ўсім, роўна такі ж нізкі паказчык падтрымкі ён меў у заходніх — беларускамоўных і/або каталіцкіх — раёнах Меншчыны й Віцебшчыны. Найбольшым жа даверам ён цешыўся не на радзімай Магілёўшчыне (52%), а на патрыярхальнай Гомельшчыне і дээтнізаванай Берасьцейшчыне (67%). На Гомельшчыне, як вядома, дакапіталістычныя формы аграрнай вытворчасьці пратрымаліся найдаўжэй, а каталіцкі элемэнт, які распаўсюджваўся ў Беларусі з паўночнага захаду, найслабейшы. А на Берасьцейшчыне этнічна ўкраінскі элемэнт яшчэ да канца не ператварыўся ў беларускую нацыю, а пазыцыі праваслаўя выключна моцныя. Вось жа, Лукашэнка найбольш папулярны там, куды мадэрнізацыя, а зь ёй і беларуская нацыянальная ідэя прыйшлі найпазьней — пасьля другой сусьветнай вайны (тады як на Віленшчыну, Гарадзеншчыну, Меншчыну — яшчэ на зломе ХІХ і ХХ стагодзьдзяў). Цікава і тое, што Берасьце і Гомель на пачатку XX ст. былі проста павятовымі цэнтрамі Магілёўскай і Гарадзенскай губэрняў.

Дзяржаўная палітыка рэпрадукцыі крэолаў нясе выклік для людзей беларускай культуры. Уся гісторыя беларусаў у XX ст. збольшага зводзіцца да рэпрадукцыі нацыянальных элітаў як зарукі існаваньня нацыі. У сёньняшніх умовах нацыянальныя эліты нарэшце дабіліся патрэбнай самадастатковасьці, але нацыянальная энэргія ў выглядзе інфармацыйных, культурных, літаратурных і інш. ініцыятываў і праектаў па-ранейшаму скіраваная на іх рэпрадукцыю. Таму на парадку дня з надзвычайнай вастрынёй устае пытаньне пра стварэньне нацыянальнымі элітамі нацыянальных масаў. Безь іх умацаваньня беларускі нацыяналізм будзе захоўваць імідж кабінэтнага праекту.

Стварыць аўтарытэты, прызнаныя ўсім грамадзтвам, здольная культура. Прыгадваецца, што ў Польшчы часоў ваеннага стану падпольна выйшлі пару тысяч кніг. Вялікая колькасьць польскіх артыстаў, мастакоў, вядомых людзей байкатавала польскае тэлебачаньне, нават ягоныя культурныя праграмы. Стваралася альтэрнатыўная гуманістыка, шырыліся падпольныя пэрыёдыкі, ішла адукацыйная праца. Беларускі аўтарытарызм не разбурыць без аналягічнай арганічнае дзейнасьці. Духоўны падмурак будучых палітычных зьменаў мусіць закладацца ўжо сягоньня. Стратэгічнай мэтай дэмакратычных сілаў бачыцца ня толькі разбурэньне лукашэнкаўскага рэжыму — гэтае можа зрабіць і няўмольны час, але і забесьпячэньне незваротнасьці працэсаў дэмакратызацыі нашага грамадзтва. Апошняе немагчымае безь пераводу крэалізаванай грамады з расійскай культуры ў беларускую.

Пакуль жа пад незалежнасьцю будзе разумецца толькі палітычны сувэрэнітэт без эканамічнай і культурнай незалежнасьці, Беларусь застанецца ў цяперашнім паўвасальным стане. Між тым гістарычная сытуацыя і геапалітычны расклад сілаў даюць шанец на тое, каб трэція прэзыдэнцкія выбары сталіся выбарамі першага прэзыдэнта беларусаў, а не крэолаў.

 

Гэта ўрывак з артыкулу, які зьявіцца цалкам у часопісе “ARCHE-Скарына”, №4 (у продажы з 20 верасьня).

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0