Пацярпелыя за Беларусь

1 верасьня ў Наваполацку была затрыманая Маргарыта Тамілава – за тое, што ішла па вуліцы з накінутым на плечы бел-чырвона-белым сьцягам. У Берасьцi мiлiцыянты зьбiлi Сяргея Вакуленку за перадвыбарную агiтацыю. У Рэчыцы затрымалі Натальлю Брэль і пасадзілі ў СІЗА. Яе кватэру, а таксама кватэры Зьмітра Цярэнцьева і Крысьціны Барбакадзэ ператрэсьлі. 2 верасьня ў Ашмяне затрымалі школьніка Сяргея Канеўку. 3 верасьня ў Слуцку за распаўсюд спэцвыпуску “Нашай Свабоды” затрымалі “зуброўца” Андрэя Акулава. У Магілёве за тое самае затрымалі Алену Лазараву, а ў Салігорску – “зуброўцаў” Валер’я Серафімовіча, Аляксандра Макарэвіча, Сяргея Панцяйкова, Глеба Бухаўца, Кірылу Рабыкіна ды Валянціна Бесмана. У Менску затрымалі Івана Саевіча, на якім была майка з выявай “Пагоні” й надпісам “Жыве Беларусь!”. У Баранавічах затрымалі сябра КХП-БНФ Яўгена Даўгіловіча, які заклікаў галасаваць супраць усіх. У Менску спрабавалі затрымаць актывістку КХП-БНФ Сьвятлану Захарэвіч, якая распаўсюджвала перадвыбарныя матэрыялы. Міліцыю выклікалі агітатары з лукашэнкаўскага штабу. За распаўсюд спэцвыпуску газэты “Народная Воля” затрыманы Павал Знавец, дэпутат Вярхоўнага Савету. У Пінску 5 верасьня затрымалі Алеся Васільева, які распаўсюджваў спэцвыпуск “Народнай Волі”. У Чэрыкаве была затрыманая Людміла Раманенка, што агітавала за Ўладзімера Ганчарыка. 6 верасьня ў будынку КДБ быў затрыманы Павал Севярынец, якога выклікалі туды ў якасьці сьведкі ў справе выбуху на тэрыторыі расейскай амбасады. 6 жніўня ў Шклове кватэру актывіста апазыцыйнага руху сп.Шчарбака ператрэсьлі. У Бабруйску затрымалі Ірыну Качан, Тацяну Машкоўскую і Вадзіма Лісоўскага, якія агітавалі за Ганчарыка. У Віцебску затрымалі Аксану Філімонаву. У Чэрвені на выбарчым участку затрымалі каардынатара “Незалежнага Назіраньня” Генадзя Матусевіча. Яго абшукалі, дапыталі, сканфіскавалі зварот да супрацоўнікаў МУС і адпусьцілі. У Менску затрымалі каардынатара “Незалежнага Назіраньня” па Савецкім раёне Аляксандра Галіча за тое, што назваў старшыню выбарчай камісіі “нягоднікам”. На яго склалі пратакол за дробнае хуліганства і зьмясьцілі ў прыёмнік-разьмеркавальнік.

 

Бабруйск у надзейных руках

У мінулы панядзелак у каледж, дзе навучаецца былы старшыня Бабруйскай суполкі Маладога Фронту Валеры Мацкевіч, патэлефанавалі з гарвыканкаму і загадалі разабрацца зь ім — ён, маўляў, пісаў у горадзе “Забі прэзыдэнта!”. Аднак, такіх надпісаў у Бабруйску не было й няма, дый Валеры адышоў ад дзейнасьці яшчэ ў траўні. У чацьвер, 6 верасьня, невядомы падпалкоўнік міліцыі абзвоньваў бацькоў маладзёнаў, што калісьці “сьвяціліся” на масавых акцыях у Менску ці ў Бабруйску, і прымушаў іх гарантаваць знаходжаньне дзяцей 9 і 10 верасьня ў родным горадзе.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0