КУЛЬТУРА
Сэзонныя заўвагі
Раней адкрыцьцё сэзону ў Філярмоніі традыцыйна прымяркоўвалася да 1 кастрычніка — Міжнароднага дня музыкі. Опэра таксама адчыняла свае дзьверы пры канцы верасьня. Сёлета адкрыцьцё сэзону адбывалася напярэдадні выбараў, таму людзі слухалі музыку з асаблівым хваляваньнем і асаблівым пачуцьцём еднасьці, якое не патрабуе словаў.
Опэрны сэзон распачаўся 6 верасьня спэктаклем “Князь Ігар” з удзелам Тацяны Кнутовіч і Васіля Кавальчука. Да таго ж, гэта быў бэнэфіс народнага артыста СССР Аркадзя Саўчанкі.
А чарговая прэзэнтацыя “Легендаў Вялікага Княства”, што адбылася 7 верасьня ў Доме вэтэранаў, ператварылася ў сапраўдны перадвыбарчы мітынг і адначасова — у сьвяткаваньне 487-х угодкаў перамогі пад Воршай. Галоўным колерам гэтай прэзэнтацыі быў, вядома ж, памаранчавы, галоўным сымбалем — узыходзячае сонца, галоўнай гераіняй — Арына Вячорка. Акторы тэатру Мазынскага, апранутыя ў рыцарскія строі, чыталі патрыятычныя вершы і ўрыўкі з Статуту ВКЛ. Заля была поўная. Аднак якасьць музыкі крыху расчаравала. Жывое гучаньне па-здрадніцку выявіла хібы, якіх на дыску не чуваць. Суцешыў “Стары Ольса” і дасканалае мужчынскае трыё — Андрэй Латушкiн, Раман Лiхашапка ды Павал Сiлiвoнчык.
Сапраўдную ж беларускую аўтэнтыку можна было пачуць на юбілейным канцэрце “Ліцьвінаў”, што адбыўся 5 верасьня ў Палацы культуры Менскага трактарнага заводу. На жаль, заля была напалову пустая. Варта прыгадаць, што за дзесяць год свайго існаваньня “Ліцьвіны” далі толькі чатыры канцэрты ў беларускай сталіцы: у сакавіку 91-га яны выступілі ў Нацыянальнай бібліятэцы, наступны канцэрт адбыўся ў 96-м, потым у 2000-м… Каб паслухаць “Ліцьвінаў”, трэба ехаць у Польшчу.
А паслухаць іх варта. Амаль усе песьні ў вялізным рэпэртуары “Ліцьвінаў” (тры з паловай гадзіны чыстага гучаньня!) узятыя проста з народнай стыхіі ды засьпяваныя з ідэальным майстэрствам ды пачуцьцём стылю. Перад слухачом разгортваецца дзівосная панарама беларускіх песенных скарбаў — песьні і мэлёдыі Хойніцкага, Лідзкага, Слуцкага, Вялейскага, Маладэчанскага, Пастаўскага, Смургонскага раёнаў, сабраныя пераважна Ўладзімерам Бярберавым ды Натальляй Матыліцкай. Інструмэнты ў “Ліцьвінаў” таксама аўтэнтычныя — гармонік зь Вялейшчыны, цымбалы з Маладачаншчыны, дудка з-пад Лунінца…
Тымчасам у Філярмоніі гучалі зусім іншыя песьні. 7 верасьня новапрызначаны мастацкі кіраўнік ды галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сымфанічнага аркестру Беларусі Аляксандар Анісімаў прэзэнтаваў вельмі амбітную канцэртную праграму, якая ўключала ў сябе Сорак першую сымфонію В.А.Моцарта (“Юпітэр”), Клясычную сымфонію С.Пракоф’ева, Другую сюіту з балету “Дафніс і Хлоя” М.Равэля, а таксама “Траецкія фрэскі” беларускай кампазытаркі Г.Гарэлавай. Усе нумары былі старанна падрыхтаваныя, хоць, прыкладам, Моцарт быў занадта “слушны”, бюргерскі, урачыста-цяжкаважны, бяз кроплі іроніі й пачуцьцёвасьці. А ў выкананьні пракоф’еўскай сымфоніі не ставала імклівасьці — можа, зь віны музыкаў, якім сапраўдны тэмп быў не па зубах. Затое пацешылі маладыя трубачы, студэнты Акадэміі музыкі й ляўрэаты міжнародных конкурсаў Зьміцер Макарэвіч і Яўген Лятэ, якія выконвалі сола ў творы Гарэлавай.
Маэстра Анісімава прызначылі на пасаду галоўнага дырыжора нашага Сымфанічнага толькі пасьля таго, як ён афіцыйна абвясьціў аб скасаваньні свайго кантракту з Нацыянальным сымфанічным аркестрам Ірляндыі. Што праўда, на сайце Анісімава (http://www.alexanderanissimov.com), няма анігадкі пра “развод” з ірляндцамі. Затое ёсьць каляндар на наступны сэзон. У ім значацца ўсяго тры выступы зь Дзяржаўным акадэмічным сымфанічным аркестрам Беларусі: 7 верасьня, 23 лістапада (сучасная музыка для бубнаў, творы Бартака) і 21 сьнежня (Глазуноў, Бэтховэн). У першай палове 2002 г. аніякіх канцэртаў Анісімава ў Менску ўвогуле не прадбачыцца. У Беларускай опэры ён зьбіраўся дырыжыраваць усяго 4 спэктаклі: 6 верасьня — “Князь Ігар”, 15 верасьня — “Лэдзі Макбэт Мцэнскага павету”, 23 лістапада — “Трубадур”, 13 лютага 2002 г. — “Травіята”. Аніводнай новай пастаноўкі! Варта параўнаць гэты графік з абавязкамі Джымі Лявайна, галоўнага дырыжора нью-ёрскай “Мэтраполітан-опэра” і Мюнхенскага філярманічнага аркестру, які штогод кіруе 90 спэктаклямі ў Нью-Ёрку і 25 канцэртамі ў Мюнхене… Што зробіш, калі беларуская дзяржава ня можа плаціць сваім дырыжорам?
Юлія Андрэева
Немаўляцкi рок
Мінулымі выходнымі ў Маладэчне прайшоў фэстываль маладых гуртоў “Рок-немаўля”, арганiзаваны мясцовай Радай ТБМ. Год таму гэты фэст быў прысьвечаны дзецям-iнвалiдам, i ўсе грошы за квiткі былi ахвяраваныя iм. Сёлета ён праходзіў пад знакам вожыка-сонейка і прысьвячаўся выбарам.
Фэст ладзіўся ў Палацы культуры чыгуначнiкаў пры невялiкай колькасьцi гледачоў. Астатняя моладзь была на футболе (на мясцовым стадыёне гуляў “Мэталюрг” узору 1991 г. i сёньняшняя гарадзкая каманда).
Наўрад цi арганiзатары ладзiлi нейкi жорсткi адбор гуртоў, таму пачуць давялося рознае: “мэталiсты” з Dead Marsh гралі бяз бас-гiтары (што праўда, на такiм гуку гэта заўважыць было цяжкавата), а менская каманда з сымбалiчнай назвай “Агонiя” ня ведала, куды ўвогуле падключыць гiтару.
Чым цяжэйшая была музыка, тым лепш прымалi гледачы. (Гурт “Буркiна-Фасо” зайграў нават уцяжараны кавэр “Калыханкi”, штопраўда, без вакалу Я.Паплаўскай.) Тэкстам даўно не надаюць вялiкай увагi, i, сьпявай ты хоць “Авэ Марыя” — на гэта будзе ўсiм напляваць. Лепш дайце драйву!
Таму маладыя гурты былі падобныя ў сваім імкненьні “парваць” залю музыкай... Калі б ня госьці — “Новае Неба” Postscriptum ды Ulis — фэстываль “загнуўся” б. Кася Камоцкая выканала старыя гiты, якiя маладэчанцы слухалi з задавальненьнем. “P.S.” адыграў шэсьць песьняў. На песьні “Вольныя танцы” ў Марголiна “адмовiла” гiтара, але дзе там хто заўважыць. Слава Корань доўга марудзiўся з гукам, але “авалодаць” такiм апаратам было немагчыма, таму добрыя песьнi Ulis’у “крыху рэзалi вуха. Закрылi фэст мясцовыя прафэсiяналы Green Snake “цяжкiм i вясёлым рок-н-ролам”.
Тым усе i скончылася. Засталося колькi зламаных крэслаў, пустыя бутэлькi ды налепкi “Выбiрай” па ўсім Маладэчне.
Сяргей Будкiн
Случай
у “Навінках”
Учора а 18-й у рэдакцыі газэты “Навінкі” адбылася неафіцыйная прэзэнтацыя зьнятага навінкаўцамі ж фільму “Случай з пацаном”.
Больш за тыдзень таму контракультурнікі спрабавалі арганізаваць ці не пампэзную прэзэнтацыю ў рэстарацыі “Alcatraz”, дзе паказалі замест гатовага прадукту шэраг абы-як змантаваных фрагмэнтаў працягласьцю ў 15 хвілінаў, што пры няякасным гуку выглядала жудасна: маскоўскія спэцы, якія здымалі стужку на замову “Навінак”, да прызначанага дня не пасьпелі зрабіць канчатковы варыянт.
Гэтым жа разам “Случай” паказалі цалкам. Сюжэт 50-хвіліннай стужкі наступны: звычайны менскі гопнік Юра, які цягам цэлага фільму задарма рэклямуе піва “Аліварыя”, вырашае знайсьці сабе працу. Сустракаецца са сваім былым аднаклясьнікам, што працуе на спэцслужбы, а пасьля выпадкова трапляе на офіс маладзёвай апазыцыйнай арганізацыі “Бобр”, скрадае там мабільнік і... Карацей, заўсёдны “навінкаўскі” сьцёб у кіношным фармаце. Фільм аздоблены мульцяшкамі, мова герояў — расейская, “баброўская” — у перакладзе.
Мяркуецца, што відэа будзе растыражаванае тысячным накладам, касэта каштавацьме пад 3000 рублёў.
Акрамя таго, “Навінкі” рыхтуюцца да выданьня новага дадатку — беларускамоўнага дайджэсту францускага аналітычнага Le Monde Diplomatique. Дадатак будзе чаргавацца з “Чорнымі Навінкамі” і звацца будзе, мабыць, “Навінкамі дыпляматычнымі”.
А.Уцюговіч
Біскуп Матулевіч і беларускі адраджэнскі рух
Валеры Пазьнякоў у сваёй рэцэнзіі на маю працу “Друя і Грэка-Каталіцкая Царква на Беларусі” (“НН” ад 6 жніўня) аспрэчвае маё цьверджаньне, што Юры Матулевіч упершыню сутыкнуўся зь беларускім адраджэнскім рухам у канцы 1918 г., г.зн. пасьля таго, як заняў Віленскі біскупскі пасад.
Пытаньне гэтае ня мае сутнага значэньня для галоўнай тэмы маёй працы, але я ўдзячны сп.Пазьнякову за нагоду прыгледзецца больш дэталёва да поглядаў Матулевіча на нацыянальныя і палітычныя праблемы. Вось што ён пісаў у сваім дзёньніку, будучы ў Рыме 24 лістапада 1911 г.: “На магіле сьв.Апостала (Пятра – А.Н.) я склаў прысягу, што буду старацца з усёй моцы..., каб ні я, ані сябры нашага Закону (Марыянаў – А.Н.), ані сам Закон не служыў ніякім пабочным мэтам, палітычным, нацыянальным ці іншым, а толькі Богу, Царкве і збаўленьню душаў...”.
14 гадоў пазьней, як Віленскі біскуп, 5 ліпеня 1925 г. ён пісаў Лаўрэну Ляуры, нунцыю ў Польшчы: “Ня справа Каталіцкай Царквы... устрымліваць ці прыціскаць рухі нацыянальныя ці народныя, але хутчэй асьвячаць іх і, наколькі магчыма, накіроўваць для збаўленьня душаў”.
Такім чынам, для Матулевіча пастырскія меркаваньні – слава Божая, дабро Царквы і збаўленьне душаў — былі найвышэйшым законам. Нацыянальныя і палітычныя пытаньні яго цікавілі толькі ў дачыненьні да пастырскай дзейнасьці.
Нацыянальна-сьвядомы літовец, Матулевіч правёў большую частку жыцьця ў Польшчы (Кельцы, Варшава), дзе цешыўся ўсіхнай павагаю як пабожны і ахвярны сьвятар, адукаваны і сьціплы чалавек, дасьведчаны духоўны кіраўнік. Ягонае літоўскае паходжаньне ў нацыянальна-аднародным польскім асяродзьдзі не было перашкодаю.
У Вільні Матулевіч апынуўся ў цяжкім становішчы. Ён знайшоў там напружаную палітычную сытуацыю, выкліканую супрацьстаяньнем літоўскіх і польскіх нацыянальных інтарэсаў. У сваёй прамове 8 сьнежня 1918 г. пры ўступленьні на біскупскі пасад ён сказаў: “Сьледам за Хрыстом буду старацца абняць усіх вас, быць усім для ўсіх... Жадаю быць для вас толькі бацькам і пастырам, пераймальнікам Хрыста. Полем маёй дзейнасьці ёсьць Валадарства Хрыстовае...”. На практыцы выканаць гэтыя прыгожыя намеры было вельмі цяжка. Літоўцы, напэўна, чакалі ад “свайго” біскупа больш, чым ён мог ім даць. Палякі, з свайго боку, ставіліся да Матулевіча з падазрэньнем і ўспрымалі кожную ягоную, нават найменшую спробу задаволіць справядлівыя дамаганьні літоўцаў як акт, варожы да Польшчы. Аднак найбольшае іхняе абурэньне выклікала стаўленьне новага біскупа да беларусаў. Матулевічу не заняло шмат часу, каб пераканацца, што большая частка ягонай паствы – не палякі ці літоўцы, а беларусы, якія знаходзіліся ў бяспраўным становішчы. Згодна з польскай канцэпцыяй “нацыянальна-аднароднай дзяржавы”, яны былі асуджаныя на асыміляцыю. Важная роля ў працэсе асыміляцыі адводзілася Каталіцкай Царкве, якая, як выказаўся ў 1923 г. дэлегат польскага ўраду для Віленшчыны Валеры Роман, была адным з найбольш магутных чыньнікаў “здабываньня для польскасьці масаў “тутэйшага” каталіцкага насельніцтва зь яшчэ нявызначаным нацыянальным пачуцьцём”. Большасьць польскіх каталіцкіх сьвятароў падтрымлівалі такую палітыку свайго ўраду. Матулевіч, аднак, ня мог дазволіць, каб Царкву выкарыстоўвалі для палітычных мэтаў. Канфрантацыя была непазьбежная. Ягоныя сьціплыя намаганьні задаволіць духоўныя патрэбы беларусаў выклікалі абвінавачваньні ў падтрымцы “беларускага шавінізму”. Польскія сьвятары высылалі лісты ў Ватыкан з просьбай забраць Матулевіча зь Вільні. Нават празь пяць гадоў пасьля ягонага адыходу – і праз тры гады пасьля сьмерці – рэктар Віленскай духоўнай сэмінарыі Ян Ушыла ў гутарцы з а.Антонам Зянкевічам сказаў: “Біскуп Матулевіч быў страшны не сваёй літоўскасьцю, а прапагандаю беларускасьці” (ліст Зянкевіча да Ўл.Талочкі ад 22.5.1930. Захоўваецца ў архіве Бібліятэкі Ф.Скарыны ў Лёндане).
Ці быў знаёмы Матулевіч зь беларускім адраджэнскім рухам да 1918 г.? Цяжка сказаць, але найхутчэй не, бо ён не сутыкаўся зь ім у сваёй сьвятарскай дзейнасьці. Гэта ня значыць, што сярод ягоных знаёмых не было беларусаў. У 1907 г., калі Матулевіч быў прызначаны прафэсарам сацыялёгіі ў Каталіцкай Духоўнай Акадэміі ў Пецярбургу, лектарам грэцкай мовы (“катэдры старажытных моваў”, пра якую згадвае Валеры Пазьнякоў, у Акадэміі не было) быў там Браніслаў Эпімах-Шыпіла, а Фабіян Абрантовіч – студэнтам ІІ курсу. Матулевіч таксама выкладаў сацыялёгію ў Магілёўскай духоўнай сэмінарыі (яна знаходзілася ў Пецярбургу), дзе тады вучыўся Аляксандар Астрамовіч, лепш вядомы як паэта Андрэй Зязюля.
Матулевіч пакінуў Пецярбург улетку 1911 г., а ўвосень у Акадэмію прыйшлі два беларускія студэнты, Павал Пякарскі і Люцыян Хвецька. У наступныя гады да іх далучыліся Вінцэнт Гадлеўскі, Андрэй Цікота, Адам Станкевіч, Віктар Шутовіч, Міхал Пятроўскі, Антон Неманцэвіч і іншыя. Ад 1912 г. там працаваў гурток беларускіх студэнтаў-багасловаў. У 1913 г. прафэсарам кананічнага права стаў беларус а.Язэп Белагаловы. У 1914 г. (а не ў 1912) вярнуўся зь Лёвэну (Бэльгія) а.Фабіян Абрантовіч і быў прызначаны прафэсарам у сэмінарыі. Усё гэта, аднак, адбывалася, калі Матулевіча ўжо не было там. З многімі беларускімі выпускнікамі Акадэміі ён сустрэўся і пазнаёміўся ў Вільні ў 1919 г. і пазьней.
Сярод выдатных царкоўных дзеячоў біскуп Матулевіч быў адным зь першых, хто зразумеў беларусаў і стараўся ім дапамагчы. Няшмат удалося яму зрабіць, але беларусы маюць усе падставы, каб успамінаць з удзячнасьцю гэтага добрага, разумнага і сапраўды Божага чалавека і сьвятара.
а.Аляксандар Надсан, Лёндан
Апагей нянавiсьцi
У “НН” ад 27 жніўня ў рубрыцы “Беларусь праз 100 гадоў” у артыкуле “The United States of Leetwa” Уладзь Баранiч адкрыў на публiку сваю слабазамаскаваную нянавiсьць да нашай зямлi й нашага народу. Калi раней у гэтай рубрыцы дзялiлi Расею памiж Кiтаем i мусульманамi, а на Радзiме ўсталёўвалi рай з кампутарамi, “экалёгiяй” ды пад патранажам “цывiлiзаванага сьвету”, дык у Баранiча найвялiкшаю ахвярай сусьветных катаклiзмаў станецца Паўночная Амэрыка. Аднак амэрыканскiя белыя хрысьцiяне й жыды, гнаныя з аскепкаў Амэрыкi чорнымi мусульманамi, знойдуць новую зямлю абяцаную ...у Злучаных Штатах Лiтвы (тэрыторыя былога ВКЛ). Паводле аўтара, жыць на сваёй зямлi пасьля прыйсьця амэрыканцаў застануцца далёка ня ўсе абарыгены. Праваслаўным i расейска-(трасянка)моўным наканаваны лёс уцекачоў на смаленска-саратаўскую “Беларусь”. Сьвядома-выкшталцоная рэшта застанецца выконваць ролю ўдзячных iндзейцаў. Зрэшты, пра тую рэшту ў “творы” не сказана анi слоўца. Яно й правiльна, якi сэнс аб iндзейцах узгадваць? Падараваць iм шкляныя пацеркi, сфатаграфавацца на тле вiгвамаў – ня болей.
Горай за ўсё ў гэткiх мроях тое, што, трэба думаць, тусуецца Ўладзь, “патрыёцтвуе” пацiху, удае зь сябе крутога нацыяналiста (пэўна шчэ й лiцьвiнскага), а ў душы – адно зайздрасьць да штатаўскага жыцьця.
Ваш Уважлiвы чытач
Удакладненьне
Верш Трафімчука, а не Псэўдоніма
У “НН” №36 ад 3 жніўня, у рубрыцы “Нацыя паэтаў” быў надрукаваны верш “Мала вар’яцтва ў нашай паэзіі” пад памылкова пазначаным аўтарствам Віталя Псэўдоніма. Насамрэч верш напісаў Анатоль Трафімчук. Рэдакцыя просіць прабачэньня ў чытачоў і ў абодвух паэтаў.