АПОШНЯЯ СТАРОНКА

 

Водгук-жарт

Ад Лысага, но не таго, на каго вы падумалі

Вашы публікацыі – ціпічны прымер разнузданасьці прадажнай негасударсьцьвеннай прэсы, у каторай выступает всячаскае атрэб’е ад Прафэсара да Гаўна ўключыцельна. Устамі некаега Шніпа, па каторам даўно плачэт і пішчыт Пішчалаўскі замак, вы шальмуеце парадачнага Граждана, а у яго ліцэ – мой самы мудры на планеце народ. Он пішат пра какой-та банкет зь півам, каторага не было і, чэсна сказаўшы, палажа руку, і быць не магло, патаму што дзела было как раз у Дзень Ваздушна-дзясантных войск, каторый был аб’яўлен дзякрэтам яшчо і Днём барбы с алкагалізмам на праізводзтве і ў быту.

Тысячу раз праў тав.Граждан, і я расцэніваю эта как голас маево народа сьнізу, кагда он, гавара пра “картафэлькі”, неліцэпрыятна крыцікавал цем самым правіцельства за апазданіе з аб’яўленіем бітвы за уражай на картофельнай ніве, гдзе, кстаці, сягодня как раз і места вашаму Студзенту, падвізаюшчэмуся на вашай ушчэрбнай “Ніве” – прасьціце мне этат каламбур. Ведзь, чэсна гавара, не будзет картофеля – не будзет і дранікаў ні пад трох, ні пад чатырох буслоў.

Што касаецца “ляндрынак”, то і тут тав.Граждан адназначна і беспаваротна праў, і, зная уманастраенія маево народа, чэсна скажу – пара, пара нам даць прастытуткам і прыгрэтым вашай жоўтай газяцёнкай “зайг зундам” самы рашыцельны бой! Да здрастует саюз трох брацкіх народаў!

Навекі ўмесьце!

 

Дарагі Віця!

(Зьвяртаюся так, бо ўжо як чалавек незлапомны, статэчны і шчадзяшчы, я дараваў Вам палітычныя вышпігі і канфідэнцыі супроць мяне ў “Сабачых гісторыях”.) Я зьвяртаюся да Вас як да лектара Літаратурнага сэмінару “Варштаты”, бо грэшным дзелам (шучу, шучу!), і я папісваю сьцішата, а Вы кампэтэнтна, ветліва і культурна даяце адлуп розным там графаманам. Пра літаратурныя вартасьці маіх сьціхоў можаце не распрастраняцца, іх я й бяз Вас ведаю, бо за савецкім часам я шырока друкаваўся і нават зьбіраўся выставіцца на Нобля, каб ня тая перастройка – каб на яе паморак дзе які, каб на яе!.. Парайце толькі, у які элітарны і ўліяцельны орган мне свае творы даслаць: у “Советскую Белоруссію”, “Звязду”, “Рэспубліку”, БТ, у ПЭНІС-клюб ці яшчэ куды?

Але к дзелу. Пасылаю вам на роздум адну сваю вяшчыцу – вострую двухрадковую палітычную сатыру. Як што яно да ўсіх алюзій і намёкаў Вам усё роўна не дапяць, таму толькі нашчот формы: гэта элегічны дзісьціх, натуральна, у старагрэцкім стылі, бо тады ў такім памеры якраз і пісалі элегіі, эпіграмы і некаторыя віды эпасу. Першы радок – гэта гэкзамэтар, а другі – пэнтамэтар, бо ён з водступам.

Гоп, Міколка! Гоп, Марыська! –

Пацалуй у сраку Лыска!

Разумею: спадзявацца на Вашу поўную аб’ектыўнасьць – гэта як супроць ветру (прабачце за канцылярызм!) адпраўляць малую надабнасьць, бо я ў творчасьці трымаюся курсу сацыялістычнага рэалізму, тым часам як Ваша газяцёнка – чортведама чаго! Але чым чорт ня шуціт – можа, і ўскромлю Ваша сэрца.

Увесь з вантробамі і тэльбухамі Ваш,

Граждан

Ары вядзерчы, Рома!

(P.S.: па-італьянску разьвітваюся).


Па Вашых пісьмах

сьвяточны фэльетон

Добры дзень, паважаныя радыёслухачы! Пачынаем сьвяточную музычную праграму “Па вашых пісьмах”, прысьвечаную выбарам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Цеснымі згуртаванымі шэрагамі ідзе беларускі народ на выбарчыя ўчасткі, каб падтрымаць нашага адзінага рэальнага кандыдата, ягоны ўнутрана- і зьнешнепалітычны курс, накіраваны на ўмацаваньне абароназдольнасьці краіны й дабрабыту народу. Вось ужо сем год наш нязьменны стырнавы вядзе Беларусь да недасяжных вышыняў эканомікі, натхняе на працоўныя і духоўныя подзьвігі.

А зараз будзе прамое ўключэньне з выбарчага ўчастку №6900. “Добры дзень, Менск! Зараз дзьве гадзіны дня. Як паказаў папярэдні прагляд урнаў для галасаваньня, па нашай акрузе Лукашэнка набірае 97% галасоў. Народ проста валам валіць на выбарчы ўчастак. У вачах людзей сьвеціцца падзяка. “Кожны вечар глядзім, як прэзыдэнт кіруе краінай праз праграму “Панарама”, — кажуць людзі. — Канспэктуем сэлектарныя нарады. Хочам падзякаваць, што ў касавіцу дажджу не было, перадаць прывет і песьню Алы Пугачовай”. Штопраўда, падкупленыя Захадам незалежныя назіральнікі кажуць, што…” Дзякуй, Дзімачка! Нашыя радыёслухачы таксама ўсебакова падтрымліваюць Аляксандра Рыгоравіча.

Вось што піша нам заслужаны вартаўнік Рэспублікі Беларусі Вісарыён Гапіевіч: “Таварышы! Мне 94 гады, 4 зь якіх я правёў на школьнай скам’і. Я ўсё жыцьцё адпрацаваў вартаўніком у розных перавыхаваўчых установах Крайняй Поўначы і на найбуйнейшых будоўлях сацыялізму. І я выступаю супраць паглыбленьня тэндэнцыяў глябалізацыі на эўрапейскім кантынэнце і зьвязанага зь ім пашырэньня NATO на ўсход, у сувязі з чым прапаную пераназваць вёску Пазьнякі Аляхновіцкага сельсавету ў Едзіненіе, а Домашы Ляхавіцкага раёну — у Саюз”. Дзякуй Вам, Вісарыён Гапіевіч! Для Вас гучыць песьня пяўца Малініна “Белы конь”…

А мы, між тым, маем званок у рэдакцыю. Алё! “Алё! Здрастуйця! Я ж на дасрочныя тыя не хадзіла, баялася, каб на Ганчарыка мой голас не перапісалі, а сёньня пакуль выбралася, дык мне скрынку дахаты прывезьлі. Кажуць — галасуй, цётка, за каго хочаш, а крыжык стаў во тут! Я прагаласавала, дый пытаюся: а ці можна шчэ раз, каб ужо напэўна было? Чаму не — кажуць — можна. Такія ўжо добрыя хлопчыкі трапіліся. А на выбары я ўсё адно пайшла — аўталаўка ж прыехала, хлеб, віно дзешавое — будзе чым трактарыстам плаціць, калі камбайну старшыня ня…” Дзякуй, дзякуй, наш час у эфіры падыходзіць да заканчэньня!

Хлеб! І ўсё дзякуючы яму! Ён бароніць нас ад NATO! Ён вядзе нас у братнія абдымкі Расеі! Ён беражэ мір! Ён зрабіў нас шчасьлівымі! Ён стварыў неба і зямлю! Ён!!!

Сяргей Мікулевіч, Будслаў


Паштовая скрынка

Сяргею Б. зь Менску. Сьвятлана Курс разглядае паводзіны “ультранацыяналіста” з сайту www.dereh.com ня так, як Вы. А думаць па-іншаму — ня тое самае, што памыляцца. Дый “зуброў” мы зь іншымі патрыятычнымі арганізацыямі ня сварым. Мы зь імі папросту ня згодныя.

Віталю С. зь Менску. Цікава было б, каб Вы напісалі для “Беларусі праз 100 гадоў”, якой будзе беларуская фартэпіянная школа праз стагодзьдзе. Якой Акадэмія музыкі? Якія цяперашнія будынкі ў Менску і іншых гарадах будуць выкарыстоўвацца як канцэртныя залі?

Яўгену з Тут.Баю. Моўныя заўвагі, якія Вы коратка натуеце, патрабуюць больш дэталёвага разгляду і шырэйшага абмеркаваньня. Напішэце падрабязьней. Агульны ж адказ: мова мусіць быць найперш натуральнаю і яснаю.

Лініку Б. з Кобрыня. Вельмі густа пішаце. Цяжка разьбіраць.

Валер’ю Г. зь Менску. Мы ў Вашых судовых нягодах напэўна не дапаможам. А вось праваабарончыя цэнтры “Вясна” (тэл. 231-08-44) і Беларускі Хельсынскі Камітэт (тэл. 222-48-00) здольныя і маюць дзеля гэтага адвакатаў.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0