З усёй краіны

 

Навіны за тыдзень

Чыгіра мучаць

За тры дні пасьля выбараў аднавілася сьледзтва па справе Міхаіла Чыгіра, якога вінавацяць у крадзяжы мільёна даляраў і атрыманьні хабару. Хочуць даціснуць палітыка, каб ён уцёк з краіны, хоць бы ў Нямеччыну, дзе атабарыўся ягоны старэйшы сын.

 

Італійскія шпіёны

Бізнэсоўца, грамадзяніна Італіі Анджэла Антонія Піу арыштавалі шчэ ў красавіку, але засудзілі толькі на мінулым тыдні. Быццам бы ён здабываў зьвесткі вайсковага характару. Суд даў яму 4 з паловай гады турмы. Разам з 50-гадовым італійцам па абвінавачаньні ў здрадзе радзіме судзілі 26-гадовую беларуску Ірыну Вушак. Яна атрымала 4 гады турмы. Абое падалі Лукашэнку просьбу памілаваць.

 

Сініца ў руках

Звольненая з пасады кіраўнічка падатковае інспэкцыі Першамайскага раёну Віцебску Людміла Сініца. Яшчэ калі кабета была кандыдаткай у палату прадстаўнікоў, багата каму кінулася ў вочы, што ейныя агітацыйныя матэрыялы задарагія як на адпушчаныя пад выбары сродкі. Быццам бы, грошы на ўлёткі яна здабывала, змушаючы прадпрыемствы пераводзіць сродкі на рахунак аб’яднаньня расейскіх літаратараў Полоцкая ветвь.

 

Пеўчае Поле ў Магілёве

Магілёўскі аблвыканкам вырашыў пабудаваць у Пячэрскім лесапарку Пеўчае Поле. Згодна з папярэднім праектам, гэта будзе амфітэатар на 14 тыс. гледачоў. Крыніцы фінансаваньня праекту яшчэ ня вызначаныя, аднак вядомы яго прыблізны кошт — мільён даляраў. Асаблівую пікантнасьць задуме надае той нюанс, што Пячэрск для Магілёва — што Навінкі для Менску.

 

Падаражэлі дызпаліва і таксі

Цяпер ад 6-й да 22-й гадзіны за пасадку і кожны кілямэтар шляху на таксоўцы трэ будзе плаціць 310 рублёў (было 295), а ўначы — 465 руб. (было 440). З 14 верасьня падвышаюцца кошты і на салярку. Цяпер літар яе на АЗС канцэрну “Белнафтахім” будзе каштаваць 440 руб.

 

Лодка не прыдалася

Берасьцейскія памежнікі затрымалі 23 аўганцаў, якія спрабавалі цішком перайсьці ў Польшчу. У рэжымную зону да в.Агароднікі Камянецкага раёну аўганцы прыехалі мікрааўтобусам, падрыхтаваўшы ўсё неабходнае, у тым ліку гумовы човен, каб плысьці цераз Буг. Тут іх і прылавілі. Зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар, а пасьля выслалі за межы краіны.

Паводле БелаПАН

 

Музэй чыгункі

У Баранавічах адчыніўся музэй беларускае чыгункі. Сярод экспанатаў — зьменшаная ўдвая копія паравозу, які распачаў рух паміж Менскам і Берасьцем у 1871 г. Менавіта той цягнік адлюстраваны на сёньняшнім гербе Баранавічаў.

Б.Т.

Пасьвячэньне ў бульбашы

Штогод пры канцы верасьня негарадзкія школьнікі праходзяць узаконены Міністэрствам адукацыі абрад ініцыяцыі, замаскаваны пад капаньне бульбы. Узамен за дзіцячую працу калгас дзеліцца з школай той самай бульбай і буракамі, дае камбайн, каб настаўнікі маглі пажаць сваё жыта. Раней яшчэ вазіў дзяцей узімку ў цырк на сваім аўтобусе. Цяпер ня мае больш ні аўтобусаў, ні бэнзыну.

“На бульбе” дзеці спасьцігаюць суровую праўду жыцьця: знаёмяцца зь людзьмі працы, удасканальваюцца фізычна й маральна, вучацца шанаваць прыроду роднага краю, супрацьстаяць неспрыяльным умовам надвор’я — у часе традыцыйнай восеньскай залевы хаваюцца ў лесе, папальваючы першыя цыгаркі з моху й кляновага лісьця… А галоўнае, зарабляюць грошы па капіталістычным прынцыпе “колькі зрабіў, столькі й атрымаў”. Што не замінае ім “хадзіць у партызаны”, сабатуючы тым самым працэс копкі.

Каб гарадзкія дзеці не мінулі пасьвячэньня ў беларусы, раней на бульбу вывозілі таксама студэнтаў ВНУ і навучэнцаў тэхнікумаў. Цяпер гэтая практыка занядбаная. Таму і не дасягнем ніяк паказчыкаў 1990 году.

Андрэй Скурко

 

Навіны гаспадарскія

Пэнсіянэраў паменее

У Міністэрстве сацыяльнай абароны кажуць, што з-за дэмаграфічных зьменаў трэба павялічваць пэнсійны век у краіне на 2 гады – да 57 год для жанчынаў і 62 для мужчынаў.

Яшчэ адзін пасьлявыбарчы “сюрпрыз” рыхтуе нам міністэрства эканомікі: у хуткім часе будзе скасаванае перакрыжаванае субсыдаваньне, іншымі словамі, прадпрыемствы болей ня будуць кампэнсаваць заніжаныя тарыфы на ацяпленьне і электрычнасьць для насельніцтва. Адпаведна, уздымуцца цэны на паслугі сувязі і транспарту, а квартплата павялічыцца сама меней у 4 разы.

Ня спраўдзіліся аптымістычныя прагнозы наконт ураджаю. З-за цяжкасьцяў з тэхнікай замест абяцаных 7 мільёнаў тонаў збожжа калгасы і саўгасы сабралі толькі 5,5 мільёнаў. Беларусь ізноў будзе купляць збожжа за мяжой.

У Нацбанку Беларусі спадзяюцца атрымаць другую частку стабілізацыйнага крэдыту з Расеі — 3 мільярды расейскіх рублёў. За гэтую пазыку мы мусім ахвяраваць нацыянальнай валютай — расейскі ўрад мусіць зацьвердзіць плян пераходу на супольную грашовую адзінку. Міністар Пракаповіч кажа, што такі плян зьявіцца ўжо да канца гэтага году.

Нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы кампаніі “Лукойл”, што экспартуюць сваю прадукцыю ў Беларусь, будуць фарбаваць бэнзын у розныя колеры: марка А-76 будзе чырвонай, а АІ-92 — блакітнай. Такім чынам кампанія хоча спыніць хвалю махлярстваў на аўтазапраўках.

Сяржук Іваноўскі

 

Візыт Папы: праблема можа быць вырашаная станоўча

Падчас сёлетняга візыту Яна Паўла ІІ ва Ўкраіну тысячы беларускіх пілігрымаў голасна гукалі яму: “Запрашаем у Беларусь!”. Папа адказаў, што, нават нямоглы, устане й прыедзе ў наш край пры першай магчымасьці. Натуральна, каб прыехаць, ён мусіць мець запрашэньне ад кіраўніка дзяржавы.

 

У інтэрвію італьянскай агенцыі АNSА А.Лукашэнка заявіў, што ён “запросіць Папу зь вялікім задавальненьнем. Калі б Папа быў толькі кіраўніком дзяржавы Ватыкан, запрашэньне яму ўжо было б перададзенае. Аднак, калі размова йдзе пра служыцеля культу, неабходнае ўзгадненьне з царкоўнымі ўладамі”. Пад “царкоўнымі ўладамі” Лукашэнка відавочна мае на ўвазе кіраўніцтва Расейскай праваслаўнай царквы. Іхная неахвота пакуль пераважала жаданьне беларусаў-каталікоў бачыць найшанаванага “служыцеля культу” ў Беларусі.

Ян Павал ІІ — ці не найбольшы маральны аўтарытэт у сьвеце. Ён ініцыяваў пакаяньне Касьцёлу за грахі, зьдзейсьненыя за ягоную гісторыю. Папа Рымскі прабачыў Алі Агджу, які цяжка параніў яго. Нягледзячы на хваробу Паркінсона, Пантыфік працягвае свае душпастырскія вандроўкі па ўсім сьвеце. Падчас урачыстае службы ў Львове, зьвяртаючыся да беларускіх пілігрымаў на нашай мове, Папа заклікаў маліцца за кіраўнікоў дзяржаваў, каб тыя клапаціліся пра сваіх суайчыньнікаў, апякуючыся найперш беднымі й бездапаможнымі.

Ці магчымы візыт Яна Паўла ІІ у Беларусь? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да сьвятароў і вернікаў розных канфэсій.

 Уладыслаў Завальнюк, пробашч Касьцёлу Сьв.Сымона і Алены ў Менску:

Наўрад ці гэта адбудзецца зараз. Калі гаварыць пра тэарэтычную магчымасьць візыту, дык ён бы ўзмацніў хрысьціянства. Папа адведваў многія краіны “трэцяга сьвету”, нагадваў пра заступніцтва за бедных, прыніжаных, выступаў супраць рабства й голаду. Візыт Айца кансалідуе людзей у добрым кірунку. Астатняе павінны рабіць мы самі. Пан Бог ніколі не адварочваўся ад нас.

Якаў Гутман, прэзыдэнт Сусьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў:

Прыезд Папы быў бы спробай расьсеяць атрутны туман антысэмітызму над нашай краінай. Я з удзячнасьцю згадваю, як у 1991 г. у Валожыне мы парадкавалі старасьвецкія габрэйскія могілкі. Кардынал Сьвёнтак адмыслова прыехаў зь Пінску й чытаў малітву на мовах народаў Беларусі. А мы – Лявон Баршчэўскі, Вячаслаў Кебіч, Пётра Садоўскі, Алег Трусаў, нябожчык Іван Чыгрынаў, я, яшчэ з паўсотні людзей – стаялі й слухалі разам. Такое не забываецца.

Тацяна Процька, старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту (разам з мужам Зьмітром Козырам паспрыяла стварэньню парафіі й будаўніцтву капліцы Сьв.Валянціна ў в.Забалаць Смалявіцкага раёну):

Папа мае магчымасьць наўпрост размаўляць з Богам, атрымліваць ад яго ўказаньні. Ягоны прыезд быў бы дабром для самое гэтае зямлі. Людзям далася б нагода ўсьвядоміць, што каталікі – ня нейкая заморская зьява, а тутэйшая хрысьціянская царква. Хай кіраўнік Каталіцкае Царквы адведае й нас, як адведаў амаль усіх нашых суседзяў – што ж мы, горшыя нейкія?

Валер Каліноўскі, журналіст, дасьледчык беларускага пратэстантызму:

Прыезд Яна Паўла ІІ ў Беларусь ня выклікаў бы такіх супярэчнасьцяў, як ягоны візыт ва Ўкраіну. У Беларусі няма істотных спрэчак між праваслаўнымі й каталікамі, як ва Ўкраіне. Каталіцызм і праваслаўе цяпер разам фармуюць беларускую культуру. Усьлед за Шалкевічам многія маглі б засьпяваць: “Яна – праваслаўная, я – каталік”.

 

У Менскай эпархіі БПЦ мне ветліва адказалі, што маё пытаньне крыху несвоечасовае, і запрасілі задаць яго, калі праблема візыту будзе вырашаная станоўча.

Апытвала Сьвятлана Курс


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0