Аб усім патроху

Адплата Фухімору

Выдадзены міжнародны ордэр на арышт былога пэруанскага прэзыдэнта Альбэрта Фухіморы. Яго вінавацяць у парушэньні правоў чалавека і палітычных забойствах. Летась у лістападзе ён уцёк у Японію, дзе й знаходзіцца сёньня, а пэруанскія ўлады марна дамагаюцца ягонае выдачы.

Палююць на Караджыча

Польскі часопіс Wprost абвясьціў, што пошукам былога лідэра басьнійскіх сэрбаў Караджыча на Балканах займаецца спэцыяльны аддзел польскага войска. Караджыча чакае лава падсудных у Гаазе.

Свой хлопец

Новым міністрам замежных справаў Малдовы стаў Мікалае Дудэў, што быў дагэтуль паслом у Беларусі. Яшчэ раней ён быў паслом ва Ўзбэкістане, працаваў у Расеі.

Небясьпечныя бароды

Адным з сымбаляў канадзкага ваеннага флёту зьяўляюцца бароды маракоў. Аднак, нядаўна іх забаранілі — замінаюць апранаць супрацьгазы. Будуць дазваляць толькі самым годным у парадку заахвочваньня.

Першы наш

Т. Энге — першы чэх і сярэднеэўрапеец, які ўзяў удзел у чэмпіянатах сьвету “Формулы-1”. Ягоны дэбют адбыўся ў нядзелю на Grand Prix Італіі ў камандзе Prost-Acer, дзе ён замяніў бразыльца Барці.

Сабоніс вяртаецца

Знакаміты баскетбаліст Арвідас Сабоніс вяртаецца ў ковенскі “Жальгірыс”, нягледзячы на тое, што ў камандзе NBA Portland Trale Blasers, за якую ён выступаў, яму прапанавалі гадавы заробак 5 млн. даляраў. За мяжой Сабоніс гуляў з 1989 г., але абяцаў, што скончыць кар’еру ў роднай камандзе. Вось і трымае слова.

Ня пі!

Ужо 55 чалавек на эстонскім курорце Пярну атруціліся няякаснай гарэлкай, вырабленай з мэтылавага сьпірту, і памерлі. Яшчэ сотня чалавек пакутуе ў шпіталі. Урад вядзе сьледзтва.

С.Р.

Рэакцыя на выбары

Няпоўнае прызнаньне

Шэф дыпляматыі Эўразьвязу Хаўер Саляна абвясьціў, што Беларусь не датрымалася дэмакратычных стандартаў у часе выбараў і таму Эўразьвяз ня можа нармалізаваць адносіны зь ёй.

 

Больш жорсткую пазыцыю занялі Злучаныя Штаты, якія востра раскрытыкавалі беларускія ўлады за падрыў асноваў дэмакратыі. Толькі прэзыдэнт Польшчы Квасьнеўскі перасьцярог, што ізаляцыя Беларусі будзе перашкаджаць пераходу краіны да дэмакратыі.

Пазыцыя іншых эўрапейскіх дзяржаваў залежыць ад дакладу АБСЭ, які называе выбары ў Беларусі “неадпаведнымі дэмакратычным стандартам”. Аднак усё гучней чуюцца галасы пра неабходнасьць спыніць і міжнародную ізаляцыю Беларусі, і падтрымку дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў. Эўрапейскія дзяржавы, апрача, хіба, Нямеччыны, не выказваюць цікавасьці да Беларусі й ня маюць цьвёрдае пазыцыі, якую палітыку адносна яе праводзіць.

Перамогу Лукашэнкі прызналі Расея, Кітай, Казахстан, Украіна, Малдова і арабскія краіны.

Выбары пацьвердзілі, што Расея дамінуе ў Беларусі. І Лукашэнка, і Ганчарык прасілі ў яе падтрымкі, якая была ключом да перамогі. ЗША прайграла Расеі гэты этап змаганьня за Беларусь, пра што сьведчыць параза апазыцыі, якую Амэрыка падтрымлівала. Менск і надалей застаецца ў сфэры вельмі моцнага расейскага ўплыву.

Паводле www.osw.waw.pl

Эўропа многіх моваў

Эўрапарлямэнт у пятніцу адкінуў прапанову зрабіць пасьля пашырэньня ЭЗ адзінай рабочай мовай ангельскую.

 

Ужо зараз перакладам дзясяткаў тысячаў дакумэнтаў і дакладаў на 11 афіцыйных моваў Зьвязу займаюцца 30 тысячаў чыноўнікаў. А што ж будзе, калі ў Зьвяз увойдуць новыя краіны і колькасьць моваў павялічыцца да 21-й? Пераход на адзіную ангельскую мову скараціў бы выдаткі на пераклад з 500 млн. эўра да 25 млн. штогод. Аднак Эўразьвяз датрымліваецца прынцыпу, што кожны дэпутат можа прамаўляць на сваёй мове і ўсе павінны яго разумець.

Праўда, зусім абысьціся бяз моваў-“пасярэднікаў” не выпадае. Бо цяжка знайсьці перакладчыка, скажам, з латыскай на грэцкую, таму з латыскай будуць перакладаць спачатку на ангельскую, а тады ўжо на грэцкую.

Некалі і беларуская стане дзяржаўнай мовай Эўразьвязу.

Сяргей Радштэйн


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0