Воля і пятля

Доўгі час на першай старонцы “Пагоня” мела пазнаку: заснаваная ў 1920 г. Ад 29 ліпеня да 31 сьнежня 1920 г. выйшла 18 нумароў “Пагоні”, органу міністэрства беларускіх спраў пры Ўрадзе Літвы ў Коўне. Пэрыёдык паведамляў пра падзеі на літоўска-польскім фронце, ва Ўсходняй Эўропе, але найперш пісаў пра падзеі ў Беларусі. Рэдакцыя прыхільна ставіліся да папулярнай тады ідэі літоўска-беларускага супрацоўніцтва.

 

Ад студзеня 1944 г. “Баранавіцкая газэта”, пэрыядычнае выданьне Баранавіцкай акругі, пераназвалася ў “Пагоню”, а адным зь ейных рэдактароў быў будучы ўніяцкі ярарх Леў Гарошка.

Сёньняшні галоўны рэдактар Мікола Маркевіч на інтэрнэт-старонцы “Пагоні” выводзіць “радавод” газэты ад літаратурна-гістарычна-мастацкага часопісу “Пагоня: Зь беларускага жыцьця”, што выдаваўся накладам 200 асобнікаў у 1945—48 г. у аўстрыйскім Зальцбургу Ўладзімерам Дудзіцкім, Міколам Ганьком, Алесем Салаўём і Аляксеем ды Вольгай Грыцукамі.

Першы ж нумар сучаснай “Пагоні”, заснаванай культурна-асьветніцкім аб’яднаньнем “Бацькаўшчына”, выйшаў на Дзень Волі 1992 г. Галоўным рэдактарам быў журналіст і пісьменьнік Сяргей Астраўцоў. Ад 1993 г. газэта пачала выходзіць стала — раз на тыдзень, па пятніцах, з пазнакай: “Рэгіянальны агляд: Беласток-Горадня-Вільня”. Сталымі аўтарамі былі Аляксей Пяткевіч, Алесь Чобат, Юры Гумянюк, Уладзімер Хільмановіч і інш.

Паціху рос наклад — ад двух тысячаў у 1992 г. да 3900 асобнікаў у канцы 1993 г. Ад самага пачатку газэта займела сталыя рубрыкі: “Сумежжа”, “Палітычная сцэна”, “Горад”, “Водгукі”, “Лёсы”, “Грамадзтва”, “Гісторыя”, “Культура”, “Спорт”, нават праграма тэлеперадачаў прыцягвала ўвагу тым, што там друкаваліся праграмы двох польскіх каналаў.

1994 г. стаў пачаткам вялікай папулярнасьці газэты. “Пагоня” актыўна падтрымлівала ў прэзыдэнцкай кампаніі Зянона Пазьняка і адной зь першых стала ў вострую апазыцыю да Лукашэнкі. “Пагоня” першай зьмясьціла антыкарупцыйны даклад Сяргея Антончыка, тады як усе дзяржаўныя газэты выйшлі зь белымі плямамі.

У 1995 г. наклад “Пагоні” вырас да 10 тыс. асобнікаў. Зьявіўся і новы галоўны рэдактар — Мікола Маркевіч, журналіст і дэпутат ВС 12-га скліканьня ад БНФ. Таму ўсе палітычныя менскія падзеі асьвятляліся літаральна зь першых вуснаў. “Пагоня” надрукавала працяг “Лукі Мудзішчава” і вытрымкі з лукашэнкаўскага інтэрвію “Гандэльсблат”. Улетку 1996 г. наклад газэты дасягнуў 14 тыс., а з плашкі “заходнебеларуская грамадзка-палітычная газэта” было адкінутае першае слова.

За вострыя палітычныя матэрыялы газэту спрабавалі зачыніць. У красавіку 97-га рэдакцыю “перавялі” з прэстыжнага будынка ў цэнтры гораду ў горшае месца. “Брыгада мiлiцыянтаў, КГБiстаў i грузчыкаў ЖЭСу павыкiдала нашую мэблю, кампутары i паперы проста на вулiцу, — пісаў тады Маркевіч. — Пад рукi, адзiн за адным, з будынку былi выведзеныя ўсе супрацоўнiкi. Застаўшыся апошнiм, я сеў на стул i заявiў, што нават пад прымусам адсюль ня выйду. Праз паўгадзiны супрацьстаяньня, мяне… вынесьлi разам са стулам два дужыя АМАПаўцы”. Газэта не скарылася, наадварот — зь лета 1997 г. яна пачала выходзіць двойчы на тыдзень, агульным накладам 14 тыс. асобнікаў. Ад 1998 г. у ёй зьявіўся дадатак “Маю права”.

У другой палове 90-х зьявіліся новыя заходнебеларускія праекты — “Газета Слонімская”, баранавіцкі “Шаг”, гарадзенская “Біржа інфармацыі”, Новая газета Сморгони, “Рэгіянальная газета”. Яны пачалі паціху асвойваць нішу, занятую “Пагоняй”. Апошняя ж разам з усім незалежным беларускім грамадзтвам увайшла ў смугу фінансавых цяжкасьцяў. Ад лета 1999 г. яна ізноў пачала выходзіць раз на тыдзень, а наклад паступова зьнізіўся да 7,5 тыс. Газэту стала цяжка набыць у Менску, але затое яна зьявілася ў Інтэрнэце. У мінулую восень за байкот выбараў у “палатку” газэта атрымала папярэджаньне. На яе спрабавалі навесіць штраф у 5 тыс. даляраў, але тады не атрымалася. Цяпер новая навала.

Без “Пагоні” цяжка ўявіць незалежны беларускамоўны друк. Прыканцы зноў працытуем Міколу Маркевіча: “Пагоня” не была б “Пагоняй”, калi б яна была прэснай i бяззубай. …Сымбалем дзёрзкай пагоняўскай праўды стала наша карыкатура, дзе профiль адной асобы, вельмi падобнай да Аляксандра Лукашэнкi, намаляваны ў выглядзе кукiша, прыхарошанага пасмай доўгiх валасоў i вусамi. Гэтую карыкатуру потым перадрукавалi дзясяткi, у тым лiку найбуйнейшых, газэтаў сьвету. ...I яшчэ адна пагоняўская адметнасьць. Пры ўсёй нашай зубатасьцi, мы не прайгралi нiводнага працэсу аб абароне гонару i годнасьцi... У кожным выпадку, факты, што называецца, заўсёды пацьвярджалiся...”

Эдвард Людовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0