Дакумэнт

Алесь Пушкін

Слова на Аршанскім Крапіўным

Полі 9 верасьня 2001 г.

Я не выпадкова стаю сёньня на гэтым сьвятым для кожнага, хто мае гонар і годнасьць называць сябе беларусам, Полі нашай Перамогі і Вайсковай Славы. Мы абралі менавіта гэтае месца, бо ёсьць небясьпека паўтарэньня сярэднявечнай бяды – акупацыі зямлі, Богам нам дадзенай, чужынцамі-хамамі з Усходу.

Зірніце, як сёньня неўпрыкмет яны займаюць усе дзяржаўныя чыноўныя пасады, кіруюць ідэалёгіяй, мэдыямі, органамі дзяржбясьпекі і войска, эканомікай, буйнымі прадпрыемствамі, як сеюць сярод нас здраду і знаходзяць вырадкаў, што сталі манкуртамі на сваёй зямлі, забыліся родную мову, пазбыліся памяці, звычаяў і традыцый сваіх дзядоў і бабцяў.

На іх ляжыць грэх за тое, што мы ўсе бедныя, што краіна наша – калёнія, што царква і вышэйшая школа – расейскія, што насаджаецца чужая культура, эстрада, традыцыі і адносіны.

Наперадзе нас чакае страта нацыянальнай валюты, нашых найлепшых прадпрыемстваў, дзе мы будзем парабкамі ў новых азіяцкіх дзямідавых, вяхіравых, балоевых, алекперавых... Трывога прывяла мяне на гэта Сьвятое Поле, што будзе натхняць яшчэ шмат пакаленьняў, нараджаць новых і новых адданых сыноў сваёй добрай, спакойнай, працавітай і веруючай нацыі, якая можа ўстаць за сваю годнасьць і спыніць паруганьне і зьдзек з усяго беларускага, нам роднага і сьвятога.

Не дамо прыежджаму гуну гвалтаваць і рабаваць, забараняць і зачыняць, не дазваляць і выкрэсьліваць, камандаваць і раіць, навучаць і прапаведаваць!

Бо нацыя ўжо паднялася пасьля дзьвюх жахлівых сусьветных войнаў, сталінскага генацыду і брэжнеўскага бязроднага саўка. У нас ужо ёсьць свая эліта ва ўладных і бізнэсовых структурах, культуры, сілавых і праваахоўных органах, якая хоча жыць не па падказцы Ўсходу або Захаду. Мы хочам жыць па-беларуску, па-свойму і маем жаданьне абараніць свой Выбар!

Выбар Аршанскага Поля 1514 году...

Доказ таму – гэтыя моцныя рукі, якія трымаюць занесеную пагрозьліва сякеру. Яна яшчэ не апушчаная на галовы тых, хто не разумее, што мы ўжо дастаткова моцныя і самастойныя, каб жыць сваёй галавой. Мы не адмаўляемся ад шчырых добрых парадаў і прыкладаў суседніх з намі народаў і краінаў, але пагрозьліва папярэджваем тых, хто гвалтам хоча “ашчасьлівіць” нас. Гэтая Сякера будзе вечна занесена і над галовамі здраднікаў сваёй зямлі.

Вечная ім ганьба і праклён!

Я ўсьведамляю, які вобраз я падняў, што з гэтага вынікае, але дапякло, але ўжо нясьцерпна трываць. І памятайце – гэтая Сякера толькі ўзьнятая, яшчэ няма граху крыві...

Сьвет паважае разумных і моцных. Мы дастаткова разумная нацыя, дык чаму ж мы ня моцныя, чаму дазваляем усходняму гуну сесьці на наш карак? Вось жа – нашае Поле Прыкладу! Поле не агрэсіі, але абароны. І я вымушаны жыцьцём, пакліканьнем сваім і сьціплым талентам, які мне даў Бог, абвяшчаць гэтую Абарону вам, прысутным. Я веру ў сілу мастацкага вобразу, містычнага дзеяньня... Нас тут няшмат, але з намі нябачнае воінства душаў тых тысячаў, хто аддаў жыцьцё за незалежнасьць Бацькаўшчыны, і ня толькі тады, але і цягам апошніх трох стагодзьдзяў змаганьня з усходнімі “братамі”.

Рушым жа ў час дружна й сьмела за Сваё! І нас будзе большасьць, бо – як паказала гісторыя Аршанскага Крапіўнага Поля – з намі Госпад і ягоная Воля!

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0