Вынікі анкеты “НН”

Вынікі апытаньня чытачоў “НН” рэдакцыя падводзіць пасьля вялікай паўзы: апытаньне, за каго б прагаласавалі чытачы, праводзілася перад зборам подпісаў, а ягоныя вынікі падсумаваныя толькі цяпер, пасьля выбараў. Дыстанцыя дазваляе зразумець, якая прорва аддзяляе грамаду людзей, беларускіх па культуры — а менавіта гэткія людзі складаюць аснову аўдыторыі “НН”, — ад людзей, расейскіх або крэольскіх па культуры, якія складаюць большасьць у грамадзтве ў цэлым. На галоўнае пытаньне анкеты: “За каго б Вы прагаласавалі на прэзыдэнцкіх выбарах?” — ад чытачоў былі атрыманыя 392 анкеты з наступнымі адказамі (пазначаныя толькі палітыкі, якія згадваліся 2 і болей разоў; неграмадзянаў Рэспублікі Беларусі і дзеячоў культуры мы ня ўлічвалі):

Зянон Пазьняк 187

Сямён Домаш 102

Вінцук Вячорка 19

Павал Жук 14

Аляксандар Дабравольскі 10

Алег Трусаў 8

Міхаіл Чыгір 7

Юры Хадыка 6

Станіслаў Шушкевіч 6

Аляксандар Лукашэнка 4

Ні за кога 3

Станіслаў Багданкевіч 2

Алесь Бяляцкі 2

Павал Казлоўскі 3

Вячаслаў Сіўчык 2

Сяргей Высоцкі 2

Фаварыты “нашаніўцаў” не пайшлі на выбары. А кандыдаты, якія сталіся фаварытамі выбарчае гонкі, не былі сымпатычныя аўдыторыі “НН”. Адказы на іншыя пытаньні тае даўняе анкеты тлумачаць, чаму. Самымі папулярнымі сярод чытачоў “НН” перадвыбарнымі дэвізамі аказаліся “Беларусь для беларусаў” і “Беларусь у Эўропу”. Таксама нашы чытачы часта згадвалі лёзунгі тым ці іншым чынам зьвязаныя з умацаваньнем незалежнасьці: клопат пра дабрабыт грамадзянаў, прыватную ўласнасьць, выхаваньне нацыянальнага гонару і ўмацаваньне сілавых структураў, уваходжаньне краіны ў Эўразьвяз і NATO. Кандыдаты ў прэзыдэнты мелі ці, прынамсі, афішавалі іншыя прыярытэты.

Пытаньне пра тое, якія палітычныя партыі падтрымліваюць чытачы “НН”, выявіла вялікі разброд думак. Каля трэцяй часткі нашых чытачоў трымаюцца кансэрватыўна-хрысьціянскіх поглядаў (Пазьняк), столькі ж — нацыянал-лібэральных (БНФ, АГП), каля 15% гатовыя падтрымаць радыкальную правую сілу або кааліцыю радыкальных суполак, якія цяпер існуюць напаўпадпольна. Во такі мелі настрой людзі, беларускія па культуры, напярэдадні выбараў. Відаць, прыкладна гэтаксама яны думаюць і цяпер, толькі адчуваюць яшчэ горыч ад уласнае няздольнасьці зьмяніць ход мінулае кампаніі.


Камэнтар

Чаму чытачы “НН” застаюцца з Пазьняком?

Звычайна ў розных апытаньнях “па жаданьні” ў СМІ, Інтэрнэце
і г.д. удзельнічае самая актыўная частка чытачоў. Інакш кажучы, тыя, каму карціць выказацца, а ня проста спажыць інфармацыю. Зацікаўленасьць апытаньнем “НН” выўлялася нават у тым, што многія галасавалі па некалькі разоў, адмыслова скупляючы нумары з анкетай. Па магчымасьці, “двайныя” галасы ня ўлічваліся.

Рэдакцыя спадзявалася, што гэтыя “чытацкія выбары” стануць выбарам кампрамісу, які даваўся цяжка, — своеасаблівым урокам для палітыкаў, якія ці ня год выбіралі адзінага кандыдата, каб, нарэшце, тыкнуць пальцам у неба. Аднак, нечакана, большасьць удзельнікаў апытаньня адмовілася шукаць палітычныя кампрамісы і прахаднога кандыдата — і выказалася за свае прынцыпы.

Перамог у тым чэрвеньскім-ліпеньскім апытаньні Пазьняк. Відаць, ня столькі Пазьняк-палітык, колькі Пазьняк-знак. Сымбаль просталінейнасьці, катэгарычнасьці ў беларускасьці. Пазьняк — новы герой старое беларускай казкі, адважны асілак, які ўсё ніяк не адолее цмока, бо па казачных законах знаходзіцца недзе ў “трыдзявятым царстве”. На яго і спадзяваньні казачныя — незалежная, эўрапейская, свабодная, заможная Беларусь для беларусаў. Як палітык, Зянон у замежжы ня выявіўся і ўвогуле зьнік як складнік палітычнага жыцьця. Ягоныя рэдкія допісы і яшчэ радзейшыя караценькія выступы па Радыё Свабода выяўляюць Зянона Пазьняка як камэнтатара. А яго вобраз як палітыка застыў у пачатку 90-х, у часе прамінулай рамантыкі. І менавіта таму ён такі прывабны. Тыя, хто галасаваў за Пазьняка, хочуць непадробнай беларускасьці паўсюль і найхутчэй.

Прыхільнікі Домаша прапаноўвалі амаль тыя ж лёзунгі, што і прыхільнікі Пазьняка. Розьніца ў тым, што яны бадай што ня верылі ў казкі. Прынамсі, Домаш быў тут. Салідны. Усьмешлівы. Спакойны. Тыя ж дабрабыт, заможнасьць, беларускасьць будуць ня заўтра, але абавязкова будуць. Толькі бяз казак — без рэвалюцыяў. Дый так і надзейней. Ганчарык у чэрвені-ліпені меў адзін голас чытачоў “НН”, на ўзроўні Лукашэнкі, Чыгіра і Крыжаноўскага. Ганчарык паводзіўся надзвычай асьцярожна, жадаючы не пакрыўдзіць нікога. Звышасьцярожнасьць Ганчарыка, асацыяваньне яго з прафсаюзамі і намэнклятурай не дадавалі яму папулярнасьці сярод чытачоў “НН”. Яму актыўна стваралі імідж пераходнага кандыдата, які толькі і можа быць прахадным. Нашыя ж чытачы шукалі свайго, а не кампраміснага кандыдата.

Пасьля выбараў адышлі ў цень адзіны кандыдат Ганчарык, яшчэ раней — Сямён Домаш. Сярод пустазельля пануе толькі адзін пэрсанаж. А людзі зноў будуць чакаць казачнага асілка, які зробіць казку добрай.

Андрэй Чык

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0