Тыдзень нашага жыцьця

Інаўгурацыя мінулага пад эпіграфам з Караткевіча

Лукашэнка ў сваёй рабочай рэзыдэнцыі ўручыў новыя пагоны і ўзнагароды групе генэралаў і афіцэраў. Афіцыйна — за ўдалае правядзеньне вучэньняў “Нёман-2001”, але заўтрашняя інаўгурацыя надавала падзеі зусім іншы зьмест: ён нібыта аддзячыў сваім верным абаронцам. Маўляў, менавіта дзякуючы вашай адданасьці і прафэсійнасьці мяне пераабралі на другі тэрмін.

Кароткая цырымонія ўзнагароджаньня ў “чырвоным доме” гаворыць пра тое, як будзе жыць Беларусь у наступныя пяць гадоў, больш, чым пампэзная інаўгурацыя на самай эклектычнай плошчы сьвету, якая адбылася празь дзень. Газэты ў незалежнай Беларусі ніколі не пісалі пра генэралаў гэтак шмат, як апошнім часам, ніколі гэтак улады ня песьцілі ўвагай сілавікоў. У Беларусі паўстае новая прывілеяваная кляса — генэралы і афіцэры. Хунта? Камарылья? Санацыя?

* * *

Інаўгурацыя Лукашэнкі шырока асьвятлялася газэтамі, тэлебачаньнем і Інтэрнэтам. Людзей вабіць пышнасьць, дэманстрацыя сілы, уладарнасьці, асабліва, калі гэта сіла і пышнасьць тваёй дзяржавы. Але інаўгурацыя была падзеяй, якая нічога не мяняе. Лукашэнка застаўся кіраўніком на новы тэрмін. Гэта азначае, што ў Беларусі не чакаецца ніякіх пераменаў, краіна застаецца ў ранейшым неакрэсьленым стане. Няясна, куды яна рухаецца і зь якой мэтай.

Аднаўленьне Савецкага Саюзу немагчымае. З гэтым зьмірыліся нават камуністы. Саюзныя дачыненьні Беларусі і Расеі мала каму патрэбныя. Перадвыбарчая праграма Лукашэнкі рабіла акцэнт на незалежнасьці і дзяржаўніцтве, бо іншага шляху, як будаваць дзяржаву Беларусь, у беларусаў папросту няма.

Лукашэнка пачаў сваю інаўгурацыйную прамову цытатай з духоўнага бацькі новага беларускага нацыяналізму Караткевіча: “Пранікніцеся любоўю да роднай Беларусі, людзі. Велічная і гордая, яна таго вартая”. Караткевіча цяпер з намі няма, ён ня быў сьведкам Лукашэнкавага прыходу да ўлады і ягоных мэтадаў кіраваньня. Зручна цытаваць яго! Ня ўстане з магілы Караткевіч і ня скажа: як ты будзеш будаваць дзяржаву Беларусь з Замяталінымі? А вось бы Лукашэнку працытаваць Быкава, Барадуліна, Бураўкіна...

Пакуль Лукашэнка не навучыўся прызнаваць свае памылкі і шукаць паразуменьня з інтэлігенцыяй, Беларусь, “велічная і гордая”, не прызнае дзейнага кіраўніка краіны сваім лідэрам. Да таго часу супрацьстаяньне ў грамадзтве ня сьціхне. Так было сем гадоў. Так можа цягнуцца яшчэ пяць — пад пільным вокам генэралаў.

Васіль Кроква


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0