Гасьцініцы Беларусі

У большасьці краінаў гатэлі — гэта месца камфортнага адпачынку з наборам сэрвісу, што чалавек ня мае ў сябе ў хаце. Гэткія гатэлі ставяцца ў зручных месцах, каб чалавек мог палюбавацца рэдкім краявідам, дыхануць чыстага паветра, альбо, наадварот, апынуцца без праблемаў у самым цэнтры гораду з усімі ягонымі выгодамі...

У Беларусі ўсё ня так. У нас гасьцініцы былі зазвычай месцам вельмі кароткага побыту “камандзіровачных”, якім не да адпачынку. Калі не лічыць адпачынкам расьпіцьцё пасьля працы ў нумары гарэлкі. З таго вынікае й стаўленьне беларускага гатэльнага “пэрсаналу”: “Тут вам не санаторый!..”.

Які ў горадзе лад, гэткі ж будзе там і гатэль.

Самы шыкоўны беларускі гатэль стаіць ня ў якім Мядзеле, Браславе ці Нясьвіжы, а ў... Наваполацку — трохзоркавы “Нафтан”.

Нечакана камфортны й дагледжаны гатэль вас сустрэне ў Століне тоўстымі віетнамскімі кілімамі. Там заўжды ёсьць і гарачая вада, і душавыя ў нумарах.

А вось у Краснапольлі ў свой час мне давялося жыць у гатэльчыку, дзе ўсе выгоды былі на двары, разам з рукамыйнікам. А пітная вада стаяла там на калідоры ў вёдрах. Паколькі сьвятла на двары не было, а цямнела хутка, мала хто рызыкаваў скарыстацца драўлянай прыбіральняй. Таму першае, чым вітала цётка-вахцёрка гасьцёў, было: “Хлопцы, вы ж хоць пад вокнамі не сярыце...”.

У Мазыры гатэль “Прыпяць” стаіць на высачэзнай гары, і да яго трэба ўздымацца па тратуары, засыпаным яблыкамі, што ўсё коцяцца й коцяцца некуды ўніз. Затое з балькону верхняга паверху адкрываецца цудоўная панарама гораду й прыпяцкіх паплавоў, у якіх зьвіваецца, нібы анаконда, вялізарная рака. Рэкамэндую ўстаць да сьвітанку, не пашкадуеце.

Важная рэч — наяўнасьць у гатэлі кавярні ці буфэту. Вельмі прыстойна кармілі некалі ў мсьціслаўскім гатэлі. А вось аднаго вечара ў Міры, не знайшоўшы наагул, дзе паесьці ў мястэчку, еў тушаніну з кансэрвы. Два суседы па нумары, чачэнцы, паназіраўшы за мною, неяк лоўка здолелі разагрэць тую тушаніну з дапамогаю самаробнага кіпяцільніка... Сыта й разнастайна кармілі некалі ў гатэлі “Магілёў”. А ў Быхаве, заседзеўшыся там на два тыдні на раскопках, мы знайшлі нагэтулькі супольную мову з паварыхамі, што яны адмыслова для нас, рэстаўратараў, гатавалі шыкоўныя калдуны і раз-пораз частавалі гароднінай з уласных гародчыкаў.

Самае цікавае ў гатэльным жыцьці — людзі.

Падняўшыся на свой паверх у мазырскім гатэлі, зьвярнуўся да калідорнай, відавочна не беларускага выгляду, па-беларуску, гатовы перапытаць па-іншаму. А яна раптам уся расквітнела й загаварыла са мною таксама па-беларуску. Высьветлілася, што яна — туркмэнка, і прыехала сюды разам з мужам, які працуе на кабэльным заводзе. Мяркуючы, што ў Беларусі, як і ў Туркмэніі, усе гавораць па-свойму, яшчэ да прыезду вывучылася па-беларуску й дзяцей пачала вучыць. Гэтак жа радавалася некалі маёй беларускай мове парцье ў Ветцы. А вось у віцебскім гатэлі “Эрыдан”, як ні намагайся, па-беларуску не адкажуць. Затое ў іхным фае сядзіць жывы хамэлеон.

Ну і самае-самае цікавае — гэта насельнікі гатэляў, іхныя проживающие. Вось былі ў мяне суседзі ў Краснапольлі — два дзядзькі з заавэтнагляду, якія вымяралі ўплывы радыяцыі на жывыя арганізмы. Прынесьлі мне жывога шчупака ў вядры, каб я пераканаўся, як ад яго пішчыць дазымэтар. А вось у Гомелі быў сусед з Расеі, інжынэр, дык усё ня мог узяць у цям, як гэта я беларус. “Вось, — кажа, — прыбалты, я разумею. Там у Азіі нехта. А беларусы — гэта тыя ж расейцы”. А ў гатэлі “Беларусь”, што ў Горадні, ужо я ўразіў выпадковага суседа. Мне давялося трымаць у скрынях плён археалягічных раскопак, антрапалягічны матэрыял: чарапы, косткі. А суседам апынуўся міліцэйскі сьледчы, вельмі датклівы й ветлівы чалавек. Ён не хацеў мяне будзіць і не запальваў сьвятла, як выходзіў з пакою. Выпадкова ён крануў скрынкі, і па паркеце... пакаціліся чарапы. Доўга давялося тлумачыць, хто я такі.

Суседам можа апынуцца й пісьменьнік, і археоляг, і шафёр, і вайсковец, і студэнты зь Лібану, і пахмурнага выгляду людзі ў цывільным. А ты ідзеш сабе, міжволі круціш галавою, міжволі з усімі вітаешся. Пакідаючы чарговы гатэль, абавязкова павязеш з сабою чарговы, ня ведамы й не чаканы да прыезду сюды досьвед.

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0