Тут мог бы стаяць ваш гатэль

На беразе Нёмана на Наваградчыне сярод руінаў Любчанскага замку сіратліва стаіць будынак былой вясковай школкі. Сёньня будынак амаль не выкарыстоўваецца і, гэтаксама як суседнія дзьве замкавыя вежы, гібее ў занядбаньні. Калі сёлета я наведваў гэтыя мясьціны, дык падумалася: выдатны атрымаўся б з будынку гатэльчык. Наўкола легендарныя мясьціны: праз раку пачынаецца Налібоцкая пушча, дый сам Нёман варты, каб ля яго правесьці пару пагожых дзянёчкаў адпачынку. Непадалёку — Сьвіцязь зь міцкевічаўскімі рэліквіямі, а сам Наваградак? А былыя шляхецкія маёнткі ў Шчорсах, Асташыне? Ёсьць тут што паглядзець і дзеля чаго прыехаць.

Прыехаць можна, а спыніцца няма дзе. Асабліва замежным турыстам, ня вельмі ахвочым да рамантыкі начлегаў у намёце, сьняданку ля вогнішча і спраўленьня патрэбаў у хмызьняку ля ракі. Вось для такіх сьпешчаных турыстаў і варта было б зрабіць цывілізаваны гатэльчык у Любчы. І самому Любчанскаму замку было б карысна прысуседзіцца да заезнага двара: і руіны пачалі б даглядаць, а з часам новыя гаспадары ўзяліся б за аднаўленьне радавога гнязда беларускага магнацкага роду Кішкаў. Бо няма нічога больш рамантычнага, чым спыніцца на начлег у замку. Толькі ня хутка тое можа адбыцца. Дзяржава за такую справу ня возьмецца. Прыватныя ж інвэстары не насьмеляцца. Ня тая сытуацыя сёньня ў Беларусі, каб гэтак безразважна рызыкаваць грашыма.

У дзяцінстве мне падавалася, што кватэра маіх бацькоў — самае надзейнае месца ў сьвеце. А ў шуфлядах твайго пісьмовага стала ўсё захоўваецца больш надзейна, чым у сэйфах швэйцарскіх банкаў. Як я памыляўся! У Беларусі няма нічога трывалага і надзейнага. Дзеці пазбаўляюцца гэтак званага сьмецьця пасьля сваіх бацькоў — па гарадзкіх дварах тады лётаюць старыя фатаздымкі, лісты і паштоўкі. Аджыў сваё чалавек, і адправілі ўсе ягоныя транты на сьметніцу. Пражыла пэрыяд краіна, і сьпісалі ў невараць усе ейныя набыткі.

“Якія гатэлі, — думаеш ты, — калі нават Любчанскі замак ператвараецца ў пыл? І толькі Нёман нясьпешна нясе свае воды ў Балтыку. Як сто гадоў таму, як тысячу гадоў таму”.

Алесь Аркуш


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0