Лазьня

Уладзімер Лобач

 

У кожнай этнаграфічнай экспэдыцыі, дзе воляй лёсу зьяўляешся для студэнтаў ня толькі навуковым кіраўніком, але яшчэ і бацькам, мамкай ды масавіком-забаўляльнікам у адной асобе, “камандзірскі” клопат не абмяжоўваецца колькасьцю і якасьцю зафіксаванай фальклёрнай фактуры, а яшчэ палягае ў тым, каб палявы аддзел быў сыты, здаровы, маральна і фізычна чысты. Нягледзячы на вялізную колькасьць азёраў, апошняя задача не такая простая. Бо дзясяткі кілямэтраў пыльных ліпеньскіх дарог, што нітуюць дзясяткі такіх самых запыленых вёсачак, вымагаюць, хоць бы раз на тыдзень, гігіенічнай працэдуры ў максымальным тэрмальным рэжыме. Вымагаюць лазьні.

Той, хто думае, што вясковы тубылец толькі і марыць, каб даць нейкаму бадзягу (а тым больш — бадзягам) пахвастацца венічкам у сваёй лазьні — глыбока памыляецца. Пусьціць у лазьню — ня тое самае, што ў хату: лазьня адкрывае не фасад — спод усёй сялібы ды нутраныя рысы характару гаспадароў.

І калі вас не пусьцілі ў лазьню, значыцца, у нечым вы схібілі ці словам, ці ўчынкам. Плёскаючыся ў возеры, прааналізуйце свае памылкі ва ўзаемаадносінах зь мясцовымі і, мажліва, выправіўшы іх, праз тыдзень вы здолееце заняць запаветнае месьцейка на палку.

Вясковая лазьня — адмысловы ідэнтыфікатар “нармальнага” тутэйшага чалавека ў супрацьвагу гарадзкому прыхадню, турысту ці дачніку, якія мыюцца пад душам, а лазьню, як казаў дзед Янак з Глыбоччыны, “неналюбяць сільна”. Аднак у выпадку з тымі студэнтамі-гараджанамі, што ўпершыню ў жыцьці аглядалі немудрагелісты інтэр’ер вясковай лазьні, як музэйную экспазыцыю “Каменны век на тэрыторыі Беларусі”, алергенных праблемаў непрыманьня не ўзьнікала ніколі.

* * *

У традыцыйнай беларускай культуры лазьня была ня толькі месцам мыцьця, але й дзейсным каналам камунікацыі зь “іншасьветам”. Будыніна, што нагадвала жылую хату (наяўнасьць сенцаў, печы, акенца) і заўсёды знаходзілася на пэрыфэрыі сялібы (у тым ліку, і з супрацьпажарных меркаваньняў), была своеасаблівай памежнай зонай, дзе з “гэтага” сьвету можна было зазірнуць у “той” і атрымаць адтуль вестку (гэтак дзеўкі на Каляды варажылі ў лазьні на ўласную долю).

Невыпадкова, што і нараджалі, прынамсі на Падзьвіньні, у лазьні, бо дзіця, якое зьяўлялася на сьвет без імя і адзежы (вызначальных прыкметаў культуры), разумелася як “чужаніца”, “госьцічак” адтуль, якому яшчэ належала стаць Чалавекам.

Дый сыход чалавека, асабліва чараўніка ці моцнага знахара, такога, як Раман Кагут у Караткевічавых “Каласах”, цесна зьвязаны зь месцам, дзе ён калісь зьявіўся на сьвет: “Прыходзіць такі час, і вядзьмак павінен залезьці ў падпечча, лепш за ўсё ў лазьні. І менавіта там аддаць д’яблу душу”.

Лазьня была неад’емнай часткай большасьці абрадаў пераходнага тыпу (Каляды, Вялікдзень), дзе чалавек упоравень з Космасам дасягаў рытуальнае чысьціні, нарадзіўшыся наноў.

Нават стварэньне сьвету ў беларусаў апісваецца катэгорыямі лазьні: вада, агонь, печка-каменка, моцная пара: “Калісь яшчэ сьвет толькі зачынаўся, дык нічога нідзе не было. Усюды стаяла мёртвая вада, а пасярод вады тырчэў нібы камень, нібы што. Адзін раз Пярун як разыграўся і давай пыляць стрэламі ў гэты камень. Ад яго стрэлаў выскачылі тры яскаркі: белая, жоўтая і чырвоная. Упалі тыя яскаркі на ваду; з гэтага ўся вада скаламуцілася, і сьвет памуціўся, як хмары. Але па некаторым часе, як усё высьветлілася, дык адзначылася — дзе вада, дзе зямля”.

Кожная лазьня мела свайго міталягічнага гаспадара-апекуна. Паводле М.Нікіфароўскага, вялікага знаўцы крыўскай паганскай традыцыі, “лазьнік больш злосны за іншых сялібных нячысьцікаў і трываць ня можа гультаёў, а тым больш — нясвоечасовых наведнікаў, якіх палохае ненатуральным храпам, шыпеньнем, паймённымі заклікамі, віскам і інш. Рогат пужае запозьненых у лазьні жанчынаў, вымушаных уцякаць голымі. Ад тупаньня Лазьніка не ўратавацца і тым, хто задумаў бы мыцца ў лазьні пасьля паўночы: у іх ён кідае сьмецьцем, нават камянямі, а пры вострым выпадку можа нават загубіць парушальніка спакою”. Праўда, як сьведчыць Адам Багдановіч, ведаючы любоў Лазьніка да параньня і мыцьця, яго можна залагодзіць, пакінуўшы пасьля сябе венік і ваду з тым, каб і ён атрымаў звыклую асалоду.

* * *

Безумоўна, нельга зводзіць калясальную значнасьць лазьні толькі да ўзроўню этнаграфічна-фальклёрнага. Міталягема лазьні належным чынам папрацавала і ў нацыянальна-культурным будаўніцтве, хоць на яе практычна ніхто не зважаў.

Люд паспаліты больш вабяць рэчы кідкія, бліскучыя, кшталту крыжа Эўфрасіньні Полацкай, кароны Вітаўта ці дванаццаці залатых апосталаў радзівілаўскага Нясьвіжу, карацей — марноцьце, якое і ў лазьню ня возьмеш. Тады як сольлю жыцьця ёсьць зьявы простыя і нібыта звыклыя, як лазьня. Вось, да прыкладу, адвечныя спрэчкі вакол вытокаў беларускае нацыі: Палесьсе? Літва? Крыўя? Забыліся, забыліся, шаноўныя, на лазьню! Калі б узялі яе за доказ Ластоўскі ды Станкевіч, ніякія апанэнты супраць “Крывіцкай канцэпцыі” не брахалі б. Арэал расьсяленьня крывічоў амаль супадае з арэалам бытаваньня лазьні ў беларусаў. Міт пра стварэньне, што рэгулярна перажываўся ў лазьні ці то Брачыславам, ці то Ўсяславам Чарадзеем, выклікаў гэткія ж стваральныя ідэі.

У сымболіцы нацыянальнага Адраджэньня лазьня таксама знаходзіць сваё месца. Аповед “У лазьні” — пачатак Максіма Гарэцкага як Творцы. Сымбалічна, што твор гэты датаваны 31 сьнежня 1912 г. — Шчодрай Куцьцёй, апошняй кропкай паміж Старым і Новым годам. Для героя апавяданьня, выпускніка каморніцкай вучэльні Кліма Шамоўскага, лазьня не прадмет лірычнае настальгіі, наадварот — гэта своеасаблівы чысьцец, у якім летуценьні і сьветлыя памкненьні правяраюцца далёка не ідэальнымі рэаліямі: “Вачам стала горка ад дыму. Нагам было ёдка стаяць на гразнай, сьцюдзёнай зямлі. Галава ўдарылася аб шост. Жарыня была наверсе як у пекле. Ня можна было нічога разглядзець”. Пара выпетрывае ілюзіі. Дух лазьні празь цела гартуе душу. “Ляцела думка: “Мой родны край, люблю цябе бязь меры!” — і забавілася яна, не ўцякла”. Ачышчэньне, што нясе лазьня, даецца цяжка, з болем сумневаў, супярэчнасьцяў, якія віруюць у галаве, але яно — падстава для стваральнага аптымізму ў Новым Годзе.

“— Ці не захварэла твая галава, Клім, пасьля лазьні? — спытаўся бацька.

— Палепшае, — адказаў сын”.

* * *

Як бы ні карцела прыпісаць вынаходніцтва лазьні нашым продкам, дзеля справядлівасьці колькі словаў трэба сказаць і пра імпартовыя традыцыі.

Яшчэ ў Старажытнай Грэцыі лазьні былі звыклай зьявай. Яны былі часткай гімнасіяў (ад грэцк. gymnos — аголены), дзе эліны ўдасканальваліся фізычна й інтэлектуальна. Слугавалі лазьні чыста практычнай мэце — ачышчэньню цела пасьля фізычных практыкаваньняў ці працы. Купаньне ў гарачай вадзе лічылася шкодным, бо, на думку грэкаў, яно распавольвала цела, пазбаўляла яго моцы й трываласьці. Таму парную лазьню наведвалі пераважна людзі сталага веку, тады як моладзь гартавалася ў халадзёнцы. Асобныя — як прыватныя, так і дзяржаўныя — лазьні зьявіліся ў Атэнах ужо ў V-IV ст. да н.э. Аздабляліся й упрыгожваліся яны мінімальна, чаго ня скажаш пра славутыя рымскія тэрмы. Яны складаліся зь некалькіх аддзяленьняў: palaestra (спартовая заля), apodyterium (гардэроб), caldarium (гарачая лазьня), tepidarium (цёплая лазьня), frigidarium (халодная лазьня), natio (басэйн) і sudaterium (парылка). Апрача гэтага, у тэрмах былі пакоі для масажу, буфэты і нават бібліятэкі.

Самымі шыкоўнымі лічыліся імпэратарскія лазьні ў Рыме. Кожны валадар імкнуўся перасягнуць папярэдніка, будуючы замест лазьняў сапраўдныя палацы з мазаікай, росьпісамі ды скульптурамі найлепшых майстроў.

Распачаў гэтае спаборніцтва ў
І ст. да н.э. Марк Віспан Агрыпа, другая асоба ў Імпэрыі часоў Аўгуста. За тэрмамі Агрыпы зьявіліся тэрмы Гэрона на Марсавым полі, тэрмы Даміцыяна на Авэнтыйскім пагорку, тэрмы Траяна, Дыяклетыяна, Канстанціна... Плошча ўсіх тэрмаў Рыму разам перавышала 11 гектараў!

Чым далей ад суворай сьціпласьці і практычнай мэтазгоднасьці ў бок неабмежаванай раскошы зьмяняўся выгляд тэрмаў, тым глыбей у бязладзьдзе палітычнага хаосу падала Імпэрыя. Гэтую акалічнасьць адцеміў Сэнэка, які захапляўся пабытовай непераборлівасьцю даўніх герояў, што ўзьвялі Рым на вяршыню ягонай славы. Так, наведаўшы ў Літэрне вясковы маёнтак Сцыпіёна Афрыканскага, ён апісвае лазьню славутага палкаводца: “Бачыў і лазенку, цесную і цёмную па завядзёнцы старадаўніх, бо нашым продкам здавалася, што няма цяпла бязь цемрадзі. Але, сьвятыя Багі, як прыемна ўвайсьці ў гэтую цёмную лазьню пад простым дахам!”

Але і грэцкім, і рымскім лазьням не ставала нардычнага экстрыму, якім быў уражаны апостал Андрэй у часе сваіх бадзяньняў паміж Полацкам і Ноўгарадам. Вярнуўшыся ў Рым, Андрэй наводзіў жах на рымлянаў аповедам пра крывіцкую лазьню: “Бачыў лазьні драўляныя, і распаляць іх да чырвані, і распрануцца, і голыя будуць, і абліюцца квасам…, і ледзьве вылезуць, паўжывыя, абліюцца вадой сьцюдзёнай, і толькі так аджываюць. І твораць гэта штодня, нікім не катаваныя, але самі сябе катуюць, і гэткім чынам мыюць сябе, а не катуюць”.

А ў “Гісторыі Лівоніі” Дзіянісія Фабрыцыюса ХІІІ ст. расказваецца пра тое, як папскі пасол, накіраваны ў Ніжняе Падзьвіньне, угледзеў у мясцовым кляштары працэс “утаймаваньня цела” з дапамогай венікаў, пары і халоднай вады. Нунцый гэтак расчуліўся, што склаў у Рым цыдулку пра духоўны подзьвіг тутэйшых манахаў, а ўсьцешаны Папа адшпіліў неслабы грант на ўтрыманьне кляштару. Ня дзіўна, што і хрысьціянскае пекла мае выгляд лазьні, толькі зь невыносным тэрмальным рэжымам і смуродам серы замест водару бярозавага ці дубовага лісьця, настоенага на квасе або піве.

У лазьні няма супрацьпастаўленьня цела й душы. І нават простая вясковая кабета ведае пра гэтую акалічнасьць. “Папарышся, костачкі пагрэеш свае, мо й на душы палягчэе крыху табе. Ідзі, ідзі, сынок”, — выпраўляе ў лазьню Кліма Шыманоўскага маці.

* * *

Беларуская лазьневая традыцыя адрозьніваецца ад расейскай. Скрайнасьць маскоўскай памывачнай працэдуры — п’янка. Народны ўзровень гэтай традыцыі на ўсю краіну рэклямуе Міша Еўдакімаў — з “красной-красной мордой”, у якога пасьля бані пад “раздачу” трапляе ўся вёска. “Інтэлігенцкі” ўзровень — паказаў Э.Разанаў у фільме “С легким паром”. Герой разам зь сябрамі напярэдадні Новага году “даганяецца” ў лазьні гарэлкай зь півам да поўнае згубы самакантролю і памяці.

Зрэшты, ляд зь імі ўсімі. Кожны выбірае камфорт па сваім гусьце. І хай сабе нехта ідзе ў баню, я ж, прычакаўшы суботы, вытаплю простую вясковую лазеньку. Бо пасьля лазьні сьпявае цела, а душа пасьміхаецца Небу. І Неба пасьміхаецца ў адказ.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0