Курапаты

 

Або захаваем, або...

Грамадзкасьць супраць “Белгіпрадору”
і “Камкону” ў Курапатах і Старым Менску

Найважнейшай падзеяй тыдня стала барацьба за Курапаты. Сталічную кальцавую дарогу рэканструююць. Каб ашчадзіць капейку, “Белгіпрадор” пашырае яе і ў бок тае часткі курапацкага лесу, у якой у савецкі час стралялі людзей.

Шаша мае прайсьці проста над крыжамі. Будаўніцтва зьбіраюцца скончыць налета. Нібыта спэцыяльна, у прадчуваньні пратэстаў, дарожнікаў прывезьлі з Магілёўшчыны — такіх, якія пра нэкропаль і ня чулі.

Бунт узьняўся стыхійна. Спачатку нехта, выпадкова пабачыўшы, як сякуць дрэвы ва ўрочышчы, пачаў сарамаціць будаўнікоў за іх дзікунства. Вестка паляцела па Менску, і актывісты “Мартыралёгу”, “Эўрапейскага шляху” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскае Партыі пачалі вешаць на шляху бульдозэраў крыжыкі і абразы. А калі і гэтае не дапамагло, дык маладафронтаўцы паставілі намёт, каб дзяжурыць на сьвежым ля-дзе днём і ўночы.

Будаўнічая праца перапыніліся, але ніхто не ўспрымае гэтага як канчатковую перамогу. Колькасьць абаронцаў Курапатаў расьце. Шмат людзей, як ніколі, зьбіраецца тамака на традыцыйныя восеньскія талокі. Прыхо-дзяць ня толькі тыя, чые родныя ляжаць невядома дзе, невядома кім забітыя. Устаюць новыя крыжы.

38 навукоўцаў, культурнікаў, палітыкаў, прафбосаў падпісалі заяву пра стварэньне грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”. Небясьпека зьяднала.

Фронт змаганьня пасьля прэзыдэнцкіх выбараў з палітычнага поля перамясьціўся ў гістарычнае і сьветапогляднае. У гэтай барацьбе незалежнае грамадзтва адчувае сябе ўпэўнена: тут ня трэба змагацца не за свайго кандыдата, шукаць угоды з тымі, з кім паразумецца цяжка, ня трэба чакаць падказак з захаду і ўсходу. Тут ня можа быць кампрамісу, бо Курапаты можна або захаваць, або згубіць. Як і беларускую мову, нацыянальную адукацыю, архітэктурныя помнікі, уменьне культурна жыць.

Бясспрэчна: дзе дзяржава не дае рады, там мусяць дбаць самі людзі.

Руйнаваньне “дому мастакоў” на Дзімітрава і бульдозэрная атака на Курапаты зноў выявілі слабасьць беларускае дзяржавы. Прыватныя інтарэсы магутных фірмаў — “Камкону” на Дзімітрава і “Белгіпрадору” ў Курапатах — увайшлі ў супярэчнасьць з грамадзкімі. І што ж дзяржава, якая мусіць у такіх сытуацыях адстойваць інтарэсы грамадзтва? Нічога ня хоча рабіць. Пара чыноўнікаў — абыякавых або проста падкупленых — падмахваюць паперы, і капіталісты, дзяржаўныя і прыватныя, зарабляюць грошы. Што ім людзкія косткі, што ім гісторыя...

Цяпер шмат гавораць пра прыход расейскага капіталу (за плячыма якога стаіць яшчэ мацнейшы заходні, як у выпадку тае ж “Балтыкі”, што належыць швэдзкім броварам). Гэтая пэрспэктыва палохае не сама сабою. Дзяржава, якая мае кантраляваць новых уласьнікаў, у Беларусі пакуль слабая. Яе кволасьць праяўляецца ў вечнай глухаце да голасу грамадзкасьці.

Андрэй Дынько

 

Дакумэнт

Заява грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”

Пры канцы 80-х народу Беларусі адкрылася жудасная праўда аб масавых рэпрэсіях сталінскага рэжыму. Стала вядомым і адно зь месцаў масавых расстрэлаў і пахаваньняў ахвяраў – урочышча Курапаты. Назва як сымбаль памяці й болю аб бязьвінна забітых, бясьследна зьніклых.

Дзякуючы намаганьням грамадзкасьці, дасьледаваньням і публікацыі Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва, раскопкам археолягаў стала вядома, што ў 30–40-х гадах мінулага стагодзьдзя тут былі расстраляныя дзясяткі, а магчыма, сотні тысяч чалавек. Іх парэшткі ляжаць у сотнях курапацкіх магілаў. У 1988–89 г. дзяржаўная камісія на чале з генэральным пракурорам Тарнаўскім пацьвердзіла, што ў Курапатах бязьвінныя людзі былі зьнішчаныя НКВД. Таму ў 1993 г. урочышча было занесенае ў дзяржаўны рэестар гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі як “Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій у 30–40 гады ХХ ст.” Курапатам быў нададзены статус першай катэгорыі гістарычна-культурных каштоўнасьцяў. Так, дзякуючы народнай волі, Курапаты сталіся Нацыянальным нэкропалем – адной з галоўных памятных мясьцінаў нашага народу.

На жаль, былі і ёсьць у Беларусі сілы, якія хацелі б абвергнуць гэтую праўду, абяліць сталінскі рэжым і яго злачынствы. Яны спрабавалі даказаць, што ў Курапатах знаходзяцца рэшткі ахвяраў фашыстоўскага рэжыму. Створаная іх намаганьнямі чарговая камісія правяла ў 1998–99 г. новае сьледзтва. Аднак вынікі яго засакрэчаныя дагэтуль. Ці не таму, што яны не адпавядаюць заказной вэрсіі?

Сёньня зноў узьнікла небясьпека страціць наш Нацыянальны нэкропаль – Курапаты. Распачатае пашырэньне менскай кальцавой дарогі, якая можа знішчыць магілы бязьвінна забітых. Будаўніцтва ў раёне Курапатаў пачалося раней заплянаванага тэрміну (работы плянаваліся на 2003–2005 г.), без усялякага грамадзкага абмеркаваньня прапанаванага варыянту рэканструкцыі. Будаўнікі ігнаруюць неабходны ў такім выпадку нагляд з боку спэцыялістаў і археолягаў Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і нават элемэнтарную тэхніку бясьпекі. Земляныя работы вядуцца вельмі пасьпешліва, практычна без чарцяжоў на рабочай стадыі і без праекту арганізацыі будаўнічых работ. У выніку пачатай будоўлі была закранутая паляна перад Крыжом Пакуты, якая не павінна, паводле папярэдняга праекту, быць уключаная ў зону будаўніцтва дарогі.

Каб не дапусьціць руйнаваньня могілак, на шляху бульдозэраў сталі хлопцы і дзяўчаты з “Маладога фронту”, “Эўрапейскага шляху” і іншых моладзевых арганізацыяў.

Дзеля вырашэньня гэтага канфлікту, дзеля абуджэньня народнай маральнай энэргіі ў абароне Нацыянальнага нэкропалю мы, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў, палітычных партыяў, прафсаюзаў, навукоўцаў, інтэлігенцыі, аб’ядналіся ў грамадзкую ініцыятыву “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”.

Мы патрабуем:

Тэрмінова спыніць будаўніцтва дарогі ў раёне Курапатаў.

Правесьці дадатковыя археалягічныя дасьледаваньні ў прыдарожнай зоне.

Пачаць неадкладны публічны дыялёг адказных дзяржаўных структураў з прадстаўнікамі грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”.

Рассакрэціць і абнародаваць вынікі сьледзтва ў Курапатах, праведзенага вайсковай пракуратурай у 1998–99 г.

У адпаведнасьці са статусам помніка, неабходна ўключыць у праект агароджу ўсяго ўрочышча Курапаты, добраўпарадкаваньне яго тэрыторыі і стварыць належную ахову.

Пасьля высьвятленьня сытуацыі мы складзем плян доўгатэрміновай працы дзеля ўратаваньня Курапатаў, дзеля прыцягненьня ўвагі ўсіх жыхароў Беларусі да асэнсаваньня таго, што адбылося з нашым народам у ХХ ст., каб такое больш ніколі не паўтарылася. Будзем памятаць – значыць, не паўторым.

Грамадзкая ініцыятыва “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” лічыць сваім сьвятым абавязкам абарону ад пагрозы зьнішчэньня і руйнаваньня ня толькі курапацкага Нацыянальнага нэкропалю, але і ўсіх помнікаў і мэмарыялаў нашай краіны.

Тацяна Алесіна, Ларыса Андросік, Уладзімер Арлоў, Вацлаў Арэшка, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Генадзь Быкаў, Леанід Ваўчок, Алесь Бяляцкі, Артур Вольскі, Вінцук Вячорка, Уладзімер Ганчарык, Радзім Гарэцкі, Ніл Гілевіч, Сяргей Грахоўскі, Якаў Гутман, Ірына Жыхар, Аляксей Кароль, Мая Кляшторная, Валеры Крыленка, Жанна Літвіна, Аляксей Літвін, Леанід Лыч, Уладзімер Мамонька, Аляксей Марачкін, Сяргей Мацкевіч, Анатоль Паўлаў, Павел Севярынец, Віталь Супрановіч, Алег Трусаў, Валянціна Трыгубовіч, Аляксей Фралоў, Яўген Церахаў, Аляксандар Шалайка, Карлас Шэрман, Станіслаў Шушкевіч

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0