Лісты ў рэдакцыю

 

Нас усіх “кінулі”

Пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў на вуліцы Менску павінен быў выйсьці незадаволены народ. Загадзя былі распаўсюджаныя ўлёткі ды налепкі з заклікам прыходзіць на Кастрычніцкую плошчу да Палацу Прафсаюзаў увечары ў нядзелю. Па некаторых FM-радыёстанцыях ды ў незалежных газэтах перадавалі заклік падтрымаць Ганчарыка.

 

Штаб Ганчарыка складаўся прыкладна з 400 чалавек. Але дзе яны ўсе былі 9 верасьня? Зьніклі, як зьнікаюць пацукі з карабля, які патанае. Яны – “кінулі”! “Кінулі” ня толькі “адзінавыбранага”, “кінулі” ўвесь беларускі народ, які чакаў зьменаў да лепшага апошнія сем гадоў. Каля 11-й вечара на плошчы сабралася зь пяць тысячаў чалавек. А дзе ж астатнія мільёны, якія хочуць добра жыць, але баяцца для гэтага нешта зрабіць? Могуць толькі сядзець на кухні ды за шклянкай гарэлкі распавядаць, як ім дрэнна ці скардзіцца замежнай прэсе на парушэньні правоў чалавека і свабоды слова. Замест таго, каб нешта рабіць, яны марылі, што ЗША ці Нямеччына прыйдуць бараніць нашую свабоду. Тым пяці тысячам, якія стаялі на холадзе і пад дажджом, быў патрэбны сапраўдны кіраўнік, на сто адсоткаў адданы справе, які павёў бы народ да канца, да перамогі. А што атрымалася? “Адзінавыбраны” выйшаў на прыступкі, прамямліў, што вынікі выбараў сфальсыфікаваныя і што ён будзе скардзіцца ў Цэнтравыбаркам. Пасьля спн.Палевікова сказала, каб людзі ішлі па хатах.

Наагул, факты сьведчаць, што Ганчарык не рыхтаваўся да доўгага супраціву. Ён загадзя не дамовіўся з адмінстрацыяй Палацу Прафсаюзаў, каб туды пусьцілі людзей. Становішча выратавалі “краёўцы”, якія адціснулі “ціхароў” і занялі будынак. Пасьля гэтага “адзінавыбраны” зладзіў невялікую прэс-канфэрэнцыю й некуды зьехаў – казалі, пайшоў спаць. Спаць, нягледзячы на тое, што да яго на падтрымку прыйшла моладзь.

У руках “адзінавыбранага” 9 верасьня быў шанец, які даецца палітыку раз у жыцьці. Ганчарык ня здолеў выкарыстаць яго, і гэта пазначае паразу ня толькі Ганчарыка і дэмакратаў “новай хвалі”, але й паразу нашага народу. Ганчарык і астатнія проста сыдуць, а народ застанецца. Наступны шанец, магчыма, будзе толькі празь пяць год. Ці зьявіцца да таго часу сапраўдны лідэр, які пой-дзе да канца?

Анатоль Васілеўскі, Менск

 

Усе ў Беларускі Агул!

Выбары павінны працьверазіць нашых палітыкаў. Мо цяпер яны зразумеюць, што трэба зьмяніць тактыку. Перамагае той, хто вельмі хоча перамагчы. А наколькі мы хацелі перамогі? І якой перамогі?

 

Адной з галоўных памылак было тое, што апазыцыя была ў асноўным супраць кагосьці, а не за штосьці. Таму мы павінны вызначыцца: хто мы, колькі нас, якую дзяржаву жадаем пабудаваць.

Па-першае, трэба ведаць, колькі ў нас тых, хто хацеў бы жыць у сапраўднай беларускай дзяржаве. Думаю, гэтая лічба складае недзе 20%. Уявіце сабе – кожны дзясяты жыхар вашага дому, кварталу ці вёскі таксама, як і вы, жадае быць беларусам. Але мы ня ведаем адзін аднаго. Трэба зарганізавацца, стварыць як бы сваю аўтаномію, адкрытую для ўсіх. У яе ўвойдуць усе беларускія (менавіта зь беларускай мовай і культурай) аб’яднаньні розных напрамкаў: палітычныя, культурніцкія, спартовыя, эканамічныя і г.д. Прапаную назоў аб’яднаньня – “Беларускі Агул”.

Калі нас мільён ці два, чаму тады беларускія газэты і кнігі выходзяць такім маленькім накладам? Чаму мала беларускамоўных храмаў? У нас многа беларускіх выкладчыкаў і студэнтаў, але няма ніводнай беларускамоўнай ВНУ (а расейкамоўныя недзяржаўныя працуюць, і нічога). Трэба ўжо зразумець, што дзяржава для беларусаў ня робіць амаль нічога, таму мы павінны ўсё рабіць самі.

Структура аб’яднаньня павінна пачынацца зьнізу. Нізавая адзінка – гэта грамада. Яна ўключае ў сябе двор альбо квартал у горадзе й вёску альбо сельсавет у раёне. Кожная грамада ладзіць сходы, дзе вырашае, што рабіць ёй і якія парады даць вярхоўным структурам. Таксама выбіраюць дэлегатаў у гарадзкія і рэспубліканскія рады.

Адна з асноўных задачаў – выхаваньне моладзі. Трэба адчыніць свае вячэрнія школкі, куды б дзеткі прыходзілі хоць раз на тыдзень, слухалі пра гісторыю, культуру і традыцыі Беларусі, вывучалі мову і літаратуру. Таксама (хоць раз на тыдзень) варта праводзіць спартовыя заняткі, дзе б дзеці знаёміліся, загартоўваліся фізычна ды выхоўваліся ў духу спаборніцтва.

Наагул рабіць можна многа чаго, усяго й не напішаш.

Алег Лучына, Менск

 

Нездаровы беларускі эгаізм

Апазыцыі, як дрэннаму студэнту, не хапіла часу падрыхтавацца да выбараў. А ўсё таму, што палітыка – гэта прафэсія. Нельга, каб адзін чалавек, лідэр, меў адначасова некалькі пасадаў.

 

Падрыхтоўкі да выбараў не было, была імітацыя. Спачатку барацьбу за прэзыдэнцтва аддалі намэнклятуры – “пяцёрцы”. Падманулі дэмакратычнага намэнклятуршчыка (С.Домаша). В.Лявонаў, які заварыў усю кашу, разьлічваў на свае старыя сувязі, але зрабіў памылку. Начальнік у “вэртыкалі” Лукашэнкі ня будзе ахвяраваць нават самым малым – гэта ж відаць няўзброеным вокам.

Я працаваў у штабе Ў.Ганчарыка: большага хаосу і тлуму за апошнія 12 гадоў я ня бачыў. В.Лявонаў фактычна не захацеў праводзіць цяжкую, нармальную выбарчую кампанію, бо вырашыў “перахапіць” адміністрацыйны рэсурс у Лукашэнкі. Гэта – стратэгічная памылка.

Вось і прайгралі.

Надзея: большасьць моладзі мае здаровы сэнс і жадае пераменаў. Трэба працаваць зь ёй.

Выйсьце: поўная, 100-працэнтная, ратацыя лідэраў апазыцыі.

Пераарыентацыя на шырокую асьветніцкую працу для моладзі і культурніцкую працу сярод грамадзян, на пашырэньне прававых ведаў. Наступныя два гады адмовіцца ад палітычных акцыяў.

Дрэва ўжо вырасла, але да яблыкаў яшчэ доўга... Не зламаць бы дрэва.

Вітаўт Невядомы, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0