З УСІХ СТАРОН

 

Больш Літва, чым Лібія

Роля Амэрыкі ў Беларусі апошнімі гадамі стала значная. Але, на жаль, неадназначная.

 

Яшчэ задоўга да прэзыдэнцкіх выбараў кіраўніца аднаго амэрыканскага прадстаўніцтва ўздыхнула ў скрусе: навошта мы сюды прыйшлі, болей шкоды нарабілі (са “сваёй дэмакратыяй”)... У гэтым уздыху няма праўды, ёсьць неразуменьне. Адзіная памылка амэрыканскае палітыкі ў Беларусі ў тым, што надумлялі нам то югаслаўскі, то нават нікарагуанскі варыянт, ігнаруючы той факт, што Беларусь — краіна свайго рэгіёну. Адно што крыху больш за Чэхію, Польшчу і Літву (дзе найноўшыя амэрыканскія схемы спрацавалі як трэба) калянізаваная. Але “крыху” ня лічыцца. Ёсьць прынцыпы дэмакратыі, якія гадуюцца на глебе незалежнасьці і нацыянальнай дзяржаўнасьці. Так было ва ўсіх, так мусіла быць і ў нас. Усё іншае прыводзіць да падмены паняткаў, паслабляе маральную большасьць грамадзтва, выклікае блытаніну і апатыю. Разглядаючы нас усё больш як Лібію, нашыя спрыяльнікі і вырабляюць з нас Лібію.

Варта пагаманіць з амэрыканскім кангрэсмэнам, каб зразумець, што бачаньне нашай краіны ў яго адэкватнае, што прынцыпы незалежнасьці і дэмакратыі — неадрыўныя. А варта сустрэцца з супрацоўнікамі “на месцах”, каб усё гэта паплыло, каб зьявіўся аднекуль гэты каляніяльны рудымэнт расейскае мовы (нібыта “даніна рэаліям”), цябе намаўляюць выдаваць апазыцыйную прэсу і гаварыць у апазыцыйным радыё па-расейску і графіці пісаць па-расейску (“Где Гончар?”), несучы тым самым раскол і дэмаралізацыю ў апазыцыйнае асяродзьдзе.

Адкуль гэта? Чаму ў Літве ў часы “Саюдзісу” і “Інтэрфронту” амэрыканская палітыка не чаплялася за расейскую мову? Там жа і сапраўды народ быў расколаты паводле моўнага прынцыпу. Многія патэнцыйныя дэмакраты па-літоўску не разумелі. Аднак не было там такога. Бо тады нічога б ня выйшла, не спрацавалі б амэрыканскія схемы выхаду з камунізму. Як у нас яны не спрацавалі на мінулых выбарах, аслабіўшы маральна нашу “адзіную” апазыцыю.

Самае амэрыканскае наша радыё — Свабода — чыя палітыка ажыцьцяўляецца непасрэдна з Вашынгтону — спрэс беларускае. Бо ў Вашынгтоне ясна, што дэмакратыя пачынаецца з усьведамленьня нацыянальных інтарэсаў, з мысьленьня маштабамі сваёй краіны і сваёй культуры, зь незалежнасьці. Беларусы што-небудзь могуць зьмяніць толькі ў сябе і ў сваім. А не на эўразійскай прасторы, дзе ім пяць тэлеканалаў забіваюць галаву постсавецкімі фантомамі, і не з чужой мовай у роце і ў галаве.

Не, гэта не задача амэрыканцаў — вучыць беларусаў мове. Задача — не накідаць расейшчыны. Мы разьбярэмся самі.

Няма беларуса, які б не разумеў па-беларуску. Але няма яшчэ беларуса, які б асацыяваў сябе з маштабамі сваёй краіны і тых задач, якія перад гэтай краінай стаяць. Таму нашы палітыкі больш любяць гаварыць пра “фактар Масквы”, а эмісары Амэрыкі разважаюць пра “рэаліі”, якія склаліся ў іхных менскіх офісах. Беларусь тут не разглядаецца як звычайная краіна свайго рэгіёну і свайго маштабу — як Чэхія, як Польшча, як Літва. Таму, урэшце, і вынікі палітычных кампаніяў у нас — не такія. Не нармальныя.

Гэта праўда, што Лукашэнка прадае зброю налева і направа, але гэта не падстава вырабляць зь Беларусі Нікарагуа ці Калюмбію. Мы — краіна свайго рэгіёну. І толькі ў разуменьні гэтага можа знайсьці сілы маральная большасьць нашага грамадзтва, якая спыніць урэшце той збройны гандаль.

Балесная амэрыканская трагедыя, што паклікала да жыцьця перагляд многіх аспэктаў палітыкі ЗША, у дачыненьні да Беларусі мусіла б прывесьці да канца гэтай раздвоенасьці. Адна незалежнасьць, адна дэмакратыя, адна Беларусь.

Сяргей Дубавец

 

Прытулак нямецкіх пэнсіянэраў

На мінулым тыдні, у часе свайго візыту ў Нямеччыну, Пуцін паабяцаў, што ў выпадку складанасьцяў з пастаўкамі нафты й газу з Блізкага Ўсходу, Расея гатовая павялічыць свае пастаўкі на Захад. “Падмацаваньне” будзе ісьці празь беларускую тэрыторыю.

 

Беларускае пытаньне падчас візыту Пуціна не абмяркоўвалася. Эўропа пасьля выбараў і ньюёрскіх тэрактаў, падобна, махнула на нас рукою.

Нават для найбліжэйшай да нас Нямеччыны Беларусь дагэтуль не Belarus, а Weissrussland. У афіцыйным даведніку Міністэрства замежных справаў Нямеччыны ёсьць асобны разьдзел пра нямецкія інтарэсы й палітыку нават на Мальце, але Беларусі для немцаў нібыта й няма — на ўсю кніжку тры згадкі.

Нядзіва, што інтарэсы Нямеччыны тутака будзе прадстаўляць дыплямат перадпэнсійнага веку. Новаму паслу ў Беларусі Вільгельму Фрыку, які на пачатку кастрычніка заменіць у Менску Горста Вінкельмана, праз тры гады будзе 65, і ягоная дзяржаўная служба аўтаматычна скончыцца. Нямецкія аналітыкі, якія гутарылі зь Вільгельмам Фрыкам, кажуць, што новы амбасадар Нямеччыны ў Беларусі дэманструе поўную пераемнасьць папярэдняй замежнапалітычнай лініі. Некаторыя называюць Фрыка асобай, блізкай да таксама ўжо не маладога Ганса-Георга Віка. У свой час тое самае казалі пра Горста Вінкельмана. Вік дамінаваў, і на яго тле нямецкая амбасада выглядала слабейшай.

Сяргей Рак

Вільгельм Фрык (нар.1939) мае юрыдычную адукацыю. Працаваў у МЗС Нямеччыны, па тры гады ў Румыніі і Польшчы, валодае румынскай і польскай мовамі. Прызначэньне на пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла ў Беларусі — найвышэйшы пункт ягонай кар’еры. Адначасова гэта апошняе ягонае прызначэньне.

Прадстаўнікі нямецкіх колаў, якія актыўна супрацоўнічаюць зь Беларусяй, сп.Фрыка характарызуюць як чалавека, які надзвычай добра разьбіраецца ў беларускай сытуацыі.

 

Таямнічы візыт

У Менск на мінулым тыдні прыяжджаў зь візытам лідэр непрызнанае Прыднястроўскае Рэспублікі Ігар Сьмірноў. Яго нечакана прыняў сам Лукашэнка. Ніколі і нідзе раней Сьмірнова не прымалі на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Кішынэўская прэса адразу ж ахарактарызавала ўчынак А.Лукашэнкі як эксцэнтрычны і недружалюбны. Калі сустрэча ня мела міратворчых мэтаў і не была загадзя ўзгодненая з уладамі Малдовы, гэта можа прывесьці да пагаршэньня беларуска-малдаўскіх адносінаў, што ў сваю чаргу можа нэгатыўна адбіцца на аб’ёме выгаднага для Беларусі гандлю з Малдовай. Гэта тым больш дзіўна, што новы прэзыдэнт Малдовы шмат разоў дэкляраваў намер яшчэ палепшыць двухбаковыя стасункі.

Барыс Тумар

 

Той, хто наводзіць масты

Папа Рымскі Ян Павал ІІ наведаў Казахстан і Арменію. У Казахстан яго запрасіў прэзыдэнт краіны Нурсултан Назарбаеў. Прыезд быў прымеркаваны да 10-х угодкаў незалежнасьці краіны.

 

Перш-наперш Папа ўсклаў вянок да помніку ахвярам бальшавіцкіх рэпрэсіяў у Астане і заклікаў усіх хрысьціянаў “будаваць сьвет бяз гвалту”. У Казахстане невялікі адсотак каталікоў – збольшага зь ліку нашчадкаў рэпрэсаваных у 30—50-я “палякаў”, але сустракаць Яна Паўла ІІ сабралася звыш 50 тыс. чалавек. Былі пілігрымы з Томску, Краснаярску, Ташкенту. Яны запрашалі Яна Паўла ў свае гарады, а на найбольшым плякаце, які трымалі вернікі, было пытаньне: “Папа, калі ўжо ў Маскве?”

Расейская праваслаўная царква адмоўна рэагавала на візыт пантыфіка ў Казахстан. Маўляў, гэта можа распаліць міжрэлігійныя канфлікты. Кіраўніцтва ж праваслаўнай япархіі Казахстану палічыла, што нічога заганнага ў візыце Папы няма.

Прыезд Яна Паўла даў дадатковыя палітычныя балы Назарбаеву, якога раз-пораз вінавацяць у аўтарытарызьме.

Пасьля Казахстану Папа ўзяў удзел у сьвяткаваньні 1700-годзьдзя Армянскай апостальскай царквы. Ян Павал ІІ наведаў Цыцарнакабэрд — мэмарыял памяці ахвяраў турэцкай разьні 1915 г. Ён прывёз у падарунак арыгінал ліста папы Бэнэдыкта XV турэцкаму султану з заклікам перапыніць генацыд армянаў. Расчулены Шарль Азнавур, што прысутнічаў на ўрачыстасьці, выканаў “Авэ Марыю”. Расея не пратэставала супраць візыту пантыфіка ў Арменію. Арменія — ня вотчына РПЦ, але Алексій ІІ дэманстратыўна наведаў Ерэван за пару дзён да папы, і спадзяваньні на сустрэчу Папы і патрыярха выявіліся марнымі.

Папа ўжо старэнькі. Яму цяжка перасоўвацца, і шлях да сьвятога армянскага месца пачатку хрысьціянства — Эчміядзіну, які трэба ісьці пешкі, ён праехаў машынай. Нягледзячы на старасьць і хваробы, ён вандруе па сьвеце, несучы радасьць вернікам.

“Пантыфік” у перакладзе з лаціны – той, хто наводзіць масты. І гэта ў Яна Паўла пасьпяхова атрымліваецца. Казахстан і Арменія сталі 127-й і 128-й краінамі, якія ён наведаў.

Беларусь пакуль скача пад дудку Масквы, і дазвол на прыезд пантыфіка пакуль залежыць ад волі Маскоўскае патрыярхіі. Шкада, бо візыт Яна Паўла ІІ паспрыяў бы выхаду краіны зь міжнароднае ізаляцыі. Ня кажучы ўжо пра імшы, якія Папа справіў бы па-беларуску на менскім і гарадзенскім пляцах.

Эдвард Людовіч

Мігранты пранікаюць
з Расеі

У Гомельскай вобласьці на мяжы з Украінай затрымалі 20 аўганскіх уцекачоў.

 

Аўганцы знаходзяцца пад арыштам у Гомелі, памежнікі высьвятляюць іхныя асобы і спраўджваюць, ці не ваяваў хто зь іх у Чачэніі, бо ў Беларусь аўганцы прыехалі з Расеі.

Сёлета затрымана 186 парушальнікаў мяжы — удвая больш, чым летась. Каля траціны іх — з Аўганістану. Злоўленых нелегальных мігрантаў найчасьцей высылаюць назад у Расею, але якая з таго карысьць, калі расейска-беларуская мяжа не кантралюецца і ўцекачы ізноў прыходзяць у Беларусь.

Язапат Змысла

Бэрлін
перафарбоўвае Браму

Бэрлінцы выбіраюць колер для слыннай Брандэнбурскай брамы. У часе ранейшых рэстаўрацыяў яе ўжо фарбавалі ў восем розных колераў. “Неўжыванымі” засталіся белы, шэры, колер вохры і натуральны колер пяшчаніка. Цяпер побач з брамай усталяваныя алебастравыя мадэлі адпаведных колераў са “скрынямі для галасаваньня”, у якія месьцічы кідаюць манэткі ў адзін фенік і гэткім чынам робяць свой выбар на карысьць таго ці іншага варыянту.

 

Замярзаюць людзі

У чацьвер у Маскве ад пераахалоджаньня памерлі тры чалавекі. “Хуткая дапамога” па іх прыехала, але запозна. Лік ахвяраў холаду за сёлета ў Маскве дасягнуў пяці чалавек. Што ж будзе ў маразы?

 

 

Гавал ачуняў

Нядаўна Вацлаву Гаўлу зрабілася дрэнна з сэрцам: у шпіталь яго прывезьлі проста з самалёта, на якім чэскі прэзыдэнт ляцеў у Італію. Жыцьцё Гаўлу выратаваў электрашок.

 

15 год забойцам Білазіра

Львоўскі суд даў забойцам вядомага ўкраінскага кампазытара Ігара Білазіра 12 і 15 гадоў турмы. Забілі Білазіра за тое, што запярэчыў двум падпітым наведнікам кавярні, якія патрабавалі ўключыць для іх расейскія блатныя песьні. Сям’і забітага злачынцы выплацяць 150 тысячаў грыўняў кампэнсацыі (гэта пад 25 тыс. даляраў).

Мicrosoft
па-ўкраінску

Праграмы кампаніі Мicrosoft перакладуць на ўкраінскую мову. Пра гэта паведаміў міністар асьветы й навукі Ўкраіны В.Крэмень.

 

Суседзі на арбіце

Палякі стварылі сваю касьмічную агенцыю. Найперш яна будзе займацца кантактамі з Эўрапейскай касьмічнай агенцыяй і навуковымі досьледамі.

Палякі хочуць на заробкі

Дарадчая фірма PricewaterhouseCoopers апублікавала інфармацыю пра тое, што 40% палякаў працаздольнага веку хацелі б працаваць і жыць за мяжой — перадусім у краінах ЭЗ (53% зь іх), найперш у Нямеччыне (25%).

Польскія сацыёлягі ставяць пад сумнеў гэтыя зьвесткі, спасылаючыся на вынікі апублікаванага ў Gazecie Wyborczej дасьледаваньня Omnibus Member crw, згодна зь якім 73,5% палякаў заявілі, што ня хочуць нікуды зьяжджаць ні ў якім выпадку. Спрэчка ж завялася таму, што польскі ўрад спрабуе дабіцца для палякаў права працаваць у краінах Эўразьвязу, а заходнія краіны Зьвязу, перадусім Нямеччына, баяцца гэткага наплыву працоўных рук і хацелі б заканадаўча абмежаваць права грамадзянаў новых удзльнікаў ЭЗ. Таму кажуць, што апытаньне PricewaterhouseCoopers было замоўленым, каб давесьці Брусэлю небясьпеку “польскае навалы”.

Кіргізы здаюцца

Пры канцы кастрычніка парлямэнт Кыргыстану зьбіраецца надаць расейскай мове роўныя з кіргіскай правы. Старшыня Сходу народных прадстаўнікоў Кыргыстану Алтай Барубаеў матывуе гэта патрэбай спыніць ад’езд расейскамоўнага насельніцтва з Кыргыстану.

C.Р.