З мабілай да магілы

Як вядома, выкарыстаньне мабільных тэлефонаў – досыць шкодны занятак. Сёлета ўвёсну я, як перакладчык, мусіў паехаць у Маскву, дзе нас у гатэлі сустракаў амфітрыён – 35-гадовы бразылец Сэрджыё, які 12 год пражыў у Расеі, чалавек дасьціпны й сьмяшлівы. Падыходзім да яго ў холе, а ён нам махнуў ляніва рукою, і далей як дурны ходзіць туды-сюды і сам з сабою размаўляе. Я быў ужо гатовы запісаць Сэрджыё ў вар’яты, але раптам убачыў у яго маленькі навушнік, ад якога ішоў дроцік да мабільніка на поясе. На дроціку – мікрафон.

 

Як выявілася, расейскія ўлады забаранілі браць у рукі сотавікі падчас кіраваньня аўтом. Вось апэратары і знайшлі такое выйсьце. Пытаюся ў Сэрджыё, чаму ж зараз, у гатэлі, ня ўзяць слухаўкі ў руку, зручней жа. А той: “Мабілы выпраменьваюць розную брыду, а я яе да сваёй галавы падносіць буду? Не, галава – самае галоўнае, што ёсьць у мужчыны. Безь яе жыць нельга”. “Дык і тут, унізе, таксама важны орган. Што ж за жыцьцё безь яго?” І тут бразылец, ні слова мне ня кажучы, падклікае аднаго зь беларускіх дэлегатаў – пажылага, зь сівізною мужчыну: “Таварыш, распавядзі маладому чалавеку, як можна жыць бяз гэтага. Я ж пакуль ня ведаю, а ў цябе такі-сякі досьвед, відаць, ужо ёсьць”.

Гэта сьмехам. А калі сур’ёзна, дык усе прылады, зь якімі сутыкаецца чалавек у будзённым жыцьці, у тым ліку сотавы тэлефон, бясьпечныя, з пункту гледжаньня электрамагнітнага поля ўжо на адлегласьці аднаго мэтру. Ясна, што размаўляць па тэлефоне, адстаўляючы яго на мэтар ад сябе нязручна, але калі ля вуха трымаць толькі слухаўку, спалучаную дротам з рэштай корпусу, то гэта зьмяншае апраменьваньне на 92%.

Калі ж вы карыстаецеся сотавым тэлефонам звычайным спосабам, простым доказам шкоднага ўзьдзеяньня ёсьць награваньне галавы ў месцы яе дотыку да апарату: тэмпэратура тутака будзе вышэйшая прыкладна на 2оС за суседнія зоны. З такімі моцнымі энэргетычнымі ўзьдзеяньнямі чалавек больш нідзе не сутыкаецца. Згодна са швэдзкімі і фінскімі дасьледаваньнямі, сотавік узьдзейнічае на цэнтральную нэрвовую сыстэму, прытупляе рэфлексы. Тое ж і з памяцьцю. Залетась у Швэцыі і Нарвэгіі дасьледавалі 12 тыс. карыстальнікаў мабільнікаў, дык 20% зь іх скардзіліся на галаўны боль, цяжкасьці з памяцьцю і канцэнтрацыяй. Гэта былі самыя актыўныя карыстальнікі. Залежнасьць паміж часам карыстаньня й зьменамі нэрвовай сыстэмы амаль даказаная, але гэта зусім ня значыць, што выкарыстаньне сотавага правакуе нейкія хваробы: зафіксаваныя зьявы могуць быць часовымі дый не выклікаюць цяжкіх наступстваў.

Эўразьвяз выдаткаваў на дасьледаваньне ўзьдзеяньня “мабілы” на здароўе 20 млн. эўра, столькі ж далі вытворцы тэлефонаў. Створаны адмысловы фонд, што будзе займацца такімі дасьледаваньнямі.

Ужо цяпер адмыслоўцы распрацавалі шэраг парадаў. Яны кажуць, што найбольш шкодна карыстацца сотавікам у правінцыі, на мяжы перадавальных магчымасьцяў, калі дзеля сувязі спажываецца максымум энэргіі, частка якой трапляе і да вашае галавы. Дзеля свайго здароўя паклапаціцеся таксама пра лепшую сувязь – устаньце, падыдзіце да акна, выйдзіце з машыны. Ня варта верыць у нейкія накладкі, што нібыта зьмяншаюць выпраменьваньне. Гэта лухта, бо прынесьці яны могуць толькі шкоду: пагаршаецца сувязь, і тэлефону даводзіцца ўзмацняць сыгнал, які зноў жа абрынаецца на вашую галаву.

Вялікая розьніца існуе і паміж рознымі мадэлямі. Лепш выбіраць тэлефон з антэнкай – усё ж далей ад галавы. Найлепш мець дзьвюхсыстэмны тэлефон, каб у месьце ён працаваў на частаце 1800 Мгц, а па-за местам на 900 Мгц. Чалавечая ж галава мае рэзанансавую частату 400 Мгц, гэта значыць хвалі такой самай даўжыні найбольш узьдзейнічаюць на мозг. Першыя “мабілы” працавалі на частаце 450 Мгц. Цяпер у местах найбольш пашыраныя сыстэмы, што працуюць на 1800 Мгц. Гэтыя тэлефоны патрабуюць менш магутнасьці, але для іх неабходная гусьцейшая сетка станцыяў.

Готліб Дымза