Менск бяз памяці

Сяргей Паўлоўскі

 

Дом №3 на вуліцы Дзімітрава ў Менску ўсё ж зьнесьлі. Даўно зьбіраліся, але ўсё нешта замінала. Пасьля публікацыі ў “НН” і праграмы “Вострая Брама” Радыё Свабода паўтара году таму ўсчаўся гоман у творчых асяродках, і разбурэньне дому было прыпыненае. За гэты час зьмяніліся абаронцы. Калі першапачаткова гаварылася, што на Дзімітрава, 3 у мастакоўскіх майстэрнях вяршылася найноўшая беларуская гісторыя, дык пасьля ўзгадалі, што будынак — колішняя сынагога.

Апошнім часам за дом змагаліся толькі габрэйскія арганізацыі. Яны й сапраўды нямала зрабілі, прынамсі, яшчэ да зьнішчэньня назвалі пайменна ўсіх разбуральнікаў. Аднак тая ранейшая ідэя згубілася. Што было на руку ініцыятарам зносу. Няхай, маўляў, габрэі змагаюцца, усё адно сынагогі тут ніхто аднаўляць ня будзе. Функцыянэры Саюзу мастакоў пагадзіліся на знос, бо ў новым будынку, які паўстане на гэтым месцы, ім паабяцалі некалькі кватэраў і майстэрняў. Верагодна, на дне іхных душаў варушыўся сумнеў — надта ж памятнае месца, але мэркантыльны плян перамог.

Дом на Дзімітрава, 3 — цалкам унікальнае для Менску месца. Нічога падобнага больш няма. Гэта ўся пасьляваенная беларушчына — яе сьлед. Нашая культура, наш дысэнт, нашая адраджэнская палітыка. І ўсё гэта — у абсалютна аўтэнтычным выглядзе. Да бясконца доўгага пераліку тых, хто тут перабываў, варта дадаць таямнічасьць першых падпольных вечарынаў і жарсьці першых сходак нацыянальнае апазыцыі. Магчыма, у нас ня вырабілася яшчэ здольнасьць глядзець на ўчорашнія падзеі як на гісторыю, але, вынішчаючы памяткі гэтых падзеяў, мы не пакідаем ім нават шанцу зрабіцца калі-небудзь гісторыяй.

Адна справа, калі пасьля знакамітага мастака застанецца ягоная раскошная майстэрня, на якую адразу накінуцца новыя прэтэндэнты і памяць растане ў паветры. І зусім іншая справа — цэлы стары дом, які складаўся з майстэрняў і празь які прайшло само наша кволае адраджэньне. У іншай краіне, зь ліку тых, якія мы называем цывілізаванымі, лёс такога дому быў бы перадвызначаны. Музэй найноўшай гісторыі і культуры. А тут... Памянялі музэй на некалькі кватэраў. Усё. Яшчэ адзін куток у цэнтры гораду стане бястварым і бяспамятным.

Музэю на Дзімітрава, 3 ня будзе ніколі. Плён пакаленьняў, якія прайшлі праз гэтае месца, пастаўлены пад сумнеў. А галоўны іхны плён — беларускае адраджэньне і беларуская незалежнасьць. Чаму так атрымалася? Стаміліся змагацца? Стаміліся верыць у гэты горад, у вартасьць уласных плёнаў, у нацыянальную будучыню, у Беларусь? Няма запалу, зь якім начамі рыхтавалі першыя выставы, прысьвечаныя Цётцы і Гусоўскаму, зь якім малявалі замкі? Ня выстаялі?

Ад нівэляванага Менску пакуль яшчэ ратуе сама Беларусь — мястэчкі, вёскі і тыя ж узьлескі з дарогай, асьветленай сонцам. У сталіцы за мінулае лета прапала самая старая вуліца — Замкавая, і вось цяпер зносіцца патэнцыйны музэй найноўшай культуры і гісторыі. На правінцыі зьяўляюцца новыя музэі, асяродкі ды краязнаўчыя ініцыятывы. Верагодна, дзейнічае закон захаваньня беларушчыны ў прыро-дз: тут адымаецца, там дадаецца.