Ня варта паэту перакладаць прозу

Гутарка зь Нілам Гілевічам напярэдадні ягонага 70-годзьдзя

 

“НН”: Што ў Вашым жыцьці Вы рабілі няправільна?

Ніл Гілевіч: Ня ведаю, які аспэкт майго жыцьця Вас цікавіць: побытавы, творчы, грамадзка-палітычны? Калі побытавы, то вельмі шкадую, што, вечна апантаны клопатамі творчымі й грамадзкімі, мала надаваў увагі родным і блізкім, асабліва маме й сваёй сям’і. Хоць і спакушае д’ябал да апраўданьня — маўляў: “затое, паглядзі, колькі напрацаваў, колькі пасьпеў зрабіць!”. Але застаўшыся ў думках сам-насам, мушу з болем і горыччу казаць: “Якая непапраўная, проста трагічная памылка!..” Гэтаксама шкадую, што не знаходзіў часу пабыць госьцем лесу ці гаю, поля ці лугу, возера ці рэчкі. Як рэдка выпадалі такія шчасьлівыя хвіліны! Але пра ўсё гэта я дастаткова поўна, мне здаецца, выспавядаўся ў вершах, паэмах. Для таго, хто дасьць сабе клопат прачытаць іх уважліва, адкрыюцца ўсе мае памылкі й грахі гэтага кшталту.

У творчым аспэкце… Ну, напрыклад, наўрад ці было правільным мне, паэту, займацца перакладам твораў прозы. “Перавярнуў” на беларускую мову таўшчэзны раман, дзьве аповесьці, некалькі дзясяткаў апавяданьняў і казак, а мог бы спакойна гэтага не рабіць, бо выдаткі працы й часу неапраўданыя. Іншая рэч — перастварэньне паэзіі: каля чатырохсот славянскіх паэтаў загаварылі пад маім пяром па-беларуску — і я пра тое не шкадую, тут ішло творчае спаборніцтва, па сутнасьці, вершы іншых я рабіў сваімі і таму ад уласнай паэзіі іх не адлучаю.

Што датычыць маёй пазыцыі ў грамадзка-палітычным жыцьці краіны — ня думаю, што мне трэба ў нечым дужа каяцца й крычаць “даруйце!”. У ідэалы, на якіх быў выхаваны зь дзяцінства, верыў шчыра, душою не крывіў і не спэкуляваў. Тым больш, што паперадзе ўсіх іншых ідэалаў праз усё сьвядомае жыцьцё бачылася мне Беларусь — шчасьлівая й велічная ў свабоднай стыхіі сваёй мовы, прыгожая ў акрасах сваёй культуры, сьвятая ў пакутах сваёй гістарычнай памяці. Ёй служыў, пра яе думаў — якую б ілюзорную падсьветку маім думам не даваў час.

“Няправільнага” было зроблена нямала. Але аднаго памылковага кроку, асабліва небясьпечнага для людзей творчых прафэсіяў, я не зрабіў: ня стаў “сакрэтным супрацоўнікам”, не пісаў і не рабіў вусных даносаў, паклёпніцкіх заяваў — ні ў КДБ, ні ў ЦК, ні ў абкам, ні ў гаркам і ні ў якія іншыя “камы”. Дорага мне каштавала гэтая незалежнасьць уласнай волі, гэтая неабцяражаранасьць душы ганебным грузам, але затое глядзеў і гляджу людзям у вочы спакойна.

“НН”: Тады іншае пытаньне. А што ў Вашым жыцьці вы рабілі слушна?

Н.Г.: Слушна (чым і ганаруся) усё жыцьцё супрацьстаяў трунарам і далакопам Беларусі, бараніў ад зьнявагі, зьдзеку і ўдушэньня нашу мову, змагаўся за яе права панаваць на зямлі, дзе ёй было суджана ў глыбіні вякоў прарасьці і, церпячы то лютыя маразы, то страшныя засухі, выжыць.

Слушна ўзяўся 13 гадоў таму за стварэньне Таварыства Беларускай Мовы, роля й значэньне якога ў нацыянальным адраджэньні Беларусі яшчэ будзе ацэненая. Калі б не ТБМ і ягоны першы старшыня, у Вярхоўным Савеце Беларусі ХІІ скліканьня не было б апазыцыі БНФ на чале зь Зянонам Пазьняком. Помню, як ужо надвячоркам да мяне зьвярнуліся разгубленыя сябры Сойму БНФ: “Ратуйце становішча! Сёньня апошні дзень рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, а ЦВК ня хоча рэгістраваць нашых адзінаццаць кандыдатураў, вылучаных гарадзкімі й раённымі суполкамі ТБМ!” Я зьвязаўся па “вяртушцы” са старшынём ЦВК і сказаў: “Не нарывайцеся на вялікі скандал. ТБМ мае права вылучаць кандыдатаў, гэта арганізацыя створаная са згоды ЦК КПБ і юрыдычна зацьверджаная Прэзыдыюмам Вярхоўнага Савету. Хто Вам даў права адмяўляць у рэгістрацыі?” — “Добра, зараз зарэгіструем”, — прарыпеў у адказ голас. І не бяда, што гэты факт ня ўзгадваюць у сваіх успамінах тыя ж былыя дэпутаты й актывісты БНФ: ён застаецца фактам.

Слушна дабіваўся прыняцьця “Закону аб мовах у БССР”, быў намесьнікам старшыні Камісіі па падрыхтоўцы гэтага Закону й кіраўніком рабочай групы па яго выпрацоўцы. Закон быў прыняты 26 студзеня 1990 г., і беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай у Беларусі (на жаль, усяго на пяць гадоў).

Слушна, як старшыня сталай камісіі ВС па адукацыі, культуры й захаваньні гістарычнай спадчыны, рабіў на сэсіях даклады аб законапраектах, надзвычай важных для адраджэньня нацыянальнай школы, культуры й гістарычнай памяці народу. У прыватнасьці, аб Сьцягу й Гербе Рэспублікі Беларусі і аб назьве сталіцы (дабіваўся, каб вярнулі “Менск”). Калі антыдэмакратычная й антыбеларуская бальшыня Вярхоўнага Савету апамяталася і ўзяла курс на рэванш, дэпутат ад вэтэранаў М.Качан зьвярнуўся да мяне зь дзіўнай просьбай: “Таварыш Гілевіч, толькі дзякуючы вам былі прынятыя гэтыя сьцяг і герб. Магія вашых прамоваў і ваш аўтарытэт зрабілі справу: мы паверылі вам і падтрымалі вас. Цяпер мы вырашылі паставіць пытаньне аб пераглядзе закону аб сьцягу й гербе і просім вас: не выступайце супраць”. Паабяцаць такое я, зразумела, ня мог, але тады “пытаньне аб пераглядзе” і ня ставілася. Я наўмысна падкрэсьліў словы “толькі дзякуючы вам”, бо нядаўна, 19 верасьня, адзначалася дзясятая гадавіна прыняцьця Закону аб Сьцягу й гербе, дык імя дакладчыка па гэтых пытаньнях нават не згадалі. Знаёмае, і я б сказаў, фэнамэнальнае беларускае самаедзтва!

“НН”: Як, па-Вашаму, будзе разьвівацца беларускі правапіс?

Н.Г.: Правапіс беларускае мовы — толькі адна з праблемаў, якія павінны хваляваць усіх неабыякавых да лёсу роднага слова грамадзянаў. Ёсьць і іншыя праблемы, усьведамленьне якіх нараджае ў душы вялікую трывогу. Праблема сынтаксысу: сапраўдны беларускі сынтаксыс і ў вуснай, і ў пісьмовай форме мы амаль забыліся, і самі гэтага не заўважаем. А ён жа — душа мовы! Як сказ ці фраза гучыць — ці па-беларуску, ці беларуская інтанацыя, мэлёдыя, музыка сказу — залежыць у першую чаргу ад сынтаксысу. Затым — праблема лексычная: у нашу мову па неабачлівасьці, а часьцей — па непісьменнасьці й наўмысна, заганяецца процьма небеларускіх словаў, і гэтая агідная мяшанка выдаецца за беларускую мову. Нарэшце, праблема артаэпіі: шмат хто беларускія словы вымаўляе не па-беларуску, на расейскі кшталт. Без уліку гэтых праблемаў замена аднаго правапісу на другі будзе мераю недастатковаю для таго, каб беларуская літаратурная мова сталася сапраўды беларускай. Трэба вяртацца да вытокаў, аднаўляць беларускі сынтаксыс і беларускую лексыку, у тым ліку тэрміналёгію. Гэта, паўтараю, мусіць быць зробленае незалежна ад таго, які ўсталюецца правапіс.

Дый з апошнім пытаньне больш складанае, чым здаецца. Трэба адрэгуляваць многія дзясяткі момантаў правапісу, а ня тры-чатыры-пяць, правесьці вялікую і крапатлівую навуковую працу, шырокае абмеркаваньне з удзелам спэцыялістаў — мовазнаўцаў, пісьменьнікаў, журналістаў, настаўнікаў. Але калі мы не даб’емся аднаўленьня Закону аб мовах 1990 г., нашыя спрэчкі пра правапіс будуць спрэчкамі наіўных і сьмешных дзівакоў. Трэба ўсе сілы мабілізаваць на выратаваньне мовы, на наданьне ёй належных грамадзянскіх правоў, на яе пашырэньне ў грамадзкім ужытку. Але хіба гэта можна рабіць ва ўмовах дыктатуры, у краіне, дзе татальны страх паралізуе жывую душу чалавечую? Значыць… а тое самае і значыць, пра што вы падумалі.

Запісала Сьвятлана Курс