Пра час і краіну

 

Эпоха Лу

Тое, што адбылося 9 верасьня, можна назваць па-рознаму: чарговая перамога тутэйшага кансэрватызму над нетутэйшым мадэрнізмам або — інфантылізму над прагматызмам і г.д. Але, як ні назаві, нельга абысьці ўвагай галоўнага каталізатара падзеяў — Лукашэнку. Пераходны пэрыяд, які зьвязвалі зь ягонай пэрсонай, можа стаць самастойнай эпохай у найноўшай беларускай гісторыі. Лукашэнка стварыў сыстэму панаваньня, якая ня можа зьмяніцца дэмакратычным шляхам. Беларусы — народ мірны, законапаслухмяны, і рэвалюцыяў тут не прадбачыцца, а што да войнаў, дык наш “генэралісімус” яшчэ не такі вар’ят, каб нападаць на суседзяў, губляючы “сінявокую” сініцу дзеля мройнага геапалітычнага жорава. Таму, пры пэўнай абачлівасьці, ягонае кіраваньне можа зацягнуцца. Правіў жа Франка 40 гадоў і зусім ня ў Афрыцы. Адсталі пры ім гішпанцы ў эканоміцы, але культура разьвівалася спраўна…

 

Можна прыгадаць і Піначэта, і Кадафі, і Кастра, але наш дыктатар мае свае нацыянальныя адметнасьці і гістарычныя задачы. Доўгі час здавалася, што прага ўлады і сындром пакрыўджанага савецкага імпэрца ў ягоным абліччы зьліты ў адно, але прыход Пуціна высьветліў, што Лукашэнка зьбіраўся ня столькі далучацца да Расеі, колькі далучаць яе да сябе, і калі крамлёўскія пэрспэктывы зачыніліся, ён пачаў тармазіць уцягваньне Беларусі ў Расею. Міжволі Лукашэнка вымушаны адасабляць і захоўваць краіну, хай і ў непрэзэнтабельным, “калгасным” выглядзе. Ягоная гістарычная роля зводзіцца да стварэньня штучных абставінаў для высьпяваньня беларускай нацыі. Лепшыя ўмовы, чым ізаляваная аўтарытарная дзяржава лукашэнкаўскага тыпу, для гартаваньня нацыянальных ідэяў і грамадзкай салідарнасьці ўявіць цяжка.

У бліжэйшы час мы будзем сьведкамі сур’ёзных “наездаў” на першага-беларускага з боку Масквы, якія пакажуць, наколькі Лукашэнка можа “трымаць удар”. Сьпісваць яго праз год-два, як робяць амэрыканскія ды расейскія аналітыкі, думаю, ня варта. Вялікая частка нашых суграмадзянаў, асабліва немаладых і бедных, не адступяцца ад свайго лідэра бадай ніколі. Лукашэнка для іх свой мэнтальна і духоўна, ён здольны надоўга забясьпечыць традыцыйныя патрэбы беларуса – “чарку”, “скварку” і “абы не было вайны”. Іншы ягоны ідэйны хаўрусьнік – “праваслаўна-савецкая” інтэлігенцыя, якая разумее і сумнеўнасьць эканамічных пэрспэктываў, і палітычныя хібы рэжыму, і нават ягоную амаральнасьць, але падтрымлівае Лукашэнку, бо ён вядзе правільную “славянскую” лінію. Гэтыя людзі з вышэйшай адукацыяй на поўным сур’ёзе разважаюць пра хцівасьць жыдамасонства, пра “зачыстку” постсавецкай тэрыторыі ад расейцаў, пра сусьветную змову супраць праваслаўя, пра замбаваньне Захадам даверлівых славянаў і г.д. Для іх усе праявы беларускага нацыянальнага жыцьця, што выходзяць за межы Багдановіч-Купала-“Песьняры”, ёсьць антырасейскімі падкопамі Захаду. Менавіта з гэтага кола прэзыдэнт рэкрутуе новыя кадры, многія зь якіх хутка губляюць ружовыя ідэалягічныя акуляры і працуюць хутчэй з-за страху, чым па перакананьнях.

Рэзэрв першага-беларускага пакуль ня вычарпаны, ягоныя здольнасьці да палітычнага выжываньня па заслугах яшчэ не ацэненыя. Сёньня з-за моцнага нэгатыўнага іміджу “калхозьніка” і “хама” мы ня можам успрымаць яго аб’ектыўна, а імкненьне хутчэй праскочыць “эпоху Лу”, робіць нас падобнымі на малых дзяцей, якія лічаць, што, каб стаць дарослымі, дастаткова надзець бацькаў брыль, запаліць ягоную цыгарэту і сувора нахмурыць бровы. Але гэтага мала. Трэба яшчэ стварыць свой уласны сьвет, больш трывалы і дасканалы за бацькаў, ці, прынамсі, навучыцца самастойна зарабляць на жыцьцё.

А “эпоха Лу” скончыцца тады, калі наш “бацька” перастане быць першым героем, калі асоба ягоная стане малацікавай як для прыхільнікаў, так і для апанэнтаў, калі мы зможам спакойна і абыякава сказаць: “А-а, гэта зноў той тэледзядзька… як ён змарнеў. Крутані лепш што-небудзь наша, свяжэйшае…”.

Ці можна гэта прысьпешыць? Ці трэба гэта прысьпешваць?

Гадуй – сваё, мацуй – сваё… і час твой прыйдзе.

Васіль Аўраменка, Магілёў

 

Краіна паламанага гадзіньніка

11 верасьня сьвет зьмяніўся. Вось так, раптам і назаўсёды. Глябальна. І не спатрэбілася ніякіх рэвалюцыяў, каб сапраўдная рэвалюцыя адбылася ў нашай сьвядомасьці. Усяго адна падзея ператварыла наш вузкі, абмежаваны – у каго шклянкай “Крыжачку”, а ў каго сёмай дысэртацыяй – сьвет у вялізны, пакуль незразумелы Сусьвет. Так пачалася будучыня...

 

А колькі тыдняў таму я, ні да чаго больш не прыдатны, спаў. Упершыню за апошнія 20 дзён можна было проста спаць і ні аб чым ня думаць. Звычайная, пасьляэкзамэнацыйная кандыцыя: быццам нічога не зьмянілася, быццам і не было ўчорашняга паступленьня ў БДУ.

Першы дзень дарослага жыцьця прайшоў у прымітыўных пошуках якой-небудзь справы. Пасьля 24-гадзіннага карпеньня над ксёнжкамі было неяк у навіну пляваць у столь. Хоць і да гэтага я прызвычаіўся. Але адчуваньне, што нічога не зьмянілася, што ўсё па-ранейшаму, засталося.

А 30 жніўня ўручалі студэнцкія. Высокіх, прыгожых словаў нагаварылі сьвет, толькі рэальны смак новага жыцьця так і не прыйшоў.

Нешта адваротнае здарылася 1 верасьня: адчувалася, што нешта новае і страшнае насамрэч адбылося. Глыбачэзнае пачуцьцё адчужэньня, пачуцьцё, што гэта ўсё ўжо даўно не маё, проста перапоўніла ўсяго мяне. Звычайная школьная лінейка... і ня тое, каб я пачуваў настаўнікаў роўнымі, а шкаляроў няроўнымі... я ўвогуле не пачуваў. Мы ўсе стаялі і глядзелі на самапахаваньне. Зрэшты, як гэта ні жахліва, да такога хутка прызвычайваешся. І зноў нічога новага. Ні мінулага, ні будучага. “Распалася сувязь часоў”... каб распачалася...

Яўген Буры, Барысаў

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0