Повілас Гаўчыс

Геалягічная экспэдыцыя ў Менск

Пасьля таго як Саветы акупавалі Літву і зьліквідавалі Міністэрства замежных справаў, я застаўся беспрацоўным. У мяне былі прывезеныя з Паўднёвай Амэрыкі рэдкія карціны, скульптуры ды іншыя прадметы мастацтва, а таксама вялікая калекцыя каляровых птушыных пудзілаў з Бразіліі. Падахвочаныя маім сябрам, мастаком Адомасам Гальдзікасам, мой дом пачалі наведваць і іншыя мастакі, цікаўныя паглядзець, што я прывёз прыгожага й каштоўнага. Такім чынам я пазнаёміўся з мастакамі Ю.Мікенасам, Л.Стройлам, В.Кайрукшцісам, А.Гудавічусам*, Ё.Шылейкам ды іншымі. Ю.Мікенас, дырэктар Віленскай мастацкай акадэміі, набіраў выкладчыкаў. Ён прапанаваў мне стаць ягоным сакратаром. Мяне вабіла жаданьне бліжэй пазнаёміцца з мастакамі і іхным жыцьцём, таму я ахвотна згадзіўся. У Акадэміі я прабыў да позьняй восені 1940-га.

Аднойчы, ідучы вуліцай Гедыміна, я нечакана спаткаў др.Чэславаса Пакуцкуса, свайго старога сябра, зь якім у студэнцкія гады ў Коўне пражыў у адной кватэры пару гадоў. Нашыя кантакты перарваліся, калі ён зьехаў вучыцца ў Нямеччыну, а я — у Францыю. Цяпер, сустрэўшыся праз столькі гадоў, мы пачалі распавядаць адзін адному, хто што перажыў за гэты час. Аказалася, што ён выкладаў ва Ўнівэрсытэце Вітаўта Вялікага геалёгію й палеанталёгію, а цяпер прызначаны начальнікам Літоўскай геалягічнай службы й шукае супрацоўнікаў. Даведаўшыся, што я працую ў Мастацкай Акадэміі, ён пачаў мяне ўгаворваць перайсьці да яго. “Кідай, — кажа, — тых багемных мастакоў. Пераходзь да мяне ў геалягічную службу, мне якраз патрэбны плянавік, будзеш маім намесьнікам, станеш атрымліваць удвая большы заробак. Калі мы маладымі ўжыліся, ужывемся і цяпер”.

Я адчуў патрэбу дапамагчы сябру арганізаваць новую, патрэбную й карысную Літве ўстанову. Геалягічная служба месьцілася на праспэкце Гедыміна, непадалёк ад Лукіскага пляцу. Ейны навуковы пэрсанал складалі былыя прафэсары Віленскага ўнівэрсытэту, палякі Пасэндорфэр, Галіцкі, Галіцка, Акалевіч, Штукоўскіс. Зь літоўцаў там рабілі дзьве юныя геалягіні: Ядвіга Рымшайтэ і Бірутэ Салдукене. Загадчыкам аддзелу тапаграфіі быў палкоўнік С.Крувяліс, красьляры — Она Станкайтытэ і Ляонас Жамкальніс, кіраўнік канцылярыі — Лёнгінас Дрангаўскас, скарбнік — Сакалаўскас (адначасова і парторг). Было яшчэ некалькі службоўцаў, але іхных прозьвішчаў я ўжо ня памятаю. З навуковым пэрсаналам даводзілася кантактаваць мала, бо яны збольшага выяжджалі на правінцыю з рознымі заданьнямі, а вярнуўшыся, здавалі Пакуцкасу справаздачы аб сваіх дасьледаваньнях. Зь іншымі супрацоўнікамі размаўлялі па-сяброўску, пазьбягаючы палітычных актуаліяў.

Раней гадавыя бюджэты літоўскіх міністэрстваў і іншых установаў плянавалі бухгальтары гэтых установаў, а зацьвярджалі кабінэт міністраў і Сойм. У Савецкім Саюзе ж была адмысловая ўстанова — Дзяржплян. У першы год акупацыі, відаць, савецкія парадкі яшчэ ўвесьці не пасьпелі. Бюджэт геалягічнай службы меўся сплянаваць адмысловы чыноўнік — плянавік. Гэта была вельмі адказная справа, бо калі б сродкаў не хапіла, і кіраўніка, і плянавіка маглі б абвінаваціць у сабатажы й абвясьціць шкоднікамі. Каб пазьбегнуць магчымых памылак і непрыемнасьцяў, трэ было пазнаёміцца з практыкаю плянаваньня ў геалягічных упраўленьнях іншых рэспублік. Найбліжэйшым для нас было Беларускае геалягічнае ўпраўленьне. Таму пастанавілі адправіць мяне туды на практыку.

Сьнежаньскай ноччу я прыехаў у Менск. Увайшоўшы ў вакзал, я зьдзівіўся, пабачыўшы, што на мармуровай падлозе ляжаць калгасьнікі ў сярмягах і паршнях. Асьцярожна перастаўляючы ногі паміж людзьмі, я азіраўся, мо дзе пабачу тэлефон. У Менску было чатыры гатэлі. На маё пытаньне паўсюль адказалі, што вольнага пакою ў іх няма. Трэ было чакаць раніцы на вакзале. У памяшканьні трэцяе клясы паводле нашай клясыфікацыі, а па-тамтэйшаму — “цьвёрдых лавак”, пасажыры спалі, выцягнуўшыся на падлозе. У залі другой клясы, а па-іхнаму — “мяккіх лавак”, ніхто ня мог спаць, вартаўнікі хадзілі туды-сюды і будзілі тых, хто задрэмле, кажучы, што тут спаць забаронена. Пасажыры маглі гуляць у шахматы, шашкі, чытаць альбо перагаворвацца. Мяне зьдзівіў кантраст: вонкавая раскоша памяшканьня — мармуровая падлога, ядвабныя фіранкі на вокнах — і жабрацкая вопратка пасажыраў. Нязвыклая начная бессань мяне стаміла. Я ўзрадаваўся, калі нарэшце надышла раніца. Празь вялікую даўку я прабіўся ў аўтобус і неўзабаве апынуўся перад дзьвярыма Беларускага геалягічнага ўпраўленьня. Прадставіўшыся начальніку, я сказаў яму, што ўсю ноч праседзеў бяз сну на вакзале, бо ня мог атрымаць пакою ў гатэлі. Той адразу патэлефанаваў і даў адрас гатэлю, у якім для мяне быў зарэзэрваваны пакой. Паспаўшы колькі гадзінаў, я вярнуўся ва ўпраўленьне.

Яно месьцілася ў вялізарнай залі, якая расьцягнулася на ўсю даўжыню й шырыню будынку. У ёй працавалі некалькі дзясяткаў службоўцаў. Два тыдні тамтэйшы плянавік штодня паказваў і тлумачыў мне справаздачы аб навуковых досьледах беларускай геалягічнай службы. Багацьці беларускай зямлі былі амаль такія самыя, як і ў Літве: торф, гліна, пясок, крэйда. Таму мне нескладана было вывучаць тэхналёгію падрыхтоўкі бюджэту на прыкладзе Беларускага геалягічнага ўпраўленьня.

Мой кіраўнік вельмі цікавіўся сытуацыяй у Літве і распытваў мяне пра тамтэйшае жыцьцё. Паводле майго выгляду й вопраткі ён вырашыў, што я прыбыў з заможнага краю. Яму было цікава, ці ёсьць у Літве ў крамах абутак, вопратка, прадукты харчаваньня, якія на іх цэны і ці свабодна можна іх набыць. Пачуўшы, што ў крамах поўна тавараў і іх можна купляць свабодна, ён сказаў мне, што доўга так ня будзе, што хутка ў Літве стане гэтаксама, як цяпер у Беларусі. Пабачыўшы іхнае жыцьцё, я мусіў з сумам пагадзіцца.

У перапынку на абед большасьць службоўцаў пад’ядала за сваім сталом, так рабіў і мой кіраўнік. Ён сказаў, што ў іх ёсьць невялічкая чайная, дзе можна што-небудзь зьесьці й выпіць гарбаты. Аднойчы я зайшоў у тую чайную і быў зьдзіўлены ейнай беднасьцю. Я пачаў разглядацца, каб выбраць чаго чысьцейшага, бо тыя закускі, якія там былі, апэтыту не выклікалі, і выбраў сухія абаранкі. У шклянку з гарбатаю ўкінуў два кавалачкі цукру, але не было лыжачкі, каб яго памяшаць. Мне параілі скарыстацца нажом. Больш я ў тую чайную не хадзіў.

Адну маленькую непрыемнасьць давялося мне перажыць са сваім футрам. У адным з куткоў вялікай залі стаяў раскідзісты стоўп зь вешакамі для вопраткі, бо асобнага гардэробу не было. Там я вешаў сваё чорнае, падбітае тканінаю футра. Аднаго разу, ідучы міма, я ўбачыў на ім нібы белую нітку. Праходзячы крыху пазьней, я заўважыў, што тая нітка нібы рухаецца. Зацікавіўшыся, я падышоў бліжэй і пабачыў, што гэта чарада вошай. Я пачырванеў ад сораму: што пра мяне падумаюць супрацоўнікі, убачыўшы на маім футры вошы? Ад часу вяртаньня з Расеі ў 1918 г., у Літве я вошай ня бачыў ні разу. Я хацеў быў скінуць тыя вошы з футра, але мне было сорамна, бо службоўцы маглі гэта заўважыць. Давялося чакаць да канца працоўнага дня. Вярнуўшыся ў гатэль, я паклаў футра на стол і старанна выбраў адтуль паразытаў. З тае пары я футра пакідаў на сваім крэсьле.

Па сканчэньні працоўнага дня я палуднаваў у рэстарацыі свайго гатэлю. Гатэль лічыўся другім у Менску паводле якасьці. Пакой у мяне быў чысты, з ложкам, столікам, крэслам, графінам і шклянкаю для вады, каб мыцца. Тэлефону не было. Радыё — у калідоры, адно для ўсіх. Хоць, здавалася, тут не было нічога, на што можна было б паквапіцца, аднак дзяжурная па паверсе, калі я выходзіў, павінна была выпісаць даведку, што я нічога не выношу з пакою, і бяз гэтай даведкі нельга было выйсьці з гатэлю.

Рэстарацыя ў гатэлі была прасторная, даволі чыстая, ежа досыць разнастайная й смачная. Граў духавы аркестар. Абед складаўся з трох страваў. Падчас яго я выпіваў пару шклянак піва. Аднаго разу ў рэстарацыю прыйшла пад’есьці група маладых афіцэраў. Сеўшы вакол стала, яны замовілі шампанскага. Выпіўшы віно, пачалі есьці суп. Тут паклікалі афіцыянта, і ўсе папрасілі прынесьці “сто грамаў”. Я пра такое ня чуў ніколі. Што б гэта магло быць? Той прынёс маленькія бутэлечкі з гарэлкаю, зь якіх наліў поўныя шклянкі. Дзіўна было, што тыя афіцэры елі й пілі, не здымаючы пальчатак. Да майго стала часта прысаджваліся па двое-трое прыежджых з правінцыі чыноўнікаў, і, бачачы, як афіцэры ядуць у пальчатках, зьедліва казалі: відаць, толькі што з Польшчы альбо з балтыйскіх краінаў прыбылі, там закупіліся, а цяпер выхваляюцца, бо ўпершыню надзелі скураныя пальчаткі. Зьдзіўляла, што я ня бачыў, каб у рэстарацыі елі жанчыны, і ня чуў, каб там размаўлялі па-беларуску.

Спачатку дзеля цікаўнасьці, а пасьля й каб пабавіцца, я колькі разоў заходзіў у найлепшую ў Менску гатэльную рэстарацыю. Яна сапраўды была вышэйшае клясы і лепш абсталяваная. Калі я ўпершыню пасьля абеду замовіў гарбаты, афіцыянтка (тут у рэстарацыі абслугоўваюць жанчыны) прынесла мне шклянку духмянага пітва. Выпіўшы, я папрасіў яшчэ. Даўно мне не траплялася такога смакоцьця. Я спытаўся, што гэта за гарбата. Аказалася, грузінская. На пытаньне, ці можна яе набыць, афіцыянтка адказала, што яна ёсьць ува ўсіх крамах. Але ў ніводнай краме грузінскай гарбаты ня толькі не было — прадаўшчыцы нават ня ведалі, што такая наагул бывае. Відаць, ёю маглі ласавацца толькі наведнікі найлепшага гатэлю.

Гаворачы пра крамы й ежу, трэба адзначыць, што ў тыя часы менскія крамы былі жабрацкія. У краме з вопраткаю дзіўна было бачыць прапахлыя даўніною і няўмела пашытыя жаночыя сукенкі, выбар быў вельмі слабы. У прадуктовых крамах бракавала мяса, рыбы зусім не было. У некаторых можна было набыць рыбныя кансэрвы ў бляшанках, дарагія і недаступныя простаму чалавеку. Нечакана ў адной пуставатай краме я пабачыў слоікі з марынаванымі баравікамі й вялікія бочкі з салёнымі грыбамі. Гэта была вялікая й прыемная неспадзяванка, бо ў Літве такія прысмакі бывалі толькі хатняга вырабу. Для мясцовага спажыўца яны былі задарагія, а я штодня набываў слоік і ласаваў грыбы разам з прывезенай з Коўна кілбасою й кумпяком. Тузін слоікаў я прывёз у Вільню.

Хоць Менск — старажытнае места Беларусі і яе сталіца, дзе жыве 300 000 чалавек, аднак ніякіх гістарычных помнікаў тут не захавалася, нават з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Да 1940 г. у ваколіцах Менску было колькі літоўскіх вёсак, у якіх жылі некалькі тысячаў чалавек, выходзіла літоўская газэта, а В.Капсукас і З.Ангарэціс выдавалі літоўскія кнігі. Аднак пасьля акупацыі Літвы ўся літоўская дзейнасьць у Беларусі спынілася, а саміх літоўцаў пачалі асыміляваць.

Усе каталіцкія бажніцы ў Менску былі зачыненыя, іхныя вежы зруйнаваныя, а ўсярэдзіне абсталяваныя розныя майстэрні, склады альбо гаражы. Адзіным культурным адхланьнем былі Опэра й драматычны тэатар. Палац Опэры, толькі што пабудаваны, быў даволі прасторны і ўтульны. Яго наведнікі — збольшага службоўцы альбо рабочыя зь сем’ямі. Кінулася ў вочы, што ўсе трымаліся прыгожа й годна, безь дзікунскага энтузіязму, як, скажам, на Захадзе, дзе пасьля кожнае арыі крычаць і пляскаюць у ладкі. Я паслухаў некалькі опэраў, пераважна расейскіх кампазытараў. Хоць Менскі опэрны тэатар ня меў вядомых салістаў, аднак ягоныя пастаноўкі былі высокага ўзроўню. Наведваў я і драматычны тэатар. Мяне дзівіла, што ў камуністычнай дзяржаве ставілі п’есы вядомага гішпанскага драматурга, манаха Лопэ дэ Вэгі, у той час як у каталіцкай Літве не было пастаўлена ніводнай ягонай п’есы.

Праз два тыдні, вывучыўшы мэтады геалягічнага плянаваньня, я вярнуўся ў Вільню.

* Паводле БСЭ — Л.-А. Строліс, Вітаўтас Кайрукшціс, А.-М. Гудайціс.

пераклаў зь літоўскай і падрыхтаваў да друку
Андранік Антанян


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0