З усёй краіны
Судзяцца за Чарнобыль
Яшчэ 125 французаў, што пакутуюць на рак і хваробы шчытавіцы, падалі ў суд супраць францускае дзяржавы, якая быццам не прыняла належных мераў перасьцярогі пасьля чарнобыльскае катастрофы, дэзінфармавала насельніцтва й адмовілася ад выкарыстаньня эўрапейскіх і нацыянальных нормаў бясьпекі ў часе аварыі. У Беларусі пакуль ніводзін такі пазоў ня быў прыняты да разгляду.
АГП рассыпаецца
Старшыня гомельскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Карніенка адмовіўся ўзначальваць гэтую структуру далей. На думку Карніенкі, АГП не прадэманстравала падчас выбараў належнай еднасьці і цьвёрдасьці. Кінуўшы АГП, Карніенка мае намер актыўна ўдзельнічаць у руху “Рэгіянальная Беларусь” на чале з Домашам.
Б.Т.
«Час прыбіраць»
Спыніла сваю працу Інтэрнэт-газэта “Хартыі’97” www.charter
97.org. Была ж яна другім па папулярнасьці інфармацыйным рэсурсам беларускага Нэту пасьля Белорусской Деловой Газеты. Алег Бябенін, рэдактар сайту, кажа, што цяпер няма магчымасьці падтрымліваць яго дзейнасьць надалей.
У Менску, магчыма, ірацкія войскі
Міністэрства абароны аспрэчвае зьвестку пра тое, што ў Вайсковай акадэміі Беларусі будуць вучыцца 20 ірацкіх афіцэраў супрацьпаветранай абароны. А журналіст БДГ Андрэй Махоўскі, які распаўсюдзіў гэтую інфармацыю, заяўляе, што назіраў ірацкіх афіцэраў у аэрапорце “Менск-2” асабіста. Паводле БДГ, спэцыялізавацца грамадзяне Іраку будуць на вывучэньні зэнітна-ракетнага комплексу С-300. Кошт навучаньня аднаго курсанта складае 2,5 тыс. даляраў у месяц.
Наркотыкі патаньнелі
Да канца 2001 г. колькасьць выяўленых наркаманаў у Беларусі складзе каля 7,5 тыс., аднак рэальная іх колькасьць можа быць большая разоў у 12. Беларускія паказчыкі ніжэйшыя за сярэднеэўрапейскія. Бальшыні наркаманаў менш за 30 гадоў. Пашырэньню наркотыкаў спрыяюць нізкія цэны на іх: калі ў 1997 г. цана аднаго грама гераіну ў Беларусі складала 120 даляраў, дык цяпер яна вагаецца каля 30 даляраў. Зьніжэньне цэнаў адбылося пасьля адкрыцьця мяжы з Расеяй.
Мірон жывы
Уранку 4 кастрычніка ў Лёзьне на 50-мэтровым маланкаадводзе гароднінасушыльнага заводу вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг. Адказнасьць на сябе ўзяў Мірон.
Маскву будуюць беларусы
Будаўнікі Магілёўшчыны атрымалі падрад на будаўніцтва ў Маскве 60 тыс. кв. м жытла. На час знаходжаньня там тысяча будаўнікоў атрымае часовую прапіску, інтэрнат, сацыяльныя гарантыі.
Паляваньне на катоў
У Горадні жыльлёва-эксплюатацыйныя службы заахвочваюць грамадзянаў да зьнішчэньня бадзяжных жывёлаў. За прынесены труп упаляванага ката, напрыклад, плацяць 200 рублёў, за сабаку — 400.
С.М.
Крадуць драты
У 2001 г. на Клімавіччыне зафіксавана пад 90 крадзяжоў дроту зь лініяў электраперадач. Гэта абсалютны рэкорд у Беларусі. Некалькі пунктаў па скупцы медзі і алюміню, што месьцяцца ў гаражах, хлявах, нежылых дамах, а то й проста ў кватэрах, бесьперапынна працуюць нават уначы. Мэтал вывозяць у суседнюю Расею.
Андрэй Кузьмін, Крычаў
Вуліцы стануць бэтонныя
У Менску замест асфальту на вуліцах будуць класьці бэтон. Дзеля гэтага давядзецца будаваць новы завод, але выгада відавочная: калі асфальт трэба мяняць праз кожныя 4—5 гадоў, дык бэтон вытрымлівае 20 год.
Цэны на малако, сьмятану, мясныя кансэрвы, бульбу, гародніну, вопратку і абутак для дзяцей, паслугі пральні і хімчысткі зараз будуць свабодныя. Абмежаваньні засталіся толькі на хлеб, масла, ялавічыну, сьвініну, соль, цукар, запалкі й рамонт абутку.
Дэфіцыт бюджэту краіны сёлета склаў каля 70 млн. даляраў. Гэта няшмат. Дзяржава кампэнсуе дэфіцыт пазыкамі. Як паведамляе Міністэрства статыстыкі, Беларусь у гэтым годзе прадала за мяжу больш калійных угнаеньняў, аўтамабіляў, тэлевізараў, лядоўняў, гадзіньнікаў і лёну, чым летась. Аднак зьменшыўся экспарт бэнзыну, хімічных тканінаў і матацыклаў.
Упершыню за 7 апошніх гадоў Беларусь атрымае крэдыт ад Сусьветнага банку — 22,6 млн. даляраў на пераабсталяваньне сыстэмы ацяпленьня і зьберажэньня цяпла ў шпіталях, дамах-інтэрнатах і школах, якія спажываюць зашмат электрычнасьці. Вяртаць пазыку будзем цягам 12 гадоў.
На 5% падаражэў тэлефон. Цяпер для насельніцтва хвіліна размовы ў межах гораду каштуе 2,8 руб., па вобласці — 8,25, па краіне – 16,5. Крыху большыя тарыфы для арганізацыяў, якіх, да таго ж, пазбавілі льготных 60 хвілінаў бясплатных тэлефонных перамоў у месяц.
Толькі 100 000 беларусаў (1% ад усіх жыхароў краіны) працуюць у Сеціве. Гэта найменшы працэнт у Эўропе. Горшыя за нас толькі альбанцы. Патлумачыць такую зьяву можна высознымі цэнамі на сувязь, якія перавышаюць рэальныя выдаткі ажно на 700%. Гэткім чынам “Белтэлекам” зарабляе грошы на ўсталяваньне новых тэлефонаў.
Нацыянальны банк выпусьціў калекцыйныя папяровыя банкноты з надпісам “Міленіюм”. Наклад гэткіх купюраў складае ўсяго 2500 асобнікаў.
Сяржук Іваноўскі
Юбілей ПЭН-клюбу
Міжнароднаму ПЭН-клюбу – 80 гадоў. Ён быў створаны ў Лёндане ў 1921 г. Першым прэзыдэнтам клюбу паэтаў, эсэістаў і пісьменьнікаў стаўся Джон Галсуорсі, а першымі актыўнымі сябрамі – А.Франс, П.Валеры, Т.Ман, К.Чапак. Сёньня пасаду прэзыдэнта займае мэксыканскі паэт Гамэра Арыджыс. Клюб мае 130 уласных цэнтраў у 91 краіне, у тым ліку ў Беларусі (з 1989). Беларускі ПЭН-Цэнтар узначальвае Васіль Быкаў. Віншуем!
Канец “імпэрыі БДУ”
Рэктар БДУ Казулін страціў прыхільнасьць Лукашэнкі й міністэрскае крэсла, а велізарны бюджэт унівэрсытэту перададзены пад кантроль Міністэрства адукацыі. У БДУ чакаюць спаду заробкаў і стыпэндыяў — найвышэйшых сярод унівэрсытэтаў краіны.
Рэктар Казулін атрымаў нечаканае прызначэньне на пасаду міністра напярэдадні апошняга рэфэрэндуму. Студэнтаў прылашчылі падвышэньнем стыпэндыі, выкладчыкаў — новымі заробкамі і будаўніцтвам кватэраў. Унівэрсытэт падтрымліваў каманду КВЗ і ставіў помнікі беларускім асьветнікам, набываў сучасныя кампутары і рабіў эўрарамонты, разам зь немцамі стаў сузаснавальнікам FM-станцыі Unistar і стварыў уласную службу бясьпекі. Казалі нават, што Казулін будзе ці то “дублёрам” Лукашэнкі на выбарах, ці то новым прэм’ерам, ці нават будучым “беларускім Пуціным”…
Аднак казка раптоўна скончылася. Незважаючы на высілкі дэканаў факультэтаў ды іхных намесьнікаў, большасьць студэнтаў прагаласавала супроць Лукашэнкі. І цяпер “імпэрыя БДУ” можа спадзявацца хіба на грошы зь дзіравага бюджэту Міністэрства адукацыі.
С.І.
Пралёт
Украінцы ў Хожуве згулялі з палякамі ўнічыю — 1:1. Мы прайгралі Ўэльсу 0:1. Украіне дапамагла, відаць, наяўнасьць на стадыёне Кучмы і опэрнага сьпевака, што засьпяваў “Шчэ ня ўмерла Ўкраіна”. Мы ў Кардыф сьпевакоў ня бралі — добра, што футбалістам грошай на білеты хапіла, — дый словаў у нашага гімну няма.
12 матчаў запар Валія прайгравала, але яе 13-я гульня сталася фатальнай для нас.
Асноўная частка валійскіх футбалістаў гуляе ў першых лігах Англіі і Шатляндыі. Чым можам ганарыцца мы? Гурэнка ў італьянскай “Парме” праціраў нагавіцы на лаве запасных. Глеб нарэшце пачаў зьяўляцца ў аснове “Штутгарту”. Штанюк выступае за клюб другога ангельскага дывізіёну — “Сток-Сыты”. Магчыма, празь нейкі час будзе выходзіць у асноўным складзе “Міляну” Віталь Кутузаў. Пераважная ж большасьць нашых футбалістаў гуляе ў расейскім чэмпіянаце, які горшае з кожным днём. Калі беларускія футбалісты будуць іграць у топ-чэмпіянатах Нямеччыны, Італіі, Гішпаніі, Францыі, Англіі, Шатляндыі, тады й вынік будзе.
У сьнежні ў Партугаліі адбудзецца жэрабя адборачнага цыклю чэмпіянату Эўропы-2004. Першая гульня — у канцы сакавіка наступнага году.
Эдвард Людовіч