Лісты ў рэдакцыю
Свой сярод чужых
Гісторыя нічому ня вучыць, бо вучняў у яе няма. Ёсьць толькі стваральнікі і статысты, якія кіруюцца адвечнымі законамі – перамагае мацнейшы і хітрэйшы. Падзеі 9 верасьня на Беларусі і 11 верасьня ў ЗША яшчэ раз пацьвердзілі гэта. Амэрыка – дзяржава вялікая, але ці настолькі, каб разглядаць праблемы Іраку, Лібіі ці Аўганістану як свае ўласныя? Амэрыка даўно ўзяла на сябе небясспрэчную місію “сусьветнага паліцыянта”. 11 верасьня апанэнты Амэрыкі выявіліся хітрэйшымі й яшчэ раз нагадалі, што вялікія амбіцыі патрабуюць ахвяраў, а на сілу – рана ці позна – знойдзецца іншая. Тым больш, што сіла – гэта ня толькі тэхнічная, вайсковая і фінансавая моц, але і чалавечы фактар – людзі, іхная воля і перакананьні. Гэты фактар найбольш далікатны, яму не дадуць рады ракеты і бомбы, а ён вырашае лёсы народаў і дзяржаваў.
Падзеі 11 верасьня наводзяць на думку, што барацьба ідэалёгіяў ня зьнікла, а набыла толькі новыя формы. “Аднаполюсны” сьвет немагчымы, як і кій з адным канцом. Нехта воляй-няволяй заўсёды будзе з супрацьлеглага боку, у апазыцыі. Сёньня гэтае месца занялі ісламскія фундамэнталісты, авангард “трэцяга сьвету”. Вечнае супрацьстаяньне “бедныя-багатыя” набывае ня клясавыя, а цывілізацыйна-рэлігійныя абрысы. “Трэці сьвет” інтэграваўся не настолькі добра, каб “дагнаць” Захад, але дастаткова шчыльна, каб займець свае інтарэсы і пачаць іх адстойваць. “Вялікае перасяленьне народаў” дазваляе прыбышам з Блізкага Ўсходу ня толькі добра ўладкавацца, але й спазнаць слабыя месцы заходняга грамадзтва, даступіцца да ягоных жыцьцёвых цэнтраў, навучыцца выкарыстоўваць іх па сваім разуменьні. І разуменьне тое вельмі адрознае ад традыцыйных каштоўнасьцяў Захаду. Занадта навязьлівыя намаганьні разьвітых краінаў дапамагчы, навучыць і наставіць на “правільны шлях” выклікаюць варожасьць і адчужанасьць. На жаль, іншага спосабу дачыненьняў між “першым” і “трэцім” сьветам пакуль не прадбачыцца, а прыступнасьць цывілізаванага грамадзтва для тэрактаў яшчэ доўга будзе спакусай для ягоных апанэнтаў. Але што з таго Беларусі?
У новым сусьветным падзеле – тэхнагенныя дэмакратыі супраць харызматычных аўтакратыяў – апошнія маюць свае дэмаграфічныя і, магчыма, ідэалягічныя козыры (як “абаронцы“ бедных). Краіны былога сацлягеру таксама падзяліліся між двума полюсамі, і толькі Беларусь займае дзіўнае становішча: свой сярод чужых (на Ўсходзе) і чужы сярод сваіх (у Эўропе). У гэтым адна з загадак беларускай палітыкі і нашая бяда. Беларусь сур’ёзных непрыяцеляў быццам бы й ня мае, але ў беларускага прэзыдэнта іх даволі. А каб змагацца зь імі, трэба грошы, якіх так бракуе на калгасы, дарогі, лякарні, школы, заробкі ды інш. Ня толькі любімым, але і дарагім, занадта дарагім можа стаць наш прэзыдэнт.
Як тэракты зьядналі Амэрыку, так нянавісьць і злосьць непрыяцеляў множыць сілы А.Л. Дык разыдзіцеся, спадарства, расступіцеся, дайце чалавеку набыць свае звычайныя памеры! Бяз вашых падпораў – кпінаў і падколак – ён заваліцца хутчэй, чым ад самых крутых тэрактаў. Сапраўдныя ж тэракты 11 верасьня прынесьлі найвялікшую карысьць Расеі (у чачэнскім пытаньні) і найвялікшую шкоду (пасьля Аўганістану) – Беларусі. Толькі мы засталіся за рамкамі міжнароднай антытэрарыстычнай салідарнасьці і яшчэ раз пацьвердзілі свой статус апошніх савецкіх “талібаў”. Вось такія мы самабытныя, ціхія і непахісныя, і ніхто нам ня ўказ, бо мы чужыя тут і свае там, дзе нас няма.
Васіль Аўраменка
Мы – большасьць
Мяне зьдзівіў артыкул у “НН” ад 17 верасьня “Нас 25%“.
Чаму спадар аўтар, а разам зь ім і “НН”, вераць спн.Ярмошынай? Апошняя 9 верасьня адразу пасьля 20-й абвесьціла вынікі па Менску: за Лукашэнку – 75%. А я быў назіральнікам на выбарах і добра ведаю, што, напрыклад, у школе №1 Менску бюлетэні лічылі гадзіну і 20 хвілінаў. Не сакрэт, што вынікі галасаваньня па Кастрычніцкім раёне Менску падбівалі цэлую ноч і наступны дзень. Адкуль жа ўзяла лічбы Ярмошына?
А калі ўлічыць, што зьвесткам лукашэнкаўскіх камісій даверу няма?.. Назіральнікі з усіх участкаў сьцьвярджаюць, што пры падліку камісія раскладала бюлетэні на 3 стосікі, а не на 4, як трэ было. І самае важнае: ніводнаму назіральніку не далі праверыць, ці сапраўды ў стосіку за Лукашэнку ляжалі бюлетэні за Лукашэнку. Ніводзін назіральнік не пералічваў іх і нават ня бачыў, што на іх напісана.
Папраўдзе выйдзе, што НАС – 75%!!!
Алесь Радына, Менск