Падзеі

 

Дыялёг Хатамі і Папы

Папа Рымскі гаварыў па тэлефоне з іранскім прэзыдэнтам Хатамі. Размова адбылася па ініцыятыве Тэгерану. Такога ніколі раней не было, каб кіраўнік ісламскай дзяржавы завязаў непасрэдны кантакт з Пантыфікам. Па-чалавечаму гэты ўчынак “іранскага Гарбачова” выклікае захапленьне.

 

Як паведаміў прадстаўнік Сьвятога Пасаду па прэсе, “поўнамаштабная і сур’ёзная барацьба з тэрарызмам, — сказаў Хатамі, — прадугледжвае аб’яднаньне высілкаў усіх нацыяў, рэлігій і цывілізацый”. Таму іранскі прэзыдэнт хацеў бы стварыць нешта накшталт адзінага фронту ісламу і каталіцкае царквы, каб разам прадухіліць перарастаньне сытуацыі ў глябальны канфлікт.

Як піша іранская газэта “Хаят-э ноу”, Хатамі ў часе размовы выказаў надзею, што барбарскія атакі на Амэрыку, “нягледзячы на ўвесь боль, які яны прынесьлі, дапамогуць людзям добрай волі ісламскага і хрысьціянскага сьвету зьяднацца дзеля паратунку чалавецтва і ўсталяваньня трывалага міру”. Каб у запале барацьбы з тэрарызмам не забівалі бязьвінных людзей, трэба зразумець карані войнаў і варожасьці, адзначыў Хатамі. Адной з найважнейшых прычынаў тэрарызму іранскі прэзыдэнт лічыць адчай, выкліканы галечай, дыскрымінацыяй і невуцтвам.

Хатамі выказаў надзею, што “ў будучыні замест вайны, дыскрымінацыі і галечы мы пабачым у сьвеце мір і любоў, а вайна цывілізацыяў ператворыцца ў дыялёг цывілізацыяў, а перадусім дыялёг рэлігіяў”. Хатамі выказаў занепакоенасьць спробамі проціставіць мусульманскі і хрысьціянскі сьветы і падзякаваў Яну Паўлу ІІ за тое, што ён часта падкрэсьлівае агульнасьць асноваў ісламу й хрысьціянства.

Ян Павал ІІ выказаў надзею, што гэткія гутаркі паспрыяюць супрацоўніцтву паміж ісламам і хрысьціянствам.

Мусульманскія багасловы сапраўды не процістаўляюць сваёй рэлігіі ні хрысьціянству, ні юдаізму, падкрэсьліваючы, што тры гэтыя веры выходзяць з аднаго кораню. Таму нічога дзіўнага, што імам і вучоны-сацыёляг Хатамі гаворыць зь Янам Паўлам ІІ. У наступным стагодзьдзі самае вялікае адрозьненьне будзе ня між каталікамі і мусульманамі, а між вернікамі і атэістамі. А хрысьціяне і магаметане будуць маліцца ў адных бажніцах.

Сяргей Рак

 

Беларусы жывуць у сярэднім 60,1 году

Згодна з апублікаваным днямі агенцтвам АР дасьледаваньнем аб працягласьці жыцьця ў розных краінах сьвету, беларусы жывуць у сярэднім 60,1 году — на пяць год больш, чым расейцы. Ва Ўкраіне гэтая лічба складае 56,8 году, у Грузіі — 58,2, у Літве й Малдове — 58,4, у Арменіі — 59. Эстонцы жывуць крыху даўжэй за нас — 60,8 году. Найменшая працягласьць жыцьця сярод краінаў былога СССР у Таджыкістане (50,8 году). Cусьветным лідэрам па працягласьці жыцьця зьяўляецца Японія — 73,8 году. За ёй ідзе Швайцарыя (72,1) і Сан-Марына (72). Найменшая працягласьць жыцьця ў Сьера-Леонэ — 29,5. У Амэрыцы людзі ў сярэднім жывуць 67,2 году, шмат менш, чым у бальшыні разьвітых эўрапейскіх краёў. У Аўганістане ж — усяго 33,8 году.

Язапат Змысла

 

Курдзкую мову прызналі

Турэцкі парлямэнт прыняў у сераду 34 дэмакратычныя папраўкі ў канстытуцыю. За абмежаваньне сьмяротнага пакараньня й дазвол карыстацца ў СМІ курдзкай мовай прагаласавалі 474 з 494 дэпутатаў. Папраўкі — частка праграмы палітычных пераўтварэньняў, якіх вымагае ад Турцыі Эўразьвяз як умову ўваходжаньня. Праўда, 12-мільённай курдзкай меншасьці па-ранейшаму забаронена вучыцца на сваёй мове.

 

 

Радэн пад руінамі

Пад руінамі Сусьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку засталося каля 300 скульптураў Радэна. Наагул, кошт твораў мастацтва, зьнішчаных разам з будынкам, сягае 100 млн. даляраў. А рознага золата і срэбра ў сэйфах і бязь іх пахавана пад друзам на 200 млн. даляраў. Гэта прыкладна столькі, колькі ўсе працаздольныя жыхары Менску разам зарабляюць за два месяцы.

Папа прыедзе
ў Баку

Папа рымскі зьбіраецца наведаць Азэрбайджан у 2002 г. Пра гэта ён напісаў у адказе на запрашэньне Гейдара Аліева.

Эўрапарлямэнт
думае пра Беларусь

10 кастрычніка ў Эўрапарлямэнце будзе абмяркоўвацца беларускае пытаньне. Мэта дыскусіі – вызначыцца, прызнаваць Эўропе беларускага прэзыдэнта ці не прызнаваць.

С.Р.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0