Кантакты з бандыцкім анклявам

Лукашэнка замяшаны ў прыднястроўскую гульню

Кіраўнік беларускай дзяржавы пачаў свой другі тэрмін з прыёму прэзыдэнта нікім не прызнанай Прыднястроўскай Рэспублікі Сьмірнова. Дагэтуль апошняга за мяжой на такім высокім узроўні не прымалі.

 

Сувязі з Тыраспалем Лукашэнка пачаў наладжваць яшчэ ў 1994 г. Сынхронна з пэрыядычнымі “набегамі” Лукашэнкі на Расею, з Тыраспалю гучалі заявы пра жаданьне далучыцца да “саюзу”. Кантакты з сэпаратыстамі ўваходзілі ў яўную супярэчнасьць з дэклярацыямі афіцыйнага Менску аб прызнаньні тэрытарыяльнай цэласнасьці Малдовы.

Прадстаўнікі афіцыйнага Менску заяўлялі, што Беларусь падтрымлівае адносіны толькі з суб’ектамі гаспадараньня Прыднястроўя. Пры гэтым не ўдакладнялася, якога кшталту суб’екты мелі цікавасьць да сувязяў зь Менскам. А менавіта на левым беразе Днястра засяроджаны ці ня ўвесь прамысловы патэнцыял Малдовы, у тым ліку й прадпрыемствы ВПК. Пасьля таго як яны трапілі ў рукі сэпаратыстаў, паўстала праблема рэалізацыі прадукцыі. Відаць, менавіта такія прадпрыемствы адыгрываюць вялікую ролю ў двухбаковых кантактах Тыраспалю зь Менскам. Акрамя таго, паводле словаў былога міністра ўнутраных справаў Малдовы Віктара Катана, ёсьць падазрэньне, што прыднястроўскія грошы-“сувораўкі” друкаваліся ў Беларусі.

Кажуць, што інтарэсамі такога кшталту дыктаваліся прычыны неаднаразовых прыездаў Сьмірнова зь сям’ёй на адпачынак у Беларусь. Візыты гэтыя трымаліся ў сакрэце толькі ад беларускіх грамадзянаў. У Кішынёве ж кожны такі прыезд фіксаваўся.

Пошук сяброў на левым беразе Днястра можна патлумачыць жаданьнем беларускага кіраўніцтва дагадзіць расейскім хаўрусьнікам, якія маюць у тым рэгіёне свае стратэгічныя інтарэсы. Цікава, што буйны расейскі бізнэс у Прыднястроўі прадстаўляе этнічны беларус Франц Клінцэвіч, дэпутат Дзярждумы, кіраўнік маскоўскага аддзяленьня пуцінскага “Адзінства”. Клінцэвіч — актывіст тае часткі беларускай дыяспары ў Маскве, якая ляяльна ставіцца да рэжыму Лукашэнкі. Празь бізнэс-структуры, зьвязаныя з Клінцэвічам, Тыраспаль можа атрымліваць матэрыяльную падтрымку, немагчымую на дзяржаўным узроўні. Аднак з прыходам Пуціна ў Крэмль расейская палітыка адносна прыднястроўскай праблемы стала мяняцца, прычым не заўсёды на карысьць Тыраспалю.

Яшчэ летась Пуцін стварыў Дзяржаўную камісію па ўрэгуляваньні прыднястроўскай праблемы. Ейны старшыня, Яўген Прымакоў, прапанаваў дэмілітарызаваць левы бераг Днястра. Прыднястроўскаму рэжыму гэта недаспадобы, бо сэпаратысты бачаць гарантам свайго існаваньня расейскі вайсковы “парасон”. Улады Тыраспалю адкрыта перашкаджаюць вывозіць расейскае ўзбраеньне, патрабуючы ад Масквы за гэта кампэнсацыяў. Быў нават зладжаны рэфэрэндум, на якім жыхары Прыднястроўя выказаліся за прысутнасьць расейскіх войскаў на сваёй тэрыторыі. А Прымакова пачалі вінаваціць у імкненьні перадаць расейскія паўнамоцтвы АБСЭ.

Цяпер, верагодна, замест распушчанай камісіі Прымакова наладжваць перамоўны працэс паміж Тыраспалем і Кішынэвам кінуўся Лукашэнка. Незразумела, праўда, наколькі ягоная актыўнасьць сугучная зь цяперашняй пазыцыяй Крамля па прыднястроўскай праблеме.

У гэты момант перамовы Вароніна і Сьмірнова перапыненыя. Такі стан будзе працягвацца да “ўрэгуляваньня мытнай праблемы”: Кішынёў з 1 верасьня ўвёў новую мытную пячатку — і сэпаратысты страцілі магчымасьць карыстацца атрыбутыкай Рэспублікі Малдовы. Аб рашучасьці Кішынэва ў вырашэньні праблемы левабярэжжа сьведчыць зварот прэзыдэнта Вароніна да жыхароў Прыднястроўя. Ён назваў памежныя пасты і мытні на малдаўскай рацэ Днестар “вынаходкай хворых параноікаў ці бандыцкімі зонамі”. Прэзыдэнт казаў, што карупцыя і крымінальны бізнэс ператварылі Прыднястроўе ў чорную дзірку Эўропы і СНД, празь якую сплываюць усе заробленыя жыхарамі грошы, а прыднястроўская тэрыторыя фактычна стала рэзыдэнцыяй шматлікіх мафіёзных кланаў, якія займаюцца адмываньнем грошай, кантрабандай паліва, цыгарэтаў, зброі, наркотыкаў, гандлем жывым таварам. 10 верасьня ў Прыднястроўі пачалася перадвыбарная кампанія — выбары прэзыдэнта павінны адбыцца 9 сьнежня. У сувязі з пазбаўленьнем мытных пячатак нарастае хваля сацыяльных пратэстаў, спыняюцца прадпрыемствы. Выбары могуць сарвацца.

У чэрвені ў Эўрапарлямэнце Ўладзімер Варонін заявіў, што да тае пары, пакуль прыднястроўскім рэгіёнам будзе кіраваць Ігар Сьмірноў, праблему адзінства вырашыць не атрымаецца. У адрозьненьне ад сваіх папярэднікаў, камуніст Варонін прапанаваў Прыднястроўю самыя шырокія правы. Аднак, па словах прэзыдэнта, мафіёзна-дзяржаўныя структуры Прыднястроўя зацікаўленыя, каб усё заставалася як ёсьць. Кіраўніцтва Прыднястроўя спрэс складаецца з прыхадняў. Самога Ігара Сьмірнова прывезьлі ў Тыраспаль з Камчаткі, дзе ён ціха працаваў інжынэрам. Шэф мясцовай дзяржбясьпекі Вадзім Шаўцоў у 1991-м добра насьлядзіў у Рызе і пасьпеў уцячы ад суда ў Тыраспаль. Дарэчы, прозьвішча сабе Шаўцоў прысвоіў па адным з “апэратыўных” пашпартоў. А ад нараджэньня ён Анцюфееў. У Кішынэве і ў іншых месцах ёсьць зьвесткі, што й іншыя дзеячы ПРМ жывуць пад чужымі прозьвішчамі й знаходзяцца ў вышуку. Відавочна, што ня могуць аб гэтым ня ведаць і ў Менску. Наколькі кантакты з такімі людзьмі адпавядаюць нацыянальным інтарэсам Беларусі?

Прэс-сакратар МЗС Беларусі заявіў, што Кішынэў быў паінфармаваны пра сустрэчу Сьмрнова з Лукашэнкам і што ніякага водгуку на гэта з Малдовы не было. Гэта, аднак, супярэчыла б ранейшаму звароту малдаўскага МЗС да замежных калегаў з просьбай не выдаваць уязных візаў кіраўнікам Прыднястроўя і адмовіцца ад гандлёвых кантактаў зь імі.

Ня выключана, што Варонін, які неаднаразова сустракаўся з Лукашэнкам апошнім часам, сам папрасіў яго пагутарыць з прыднястроўскім лідэрам, “у якога з-пад ног назаўсёды сплывае глеба”, каб той сышоў па-добраму.

Візыт Сьмірнова сьведчыць, што Беларусь таксама ўмяшаная ў гульню вакол Прыднястроўя.

Раман Якаўлеўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0