Новыя школьныя праграмы: што зьмянілася?

 

Беларускія школы пераходзяць на 12-гадовы тэрмін навучаньня. Перавыдаюцца падручнікі, зьмяняюцца праграмы, шкала ацэнкі ведаў і атэстацыі. Сутнасьць рэформаў тлумачыць для “НН” начальнік галоўнага ўпраўленьня агульнай сярэдняй школы Міністэрства адукацыі Мікалай Фяськоў.

 

Мікалай Фяськоў: Рэформа зьмяняе сыстэму адукацыі. Той аб’ём матэрыялу, які раней вывучаўся за 11 год, зараз будзе вывучацца за 12, таму праграмы і вучэбныя пляны менш перагружаныя. Гэта, у сваю чаргу, дазволіць рацыяналізаваць вучэбныя дні, і ў будучым можна гаварыць пра пяцідзёнку.

Трэці год працягваецца экспэрымэнт па ўвядзеньні дзесяцібальнай сыстэмы. Вынікі, якія мы атрымлівем з экспэрымэнтальных школаў, нас задавальняюць.

Вялікая ўвага надаецца прадметам, што фармуюць камунікатыўныя здольнасьці вучняў. У прыватнасьці, гэта замежная мова і інфарматыка. Існуе спэцыяльная праграма па кампутарызацыі школаў, якая па магчымасьці выконваецца, калі дзяржава дае грошы.

Замест выпускных іспытаў школьнікі будуць здаваць адзіны дзяржаўны экзамен, дзе асноўнай формай праверкі ведаў будзе тэставаньне. Ужо ў гэтым годзе тэставаньне па жаданьні прайшла 31 тысяча навучэнцаў. Тыя, хто набраў неабходную колькасьць балаў, не здавалі экзаменаў па гэтых прадметах, паступаючы ў ВНУ.

“НН”: Ці дапамогуць новыя праграмы наблізіць узровень ведаў выпускнікоў школаў да ўзроўню патрабаваньняў, якія прад’яўляюць абітурыентам прыёмныя камісіі ВНУ? Гэта ж была вялікая бяда апошнія гады: у некаторыя ВНУ цяжка было паступіць без рэпэтытара з гэтай самай установы.

М.Ф.: Гэта праблема ня столькі праграмаў, якія якраз-такі суадносяцца з патрабаваньнямі пры паступленьні. Іншая рэч, што ў сувязі зь вялікімі конкурсамі прыёмныя камісіі прад’яўляюць патрабаваньні, якія могуць выканаць толькі выпускнікі навучальных устаноў з паглыбленым вывучэньнем прадметаў: ліцэяў, гімназіяў.

Бацькі сапраўды часта павінны наймаць рэпэтытараў і плаціць дадатковыя грошы, каб дзіця трапіла ў ВНУ. Мяркую, адзіны дзяржаўны экзамен вырашыць гэтую праблему.

“НН”: Ці ёсьць нейкія адметнасьці рэформы для школаў зь беларускай мовай навучаньня?

М.Ф.: Міністэрства прыняло дадатковыя меры па разьвіцьці беларускай школы. Будуць адчыняцца беларускія ліцэі і гімназіі, прадугледжваюцца льготы, каб жадаючых вучыцца там было болей, чым сёньня.

Гутарыла Л.Г.

Камэнтар пэдагога

Уладзімер Колас, намесьнік дырэктара Беларускага ліцэю:

Мы ня маем нічога супраць 12-гадовага тэрміну навучаньня. Адзінае, што ў хлопцаў праз гэта скарачаецца тэрмін паступленьня ў ВНУ, бо менш часу застаецца да войска. Але ніякіх зьменаў, нягледзячы на шэраг вонкавых перамен, у агульнаадукацыйнай школе не адбываецца, бо яна сёньня – частка ўсёй сыстэмы, у якой мы жывем.


Беларуская школьная рэформа пайшла традыцыйным беларускім шляхам “павелічэньня пасяўных плошчаў”. Замест 11 гадоў — 12. Школьныя праграмы расьцягнулі, падоўжыўшы школьнікам дзяцінства яшчэ на год. Дарослае жыцьцё будзе пачынацца ў 19, а не ў 18. Навошта гэта, пакуль незразумела. Хіба што з разьліку на рэзкі рост беспрацоўя... Або на пашырэньне школьных праграмаў, чаго пакуль не адбываецца.

У суседзяў, асабліва заходніх, усё трохі інакш. Там галоўнае ў рэформах — удасканаленьне праграмаў, узгадненьне іх зь “сярэднімі эўрапейскімі”, спэцыялізацыя ў старэйшых клясах, кампутарызацыя, знаёмства вучняў з інфармацыйнымі тэхналёгіямі й паглыбленае вывучэньне замежных моваў, эканомікі і права. Далей прасунуліся яны і ў справе ўвядзеньня агульнанацыянальнага экзамену, які б прымалі незалежныя камісіі і які б даваў права на паступленьне ва ўнівэрсытэты.

Галоўнае ж адрозьненьне нашай рэформы ад літоўскай ці польскай — шляхі яе ажыцьцяўленьня.

У нас усё вырашаецца зьверху, уніфікавана, для ўсіх адразу. Там школам далі самастойнасьць, абмежаваную толькі вельмі агульнымі правіламі, абавязковымі для ўсіх.

Асаблівасьць беларускай сыстэмы адукацыі — кансэрватызм. Узяць тое ж навучаньне замежных моваў. Быццам усім ясна: сёньня беларусам патрэбныя ангельская, нямецкая, польская. Польскай у школах ня вучаць зусім. Кваліфікаваных настаўнікаў ангельскай і нямецкай бракуе. Затое Лінгвістычны ўнівэрсытэт і пэдагагічныя ВНУ ў рэгіёнах штогод выпускаюць сотні настаўнікаў францускай і гішпанскай. Хоць у Беларусі гэтыя мовы зусім не запатрабаваныя і ў агляднай будучыні ня стануць запатрабаваныя. Такая структура зацьверджаная шчэ ў брэжнеўскі час… Рэформа не накіраваная на пераадоленьне гэтага кансэрватызму, бо не дае самастойнасьці ў выбары навучальным установам.

У нас стрыжань рэформы — зьмены ў разьмеркаваньні навучальнага часу. У Літве і Польшчы — перакваліфікацыя настаўніка. Бо, мяркуюць там, пакуль ня будзе штату настаўнікаў, здольных навучыць кампутару, ангельскай мове, асновам эканомікі і права, ня зьменіцца ў сутнасьці сваёй школа.

У Беларусі настаўнік заўжды быў больш чым проста спэцыялістам. Ён вучыў жыцьцю. Выхаваўчая функцыя школы — наша асаблівасьць. Наша школа стаіць на настаўніку. Не зьмяніўшы настаўніка, ягонага жыцьця і статусу, не рэфармуеш школы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0