Маё настаўніцкае мінулае

Успаміны былых вучыцялёў

 

Сяргей Ваганаў

журналіст:

“Мая маладосьць супала з пэрыядам хрушчоўскай “адлігі”. Я блізка ўспрыняў тыя ідэі — асабліва ідэю “хаджэньня ў народ”. Лічыў, што трэба вывучаць жыцьцё зь сярэдзіны, убачыць, як жывуць людзі ў глыбінцы, таму і паехаў настаўнічаць у вёску Далёкія, што на Браслаўшчыне. Там быў касьцёл. Натуральна, мае вучні хадзілі туды, хадзіў зь імі і я, што адразу выклікала прэтэнзіі з боку мясцовых уладаў. Зрэшты, прэтэнзіі былі паўафіцыйныя і сур’ёзных вынікаў маё вальнадумства ня мела.

Сярод вучняў мне запомніўся адзін хлопчык з 8-й клясы. Яго звалі Янак. Бацька ягоны быў у “лясных братах”, якія вялі пасьля вайны сапраўднае партызанскае змаганьне з савецкай уладай. Напэўна, таму жыхары Далёкіх лічылі Янка вінаватым ва ўсіх няшчасьцях, што здараліся ў іхнай вёсцы. У свае 14 год хлопчык нагадваў злоснае на ўвесь сьвет ваўчаня. Памятаю, першы раз, калі я ўвайшоў у клясу, каля мяне ў сьцяну раптам уткнуўся нож. Потым у Янка зьявіўся нават пісталет… Але ўрэшце мы вельмі пасябравалі зь ім. Ён паступіў у ПТВ пасьля васьмі клясаў, потым зьехаў у Латвію.

Памятаю сваю вучаніцу Зьдзіславу — вельмі добрую і здольную дзяўчынку. Ейная сям’я жыла на хутары, пакуль не загадалі перасяляцца ў вёску. Я нават пісаў у камітэт партыі, але нічым ня змог дапамагчы. Сям’ю Зьдзіславы перасялілі, а сямейнае гняздо зруйнавалі трактарамі”.

Уладзімер Арлоў

пісьменьнік:

“Я не рыхтаваўся да пэдагагічнай працы, магчыма, таму, што не пашанцавала на школьных настаўнікаў. Напрыклад, скончыўшы школу, я ня ведаў такога пісьменьніка, як Караткевіч. Адзіным выключэньнем быў толькі настаўнік фізыкі, які захапляў мяне ня столькі навукай, колькі сваёй асобай. Я нават хадзіў у школьны аркестар народных інструмэнтаў, якім кіраваў наш фізык і граў там, уявіце сабе, на балалайцы. Але, як і ў фізыцы, асаблівых здольнасьцяў я ня выявіў.

А пасьля гістфаку БДУ я атрымаў накіраваньне ў адну з наваполацкіх школаў. Асабліва запомнілася мне 8“Г” кляса, адметная тым, што на “добра” і “выдатна” там займаўся толькі адзін вучань. Але там мяне слухалі, разявіўшы раты. Калі мы праходзілі Францускую рэвалюцыю, у прыватнасьці, забойства Марата, усе навыперадкі прасіліся адказваць. Падняў руку нават сын дырэктара аднаго з прадпрыемстваў, які звычайна зь цяжкасьцю мог правільна назваць, у якім годзе мы жывем (затое быў добра знаёмы з НКВД, Наваполацкім кожвэндыспансэрам). Калі я яго выклікаў, ён прамовіў: “Я хачу расказаць, як яна яго зарэзала”. — “Каго зарэзала?” — “Ну, гэтага, здыхляка, які сядзеў у ваньне”, — быў адказ. Пасьля гэтага мой вучань ня толькі расказаў, але і вельмі эмацыйна паказаў, як Шарлёта Кардэ выправіла душу Марата ў вечны вырай. А я канчаткова зразумеў, што ні Яна Амоса Каменскага, ні Пэсталёцы зь мяне ня выйдзе. На гэтым мая пэдагагічная кар’ера скончылася”.

Хведар Клімчук

мовазнаўца, кандыдат філялягічных навук:

“Я працаваў у васьмі школах. Першая была ў вёсцы на Століншчыне, а пэдпрактыку праходзіў у Пінску. На працу я заўсёды ішоў з радасьцю, бо ведаў, што з радасьцю мяне чакаюць і вучні. Акрамя выкладаньня, я вёў краязнаўчы гурток. Разам са сваім вучнем Уладзімерам Ляшчынам мы выявілі ў адной мясьціне аскепкі керамікі, якія адносіліся да пяці розных эпохаў — ад VIII—IX да XVIII ст. Гэта дапамагло ўдакладніць час узьнікненьня вёскі Сіманавічы, што на Дарагічыншчыне.

Праходзіць час. Нярэдка сустракаеш былых вучняў. Часам цяжка іх пазнаць, у некаторых ужо ёсьць унукі. Але пачынаецца размова і ўсё высьвятляецца…”

Валянціна Коўтун

старшынька Фонду Эўфрасіньні Полацкай:

“Я вучылася ў Львоўскім унівэрсытэце на філфаку. У 1969 г. па запрашэньні праф. Адама Супруна перавялася ў БДУ, каб пасьля 5-га курсу вучыцца ў асьпірантуры. Падчас навучаньня ў БДУ пазнаёмілася і займела перапіску з Ларысай Геніюш, далучылася да групы Алеся Разанава. Мы зьбіралі подпісы супраць русіфікацыі, што панавала ва ўнівэрсытэце. Пачаўся перасьлед з боку кіраўніцтва, і размовы пра асьпірантуру ўжо не магло быць. Я атрымала накіраваньне на працу настаўніцай. Выбрала вёску Варняны на Астравеччыне. Мяне ўразіла сакавітая беларуская мова, дзівосная нацыянальная настраёвасьць. Варняны блізка ад Вільні, і я часта езьдзіла туды, праходзіла па вуліцах, якія памятаюць Алаізу Пашкевіч... У Варнянах я настаўнічала толькі год. Памятаю ўражаньне вучняў, якіх я пазнаёміла з творчасьцю Ў.Караткевіча. Як блішчалі іх вочы, як яны потым езьдзілі ў Астравец і шукалі ў бібліятэцы творы Караткевіча. З многімі вучнямі я перапісваюся і зараз. Адзін зь іх, Рычард Бялячыц, нават стаў паэтам”.

Запісала Л.Г.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0