Нацыянальная зборная Беларусі па гандболе выйшла на чэмпіянат Эўропы. Беларусы не былі на сусьветных топ-спаборніцтвах больш чым 12 гадоў. Апошні турнір з удзелам нашых хлопцаў адбыўся ў 1995 годзе. Тады на чэмпіянаце сьвету ў Ісьляндыі каманда Спартака Мірановіча стала восьмай. Пасьля гэтага, як адрэзала.

У 1980-ыя гады гандбол стаўся сапраўды нацыянальным відам спорту ў Беларусі. Менскі СКА зьяўляўся адным зь лідэраў савецкага гандболу. “Армейцы” неаднаразова выйгравалі эўракубкі, у тым ліку тройчы Кубак эўрапейскіх чэмпіёнаў (прадвесьнік сёньняшняй Лігі чэмпіёнаў). Касьцяк зборнай СССР таксама складалі беларусы.

З развалам Савецкага Саюзу беларуская гандбольная школа прыйшла да заняпаду. Так, нейкі час у нацыянальны першынстве гулялі ўсяго чатыры каманды, а нязьменным чэмпіёнам быў усё той жа менскі СКА.

У гандбол практычна не ішлі грошы, таму найбольш таленавітыя гульцы ўсімі магчымымі шляхамі спрабавалі зьехаць за мяжу. З замежных клюбаў нашы гульцы прыяжджалі на матчы зборнай зь невялікай ахвотай, бо можна атрымаць траўму і ўвогуле застацца без заробку. Цэлы шэраг нашых гандбалістаў зьмянілі грамадзянства: Аляксандар Тучкін выступаў за Расею, Сяргей Рутэнка – за Славенію, Андрэй Клімавец – за Нямеччыну. Апошні ў складзе нямецкай каманды стаў чэмпіёнам сьвету.

Нешта ў гандболе пачало мяняцца, калі ў Беларусь прыйшлі расейскія бізнэсоўцы браты Мяшковы. Яны заснавалі ў Берасьці гандбольны клюб імя іхняга бацькі Анатоля Мяшкова, вядомага ў краіне гандбольнага спэцыяліста, які не дажыў да нашых дзён. Гуляць за Берасьце прыехалі былыя легіянэры.

Такім чынам, БГК імя Мяшкова перарваў шматгадовую гегемонію менскага СКА ў беларускім чэмпіянаце. Тры гады запар берасьцейцы гуляюць у групавым турніры Лігі чэмпіёнаў, асаблівых зорак там не хапаюць, але для Беларусь на гэтым этапе бясцэнным падаецца сам удзел клюбу ў такіх спаборніцтвах. У Берасьце на матчы Лігі чэмпіёнаў прыяжджалі гранды эўрапейскага гандболу – гішпанскі “Сьюдад-Рэаль”, нямецкі “Кіль” і шмат хто яшчэ.

Наступным крокам да адраджэньня беларускага гандболу сталася прызначэньне на старшынства ў фэдэрацыі сьпікера Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў. Менавіта пасьля размовы з Канаплёвым прыняў рашэньне вярнуцца ў зборную адзін з найбольш таленавітых беларускіх і эўрапейскіх гульцоў Сяргей Гарбок, які ўжо амаль атрымаў дазвол гуляць за расейцаў. Канаплёў, у адрозьненьні ад многіх старшынь іншых фэдэрацый, сапраўды перажывае за свой від, таму і вынік прыйшоў досыць хутка.

У студзені сёлета беларусы ў Берасьце па чарзе перамаглі малдаванаў, кіпрыётаў і славакаў і занялі першае месца ў сваёй адборачнай групе. Гэта дало магчымасьць нашым хлопцам сыграць у плэй-оф да чэмпіянату Эўропы. Зь лёсаваньнем падфарціла – у супернікі трапілі ня самыя моцныя швайцарцы, якія, праўда, стабільна гуляюць на розных першынствах.

Матчы з швайцарцамі былі ўжо пятымі, калі беларусы спрабавалі прарвацца на топ-турнір праз плэй-оф. Дагэтуль яны прайгравалі ісьляндцам (двойчы), харватам і ўкраінцам. Пятая спроба аказалася ўдалай.

У мінулую суботу ў Берасьці прайшоў першы матч. Беларусы пры падтрымцы перапоўненай залі “Вікторыя” сыгралі натхнёна і ўзьнёсла. Фінальны сьвісток канстатаваў на таблё перавагу нашых з розьніцай у дзевяць галоў - 33:24.

Матч у адказ праходзіў у швайцарскім Суры 17 чэрвеня. Камандзе Спартака Мірановіча важным было не прайграць 10 галоў. Зрэшты, такую розьніцу ў галах за ўвесь час існаваньня плэй-оф яшчэ ніхто не адыгрываў. Швайцарцы таксама не аказаліся першапраходцамі, хоць часам было сапраўды страшнавата за канчатковы вынік.

Першы тайм беларусы прайгралі з розьніцай у два галы. Лік відавочна задавальняў, тым болей з пляцоўкі быў выдалены лідэр альпійскай каманды Іван Урсіч. Аднак у пачатку другога тайму зь беларусамі пачалі тварыцца незразумелыя рэчы. У пэўны момант перавага швайцарцаў вырасла да шасьці галоў, здавалася яшчэ крышачку і яны змогуць пераламіць хаду паядынку. Аднак, на наша шчасьце, пасьля тайм-аўтаў, якія браў Спартак Мірановіч, хлопцы выйшлі са ступару. Маглі ўвогуле не прайграць, аднак выніковы лік, мала каго ўжо цікавіў. Задача і так была выкананая.

Нашы хлопцы прайгралі 28:30, аднак выйшлі на чэмпіянат Эўропы-2008. Падаецца, што тамака яны ня будуць звычайнымі статыстамі.

Першынства пройдзе ў студзені ў Нарвэгіі. Лёсаваньне каманд адбудзецца 22 чэрвеня ў Осла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?