Міхась Скобла

Ода баразьне

О баразна – беларускі акоп!

Хай дыктатура ці мор у краіне,

хай землятрус ці сусьветны патоп –

наш чалавек баразны не пакіне.

Хай сабе скогат зубоўны ці плач

сэрцы напоўніць жудой-пералякам –

зброя адна ў беларуса – драпач,

поза ўлюбёная – моўчкі і ракам.

Пхнецца ў сваю баразну маладзён.

Пхнецца дзядок, хоць і ўсьпёрся на кульбу.

Вось ужо месяц над лесам відзён –

людзі шукаюць, як золата, бульбу.

Не зачапай, не цьвялі, не трывож.

Не дакучай на цымбалах ці лірах.

Глянь, як ляцяць самародкі у кош –

будуць і клёцкі, і бульба ў мундзірах.

О баразна, наш прытулак і схоў!

Дзе, як сьвірэпка, расьлі пакаленьні.

Не вызнаваў аніякіх багоў

дзядзька, а ў полі дык стаў на калені!

Гэй, маладзіца, спускаецца змрок.

Воз запазьнелы рыпіць на дарозе.

Позірк лагодны і стомлены крок –

колькі ж чакаць у спакусьлівай позе?

О баразна, эратычны пэйзаж!

Ты нам штовосень – і пеклам, і раем.

Поле штодзень, навакол і наўсьцяж,

дзе мы жывем, а часьцей – паміраем.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0