Задворані

Асфальт сканчаецца за вёскай, не дабегшы якога кілямэтру да праваслаўнай царквы з уніяцкай архітэктурай і могілак.

 

Тут сёлета надзялілі людзям бульбу — па 30—40 сотак. Раней давалі менш, а цяпер людзям аддаюць соткі большыя. Калі бульба ўродзіць, можна лішак нават прадаць альбо абмяняць на муку, цукар, алей, прамысловыя тавары, якія падвозяць проста пад парог прадпрымальнікі. Гэтая пэрспэктыва грэе сэрцы вяскоўцаў, асабліва пэнсіянэраў, якіх тут большасьць. Сярод іх і мая маці.

Аднак сёлета бульба не ўрадзіла — захаладала вясной і захлынулася дажджамі. Барозны заплылі пустазельлем: макрыцай, бярозкай, пласкухай, пырнікам і нават падарожнікам. З-за нямогласьці гаспадароў — старэчай і алькагольнай — большасьць палеткаў зусім не палолі, і яны стаяць, зарослыя джунглямі лебяды.

Калі я быў яшчэ падшпаркам, мы зь цікавасьцю разглядалі ў падстрэшшы дзядоўскія капачкі — няхітрыя прылады для капаньня бульбы. Капачка — гэта сталёвы блінец на кароткім дзяржаньні з абавязковым папярочным навершам-калодачкай, каб падважваць корч бульбы. Капачка ў руках ужо тады выклікала пагарду і кпіны. Капачкам у нас называлі чалавека марудлівага, нядбалага.

Ужо колькі год, як тут вярнуліся да капачак, бо трактарныя бульбакапалкі даюць толькі ў пачатку кастрычніка, пасьля таго, як будзе выкапаная бульба ў калгасе. Апроч таго, капалкі не вытрасаюць усяе бульбы, калечаць клубні. І нарэшце, за капалку трэба плаціць.

Апошняе — самае балеснае для тутэйшага люду. Грошай мала, а за капалку, за якую раней разьлічваліся толькі бутэлькай, цяпер трэба плаціць у калгасную касу. Плюс тую самую бутэльку, само сабой, аддаць трактарысту.

Трактарысты ператвараюцца памалу ў мясцовых князёў. Летась, прыехаўшы да маці, я зраньня злавіў праз тэлефон старшыню калгасу і атрымаў ад яго запрашэньне зьвярнуцца па капалку ў кастрычніку. Тым часам на асабістых дзялянках працавалі сем трактароў з капалкамі! Ніводзін зь іх, нават за добрыя грошы, не завітаў на мае барозны. Ня хочуць рызыкаваць напаўжывой тэхнікай, якую, фактычна, напалову прыватызавалі. “Размэханізацыя” адбываецца ня толькі на бульбяным палетку. Жыта ізноў жнуць сярпамі.

На апошняй прыступцы сацыяльнай лесьвіцы ў нашай вёсцы знаходзяцца настаўнікі. Трактарысты — гэта звычайна былыя троечнікі, якія ў школе былі вечным аб’ектам кпінаў, і яны цяпер бяруць рэванш. Летась мой былы настаўнік працы гойсаў па полі за трактарамі, але так да сябе нікога і не залучыў — капаў рукамі. Сёлета мы ўжо дакопвалі, а ён яшчэ й не пачынаў. На пытаньне, як бульба, мая былая настаўніца толькі махнула рукой: “Вось, трактар зьбівае лебяду. Занарадзілі з калгасу ўсім зьбіваць. Ужо раз падыходзіла — болей не пайду”. І потым дадала: “Няма ўлады”.

Я глыбока перакананы, што вяскоўцы ў свой час масава не прагаласавалі за Пазьняка, бо ён у сваю праграму не заклаў, хто ім выкапае бульбу і пасадзіць соткі. На сёлетніх выбарах Ганчарык быў для іх містэр Ніхто. Домаш быў бы бліжэйшы, ды сышоў з дыстанцыі. Мая суразмоўніца на полі, зарослым лебядой, сваёй фразай “няма ўлады” нібыта працягвае нашу летнюю размову, якую сама пачала ў першы мой прыезд. Тады ейны зяць прывёз ёй з Горадні чуткі пра Домаша, і яна адмаўлялася за яго галасаваць. Цяпер зяць прывёз ёй з гораду на сваёй дабітай іншамарцы рабсілу — сыноў — і плуг.

Хто ў вёсцы ня п’е, той як белая варона. Ёсьць тутака адзін-два дбайныя хлопцы. Адзін зь іх пажаліўся мне на дзьве рэчы. Адна: няма з кім пагаварыць. Усе лепшыя зьехалі ў горад, а засталіся тыя, хто застаўся. Другая: школка нібыта беларуская, але аб’явы ўсе пішуць па-расейску. Нават настаўніца беларускай мовы. Калі ж ён яе ўшчувае, тая кажа: “У нас же двухязычие”.

Барозны, барозны... Вы — як сьпіралі лёсу.

Калгас наймае выбіраць бульбу не сваіх, а гуцулаў. Асфальт клалі каўказцы. А свае — выміраюць на барознах з капачкамі ў руках.

Пётра Васілеўскі, Берасьце—Задворані (Сьвіслаччына)


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0