10 мяхоў беларускай гісторыі

Ад Войшалка да Гедыміна

Страшная вестка пра сьмерць Міндоўга пракацілася па абшарах ВКЛ. Зараўлі дуды, заплакалі цымбалы, заскакалі з роспачы “Лявоніху” ды “Крыжачка” асірацелыя падданыя, мяркуючы сабе, што цяпер зьбіраньню беларуска-літоўскіх земляў, а разам зь ім і падпісцы на абавязковую дзяржаўную пазыку, — капцы. Народ аддаваўся жалобе на ўсю катушку і, як заўсёды, ні пра што ня думаў. Думалі за яго наваградзкія алігархі, якія таксама плюнулі б на гэтае зьбіраньне зь ягонымі бясконцымі міратворчымі акцыямі і тэрактамі жамойцкіх фундамэнталістаў, калі б не баяліся санкцыяў з боку Вандроўнага Татарскага Банку Дэканструкцыі й Разьбіцьця (ВТБДР), што некалі даў быў крэдыт пад стварэньне беларуска-літоўскай дзяржавы. Паводле няпэўных зьвестак, каля паўднёвых межаў княства ўжо блукала татарская інспэкцыя ў колькасьці чатырох туменаў, спаганяючы першыя працэнты крэдыту, якія па-іхнаму завуцца “ясак”.

Сын Міндоўга, Войшалк, атрымаўшы татарскія грошы, абачліва адышоў ад дзяржаўных справаў. Жыў самотна ў Лаўрышаўскім манастыры, удасканальваўся духоўна і фізычна — чытаў Канфуцыя й Басё, спасьцігаў ушу, захапляўся ідэямі пацыфізму і нізавошта не хацеў рабіцца князем. Крэдыту хапіла на шыкоўнае выданьне Лаўрышаўскага эвангельля з ілюстраваным спартова-парнаграфічным дадаткам.

Войшалк згаджаўся пакінуць гасьцінныя сьцены манастыра толькі ў абмен на прыжыцьцёвую кананізацыю. Напісалі патрыярху ў Канстанцінопаль. Патрыярх даў “дабро”, прыслаў німб.

Наваградцы былі ў захапленьні: сьвятога князя ў іх яшчэ не было. Цёмныя ў рэлігійных пытаньнях татары спалохаліся і ўцяклі.

Войшалк кіраваў доўга і шчасьліва — тры гады і, як і належыць сьвятому, ні з кім ён не ваяваў. Хіба што Нальшаны й Дзяволтву выпаліў, але хто будзе зважаць на такія дробязі.

У ваколіцах Войшалка ўсе любілі і паважалі. Асабліва галіцкі князь Леў Данілавіч. Нават горад у ягоны гонар назваў — Львоў... А няўдзячны Войшалк, гасьцюючы ў Галічы, абхаяў мочаныя мухаморы, прыгатаваныя Лявом Данілавічам асабіста, — маўляў, не ядуць у Літве такога паскудзтва. Абражаны Леў Данілавіч выпіў цэбар мёду, а пасьля застрэліў Войшалка з помпавага ружжа і, каб надаць злачынству выгляд суіцыду, адрэзаў забітаму галаву. А німб схаваў.

Пасьля Войшалка ў Наваградку княжыў Шварн, які падкупіў наваградзкі электарат надзвычайнай сьмеласьцю. Як паведамляе энцыкляпэдычны даведнік “Беларусь”, у маладосьці Шварн з бацькам і братамі (упяцёх!) хадзіў на яцьвягаў. Стаўшы наваградзкім князем, Шварн зрабіўся яшчэ сьмялейшы, і ў 1267 г. ужо адзін пайшоў на палякаў. Загінуў Шварн па-дурному: яго задражніў да сьмерці картавы нямецкі купец.

На памінках уся наваградзкая эліта са смакам паела экспартных галіцкіх мочаных грыбоў, якімі ўсіх направа і налева частаваў нікому не вядомы славянін Тройдзень. Праз колькі гадзінаў ён застаўся адзіным прэтэндэнтам на княскую карону: усе астатнія памерлі ад вострага прыступу коклюшу. Вялікі князь Тройдзень вёў надзвычай здаровы лад жыцьця: ніколі ня еў грыбоў, кожную раніцу рабіў фіззарадку, наведваў салярый, рэгулярна ладзіў для сваёй дружыны дні здароўя з маратонскімі забегамі ў нальшанскія і паўднёварускія землі і гуляў у “Зарніцу” з галіцка-валынскімі князямі. Так, гуляючы, адваяваў у іх горад Дарагічын і ўзьвёў там першае каменнае сельпо. Не цураўся Тройдзень і інтэлектуальных гульняў — любіў “забіць казла” з крыжакамі. Нават выйграў у іх Дынабург, які назваў спрадвечным славянскім імем — Даўгаўпілс.

Тройдзеня забілі жамойты, да якіх ён пайшоў па даніну: голыя жамойцкія патрыёткі завабілі яго ў лазьню і засеклі венікамі.

Пасьля гэтага жахлівага выпадку ніхто не хацеў рабіцца князем у Наваградку. Урэшце, пасьля кароткай дыскусіі ды зацяжной бойкі лавамі, нашыя продкі вырашылі княжыць скопам, каб пазьбегнуць пэрсанальнае адказнасьці. Чатыры вялікія князі здолелі заблытаць нават летапісцаў, якія не маглі зразумець, дзе Будзівід — дзе Будзікід, дзе Лютувер — дзе Путувер. Яны нават у лазьню разам хадзілі. Там аднаго разу ім і трапіліся тыя голыя жамойцкія патрыёткі. Ад адной зь іх нарадзіўся Віцень, які зрабіўся князем пасьля таго, як уся чацьвёрка аднойчы сышла ў невядомым кірунку.

Віцень шанаваў родную зямельку-маці, адраджаў занядбаную Бацькаўшчыну, душыў мядзьведзяў рукамі й ненавідзеў маскалёў. Ён вярнуў спрадвечную нацыянальную сымболіку — бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”, прыдумаў словы для гімну, але запісаць ня здолеў. А ў доўгія зімовыя вечары Віцень зьбіраў вакол сябе наваградзкую дзятву і баіў ім пра Рагвалода і Слуцкі збройны чын.

Віцень далучыў да ВКЛ Полаччыну, пераназваўшы яе ў Віцебскую вобласьць. Падчас інтэграцыйных урачыстасьцяў князь з радасьці злоўжыў алькагольны напой і як быў, у дасьпехах і мэдалях, палез вешаць бел-чырвона-белы сьцяг на апору лініі электраперадач. Была навальнічная ноч... У выніку кароткага замыканьня на жалезны панцыр электрычнасьць на Беларусі зьнікла на некалькі стагодзьдзяў.

Трэба сказаць, што пры Віценю на беларуска-літоўскіх землях усталявалася перадавая тэхналёгія перадачы ўлады: пасьля сьмерці вялікага князя ўладаром рабіўся старэйшы конюх. Таму ўся эліта ў тыя часы навыперадкі любіла коней і пасьля сьмерці Віценя не магла вырашыць, хто ж будзе князем. Каб пазьбегнуць крызысу ўлады, дамовіліся згуляць у пола — усе супраць усіх. Пераможцам выйшаў Гедымін. Усіх астатніх, аглушаных драўляным малатком, вынесьлі без прытомнасьці разам з коньмі.

Перш-наперш князь Гедымін сасьніў жалезнага ваўка. Прыдворны экстрасэнс і “народны цаліцель” Лідзейка падумаў, што, калі на ноч пяць каўшоў брагі выпіваць, і не такое можа сасьніцца, а ўслых параіў Гедыміну заснаваць горад. Так узьнікла Вільня, у якой князь пабудаваў вежу, Вострую Браму і рэдакцыю радыё “Балтыйскія хвалі”.

Пры Гедыміну палітыка ВКЛ набыла выразны паўночна-заходні вэктар. Князь нават сталіцу перанёс з Наваградка ў Вільню — бліжэй да любімых крыжакоў. Рыцары адказвалі Гедыміну ўзаемнасьцю: ніводная апрабацыя найноўшых дасягненьняў заходнеэўрапейскага вайскова-прамысловага комплексу не абыходзілася безь яго. Загавораныя Лідзейкам дасьпехі Гедыміна годна вытрымлівалі ўдары арбалетаў, катапультаў, бамбардаў, сыстэмы “Град”, комплексу С-300, пакуль ня скончылася гарантыя. І звычайнае ядро паставіла кропку на лёсе слаўнага сына беларускага народу. Лідзейку злавілі і, згодна са старадаўнім беларускім звычаем, разьдзерлі, як жабу.

Аб тым, як давалі сабе рады Гедымінавы дзеці, — у наступных нумарох.

Алег Гардзіенка, Андрэй Скурко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0