Навіны зь Вільні

 

Пра “Мятэй”

У Вільні выйшаў “беларускі нумар” літоўскага часопісу

На ягонай вокладцы cінім па белым напісана “беларуская проза й паэзія”. Паводле свайго статусу “Мятэй” — адпаведнік беларускага часопісу “Полымя”.

У апошняе дзесяцігодзьдзе пераклады зь беларускае мовы ў Літве друкаваліся, але рэдка. За гэты час не зьявілася ніводнага новага перакладчыка зь беларускай мовы. Літоўцы глядзяць на Захад. А ні пасольства Беларусі, ні грамадзкія арганізацыі, кшталту ПЭН-цэнтру, нічога не зрабілі, каб у Літве зьяўляліся новыя пераклады зь беларускай.

Ня варта зьдзіўляцца, што апошняй беларускай кніжкай, перакла-дзенай на літоўскую, быў раман Валянціны Коўтун “Крыж міласэрнасьці”, амаль не заўважаны беларускім чытачом. Падзеі раману разгортваюцца ў Вільні, галоўная гераіня твору — Алаіза Пашкевіч, для літоўскага чытача таксама больш-менш знаёмая постаць, бо была замужам за Сьцяпанасам Кайрысам, адным зь лідэраў літоўскай сацыял-дэмакратыі. Раман пераклала даўняя прыяцелька раманісткі, старшынька асацыяцыі беларусістаў Літвы Альма Лапінскене. Яна ж “прабіла” на кнігу фінансаваньне.

Беларусы таксама пра цяперашнюю літоўскую літаратуру ведаюць ня больш, чым літоўцы пра беларускую, г.зн. амаль нічога. Хоць нашы краіны маюць 700 кілямэтраў супольнае мяжы і 500 гадоў супольнае гісторыі.

Наколькі прыватнае тут больш эфэктыўнае за дзяржаўнае, мы пераканаліся на практыцы савецкага часу. Будучыня — за прыватнымі акцыямі. Наладжаныя прыватна Дні беларускай літаратуры ў Літве атрымалі б шырокі водгук. “Беларускі” ж нумар літоўскага часопісу зроблены ў стылі колішніх дзяржаўных акцыяў.

Беларускую прозу й паэзію прадставілі апавяданьне Быкава “Велікодныя яйкі”, вершы Бураўкіна, Гілевіча, Нікуліна, Пісьмянкова, Законьнікава, Зуёнка, апавяданьне Алеся Жука “Душа ў чыстым полі” і вэрсэты Разанава. Наяўнасьць у гэтым сьпісе Быкава й Разанава патлумачыць няцяжка. Разанава ведаюць і як актыўнага перакладчыка літоўскай паэзіі. Да таго ж ягоныя вэрсэты выклікаюць у перакладчыка ня больш галаўнога болю, чым інструкцыя да газонакасілкі. Але наяўнасьць імёнаў, зь якімі літоўскі чытач мог пазнаёміцца ў савецкія часы, зьдзіўляе. У 70—80-я амаль усіх гэтых аўтараў актыўна перакладалі на літоўскую мову. Але й тады публіка ня надта іх заўважыла. Няўжо новая публікацыя — спроба прышчапіць літоўскаму чытачу тое, што 20 гадоў таму ўжо не выклікала прыкметнага захапленьня? Затое не перакладзены ніводзін з тых беларускіх літаратараў, што жывуць і працуюць у Вільні, — безумоўна цікавых літоўцам аўтараў.

Чым кіравалася “Полымя”, калі прапаноўвала менавіта такі сьпіс літоўскім калегам? Няўжо сапраўды карабель літаратуры ўпэўнена ўзяў курс на дно, і няма нікога, з кім рэдактар “Полымя” Сяргей Законьнікаў зьвязвае будучыню свайго выданьня і чый сапраўдны творчы росквіт яшчэ чакаецца? Напэўна ж, яны ёсьць, і бязь іх гэтая старонка беларуска-літоўскіх літаратурных сувязяў — выпадковая.

У прадмове да падборкі “Мятэю” сказана, што кастрычніцкі нумар нашага “Полымя” мусіць прысьвячацца літоўскай літаратуры. Праўда, ягоны выхад затрымліваецца , і з дасягненьнямі літоўскай літаратуры чытачы, відаць, раней за сьнежань не азнаёмяцца.

Андранік Антанян

 

Кніга за гарэлачныя грошы

Выйшаў пуцяводнік Томаса Венцлавы па Вільні

Кніга завецца проста: “Вільня”. Яе аўтар — паэт-эмігрант, мысьляр і праваабаронца, прафэсар Ельскага ўнівэрсытэту (ЗША) Томас Венцлава, найбольш аўтарытэтны ў сьвеце літоўскі інтэлектуал.

Гэта ня зборнік вершаў і не філязофскі трактат, а проста зграбны пуцяводнік па горадзе і ягонай гісторыі. Аўтарскі суб’ектывізм месцамі прарываецца толькі лірычным словам або ў адборы пэрсанажаў і помнікаў, вартых, на думку Венцлавы, увагі.

Сам Венцлава ў Вільні не нарадзіўся, ня тут прайшло і ягонае дзяцінства. Ён прыехаў сюды пасьля вайны, а цяпер ужо тры дзесяцігодзьдзі жыве ў ЗША.

Да апошняга часу не было ў Вільні такога літоўскага выданьня. Былі танныя савецкія кніжкі, было фундамэнтальнае выданьне Ўладаса Дрэмы (у свой час апошняга дырэктара Беларускага музэю імя Луцкевіча), прысьвечанае зьніклым помнікам і краявідам Вільні, была выдадзеная па-літоўску “Вільня” Адама Кіркора, а ўласна літоўскага падручніка не было.

Венцлава ў сваёй кнізе спрабуе быць ветлівым да беларусаў. Згадвае Скарыну, Чачота, Каліноўскага, Купалу, “Нашу Ніву”. Даецца таксама статыстыка беларускіх выданьняў пачатку ХХ ст. Пры тым Венцлава “забываецца” згадаць Мсьціслаўца, у яго выпадае гісторыя грэка-каталіцкае царквы ў Вільні (хоць менавіта тут быў утвораны першы ўніяцкі манастыр), выпадаюць Багушэвіч, найбагацейшы Беларускі музэй і беларуская гімназія. Кампазытар Галкоўскі названы чамусьці расейцам, а скульптар Рафал Яўхімовіч — літоўцам.

Дасьведчаны чытач затое ўбачыць (хоць пра гэта спэцыяльна не гаворыцца), што віленскія дойліды Франкевіч, Жаброўскі, Лянкевіч ці Падчашынскі родам зь Беларусі.

Істотна тое, што даведнік “Вільня” — ня толькі культурны і сьветапоглядны, але й камэрцыйны праект. Наша зайздрасьць пачынаецца менавіта адсюль.

Мы зьвярнуліся да выдаўца даведніка з пытаньнем, ці магчыма выдаць яго па-беларуску. Калі ласка, адказаў той. Дзьве тысячы асобнікаў за ваш кошт. Тым часам друкуецца ўжо другі літоўскі трыццацітысячны наклад — для краіны, якая ў тры разы меншая за Беларусь. Выдаўцу ёсьць чым ганарыцца: за першы месяц продажу 30-тысячны наклад разышоўся цалкам. Выйшла ўжо польскае выданьне.

Стартавае фінансаваньне на кнігу Томаса Венцлавы далі ў літоўскім Міністэрстве культуры. Ёсьць там такі фонд, якому адлічваюць тры працэнты ад даходу ўсе літоўскія вытворцы гарэлкі. Гэтак распарадзіўся ўрад.

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0