Як у іншых?

Акадэмікі выбіраюць

Гішпанія

У Гішпаніі акадэміі навук, што завуцца каралеўскімі, фармальна аб’яднаныя ў Інстытут Гішпаніі. Аналягічны Інстытут Францыі існуе ў Францыі, такія інстытуты ёсьць і ў іншых краінах. Уласна Гішпанская акадэмія — установа, што займаецца праблемамі гішпанскай мовы. Ейныя функцыі — кадыфікацыя лексычных адзінак, падтрымка лінгвістычных дасьледаваньняў, папулярызацыя гішпаністыкі. Узьніклая ў 1713 г., у ХІХ ст. яна блаславіла іншыя гішпанамоўныя краіны на заснаваньне сваіх уласных акадэміяў мовы. Цяпер такія існуюць ня толькі там, дзе гішпанская ёсьць афіцыйнай, але і на Філіпінах, на Пуэрта-Рыка, што належыць ЗША. Паміж моўнымі акадэміямі падтрымліваюцца шчыльныя кантакты, хоць не абыходзіцца і без канфліктаў: акадэмія ў былой мэтраполіі аніяк ня можа пазбыцца амбітнай кансэрватыўнасьці.

Акрамя таго, у Інстытут Гішпаніі ўваходзяць юрыдычна самастойныя Каралеўскія Акадэмія гісторыі, Акадэмія мастацтва Сьвятога Фэрдынанда, Акадэмія дакладных, фізычных і прыродазнаўчых навук, Акадэмія маральных і палітычных навук, Нацыянальная акадэмія мэдыцыны, Акадэмія юрыспрудэнцыі і заканадаўства ды Акадэмія фармацэўтыкі. Ва ўсіх акадэміях кіраўніцтва абіраецца самімі акадэмікамі.

 

Эстонія

Эстонская акадэмія навук была заснаваная ў 1938 г. Пасьля рэарганізацыі 1946 г. яна да 1995-га ўлучала ў сябе навуковыя ўстановы (у тым ліку 19 НДІ), праектныя ды тэхналягічныя цэнтры. Згодна з новым заканадаўствам, першаснай місіяй Акадэміі навук зьяўляецца каардынацыя дасьледніцкай дзейнасьці ў розных галінах навукі і спрыяньне сацыяльнаму, культурніцкаму ды эканамічнаму разьвіцьцю краіны. Прэзыдэнта выбіраюць самі сябры Акадэміі.

Латвія

Латвійская акадэмія навук дзейнічае як недзяржаўная ўстанова, але дзяржава апякуецца ёй. Ад 1994 г. навукова-дасьледчыя інстытуты былі выключаныя са складу АН, але яна актыўна ўзаемадзейнічае зь імі, як і з унівэрсытэтамі. Акадэмія навук трансфармавалася з установы савецкага тыпу ў навуковую інстытуцыю эўрапейскага фармату — у ейны склад увайшлі новыя сябры (у тым ліку замежныя), была ўведзеная рыса ў 70 год, пасьля якой правадзейны сябра губляе права голасу пры разглядзе новых кандыдатураў ды распрацоўцы новых формаў дзейнасьці. Гэтыя зьмены праводзіліся паралельна з агульнай рэформай латыскай навукі.

Цяпер Латвійская АН разьлічаная на 100 правадзейных сяброў зь векавым абмежаваньнем 70 гадоў (у 1997 г. такіх было 68), 50 членаў-карэспандэнтаў (да 65 гадоў), 50 ганаровых сяброў і 100 замежных сяброў. Яе сябрамі зьяўляюцца выбітныя навукоўцы і культурніцкія дзеячы з 14 краінаў, сярод іх — нобэлеўскі ляўрэат Ч.Мілаш, былы прэзыдэнт Дацкай акадэміі навук і пісьменства Г.Срэнсэн, прэзыдэнт АН Літвы Б.Юодка, прэзыдэнт Эстонскай АН Ю.Энгельбрэхт, прэзыдэнт Эўрапейскай акадэміі навукі й мастацтва Ф.Унгер, паэт А.Вазьнясенскі і інш. Аддзел Акадэміі на чале з праф.Блабкінсам дзейнічае ў Нью-Ёрку. Каля паловы правадзейных сябраў АН працуюць у ВНУ краю.

Згодна з заканадаўствам, Акадэмія навук зьяўляецца “законнай аўтаномнай установай, у склад якое ўваходзяць сябры Латвійскай акадэміі навук і якая субсыдуецца дзяржавай. Сойм альбо Кабінэт міністраў маюць права замаўляць правядзеньне адмысловых дасьледаваньняў…”. Прэзыдэнт абіраецца Радай.

Анатоль Уцюговіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0